Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

- Ото ж я і кажу...

- Аб чым гэта? - пытае сусед, крыху прыдрамаўшы, пакуль дзед частаваў свой нос табакай.

- Дзівак-чалавеча, яму кажы, а ён і не слухае. Ды вось аб тым жа я ўсё, аб старым гэта. І-іх... быў гэта я тады блазнюком яшчэ. Ані розуму табе, ані росту.

- І бацькі, кажаш, не было? - пытае сусед, зараней ведаючы, аб чым будзе расказваць дзед.

- Ото ж я і кажу... І бацькі не было, і маткі, сказаць, у вочы не бачыў...

- Без маткі нарадзіўся, ну і дзед!

Дзед глядзіць выцвілымі вачыма, чырванее яго шызы нос, і з дакорам ён гаворыць далей:

- Ото ж я і кажу... А ты не перабівай. Дык вось, жыў гэта я з братам у фальварку. Брат парабкам быў, ну, а я яшчэ малы, у пастушках хадзіў. Нішто, можна сказаць, жыў. Дадуць гэта табе лусту хлеба, як выгуляешся за дзень, выцерабішся - да чаго ж тады хлеб сма-а-шны, смашны. Асабліва скарынка. Увамнеш акраец, і пуза як бубен. А нанач забярэшся да Лыскі ў будку. Памятаю, сабака быў, дабрэнны сабака - калі ўжо сапсеў зусім, ваўкі задушылі. І да чаго ж сябраваў я з ім, даражэй ад чалавека, здаецца, ён быў для мяне. Адным словам, прыяцель...

- Сабака гэты самы?

- Ото ж я і кажу... Дык забярэшся ў будку да яго, скурчышся з Лыскам, і ніякага кажуха табе не трэба - да таго ж цё-ё-пла, цёпла...

- А будка без вентыляцыі, мусіць, - жартуюць над дзедам.

- Ото ж я і кажу... - адказвае дзед неўпапад, не зусім разумеючы жарты. - А раніцой, толькі сонейка сабярэцца прамыць свае вочы, а я на нагах ужо ды цішком, цішком у гарод панскі. А гуркі ж там, браткі мае, каб жа вы бачылі! Сашчыпнеш яго, а ён у цябе на ўлонні, як парасё тое - вял-і-ізны, вялізны. Сашчыпнеш ды ходу. І сма-а-шна, смашна...

- А далей?

- Што далей? - і дзед варушыць сівымі кашлатымі бровамі, сіліцца ўспомніць яшчэ пра што-небудзь, але аслабла памяць, на дзіравае рэшата зрабілася. Усё праслізнула праз гэта рэшата. Засталіся толькі гуркі, вялі-і-кія, вялікія, як парасё, і такія смашныя, смашныя...

- Далей нічога. Вось цяпер, скажам. Ці гэта жыццё? Анодысь пайшоў я па венікі. Ну, нарэзаў, іду гэта дамоў. І тыц мне насустрач ляснічы наш новы. Ты, гаворыць, што ж гэта, антыхрыстава твая душа, у лесе тут робіш? А ці ў цябе вочы, кажу, павылазілі, не бачыш хіба? Білет яму падавай! Які ў мяне білет? Без жартаў мне, качарга старая, - гэта ён на мяне так, - давай білет, іначай заарыштую... І заарыштаваў, каб яго немач! І пісульку вось атрымаў - пяць рублёў штрафу, - самавольная парубка, кажа, псаванне дрэў. Добра, што ў рыку ведаюць, - пасмяяліся там дый узялі гэтую пісульку. Ідзі, кажуць, зноў у лес, вяжы венікі ды не бойся. А чаго мне баяцца, скажам... Вось вам і жыццё. А вы кажаце... Не, раней не так было. Не так жылі мы, куды лепей жылі. Ото ж я і кажу.

- Ото ж і кажаш... Ласун ты быў, як відаць, на панскія гуркі... Салодкія, кажаш, смашныя? Салодка, кажаш, было спаць з сабакамі? - умешваецца ў гутарку стары рабочы Арцём Дубовік.

- А я вось, дзед Андрэй, не сказаў бы, каб гэта занадта салодка была такая сабачая доля. Сам, браце, пазнаў гэту слодыч, паспыта-а-ў яе, ой паспытаў, не да гуркоў было, не да смаку. Сам ведаеш, чый завод наш быў! Пана Рудзілоўскага. Дык вось я табе пра гэтую слодыч. Чатырнаццаць гадзін як пастаіш каля печы, дык у галаве замест мазгоў фіга смаленая - мазгі ссыхаліся ад спякоты. Ні да ежы было, ні да чаго - уцёк ад печы ды спаць хутчэй... Так і жылі вось: дзень ля печы смалішся, а потым спаць. Так і спалі б і да гэтага часу, і ўсё б жыццё так праспалі, каб не прыйшла гэта праруха на паноў нашых. А ты пра гуркі вось; даліся, мусіць, яны табе ў знак!

- Ото ж... ды я ж кажу.

- Ото ж ты і кажаш! Глупства ты кажаш. Памяць згубіў, мусіць, на старасці год. Запамятаў, як у пятым годзе рабочыя Юрку Цвыка ў печы спалілі? За смашныя гуркі, думаеш, спалілі? Не, мой дзядок... Мо ўспомніш, як і тваю шчаку часта пеставаў Цвык гэты самы, тагачасны начальнік наш? Ты ж сторажам быў тады, мо запамятаў?

