Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Страты ў людзях былі-б яшчэ большыя, але 14 бомбаў, па 100 кг. кожная, не ўзарвалася. Сапэры іх пасьля вывезьлі ў балота.

Сцэны з раненымі цяжка перадаць на паперы: дзяцюк завіс ад узрыву на паркане; жанчына мела абдзёртую ўсю скуру на твары й жываце; шмат было непрытомных; іншыя мелі паламаныя рукі й ногі; страшна крычала студэнтка гуманістыкі — мела малы камушок у сядзеньні. 14 верасьня варожы абруч навокал Варшавы замкнуўся. Яе абаронцам стаў генэрал Чума, грузін па нацыянальнасьці, меў стотысячную армію.

17 верасьня да Валоміна з захаду пад'ехалі нямецкія панцырныя аўтамабілі. Нямецкі прадстаўнік даручыў мясцоваму бурмістру й паліцыі трымаць места ў парадку ды выконваць нямецкія загады.

Як і перад гэтым, на загад быццам кагосьці безадказнага з польскага радыя, польская баявая сіла валіла на ўсход у кірунку Берасьця. Прэзыдэнт Ігнат Масьціцкі, які 1 верасьня выдаў загад змагацца «ў імя Божае» з адвечным ворагам, нідзе цяпер не адзываўся. Дзеля гэтага паўставалі плёткі — страшная рэч у вайну! — што ён забіты, што недзе схаваўся, што ўцёк заграніцу. Аб урадзе хадзілі чуткі, што быў у Берасьці, пасьля-ж каля Львова.

Маральнай сілай усёй Польшчы стаўся ўспомнены ген. Чума, абаронца Варшавы, ды гарачы патрыёт, бурмістр Варшавы, Старжынскі. Ягоныя палкія штодзённыя прамовы, яго баявы дух і арганізацыйныя здольнасьці, шмат дапамаглі Палякам у барацьбе зь Немцамі ды заважылі на ўсім ходзе нямецкае агрэсіі. Недахоп-жа ўрадавых камунікатаў, таемнае палажэньне прэзыдэнта ды ягонае маўчаньне, паважна падкапалі баявую мараль польскага народу.

Абкружаная Варшава змагалася й цярпела. Удзень, кожныя дзьве гадзіны рэгулярна, былі налёты, уночы-ж гудзелі бесьперапынна гарматы. Гітлер асабіста наглядаў за атакамі. 24 верасьня з Варшавы выехалі на лімузінах, у кірунку Ўсходніх Прусаў, усе дыпламатычныя прадстаўнікі.

Варшава вытрымала яшчэ колькі нямецкіх атакаў і штурмаў, тысячы Немцаў лягло на прадмесьцях. І толькі пасьля 48 гадзінаў няспыннага бамбардаваньня ды абстрэльваньня, калі была разьбітая станцыя вадзяных помпаў, а за трупамі ня можна было прайсьці па вуліцах, 27 верасьня места вывесіла белы сьцяг. Варшавы Немцы не здабылі аружжам, узялі яе толькі голадам, недахопам вады і эпідэміямі. Генэрал Чума, як прафэсійны жаўнер, правільна ацаніў палажэньне й захаваў жыхарства Варшавы ад далейшае масакры. Лекцыю гэтую за пяць гадоў забыліся польскія палітыкі ў Лёндане. У жніўні-кастрычніку 1944 году яны паднялі ў Варшаве паўстаньне й давялі места да руіны. Польшча ня ўпяршыню ў гісторыі паддалася пераможцам, ейныя-ж гордыя паны пайшлі ў няволю ды на зьдзек сваіх адвечных ворагаў.

А што-ж тымчасам дзеілася на Польшчы ўсходзе?

На досьвітку 17 верасьня 1939 году, калі змаганьне Палякаў зь Немцамі было ў поўным разгары, Масква піхнула свае горды на захоп Заходняй Беларусі й Украіны. У бальшыні выпадкаў Палякі спатыкалі бальшавікоў варожа, былі паадзіночныя перастрэлкі, а пад Львовам вялікая бітва. