- Астап, каго ж ты лаеш, дзе ж твая жонка?
- Мані, мані, от я ўжо да цябе дабяруся.
Астап доўга яшчэ сыпаў пагрозамі, але словы блыталіся ўсё болей і болей, і ўрэшце Астап замоўк і засоп у канаве, у якой ён даволі часта знаходзіў свой прытулак, прайграўшы звычайна бойку з жонкай.
Цэлая купа дзяцей у Астапа, і пяты, самы меншы - Карла. Акцябрынілі яго гады са тры назад. Супроць быў Астап.
- Нашто мне Карла, каб людзі смяяліся, ці што.
Але ўламала неяк жонка. Яна была дэлегаткай і не раз у другіх спраўляла такое свята - чаму б і ў сябе не зрабіць. Любата адна. Народу поўна, кожны вітае цябе, нібыта ты зрабіла што вялікае, надзвычайнае. Ды і падарункі к таму.
Усё да аднаго. Падарункі і на Астапа падзейнічалі.
- Ну што ж, Карла дык Карла - толькі клопату, усё роўна лішні рот...
Пасля ўжо не раз хадзіў Астап, асабліва калі вып'е, да дырэктара і да сакратара камсамольскай ячэйкі, загаворваў усё:
- Дык вось што... Як-ніяк, сын у мяне, Карла, не абы-хто. Вы ж ведаць павінны, як і што... Павінны вы сыну майму, камуністу майму Карлу, спасобіе даваць ці не? Павінны, таму ж ён Карла, а не які-небудзь там, скажам, Лявон ці Гаўрыла.
І Астапу адказвалі звычайна:
- Ідзі ты выспіся лепей.
Астап кідаў тады гаварыць пра «спасобіе» і пачынаў лісліва і пакорна прасіць на шкалік, пахмяліцца.
- Эх, і раздушыў бы гэта я за здароўе ваша і за здароўе сына майго Карла Астапавіча...
І калі не выходзіла справа - Астап ішоў тады ваяваць з жонкай. Паперад пачынаў з малога. Лавіў дзе-небудзь ля хаты ці ў хаце і, ушчаміўшы між каленяў, пачынаў дапытваць:
- Як завуць цябе, шкнарадзь?
- Калолік...
- Карла, паганец ты, а не Калолік. Ну, кажы.
- Калолік... - І малы пачынае шмыгаць носам і церці кулачком запэцканую шчаку.
- От я ўжо табе пакажу, паганец ты гэткі, як бацькі не слухацца... Станеш ты ў мяне Гаўрылай, не іначай. Ну, кажы, як завуць цябе?
Малы пачынае рымзаць. Умешваецца жонка Домна:
- І чаго ты, п'яная твая галава, да дзіцёнка чэпішся? Насмактаўся, як павук той, дык хоць бы маўчаў, заліўся б дзе-небудзь...
Пачыналася звычайная бойка. У большасці выпадкаў яна канчалася нічым, бо жонка зараней хавала ўсякія рэчы, якія мог пусціць у бой Астап. І апошні прымушаны быў заўсёды сцягваць з нагі чобат - адзінае яго аружжа. Пакуль праходзіла гэта баявая падрыхтоўка, Домна паспявала ўцячы.
Але часам даводзілася ёй хадзіць і з сінякамі, даводзілася іншым разам наведваць і фельчарыцу, шукаючы паратунку ад раз'юшанага Астапа.
* * *
- Нешта Валечка сёння засмучоная, - з ветлівай усмешкай прагаварыў Анатоль Іванавіч. І сеў за сваю канторку.
Валя не знайшла што адказаць, пачырванела, завінулася залішне старанна ля сваіх папер, не ведаючы, як трымаць сябе, - ці змаўчаць, ці пакрыўдзіцца, ці хто яго ведае што. І, нічога не прыдумаўшы, усміхнулася. І выйшла ўсмешка такой звычайнай, натуральнай, і на сэрцы таму - супакойней.
Анатоль Іванавіч перагортваў нейкія паперкі, пазіраў з-за іх на Валю і, заўважыўшы радзімку-плямінку каля самага Валінага вуха, задумаўся.
«Сказаць, дык дурніца, пустая - што хочаш, тое і зробіш. І ўсё ж ткі прыгожанькая. І нага нішто, пекная ножка, каб яе ды ў добрую туфельку - цалаваў бы...»
Прыходзілі рабочыя, служачыя, назойліва званіў тэлефон, але не знікала ў думках гэта стройная ножка, цупка абцягненая чорнай панчошкай, з гэтым захапляючым і хвалюючым крыху акругленнем рысак.
І чым больш прыглядаўся Анатоль Іванавіч, тым неадчэпней ішла ўслед думка аб прыгожай і стройнай ножцы. І калі прабіла тры гадзіны, Анатоль Іванавіч сказаў:
- А ведаеце што, Валечка, мне вось справаздачу трэба хутка прадставіць. Прыйдзіце вы ўжо сёння вечарам на якую гадзіну-другую, мо падгоніце справу хутчэй.
- Добра, я прыйду.
Сказала і пайшла звычайнай сваёй, трохі падскокваючай хадой дахаты. Чаму ж і не прыйсці, калі трэба. У чым справа, вялікі тут клопат.
