«Мы з табой, брат, папрацуем». Падумаеш - брат знайшоўся, гэтакі ненаглядны таварыш. Але ж гэта глупства, цяпер жа не тое. З ваўкамі жыць - па-воўчаму выць. Але хто ж воўк, дзе хаваецца гэтая воўчая злосць, у каго ж гэты лёскат воўчых зубоў? Дзе ваўкі, дзе іх воўчыя зубы?»
Лямпа свеціць бледным, жаўтаватым святлом; трапяткія цені скачуць па сценах ад мухі, апякаючай крыллі аб шкло...
«Дурная... Так вось і мы апякаем крыллі аб шкло. Апяклі, апалілі... і ўпалі ў жыццё бяскрылыя і бязвольныя... Толькі цені засталіся рэдкія, трапяткія цені, цені пажоўклых, збляклых успамінаў. Так і мы - бяскрылыя і бязвольныя. Хто ж мы?
Эх, назад бы жыццё, усё далей і далей у беззваротнае мінулае, з якога высмакталі годы яго колер і пах».
І дзесьці варушацца, уздымаюцца выцвіўшыя ўспаміны.
- ...Вып'ем, Жоржык, на «ты», за нашу слаўную Русь, за нашу славу разгонную, за карыя вочы дзяўчат...
- Што ж, на брудэршафт дык на брудэршафт...
Цягнуцца рукі насустрач, і рубінавыя іскры гараць у жаркіх бакалах. А на пагонах - срэбныя звёзды. І косы дзяўчат, і іхнія вочы, і такія трапяткія расніцы, ад якіх пахне віном і тонкай парфумай. Шпоры звіняць мілагучнымі бомамі. І дым - пахучы і даўкі. Цягнуцца рукі насустрач. Масляцца п'яныя вочы. І якія ж смешныя і наіўныя вусы маладых падпаручнікаў. Вось-вось дзынкне шкло рубінавых бакалаў і рубінавыя зоры абдымуць сэрца радасцю: за жыццё, за славу, за карыя вочы дзяўчат...
І нехта пад локаць штурхае таварыша:
- З ім? На брудэршафт? З гэтай фіскальнай брыдой?
І на абрусе вінныя плямы, і пад чобатам хруст бакалаў рубінавых, і ад столі ляціць тынк - разышоўся наган. Асцярожна, каб толькі ў столь, каб было і бяспечна і з гонарам...
Чаму ж ад іх, ад тых, з кім злучаны жыццём і сэрцам, чаму ж ад іх - брыда фіскальная?
...Змрочныя калідоры кадэцкага корпуса. Светлыя, але такія казённыя пакоі 2-й роты. У струнку ложкі і ля сцен у пірамідах бярданкі. І колькі іх, гэтых ружовашчокіх, вожыкагаловых кадэтаў. Сярод іх і Жоржык Граеўскі. Яго чарнюткія вочы іголкамі ніжуць таварышаў, ён бегае, шныпарыць між імі, смяецца, жартуе. Усе прыемна ўсхваляваны. Сёння глыбокай ноччу пахаванне «кафейніка». Старая традыцыя корпуса, і прытым выключна традыцыя 2-й роты. Яшчэ малыя, няхай павозяцца з «кафейнікам».
А першай гадзіне ночы з вялікімі перасцярогамі прабіраюцца кадэты са спальні на чорныя сходы, адкуль шлях на вышкі. Уперадзе нясуць вялікі кафейнік, склеены з паперы і афарбаваны. Навакол папяровыя факелы і факельшчыкі ў папяровых уборах, падобных на саваны. У кожнага ў запасе пірожнае, пакінутае ад нядзельнага святочнага абеду. Усе ідуць, крадучыся, стараючыся захаваць таемнасць і ўрачыстасць. А вось і цёмныя вышкі. Усе моўчкі сыходзяцца туды, бліжэй да купала дамовай царквы.
Ставяць кафейнік на спецыяльны трыножнік, запальваюць зараней прыдбаныя свечкі, хісткае полымя якіх асвятляе намаляваны на кафейніку твар нелюбімага настаўніка-выхаваўца падпалкоўніка Лізматава, па-кадэцку - Клізматава. Выкладчык «сугубае» хіміі, сухі нервовы чалавек, педант формы і дысцыпліны.
Пачынаецца карагод навакол кафейніка, спраўляецца спецыяльная імша, словы якой з году ў год перадаюцца пакаленням роты. Тут «хімія, хімія, сугубая хімія» і «на заборы сядзіць кот», схільны да хімічных практыкаванняў, і «клізма, клізма і клізмацыя-я нарадзілася ў айца Савація-я-а».
У Лізматава быў бацька поп, і кадэты, у выключнай большасці афіцэрскія дзеці, яшчэ больш зневажалі свайго выхаваўцу. Вядома, паміж сабой. У хуткім часе кафейнік з вялікімі перасцярогамі ўрачыста палілі, збіралі попел, і хто-небудзь са смялейшых забіраўся на купал і рассейваў попел на ўсе бакі. Пасля гэтае «афіцыйнае» часткі «кафейніка» аддавалася належная ўвага пірожным, і хутка ўсе з ранейшымі перасцярогамі вярталіся назад, у ротную спальню.
