Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

— Ведаю, але ня ў дэталях. Што-ж там было?

— Былі там цікавыя гутаркі. Немцы загаманілі аб канечнасьці палітычнага супрацоўніцтва Беларусаў зь Немцамі.

— Дык можа яны хочуць абаперціся на Астроўскага?

— Цяжка сказаць. Астроўскі якраз крытыкаваў Немцаў. А што ты напісаў?

— Я таксама быў зьбянтэжаны, думаў, што Немцы хочуць яго пакрыўдзіць ды абаперціся на бядрыцкіх. Таму схарактарызаваў яго як здольнага, з багатым мінулым, чалавека.

Тыдзень пазьней, 21 сьнежня, на выклік галоўнага камісара фон Готбэрга, да Менску зьехалася каля 200 беларускіх дзеячаў зь Беларускае Акругі. Фон Готбэрг увайшоў у залю ў асысьце Ю. Сабалеўскага ды Р. Астроўскага. Зайграла аркестра Беларускага Тэатру ў Менску пад кіраўніцтвам М. Шчаглова, усе ўсталі, паднялі правыя рукі. На трыбуну ўзышоў фон Готбэрг. Ёй коратка гаварыў аб цяжкім змаганьні нямецкага жаўнера на фронце, пасьля ўспомніў пра жудаснае палажэньне беларускага народу пад камуністычнай тыраніяй, і ўрэшце заявіў, што Немцы хочуць палепшыць долю беларускага народу. Як падала 25 сьнежня 1943 году «Баранавіцкая газэта», фон Готбэрг пасьля гэтага заявіў:

«Я наважыўся даць Радзе Даверу жывую форму, пераканстытуаваць яе ў Беларускую Цэнтральную Раду. Яна згуртуе ў сабе найдастайнейшых, найзаслужнейшых і найздольнейшых прадстаўнікоў беларускага народу. Як ейнага прэзыдэнта я вызначыў на прапанову прадстаўнікоў Беларусаў сп. дырэктара Р. Астроўскага. Маю цяпер гонар, мае спадары, прадстаўнікі беларускага народу, абвесьціць вам мною ўстаноўлены статут Беларускай Цэнтральнай Рады:

1. БЦР зьяўляецца прадстаўніцтвам беларускага народу, пакліканым у межах нададзенага яму самаўраду.

2. БЦР мае заданьне мабілізаваць усе сілы беларускага народу для зьнішчэньня бальшавізму й прычыніцца гэтым да канчатковага вызваленьня беларускага народу з-пад ярма крывавага бальшавіцкага панаваньня.

3. БЦР мае права й абавязак складаць дзеля гэтага нямецкаму кіраўніцтву ўсе неабходныя й адпаведныя прапановы. У межах пастаўленых ёй заданьняў яна будзе самастойна вырашаць і праводзіць усе неабходныя мерапрыемствы ў галінах сацыяльнага, культурнага й школьнага жыцьця. Беларускім арганізацыям і згуртаваньням яна мае права даваць дырэктывы.

4. На чале БЦР стаіць прэзыдэнт, які вызначаецца й адклікаецца Генэральным Камісарам. Іншых сяброў вызначае Галоўны Камісар на прапанову Прэзыдэнта.

5. Статут БЦР набірае моцы адразу.

Генэрал СС фон Готбэрг».

З зьместу статуту БЦР ня вынікала, што былі прызнаныя ўжо нейкія формы беларускае дзяржаўнасьці, бо канчатковая ўставадаўчая й выканаўчая ўлада заставалася й далей у нямецкіх руках. Ды некаторыя элемэнты аўтаноміі дзяржаўнага характару былі ўсё-ж Статутам ужо прызнаныя.

Галоўнае заданьне — мабілізаваць жыхарства на барацьбу за вызваленьне беларускага народу, тэарэтычна давала магчымасьць стварэньня беларускай збройнай сілы. Пры дапамозе-ж яе лягчэй, пры ўсякіх умовах, бараніць ды разбудоўваць сваю дзяржаўнасьць. Вось чаму Беларусы дружна тады падтрымалі БЦР і Астроўскага, бо бачылі, што ў дадзеных гістарычных абставінах гэткае становішча з гледзішча палітычна-нацыянальнага правільнае.

На загад Прэзыдэнта БЦР зь 10 сакавіка 1944 году адбылася мабілізацыя колькіх гадавікоў у рады Беларускае Краёвае Абароны (БКА), у выніку якое было сабрана да 100 тысячаў жаўнераў і афіцэраў. Зь іх было створана 80 батальёнаў па 1200 чалавек у сярэднім. Быў адначасна створаны Беларускі Нацыянальны Камітэт Абароны, як галоўны ворган для каардынацыі спраў беларускага войска. Паводле дамоўленасьці зь Немцамі, абмундзіроўка, узбраеньне й харчаваньне войска мела быць забясьпечанае імі, паколькі яны ў ваенным часе кантралявалі ўсю эканоміку краю.

Як хутка выявілася, насуперак дамоўленасьці, нямецкія ўлады выдзялялі для змабілізаванага беларускага войска адно некаторы кантынгент харчоў ды выдалі па колькі сотняў на батальён устарэлых савецкіх стрэльбаў з абмежанай колькасьцю амуніцыі для самаабароны ў выпадку партызанскага нападу. А пасьля пачалася валакіта ў Бэрліне ў нямецкім галоўным штабе, што ім рабіць, — даць ці ня даць зброю Беларусам? Гэта-ж 100 тысячная армія, добра ўзброеная, у гэтым важным стратэгічна краі, дамовіўшыся з Аліянтамі, можа лёгка перарэзаць Немцам дарогу на фронт і з фронту. А ў гэтым якраз часе, пасьля Тэгэранскае дамовы Аліянтаў з Саветамі, рыхтаваліся ўжо англа-амэрыканскія высадкі ў Францыі й Італіі.

У гэткіх абставінах Немцы пастанавілі пакульшто не рызыкаваць, але чакаць што будзе. І так, за чатыры месяцы часу, аж да свайго адыходу з тэрыторыі Беларусі, Немцы не далі нашаму войску ні зброі, ні вайсковага выснашчэньня. Беларускія батальёны, бяз зброі няздольныя да нейкае баявое дзейнасьці, губілі сваю маральную баяздольнасьць і пачалі «таяць» — жаўнеры сталі паціху разыходзіцца да сваіх сем'яў, дзе часта апыналіся ў вялікай небясьпецы ад нарастаючай бальшавіцкай партызаншчыны. Масавую «адлучку» з батальёнаў БКА ў гэткіх абставінах даводзілася талераваць, за дэзэрцыю нікога не каралі, хіба меў сувязь з партызанскімі бандамі.

Не зважаючы на свае абмежаваныя магчымасьці, БЦР усё-такі разглядалася Немцамі, як «дзяржаўнае» прадстаўніцтва беларускага народу. Нямецкі тэрор, які ў 1943 годзе дасягнуў вялікіх памераў, цяпер відавочна памялеў, Беларусам было нават дзіўна, што Жамойцам і Латышом, якія спадзяваліся таксама здабыць прызнаньне асноваў дзяржаўнасьці, Немцы нічога ня далі, сарганізаваныя-ж бязь іх ведама ўстановы яны разьвязалі. Падобна было й у дачыненьні да Ўкраінцаў: хоць ім дазволілі стварыць дывізію СС, ды Бандэру арыштавалі й трымалі ў канцэнтрацыйным лягеры.

На сваю сядзібу БЦР у Менску заняла будынак былое Ленінскае бібліятэкі, што стаяў побач генэральнага камісар'яту. Гэта быў прасторны мадэрны будынак, у якім увесь час стаяла беларуская ахова, якая аглядала з ног да галавы кожнага наведвальніка, каб гэтак забясьпечыцца ад спробаў варожае дывэрсіі. Нават нямецкія супрацоўнікі й самыя Немцы мусілі аддаваць ахове сваю зброю пры ўваходзе ў будынак.

Калі вясною 1944 году прэзыдэнт БЦР Астроўскі наведваў Баранавічы, яго сустракала беларуска-нямецкая калёна з танкамі, ганаровымі самаходамі, шпалерамі народу ўздоўж трасы праезду з нацыянальнымі сьцягамі ды музыкай, як запраўднага прэзыдэнта сувэрэннай дзяржавы.

Ясная рэч, што й бальшавікі, якія ўжо наскідалі з Масквы свой камуністычны падпольны апарат ды арганізатараў баявое сілы, таксама ня спалі. Гэтак яны схапілі з акраінаў Баранавіч заступніка бурмістра Баранавіч В. Русака, там-сям падкладалі міны, каб даць знаць аб сваім падпольлі, арганізавалі дзе толькі маглі дывэрсію.

Агенты Масквы пачалі тарнаваць над народам зьверскі тэрор. Жанчыну пад Дзятлавам, якой муж працаваў у Немцаў кладаўшчыком, яны прыбілі на крыж гваздамі да сьцяны. Вешалі солтысаў, якіх Немцы змушалі зьбіраць па вёсках яйкі. Пастушкам адразалі языкі, калі яны, пасьвячы статак, убачылі ды раскрылі партызанскае логава. Гвалцілі жанчынаў, мужчынаў прымусова забіралі ў лес.

Змаганьне народу з партызанскімі бандамі было ўсюды гераічнае. Дабравольна ніхто з маскоўскімі агентамі не супрацоўнічаў, а толькі з страху ці пад прымусам, часта-ж бараніліся да адчаю. Прыкладам, на хутары пад Гарадзішчам, у хату селяніна дабіваліся партызаны. Гаспадар дзьвераў не адкрываў. Яны тады вырвалі акно, але як толькі першы засунуў руку за вушак, селянін адным махам сякеры руку яму адсек. За адчайную абарону свайго дому ён пасьля загінуў гераічнай сьмерцю.

НАЗНАЧАНЫ НАМЕСЬНІКАМ

Быў зімовы вечар у канцы студзеня 1944 году, мароз трашчэў пад нагамі, калі да мяне ў шпіталь, дзе я быў на дыжурцы, прыйшлі з СД Аддышэк і ягоны перакладчык Езэф, абодва ведамыя мне з сустрэчы ў Баўдзея. Дадышэк паказаў мне тэлеграму з подпісам Астроўскага. У тэлеграме загадвалася зараз-жа ехаць да Менску ды мэльдавацца ў БЦР. Дадышэк ад сябе сказаў, што заўтра, а гадзіне 9 раніцы, аўта з эскортай будзе чакаць на мяне пры вайсковых казармах. Я крыху зьбянтэжыўся гэткім нечаканым выклікам. У галаве замітусіліся розныя думкі, але Дадышэк, відаць, зразумеў мой непакой і дадаў, што прэзыдэнт БЦР мантуе свой адміністрацыйны апарат акруговых намесьнікаў.

30
{"b":"640702","o":1}