Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

У Варшаве быў і кс. П. Татарыновіч, які ўцёк зь Беларусі. Ён спрабаваў у Варшаве адпраўляць каталіцкія службы для Беларусаў-каталікоў, але польскае падпольле загразіла яму карай сьмерці за беларускія казаньні. І гэта ў часе цяжкой трагедыі самога польскага народу, калі, пры падпольнай уладзе генэрала Бор-Камароўскага, ён Палякаў пхаў у трагэдыю паўстаньня.

Дык Палякі і ў часе вайны стараліся шкодзіць Беларусам як маглі: на нашых землях праз сваіх розных «фольксдойчаў», пры дапамозе сваіх перакладчыкаў пры Немцах, праз сваіх стаўленікаў у О.Т., ды праз сваё падпольле. Нават і ў сваёй сталіцы, дзе Беларусы нічым ім не маглі быць грознымі, яны ўсё-ж пагражалі сьмерцю беларускаму сьвятару за самую ягоную родную мову ў сьвятыні!

Ды ня ўсе перапужаліся. Марыянін, кс. В. Хамёнак, не спалохаўся пагрозаў і адпраўляў далей набажэнствы ў Варшаве для сваіх беларускіх суродзічаў, побач літургічнай мовы лацінскай, і ў мове беларускай.

Калі я ехаў назад да Баранавіч, ад Седльцаў да Берасьця ў адкосе ляжаў толькі адзін цягнік і адзін паравоз з прычэпкай. Ад Бугу-ж да Баранавіч налічыў я толькі па правым боку 12 паравозаў з колькімі вагонамі. Гэта значыла, што Палякі няшмат перашкаджалі Немцам перакідаць свае арміі ды зброю пад Сталінград, Маскву, Калінін. Дык бальшавіцкая партызанка ў Беларусі куды актыўней дэзарганізавала нямецкі транспарт, хоць тут што тры кілямэтры стаяў пры зялезьніцы абвалаваны бункер, а ў ім сядзела 35 чалавек нямецкай аховы. Быў гэта трэці, Гітлерам зусім непрадбачаны фронт.

У БАРАНАВІЦКІМ ШПІТАЛІ

Марозны вечар кастрычніка 1942 году. Я, як старшы дзяжурны, раблю вячорны абход. Раптам чую грукат грузавой машыны ды енкі людзей. Пад дзьверы шпіталя пад'ехаў нямецкі грузавік і Немцы сталі ўводзіць ды ўносіць хворых проста ў залю: усе былі параненыя і ўсе Жыды. Прывёз іх кіраўнік нямецкай рабочай кампаніі ТОД. Екалі яны вечарам з працы ваганеткай, на якой ляжала й рознае зялезьзе, наехалі на міну ды паляцелі ў адкос.

У аднаго паламаная нага, у другога рука, у трэцяга рэбры, у чацьвёртага толькі палец, тры-ж апошнія толькі пакантужаныя. Усе былі брудныя, абдзёртыя, галодныя ды перамёрзлыя. Прывёз іх Немец ды прасіў лячыць на кошт ТОД. Я што мог, тое даў хворым: іх абмылі, накармілі, зрабілі перавязкі, цяжка пашкоджаным далі ўколы ад болю. Нехта даў ім нават закурыць. Ляжаць яны й цешацца.

— Ну і скуль пан прыехаў? І гаворыце вы ня гэтак, як у нас. А я баранавіцкі бляхар. Уй, як у вас тут добра!.. — хоць, дзеля недахопу ложкаў, палавіна іх ляжала на падлозе.

Назаўтра раніцай хірургі ўзялі хворых у сваю апеку.

Але вось, каля гадзіны 11-й, урываецца на залю афіцэр СС ды грозна накідаецца на мяне:

— Чаму вы прынялі Жыдоў у шпіталь і далі ім дапамогу? Вы павінны ведаць, што Фюрэр забараняе даваць Жыдам якую-колечы дапамогу!

— Прыняў я іх на просьбу Немца з ТОД, бо яны патрабавалі лекарскай дапамогі, а ў нямецкіх пшіталях ім ня было месца.

Немец дзіка зірнуў на мяне ды гаркнуў:

— Колькі іх тут?

— Сем, — адказваю.

— Я хачу бачыць, як яны параненыя…

Я павёў афіцэра ў залю, дае ляжалі Жыды. Ад'ютант афіцэра загадаў Жыдам стаць на зважай. Усе паўскаквалі на ногі, толькі той, што меў паламаную нагу, змог толькі падняцца й сесьці ў ложку.

— Я хачу ведаць, як яны пашкоджаныя ды колькі часу трэба на лячэньне, — запатрабаваў Немец.

— Вось гэты мае пераламаную нагу, няздольны да працы тры месяцы, — інфармаваў я, а ад'ютант запісваў. — Гэты з рукой — два з паловай месяцы, гэты — два месяцы, а той з пальцам — шэсьць тыдняў.

— Генуг![22] — закрычаў Немец, ды яшчэ раз прыгразіў мне пальцам, каб я больш ніколі не асьмеліўся перахоўваць у шпіталі Жыдоў.

Гадзіну пазьней прыехалі нямецкія аўтамашыны ды Жыдоў пазабіралі. Назаўтра мы даведаліся, што трох цяжка калечаных СС замардавала, чатырох-жа іншых паслалі назад у рабочыя каманды.