А раніцай, вылучыўшы хвіліну, калі ніхто са сваіх не заўважыць, спрытны Жоржык бег да памочніка камандзіра корпуса, доўгага і сухога, як жэрдка, палкоўніка Тараканава і, выцягнуўшыся ў струнку, спешна дакладваў:
- Ваша высакароддзе! Сёння «кафейнік» пахавалі... Іван Вайніцкі аб вас сказаў: дылда эстафетная.
- Як ён мог?
- Не магу знаць... А Юры Курбакоў аб яго благароддзі гаспадзіну выхаваўцу...
- У карцэр яго, паскудніка... Маладзец.
- Рад старацца, ваша высакароддзе.
- Кру-у-гом!
І хутка ў Жоржыка Граеўскага на чырвоным кадэцкім пагоне два лычкі з'явіліся. І чын немалы - віцэ-унтэр-афіцэр. Лычкі былі прадметам зайздрасці для таварышаў, і некаторыя лісліва заглядвалі ў вочы Жоржыку, другія лаялі, паціху фіскалам звалі, падлізаю.
А перад выпускам з корпуса Жоржык насіўся са сваімі трыма лычкамі віцэ-фельдфебеля роты і часта ўглядаўся ў маленькае люстэрка, цярэбячы пух вусікаў. Ён марыў у гэты час аб генеральскіх пагонах, аб дывізіях, карпусах, аб прыгожых жанчынах, аб шырокай і бліскучай дарозе, усеянай «Аннамі» і «Станіславамі» з залатымі мячамі. У часе выпуску адбывалася апошняя традыцыя корпуса - калектыўнае складанне і чытанне «зверыяды». Усе адпрошваліся ў горад і, знайшоўшы прытулак дзе-небудзь на кватэры ў маладога афіцэра, быўшага выхаванца корпуса, спраўлялі апошнюю таварыскую вечарынку з віном, закускамі, часам з недарагімі дзяўчатамі з вясёлага дома. Тут і складалася запаведная «зверыяда» - характарыстыка ў вершах кожнага выпускніка. Гэтыя штогоднія «зверыяды» былі рэліквіямі корпуса і захоўваліся ў яго архіве, і доступ да іх быў дазволены толькі для скончыўшых, для афіцэраў.
«Зверыяда» пісалася і тут жа зачытвалася. Памятае Жоржык і напісанае аб ім. Недарма хацелася знікнуць, праваліцца скрозь зямлю. Ды і кепска было крыху тое, што характарыстыка «зверыяды» неафіцыйным шляхам магла папасці ў полк, дзе знайшоў бы прызначэнне Жорж. А пісалі не зусім добрае. Усе смяяліся, заліваліся рогатам, калі самы старэйшы кадэт зачытваў аб Граеўскім:
І апошні з Зверыяды,
З нашай слаўнае плеяды,
На здзіўленне ўсім эўропам,
Выйшаў здатным асталопам...
Наш фельдфебель - віцэ-віцэ -
Надзвычайная асліца.
Жорж Граеўскі дон Падліза -
Звышфіскальная бамбіза...
Таму і брыда, што фіскальная.
І адзін брудэршафт, які не ўдаўся.
Апошні з Зверыяды... Апошні... Але ж гэта глупства. А ўся зверыяда, тысячы зверыядаўцаў разышліся па беламу свету, і ўсе родныя, і ўсё ж блізкія сэрцу... Зверы-я-даўцы... І жалезныя палкі, і воўчыя сотні афіцэрскія.
Хто ж ваўкі, дзе гэты лёскат воўчых зубоў, дзе жудасны бляск воўчых вачэй асенніх?
...Прытуліўся засценак між балотаў і пушчаў. За вокнамі мокрая снежная мітульга. Пацеюць вокны і плачуць цёмнымі поцекамі. У прасторнай хаце прытульна і цёпла. За сталом мясцовы пісар валасны са сваімі дочкамі-паненкамі. На рагу стала поп сядзіць, углядаецца мутным зрокам у чарку і цягне нешта нуднае і няскладнае аб свабодзе сумлення, аб вялікай расейскай нацыі, аб нейкіх загубленых перспектывах і заняпадзе культуры.
- Кінь, бацюшка, казанне казаць - нуду нагоніш. Выпі лепш, салёны гурок - незагубленая яшчэ перспектыва, - смеючыся, гаворыць нехта з бліскучых афіцэраў савінкаўскага баявога атрада.
- Охо-хо... Вам смешкі вось толькі, а вы паспрабуйце душой хварэць... Тысячы год, стагоддзі, можна сказаць, нязрушаныя і...
- Што «і»? Не мудрствуя лукава, кулдыкніце кілішак, і ўсё тут, - гаворыць усё той жа афіцэр.
Прыемна ўсхваляваны дзяўчаты.
- Ах, вайна, колькі страху... Дзіву даешся, як гэта можа толькі чалавек забіць?
І афіцэры, асабліва з маладзейшых, калясом выпукляюць грудзі, наперабой увіваюцца за дзяўчатамі, расказваюць геройскія гісторыі, небывалыя справы.
А ў халоднай і старой стопцы на двары звязаныя сядзяць пяць чалавек, выпадкова ўзятыя сёння чырвонаармейцы. Стары казачы афіцэр Гайдучонак доўга здзекаваўся над палоннымі, размашыста, з поцягам, біў нагайкай. І не столькі ад злосці біў ці ад помсты, а проста хацеў лішні раз упэўніцца ў сваім правіле: