Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Свой даклад М. Шкялёнак закончыў заклікам:

«Думаю, што сярод вас, прадстаўнікоў беларускага народу, ня знойдуцца такія, што баранілі-б, або падтрымоўвалі тыя ўсе ланцугі, тыя дагаворы й пастановы нашых ворагаў, якімі яны нас мучылі, а цяпер і надалей хочуць узаконіць наглую няволю.

Адкінем усе гэтыя кайданы раз і назаўсёды!

Ня будзем ніколі прызнаваць таго, хто самазванкай ад нашага быццам імя гандлюе нашай воляй і справай, як чыніць за мяжою цяпер Масква, ці польскі экзыльны ўрад!..»

Першым выступіў з словам у дыскусіі генэрал К. Езавітаў, удзельнік Першага Усебеларускага Кангрэсу 1917 году й арганізатар беларускага войска ў час існаваньня БНР. Ён, між іншага, сказаў:

«Супроць варожага беларускаму народу трактату ў Рызе ўжо ў 1921 годзе пратэставаў урад БНР і яго ніколі не прызнаваў, як і іншыя й польскія, і расейскія пастановы. Цяпер-жа наступіў час, каб гэты кангрэс, як прадстаўнік волі беларускага народу, назаўсёды адкінуў усе варожыя нам акты. Беларусь, як вольная дзяржава, народжаная ў Першай вайне, цяпер, у Другой вайне поўнасьцю дасьпела, каб стацца вольнай і незалежнай ды сама аб сабе станавіла. Ніякія старыя ні новыя дагаворы ня зломяць нашай станоўчай волі да самастанаўленьня!»

Пасьля выступу ген. Езавітава была мая чарга. Я прызнаў галоўны даклад М. Шкялёнка поўнасьцю правільным як у гістарычным разрэзе, так і для нашага часу. Я казаў:

«Скончыліся тыя часы, калі гаварылі аб нас бяз нас. Ніхто на сьвеце ня мае права выступаць ад імя беларускага народу ня спытаўшыся яго згоды. Беларускі народ, вуснамі прадстаўнікоў БНР, што прадаўжалі змаганьне за вызваленьне Беларусі, ня раз пратэставаў супроць Рыскага трактату ды бальшавіцкіх парадкаў у зняволенай Беларусі пад шыльдай БССР. Цяпер крывавая Масква й яе разбойнік Сталін, засеўшы ў Тэгеране зь міжнароднымі гандлярамі свабоды народаў Чэрчылем і паралітыкам Рузвэльтам, заганяюць у старую бальшавіцкую няволю наш беларускі народ, а яго тэрыторыю нанава рэжуць. Мы, прадстаўнікі народу, павінны рашуча асудзіць усе гэтыя варожыя пакты й трактаты, як антыбеларускія, што ня мелі й ня маюць ніякай праўнай сілы».

«Няхай жыве Вольная Беларусь!»

«Няхай жыве сувэрэнная воля беларускага народу!»

Заля гудзела ад воплескаў, апрабуючы ануляваньне ўсіх варожых дагавораў ды няпрызнаваньне ўсякіх новых намаганьняў нанава паняволіць беларускі народ.

Пасьля абедняга перапынку, на другім паседжаньні кангрэсу, А. Калубовіч, сябра БЦР, прачытаў даклад: «Аб канчатковым разрыве Беларусі з Масквой і аб уневажненьні маскоўскага голасу ў беларускіх справах». Ён прааналізаваў усю фікцыйнасьць дзяржаўнасьці БССР, як чыста маскоўскі зман беларускага народу. БССР была толькі маскоўскаю, каляніяльнага тыпу, правінцыяй, у якой беларускі народ ня меў самастойнага голасу, дзе адбываўся жорсткі глум над беларускай мовай, культурай, царквой, гаспадаркай і жыхарствам — сялянамі, работнікамі й інтэлігенцыяй.

У дыскусіі над дакладам выступала колькі прамоўцаў. Усе яны падкрэсьлівалі, што Масква за 26 гадоў свайго панаваньня нічога пазытыўнага не зрабіла для беларускага народу, адно давяла да жабрацкай долі, а цяпер сваімі бандамі спрабуе й зусім зьнішчыць наш народ. Дык ня можа быць ніякай гутаркі аб прызнаваньні ейных разбойніцкіх парадкаў ды ейных законаў.

Былі галасы й супраць пануючага стану. Так, дэлегат зь Лідчыны, Анішчык-Чэмер, казаў:

«Тады, калі беларускі народ мабілізуе ўсе свае сілы на змаганьне з бальшавізмам, польскія бандыты ў Лідчыне й чорнасоценная расейшчына ў Наваградчыне, убіваюць нож у плечы нашага народу. У Лідзкай акрузе Палякі забіваюць бяскарна лепшыя сілы беларускай інтэлігенцыі, вырэзваюць цэлыя беларускія вёскі. А што робіць у Наваградчыне, у Дзятлаве, чорнасоценная РОА, ды іншыя расейскія злучэньні, найлепш скажа прысутны тут Васіль Рагуля. Мы хочам змагацца з бальшавізмам, але мусім мець забясьпечаныя тылы. Прашу кангрэс зьвярнуцца да прэзыдэнта БЦР, каб паслаў у Лідчыну беларускія батальёны і зрабіў канец зьдзекам над беларускім жыхарствам!»