А ноччу, пасля вячэрняе працы, Валя доўга не магла заснуць і ўсё разбіралася ў сваіх думках, у сваіх уражаннях.
«А дарэмна я раней так палохалася Анатоля Іванавіча. Яшчэ які мілы і такі ветлівы чалавек. Грубага пры табе нічога не скажа. Праўда, можа, вось кепска, што дужа блізка садзіўся, як дыктаваў свае паперы, вось і цяпер аж на плячы адчуваецца крыху - некалькі раз дакрануўся рукой, ну, вядома, у часе працы. А ўсё ж ткі ветлівы, харошы чалавек...»
І мімаволі ўяўляецца ў думках прыгожы з гарбулінкаю нос, вочы з такім асаблівым, глыбокім, патаемным бляскам. І гэтыя паводзіны... Сур'ёзныя, паважныя.
І разам - вяснянкі. Яшкавы. Мілыя вяснянкі. І ўсё ж ткі - вяснянкі. І гэты просты твар з такімі захапляючымі кудламі на галаве. І ўсё ж ткі - кудламі. Рукі моцныя, такія нявёрткія, як граблі тыя... Любыя рукі. Як граблі тыя... А пры чым тут граблі, калі любіш Яшку. Яшка мілы, хоць трохі дзівак, і мудрылка к таму. А латкі на спіне. І белыя ніткі... Ат, глупства ўсё гэта, ці варта зважаць, калі любіш.
І калі драмалася ўжо, калі сон ахіляў сваімі мяккімі ціхімі крыллямі - Яшкаў твар ляцеў насустрач. Вось робіцца ўсё большым і большым, вось відны ўжо залатыя вяснянкі.
І раптам ляцяць яны і рассыпаюцца дзесьці зорамі. А за імі месячык устае, і на месячыку нос з гарбулінкай. І месяц не месяц, а Анатоль Іванавіч, і гараць яго вочы, свецяцца, свецяцца... І светам сваім прасякаюць у самую душу. А з-пад правага вока рубец сіняваты. Ён шырыцца, шырыцца - вось цэлая прорва, і дна ў ёй не відна, і клубяцца ў ёй туманы сінія. І ляціць Валька ўніз галавой, усё глыбей і глыбей у бяздонную прорву. Ляціць, аж захватвае дух. Вось-вось ударыцца аб цёмнае жорсткае дно.
- Ма-а-мачка...
- Бач, спрасонку вярзе немаведама што, - мармыча Антось на сваім ложку і пераварочваецца на другі бок, каб месячнае святло не трапляла ў вочы.
* * *
«Цяпер асцярожным трэба быць, - мімаволі падумаў Анатоль Іванавіч, калі прымаў у канторы новага служачага, камандзіраванага з горада на месца бібліятэкара і загадчыка заводскага клуба, - гэта не мямля наша, хлапец, відаць, з вусамі...»
Сашка Каведла распытваў дырэктара аб усіх дробязях жыцця завода, нават аб такіх, аб якіх і думаць не прыходзілася Анатолю Іванавічу: і ці ёсць ячэйка, і як з камсамольцамі справа, і хто ў заўкоме, ці ёсць радыё, і што робяць рабочыя па нядзелях.
- Якая тут ячэйка! Партыйцаў - трое са мной. Ды і то адзін у кандыдатах яшчэ. Ходзім вось у саўхозскую ячэйку часам. Камсамольская ёсць...
- Ого, дык у вас жа тут ціш ды глуш! І рабкораў, пэўна, ніводнага?
- Якія там рабкоры... Пісаць і то, бадай, не ўсе могуць.
- Ого... Я бачу, мы з табой тут, брат, здорава папрацуем, - заключыў новы, толькі-толькі што прыбыўшы чалавек, адразу перайшоўшы на «ты».
Анатоль Іванавіч не паспеў мімаволі паморшчыцца, як Каведлы і след прастыў у канторы. Ён пабег у інтэрнат, на завод, збіў ужо каля сябе цэлую хеўру моладзі, нешта горача гаварыў з імі, смяяўся...
- Прыслалі чорт ведае каго. Не к нашаму боку... І народ жа пайшоў, прасці Божа. Не паспеў на нос яму зірнуць і ўжо на «ты»...
І вечарам, седзячы ў сваім пакоі, Анатоль Іванавіч ніяк не мог забыць новага чалавека. І асабліва ж гэтае «ты».
«Чорт яго ведае што. Усякая погань з табой запанібрата. Але чаму погань? Чалавек, здаецца, з іскрай. І віхры такія задзірыстыя... Ды чаго варта кепка адна. Сядзіць так на галаве, нібыта ўвесь свет пад яе казырком. А вочы, як мышкі тыя, так і шныпараць, так і шныпараць усюды - у ведамасць і ў тую зазірнуць паспеў.
Ну і чалавеча!
І ўсё ж ткі паганы, - чалавеку, якога ніколі не бачыў, адразу тыкае ў вочы. Можа, тут і няма нічога, але ж ткі... Чалавек, выхаваны на пэўных традыцыях, прасякнуты пэўнай культурай, які мае зусім вызначаны, выкрышталізаваны часам жыцця і яго ладам розум, - і вось падыходзіць да цябе кепка, самая звычайная, якіх мільёны, і тыкае табе ў вочы...