У першыя дні лістапада ў шпіталь прыбылі два пацыенты з пастрэльнымі ранамі: адзін старэйшы меў пераламаную куляй руку, другі-ж, хлапец гадоў 14, прастрэленую нагу. Гэтыя пакалечаныя зацікавілі ня толькі шпітальны пэрсанал, але й шырокія колы грамадзтва, бо параненыя яны былі ў той перастрэлцы нямецкіх «паляўнічых» з партызанамі, у якой загінуў заступнік Генэральнага Камісара Беларусі, а трох нямецкіх гасьцей з Остміністэрства Бэрліне было ладна напалоханых.

Ранены селянін, відаць напалоханы таксама, не сказаў мне ні слова, а з хлапчуком я разгаварыўся й ён мне расказаў:

— Нас раніцай узялі ў падводы. Было нас 9 падводаў.

— А колькі-ж было Немцаў? — пытаюся.

— Немцаў было чатыры й трыццаць паліцыянтаў. Паехалі мы ў лес за Сліняўку.

— А што тады?

— Немцы трубілі, палявалі, стралялі, прыносілі зайцоў, барсукоў, забілі нават адну лісіцу, а мы з паліцыянтамі ўвесь дзень з заду за імі езьдзілі з аднаго месца ў другое.

— А дзе-ж была перастрэлка?

— Як ехалі дамоў, на зьмярканьні. Адзін з нашых заўважыў партызанаў, як яны здалёку перабягалі, і кажа Немцу: «Там перабягаюць партызаны, глядзі, пан!» Немец нешта гаркнуў і мы ехалі далей. Калі ўехалі паміж двух гарбкоў, раптам партызаны закрычалі: «Рукі ўверх!» — ды пачалі па нас страляць. Коні спудзіліся, сталі кідацца ў бакі ды падаць. Паліцыя адкрыла агонь, аж вушы лопалі. Мы-ж паўскаквалі ў равы й хаваліся, як толькі мага. Мне нешта так моцна ўдарыла па назе, што я ня мог зварухнуцца ад болю.

— А што рабілі Немцы? — пытаюся.

— Павыскаквалі ў равы й стралялі. Толькі той, што быў ранены, зваліўся на дарогу ды равеў, як бык, аж пакуль не памёр. Коні паразьбягаліся, або біліся недабітыя й хрыпелі… Я ад болю больш нічога ня мог сьцяміць… Казалі толькі, што нашая паліцыя пайшла ў атаку й партызаны паўцякалі.

Вось гэтым адзіным сьмяротна раненым Немцам і быў заступнік генэральнага камісара Кубэ. Дык Немцы ня ведалі, што ў лесе за Сіляўкай сядзяць ня толькі зайцы й барсукі, але й яшчэ нехта. А нават калі Беларус ім пальцам тыркаў, што вось там партызаны, яны не зважалі, хоць на іх палявалі, як на кабаноў.

Гэтым здарэньнем нямецкая ўлада была моцна скампраметаваная. Цела забітага забралі цішком, бязь ніякіх гонараў, у Нямеччыну. Ніякіх рэпрэсыяў жыхарства ня было. Людзі адзін аднаму шапталі: «Так яму й трэба. Няхай пілнуе сваёй справы!»

У палове лютага 1943 году, пасьля доўгага роздуму, ды дыскусіяў пра ход ваенных падзеяў, у партызаны пайшла масквічанка др. Гарбулёва, а за ёй яшчэ адна лекарка-рэнтгеналёг.

У далейшым выявілася, што Баранавіцкі шпіталь быў адным з камуністычных асяродкаў. Сталася гэта таму, што ў імя лекарскай салідарнасьці й апалітычнасьці на працу папрымалі, бязь віннай праверкі, шмат Расейцаў. Вось колькі прыкладаў:

Зрусыфікаваны Армянін Ібрагім, хоць меў жонку ў Саветах, закахаўся ў маладую Армянку, што працавала ў нас памочніцай сястры, ды хацеў зь ёй жаніцца. Ён быў нахабным у дачыненьні да сваёй зямлячкі й нагаварываў яе да ўцёкаў у лес. Др. Наумік звольніў няўдачнага аманта з працы, бо той пачаў гразіць дзяўчыне нават нажом.

Пасьля гэтага наш Ібрагім прапаў на два дні. Калі вярнуўся, дык пачаў рупна скупліваць гадзіньнікі, купіў іх зь пяць, а пасьля пачаў таргаваць у Італьянца й браўнінг. Яго ўжо сачылі. Вечарам, калі Ібрагім уцякаў у лес, яго паліцыя нагнала й арыштавала. Ён прызнаўся, што супрацоўнічаў з партызанамі, і яго, беднага, расстралялі.

Калі быў на дзяжурстве у шпіталі, я сьцьвердзіў, што старэйшая акушэрка вечарамі самавольна сходзе з дзяжурства, пакідае хворых без апекі. Аднойчы я зьвярнуў ёй на гэта ўвагу. Яна нейк непрапарцыянальна да выпадку, «страшэнна» абурылася, і наагул уцякла з працы. Справа гэтая разглядалася пазьней у Аддзеле Здароўя, але бурмістр Сабалеўскі знайшоў патрэбным пусьціць гэтую справу ў няпамяць. Так акушэркі Р. і ня прыгналі да працы. Яна спачатку адпачыла сабе добра ў хаце, пасьля-ж пару тыдняў сабрала свае лахі ды паехала ў лес да партызанаў, скуль прысылала мне няпрыстойныя слоўцы, спадару-ж Сабалеўскаму мілыя прывітаньні.

вернуться

22

Даволі!

27
{"b":"640702","o":1}