«Чаму гэта цяпер БЦР, як прадстаўніцы Беларусі, не падлягае ЎСЯ БЕЛАРУСЬ, так Заходняя, як Усходняя й Паўночная? Дакуль будуць нас увесь час дзяліць?! Кангрэс мусіць падаць станоўчы голас, каб уся этнічная Беларусь была зьяднаная ў адну непадзельную дзяржаву!»

На канцы зьезду былі прынятыя рэзалюцыі аб непрызнаньні ўсякіх шкодных дагавораў, законаў, міжнародных пактаў, а таксама маскоўскай марыянеткі БССР. Адначасна для БЦР надавалася права рэпрэзэнтацыі інтарэсаў беларускага народу ды абароны краю на час вайны.

Пазьней, ужо на эміграцыі, ці мала было спрэчак пра БЦР ды кангрэс. Адны, атакуючы прыхільнікаў БНР, хацелі надалей бачыць «легітымнасьць» БЦР у пастановах кангрэсу, ды прадаўжаць дзейнасьць БЦР. Другія, што стаялі пасьлядоўна на пазыцыях БНР, хацелі панізіць гэты кангрэс, як быццам «недэмакратычны» што да спосабу выбару дэлегатаў і дзеля татальнага нямецкага рэжыму, які быццам не даваў магчымасьці свабодна выявіць волю беларускага народу. Гэткія зьвінавачваньні пад адрасам зьезду несправядлівыя.

Ведама, умовы вайны, і нацыстоўскі таталітарны рэжым Гітлера, з пачатковай славянагубнай праграмай, ня спрыяў выяўленьню дэмакратычных тэндэнцыяў зьезду. Ды нельга вінаваціць і зьезд, і БЦР у тым, што яны былі паслухмяныя Немцам марыянэткі тыпу бальшавіцкіх «зьездаў» у БССР. На зьезд, праўда, прыбылі дэлегаты з назначэньня, а сам ён трываў толькі адзін дзень, бо ўжо ў часе нарадаў можна было на залі паседжаньняў чуць кананады цяжкіх баёў фронту, які якраз тады маланкава набліжаўся да Менску. Ды каго іншага маглі-б паслаць «дэмакратычныя» выбары, ды якую іншую ідэялёгію рэпрэзэнтавалі-б «дэмакратычныя» пасланьнікі?

Гэта-ж Першы Усебеларускі Кангрэс у 80 % складаўся з гэтак званых «абласьнікоў», ці бо з дэлегатаў «Западной області», падабраных ды нацкаваных бальшавікамі супроць дэмакратычнага ладу й беларускай дзяржаўнасьці. А што сталася? Беларускі народ клясава адналіты, дэмакратычны, свабодалюбны й патрыятычны, і хоць бальшавікі акружылі будынак зьезду, а ленінска-сталінскія агенты намагаліся запалохаць расправай за непаслухмянасьць бальшавіцкай праграме, Першы Кангрэс адкінуў бальшавіцкі лад у Беларусі ды паклікаў да жыцьця Беларускую Народную Рэспубліку — дэмакратычную дзяржаву ў этнаграфічных межах пасяленьня беларускага народу!

Тое самае паўтарылася й у Другой вайне. Гітлероўскія Немцы не перашкаджалі справе арганізацыі зьезду ды не праяўлялі намаганьняў умешвацца ў ход нарадаў. Было ім ужо не да гэтага. Дэлегаты, што прыехалі, былі такія самыя беларускія патрыёты, што й на Першым Кангрэсе, і на парадку дня паставілі ня нейкі беларускі нацызм, не марыянэцтва ў карысьць Трэйцяга Райху, але працяг нашага змаганьня за зьдзяйсьненьне Акту 25 сакавіка 1918 году, за стварэньне сваёй незалежнай дзяржавы.

А за 25 гадоў палітычнага змаганьня беларускі рух, не зважаючы на крывавы масавы тэрор чырвонае Масквы, на глум пад Польшчай, на панесеныя аграмадныя страты ў радох патрыятычнае інтэлігенцыі, паказальна задэманстраваў вялікі прагрэс у пашырэньні нацыянальна-палітычнай сьвядомасьці. Не засталося бязь сьледу й тое, што не зважаючы на аграмадныя разбурэньні, на вялікія цярпеньні й страшэннае вынішчэньне жыхарства, і Другая вайна была часам яшчэ аднаго ўздыму да свабоды, да незалежнасьці.

На зьезьдзе сьцьвердзіў гэта й генэрал К. Езавітаў, удзельнік Першага Усебеларускага Кангрэсу:

«Дваццаць пяць гадоў таму назад бальшыня дэлегатаў на Першым Кангрэсе прамаўляла парасейску. Сёньня ўсе бяз вынятку прамаўляюць пабеларуску… Тады былі ў некаторых ухілы ў бок Расеі, сёньня адна ў усіх ідэя — НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ!»

У абліччы новага бальшавіцкага нахлыну зьезд ставіў галоўнай мэтай справу найважнейшую: каб перад сьветам заявіць, што беларускі народ пратэстуе супроць новых міжнародных махінацыяў пастанаўляць аб ягоным лёсе безь ягонай волі. А воля ягоная адна: не надпісная, не гітлероўская, не бальшавіцкая, ня польскіх абшарнікаў, але свая, адвечная, справядлівая.

44
{"b":"640702","o":1}