Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

ТОЕ-Ж У АШМЯНЕ, ШТО І Ў ВІЛЬНІ

На Каляды 1941 году Ю. Мурашка запрасіў мяне ў госьці да Ашмяны, дзе ён быў бурмістрам. Было ўжо на змроку, калі спэкулянцкі грузавік, перапоўнены людзьмі й таварам, пакідаў Вільню ў кірунку на Ашмяну.

Цэлы дзень стаяла адліга, а пад вечар, калі нам трэба было ехаць, пачаў падаць дождж, які на зямлі тварыў галалёдзе. Дарога зрабілася коўзкай, аўты шугалі, як санкі. Мы мінулі колькі нямецкіх аўтаў, што былі выбітыя з строю. Нам здавалася, што мы хваты, што мінём катастрофу. Аж тут вось падарак! Наш грузавік закоўзаўся, як на лыжах, набіраючы бескантрольнага разгону. І мы, пасьля магутнага ўдару ў тэлеграфны стоўп, апынуліся ў канаве. Усе пасажыры паляцелі кульком долаў. Я скорчыўся, нацягнуў каптур буркі на галаву і гэта, мабыць, уратавала мяне ад пакалечаньняў.

Людзі, што як снапы ляжалі на лавах у канаве, хутка аднак жа пачалі варушыцца, уставаць. Толькі тры ня краталіся. Я, як лекар, кінуўся да іх, спраўдзіў пульс — аказаўся дзейны. Два зь іх хутка ачухаліся. Толькі адну дзяўчыну забралі ў непрытомным стане ў шпіталь. Машына таксама ачуняла. Праз паўтары гадзіны мы зноў ехалі ў кірунку на Ашмяну.

У Мурашкаў быў добры бадзёры настрой. Сустрэлі яны мяне вельмі міла. Мурашка, як мясцовы бурмістр, расказваў, як ён апанаваў змрочную сытуацыю заігрываючы зь Немцамі пры дапамозе падарункаў. Назаўтра я пабачыў на ягоным панадворку гусей з цэтлікамі на шыях.

— Чаму ў вас гусі ходзяць з цыдулкамі? — спытаўся.

— Гэта ў нас кожная гусь прызначаная адпаведнаму Немцу. А каб ня было памылкі, мы кожную гусь абазначаем па назначэньню.

За колькі гадзінаў людзі бурмістра паразносілі гусей Немцам на калядныя сьвяты. Вечарам Немцы заходзілі да бурмістра, каб падзякаваць за шчодры падарак ды каб выпіць чарку гарэлкі. Я зразумеў, што ў паўсталай сытуацыі нават і сама прымітыўныя спосабы могуць мець неблагі вынік.

Немцы пакульшто грабілі Жыдоў: накладалі нявыносныя кантрыбуцыі ў золаце, у абутку, кажухах ды іншай вопратцы. Бурмістр казаў, што рабунак Жыдоў праводзіцца з усіх бакоў. Чатыры тыдні перад гэтым прыяжджаў Немец зь Менску ды вызначыў даніну, узяўшы 50 чалавек закладнікаў. Жыды мусілі даць паўтара кіляграма золата ў пярсьцёнках, залатых гадзіньніках, завушніцах ды іншых каштоўнасьцях.

Прыехалі пасьля латыскія аддзелы зь Немцамі, абступілі гетта. Жыдоў сагналі на пляц, дзе садзілі іх у закрытыя грузавікі ды адвозілі, труцячы па дарозе спалінавым газам. Толькі каля 5 % нешчасьліўцаў паўцякала, ці было пакінута пры жыцьці ў геце як рамесьнікі.

