«Замарожаны... Чаму?»
І ўвесь той вечар - а гэта было вясной - Анатоль адчуваў сябе кепска. Яшчэ не сцямнела, ён выйшаў на вуліцу і доўга без усякае патрэбы блытаў па ёй, глядзеў, як мігцяць на слупах ліхтары, як асабліва па-вясенняму поўняцца вуліцы людскім гоманам і нез'яснімым пахам нясе ад садоў, ад дрэў.
Потым Анатоль сядзеў у сталоўцы. І доўга сядзеў. І чамусьці здавалася надта цяжкай шклянка кавы - такою непамерна вялікай. Уважліва агледзеў яе, але шклянка была як шклянка, звычайная цэрабкопаўская, грубая шклянка. І такі самы звычайны сподак з адбітым краёчкам.
А калі падышла афіцыянтка і, разлічваючыся, дала рэшту, таварыш Анатоль нечакана запытаў:
- Што гэта ў вас?
Ён глядзеў на шырокую жоўта-шэрую пляму на грудзях на фартуху - мусіць, разліла суп, падаючы на стол. І нічога тут дзіўнага, і запытаў ён так... А дзяўчына адразу засаромелася і, густа пачырванеўшы, пайшла моўчкі ад стала. Пачырванеў таксама Анатоль, адчуваючы нейкую ніякаватасць, і паспяшаўся да кватэры.
Гэта было ўсё вясной.
А спраў так многа-многа, няма часу думаць аб чым-небудзь іншым, што не мае непасрэднага дачынення да службы, да абавязкаў, да сваіх шматлікіх раз'ездаў.
* * *
І кепска ж ездзіць у халады ды па дрэннай дарозе! Вось і цяпер пратрасіся паспрабуй паўсотні вёрст да завода на балаголскіх санках. І таварыш Анатоль крыху злуе. Злуе на тых, хто псуе жыццё, хто робіць не так, як трэба рабіць, хто займаецца паскудствам, хто замест жывой і карыснай справы заводзіць вось гэтыя брыдоты, каторыя адымаюць толькі час, адрываюць людзей ад бягучых і неадкладных спраў.
«Ці мала цяпер работы ў раёне, а вось трэба сакратара райкома ўзяць ды яшчэ каго-небудзь у камісію, - думае ён, успамінаючы загад сакратара акругкома аб расследаванні спраў на гуце. - І жывуць жа вось... Людзі, называецца. Але хто гэта пісаў, мо знаёмыя хлопцы... Але дзе там, ніколі яшчэ не быў на гуце... Паглядзець хіба яшчэ».
Таварыш Анатоль дастае з партфеля вялікі, аж на поўны аркуш паперы, ліст і ўважліва яго перачытвае; прапускаючы ўсякія звычайныя ўступы, якія робяцца ў кожным афіцыйным яго лісце ў акругком, ён пераходзіць да сутнасці:
«...Палітыка дырэктара, хоць ён і партыец, для нас зусім незразумелая. Яна выклікае ўвесь час нездаволенне рабочых, асабліва падручных. Заўком бяздзейнічае... Ніякіх грамадскіх арганізацый няма, якую б то ні было культурную працу цяжка наладзіць, бо з усіх бакоў сустракаеш толькі перашкоды... Камсамольская ячэйка зусім развалілася, там неадкладна трэба змяніць сакратара, які зусім няздольны кіраваць камсамольцамі і іх выхоўваць: малаактыўны, непісьменны, ды з заможнае сям'і к таму, ні ў чым новым не зацікаўлены, абы было добра бацьку, які такі нішто разам з ім зарабляе - абодва майстры, ды яшчэ маюць гаспадарку... П'янства, карцёж, пануе над усім хуліганства. Здзекі над работніцамі. Здзекаваліся над работніцай-жыдоўкай... цяпер ляжыць у больніцы, згвалцілі. І ўсе маўчаць... І нібыта нікому няма справы... Трэба рашуча змяніць... Просім...»
І ўнізе подпісы: Аляксандр Каведла і Яшка Логінаў.
- Нарабілі, калі толькі праўда... Нішто сабе працаўнікі... - І, агледзеўшы з усіх бакоў ліст, памацаўшы яго дабротнасць, зірнуўшы на свет паперу (Анатоль працаваў калісьці на папяровай фабрыцы), ён паклаў ліст у партфель, ямчэй падкамячыў пад сябе салому і аддаўся сваім думкам.
Звычайна ўлетку ён што-небудзь чытаў у дарозе, а цяпер гэтага не зробіш, халадэча. Цераз рагожную будку пачынае пад вечар забірацца золкі, сіберны вецер, шархаціць сухім снегам па будцы, калюча шчыпле за нос і кусаецца недзе там за нагу, дзе незашыты, мусіць, заднік у валёнку. «Абавязкова прыйдзецца заладзіць, бо потым і не вылезеш, яшчэ больш разыдзецца. Каб не забыцца вось толькі часам... А паскудная штука мароз, снег гэты... Ну яго к ліху... - думае Анатоль і ямчэй затуляецца ў салому, каб не дзьмула збоку, каб было зацішней. У саломе цяплей, ад роўнага пакачвання санак і ад рыпу палазоў хіліць да сну, соладка дрэмлецца, і доўгаю чарадою плывуць думкі: аб снезе, аб марозе, аб сённяшніх справах, аб далёкім, але заўсёды такім памятным і яскравым дзяцінстве. - Вось, скажам, снег. Не рад я яму, як ліхой бядзе...»