- Ды я ж...

- Ды я, ды я... Дудукала ты старое. Дзяцінець пачаў, дык пра ўсё і забыўся.

- Кінь ты дзеда зневажаць, чаго ты да яго прычапіўся, - абрывае Арцёма Антон.

- А няхай не вярзе немаведама што, - злосна кажа Арцём і пачынае круціць цыгарку. Ён доўга дзьмухае на лісткі паперы, бо тоўстыя апаленыя пальцы ніяк не спаймаюць аднаго лістка. Арцём круціць цыгарку, смачна слініць і склейвае яе і, сабраўшыся прыпаліць, падае капшук дзеду.

- На вось, закуры лепей, а пустабрэхі свае кінь, не гожа так, ды яшчэ чалавеку старому.

- Ды я ж, братачка, хіба я са зла, ці што? Так вось, узбрылі гуркі на памяць, дык я аб іх, значыцца...

Ніхто не слухае больш дзеда, новыя гутаркі займаюць увагу. Згрудзіўшыхся на мастках рабочых нехта пытае пра грошы, калі палучка, у які дзень.

- Грошы, кажаш, а вось запытаем у заўкоме.

- Не чуваць яшчэ, браткі, - адказвае Іван Сяргеевіч Шабурда, не стары яшчэ рабочы, з маленькай казлінай бародкай, якая мае звычай палахліва затрэсціся пры кожным пытанні, і тады яе кончык выпіраецца далёка ўперад раскудлачанай вострай купінкай, якая нібыта так і кажа: «Слухаю».

- Не чуваць, браткі, не чуваць. Бачыце, гэта ж справа трэста. Мы анодысь і казалі Анатолю Іванавічу, каб гэта, значыцца, паспяшыць крыху. Але ж ён кажа: «Спяшацца няма чаго, трэст сам ведае, калі і што...»

- Яму-то спяшацца нечага, яму што - бізун бізуном, - а вось паспрабаваў бы на шэсць ратоў раскінуцца, тады паспытаў бы, ведаў бы...

- Дык яно як быццам і так, браткі, але ж...

- Што але?

- Ды начальства, бачыце, як-ніяк, але ж яно начальства, і павінна яно, скажам, ведаць, калі і што...

- Дый чалавек жа ён парцейны. Гэта Анатоль Іванавіч, значыцца... павінен паклапаціцца... - і казліная бародка заспакоена прымае сваё звычайнае палажэнне.

Ля печы цёпла. Прыемная млявасць адчуваецца ва ўсіх частках цела, таму і казаць асабліва многа не хочацца. Большасць рабочых сядзяць моўчкі, некаторыя дрэмлюць, некаторыя безучасна разглядаюць павуцінне, якое заткала ўсе вокны, што ўстаўлены ў высокую столь. Там гудзе назойліва муха - мусіць, папалася ў павуцінне. У разбітую шыбку заляцела пчала і лётае цяпер каля печы. Кожны назірае за яе палётам, і кожнаму хочацца, каб гэтая пчала ды села каму-небудзь на нос - вось бы смеху было!

Але пчала вылятае кудысьці ў акно, і зноў ціха на заводзе, толькі ў правым кутку, каля печы, чуецца гамонка, чуюцца выкрыкі часам:

- Недабор!

- Вашых няма...

- Цягні, цягні дзесятку!

То маладзейшыя гуляюць у карты, гуляюць з самага рання. Гуляюць чалавекі чатыры. Другія ж, абступіўшы іх, назіраюць, спачуваюць, падбадзёрваюць, паддаюць жару:

- Крый, Ванька, па банку, чаго там...

- Даёш!

- Бяры, чаго сумняваешся, якраз туза выцягнеш!

- Шырэй рот разяўляй!

- Станаві штаны, чаго там. Палучка хутка - новыя купіш.

- Купіла не хопіць.

Толькі сабраліся пачынаць новы банк, як у адчыненыя вокны ўварваўся раптам прарэзлівы роспачны крык:

- Бра-то-очкі!

Усе прымоўклі на хвілінку, зірнулі адзін аднаму ў вочы і, прыслухаўшыся, усе адразу рассмяяліся.

- Астап, мусіць... Жонку вучыць.

- Каму, як не яму! З-за Карлы, мусіць... Айда, браткі, паглядзім! Дый палуднаваць час.

Калі выйшлі на двор, усе заўважылі Астапа, які гнаўся са знятым з аднае нагі чобатам за сваёй жонкай. Астап быў п'яны. Ён бег з расхлістанымі грудзямі, і кудлы валасоў трэсліся над потным ілбом і засцілі вочы. Непаслухмяныя ногі не пераскочылі маленькай канаўкі, і Астап расцягнуўся на зямлі ўсёй сваёй доўгай, як жэрдка, постаццю. Але і лежачы, ён падымаў у правай руцэ чобат і ўсё пагражаў. Жонка даўно ўцякла і схавалася дзесьці ў суседак, а Астап усё кідаў п'яным, заблытаным языком свае пагрозы:

- Я табе пакажу... От я ўжо да цябе дабяруся.

- Што ты кажаш, небарача, - кпілі з Астапа рабочыя.

- От ты пагавары ў мяне, пагавары болей... Тады пазнаеш. От я ўжо цябе навучу.

- На сабак хіба брахаць?

- Пагавары, пагавары болей...

42
{"b":"555765","o":1}