Тады мне прыпомніліся апавяданьні як Жыдоў у Вільні ліквідавалі Летувісы. Яны яшчэ ў верасьні 1941 году ўсіх Жыдоў пазганялі, на сваю руку, у вельмі брутальны спосаб: у стары жыдоўскі раён, які абгарадзілі высокім плотам і калючым дротам. У жыдоўскіх дамох пазабівалі нат і вокны, што выходзілі на вуліцу. Пазганяныя былі сюды й Жыды з блізкіх навакольных мястэчак. Віленскае гетта тады лічыла да 100 тысяч чалавек. Штодня аграмадныя калёны Жыдоў Летувісы ганялі пад канвоем на розныя дарожныя ды іншыя працы.

І вось нямецкія калябаранты ўхітрыліся: кожны дзень тая ці іншая калёна назад у гетта ўжо не вярталася. Найперш заганялі адлучаных Жыдоў у Лукіскую турму, дзе марылі іх голадам, не даючы нават вады. На трэці дзень Жамойцы пачыналі «прадаваць» сваім зьняволеным ахвярам хлеб і ваду: адна булка хлеба — 5 царскіх рублёў у золаце, або адпаведнік залатых рэчаў у далярах. Шклянка вады — адзін даляр, і г. д. Гэткі «гандаль» цягнуўся да пяці дзён.

Калі-ж Жыды ўжо абсалютна нічога ня мелі пры сабе, шмат-жа якія, аслабленыя голадам, не маглі нават рухацца, тады іх ноччу ўкідалі ў крытыя грузавікі, вывозілі ў Лапарскія горы, дзе дабівалі ды кідалі ў нарыхтаваныя ямы. Рэдка калі Жмудзякі везьлі Жыдоў у Лапарскія горы на сьмерць проста з працы, бо ахвяры тады астаткамі сілаў ставілі супраціў, што было нявыгадна, а часам і небясьпечна іхным катам. Дык Душнікі выкарыстоўваліся як транзытнае месца для падрыхтоўкі забойства. Паадзіночных Жыдоў, што спрабавалі ратавацца ўцёкамі, Жмудзякі мучылі й дабівалі на сваіх паліцыйных участках.

Апошнімі днямі кастрычніка 1942 году ў Беларускі Камітэт зьявілася двух Летувісаў з просьбай даць ім лекара для кантролі дамоў распусты для нямецкіх жаўнераў, бо яны ня маюць дастаткова пэрсаналу. Яны пры гэтым выявілі, што згодна з загадам нямецкага ваеннага камандаваньня, ім трэба сарганізаваць у Вільні два дамы распусты для жаўнераў ды адзін для афіцэраў. Адзін з гэтых дамоў знаходзіўся на вуліцы Субач, у будынку віленска-троцкага стараства. Дом быў абведзены калючым дротам, уваход да яго пільнавала адмысловая старожа. Упускалі туды нямецкіх жаўнераў і афіцэраў па адмысловых пропусках.

Кандыдатак у гэтыя дамы Летувісы знайшлі хутка: вечарам абставілі сваімі аддзеламі піўныя ды павыцягвалі адтуль дзяўчат і жанчын, якія былі зь Немцамі. Усіх садзілі ў крыты грузавік ды вывозілі ў названыя дамы. Пасьля 24 гадзінаў, зрабіўшы лекарскі агляд ахвяраў, павыпускалі цяжарных, замужніх і хворых, а ўсіх іншых змусілі да прастытуцыі. Спачатку трымалі іх як у вязьніцы. Пасьля яны маглі выходзіць нават на вуліцу. Шмат зь іх уцякала, некаторыя трапілі й у канцэнтрацыйныя лягеры Нямеччыны.

Не прайшло пасьля гэтага й колькі тыдняў, як да Вільні прыехалі з Баранавіч др. Лукашэня й былы ротмістр польскага войска Шыпіла, з даручэньнем баранавіцкага гэбітскамісарыяту, каб даставіць у Баранавічы зь дзесятак прастытутак. І там арганізаваўся для нямецкага войска публічны дом, але ў Баранавічах зусім ня было ахвотных для гэтага кандыдатак. Доўга гэтыя брудныя спэкулянты хадзілі па завулках Вільні шукаючы «тавару», пакуль ім удалося звэрбаваць да Баранавіч дзьве лёгкага паводжаньня дзяўчыны.