А калісьці, як ашалелы, бегаў пры першых сняжынках. Як жа: снежкі, санкі. А пакоўзацца па льду! Гатоў не палуднаваўшы дзень прабегаць... І не толькі снег... І летам, і ўвосень былі свае прынады. А вясной, калі разальюцца першыя раўчакі, зашуміць паводка па лагчынах... А першы жаўранак, а першая пралеска ў лесе, а раннія вясеннія вечары, калі так цвёрда пад нагамі аддаецца зямля, храбусцяць ільдзінкі, а ў паветры струменіць нешта незвычайнае, нібы пах цяпла, нібы хмель падбадзёрваючы. А першыя баранчыкі на лазе, а першая муха - дз-зы-ы-ы... І так прыпякае сонца, аж курацца парай сцены і ўвачавідкі падсыхаюць двары. І сам як заварожаны, зачарованы - і першым лістком, і першаю мухай.
Цяпер гэта не так ужо кранае сэрца, не дзівіць, як у далёкім дзяцінстве.
Бываюць часам хвіліны, калі Анатолю хочацца па-ранейшаму прагна ўдыхаць у сябе ўсе чараваўшыя калісьці пахі вясны, зліцца душой з яе трапяткім дыханнем, з пераліўчатым булькатаннем першага раўчака, усхвалявацца першай зялёнай травіцай, такім вясёлым па вясне курлыканнем жураўлінага статка, першым дажджом, калі так прыгожа зеляніцца першая мурава на ўзгорках і распускаюцца клейкія лісткі бяроз.
Праўда, мала бывае такіх хвілін, мо старасць?
Мо зачарсцвела сэрца і зрабілася цвёрдым на камень? Можа, гэтыя справы, справы і справы... Не... Нешта другое тут.
«Замарожаны».
Так, замарожаны...
І ўзнікаюць успаміны з недалёкага мінулага. У іх мала чаго радаснага, нічога не знойдзеш у іх асабліва вясёлага, усё цяжкае, часам жудаснае.
...Эшалон замарожаных чырвонаармейцаў за Ўралам... выгружалі і складалі вялікімі штабялямі, і чалавечыя рукі і ногі былі падобныя на дрэва - гулка стукалі ў вячэрнім змроку...
...Станцыя Чаляба ў дваццаць першым... Груды паміраючых ад голаду і марозу... Прадсмяротна мяўкае сухарэбрае аблезлае кацянё, і пасінелыя і высахлыя пальцы двух хлапчукоў, падобных на мерцвякоў, разрываюць кацянё напалам... І страшныя гэтыя твары, у крыві і з такімі злавеснымі аганькамі ў вачах.
І тут жа:
- Дзядзечка, дай капейку на вар - душу адагрэць...
І маленькая, не разабраць, дзяўчынка ці жанчына:
- Дзядзечка, палюбі за цукар, за маленечкі кавалачак цукру...
І пад парканамі трупы.
І галоўнае, галоўнае... Што галоўнае? Усё галоўнае, усё аднолькава важнае і аднолькава страшнае.
...Дваццаты год... Капаткевічы... Пад столлю людзі, вісяць на круках, не зварухнуцца... Выбітыя рамы, разбітыя шафы, уцалелы ложак на падлозе, спаленыя хаты і людзі... І жудасная ноч. Адхон... Жоўты вільготны пясок і снег... І маленькае дула здаецца вялікім-вялікім, як неахопнае жарало найвялікшай у свеце гарматы... І сіні рубец. Над самым дулам сіні рубец, і вочы - не то злосныя, не то безуважныя...
Толькі і засталося ў памяці - сіні рубец. А болей не помніцца. Не трапілі ў сэрца, разбілі ўвесь бок... Многа страціў крыві... Падабралі сяляне і перадалі чырвоным, дзе і трапіў у шпіталь, сяк-так выхадзіўся. Аб усім гэтым і даведаўся ў шпіталі, калі ачуняў... Таварышы ж засталіся там, пад адхонам, дзе лаза, дзе снег, вада і дзе жоўты пясок.
Мо таму і «замарожаны»?
А хто яго ведае.
І ёсць адзіная радасць: жывём, і ніколі гэтага не будзе, ніколі гэтае больш не вернецца, ніколі, ніколі...
* * *
Толькі ноччу з'явіліся на завод. Начавалі ў клубе на саломе. За саломаю бегаў кудысьці Каведла, які прынёс і некалькі коўдраў, пару падушак і вынес яшчэ са свае баковачкі чыстую посцілку.
- Вось тут, каля печы, і пасцілайцеся, цяплей будзе...
Было позна, усіх хіліла да сну, распачынаць справу не варта было, бо ўвесь пасёлак даўно спаў, толькі гута паблісквала скрозь вокны сотнямі сузор'яў-агнёў.