РАБУЮЦЬ НЕМЦЫ, РАБУЮЦЬ І ІХНЫЯ ПАМАГАТАРЫ

Пагасьціўшы на Каляды ў Ашмяне ў Мурашкаў, я шчасьліва вярнуўся да Вільні. А тут, на табе, — Летувісы забралі маё сямілямпавае радыё. Я ўзлаваўся, пайшоў адразу да іх на мясцовы паліцыйны ўчастак ды асьветчыў, што ў мяне забралі, зусім бяспраўна, радыёапарат. Яны брыкаліся, спасылаліся на агульны загад аб здачы радыёпрыёмнікаў. Я ім сказаў: загад загадам, але я свой апарат маю зь ведама заступніка шэфа СД др. Шольца. Тады яны памякчэлі ды апарат аддалі.

Летувісы мелі на сваім баку й Немцаў, што былі зацікаўленыя ня гэтак іхняй «палітыкай», як рабаўніцтвам. Вось, пасьля двух тыдняў, калі я быў на працы, у маё памяшканьне ўварваўся нейкі Немец, перавярнуў дагары нагамі мой пісьменны стол, забраў біжутэрыю на агульную суму каля 500 даляраў. Падобныя рабункі былі тады паўсюдныя: рабавалі Летувісы, рабавалі Немцы, а віноўнікаў шукаць было рызыкоўна.

Вось адзін абразок. На пачатку 1943 году ў віленскі Беларускі Камітэт зьявіўся стары зрусыфікаваны Беларус Т. Фішар. Усё жыцьцё быў ён чыгуначным інжынерам-інспэктарам, перад вайной-жа асеў у Вільні. Два тыдні перад гэтым ён з сваёй жонкай апісаў на Беларускі Нацыянальны Камітэт дом і 12 гэктараў зямлі ў Ерузалімцы пад Вільняй. Мы перанялі маёмасьць, перадачу зацьвердзілі Немцы. Цяпер вось гэты Фішар зьявіўся ў Камітэт з плачам, што летувіскі паліцыянт уварваўся ў ягоны дом ды зрабаваў жончыну біжутэрыю на суму 5000 даляраў. Тут ён, на довад праўды, паказаў фатаграфію сваёй жонкі, што была зробленая ў 1913 годзе ў Вэнэцыі, дзе яна стаіць, як каралева, з дыядэмай, нашыйнікам, бранзалетамі, пярсьцёнкамі.

Справа нялёгкая, у часе вайны цяжка знайсьці нейкую справядлівасьць. Ды ў мяне мільганула думка: Гітлер даў свабодную руку на рабаваньне Жыдоў, але няма ніякіх нямецкіх выказваньняў пра дазвол рабаваць і ня Жыдоў. Я стараўся супакоіць нашага дабрадзея ды пераконваў яго, што тут напэўна нейкі разгул толькі жамойцкіх шавіністых ды прыабяцаў, што мы будзем шукаць справядлівасьці.

Я напісаў адпаведны ліст да гэбітскамісара Вільні ды пераслаў яго нашым перакладчыкам. На другі дзень Фішара выклікалі ў СД, дзе яму сказалі, што ягоная скарга будзе разгледжаная, а пакульшто ён павінен чакаць. Чаканьне гэтае зацягнулася. Каб справа не адцягвалася «ад календас грэкас», я ізноў націснуў на Немцаў. Не прайшло й колькі дзён, як у БНК зьявіўся др. Шольц, ды радзіў нам не займацца гэтак энэргічна розыскам біжутэрыі Фішара. Па-першае, казаў ён, Фішар, хоць зь нямецкім прозьвішчам, не запісаўся фольксдойчам. Па-другое, ягоныя каштоўнасьці могуць мець жыдоўскае карэньне.

19
{"b":"640702","o":1}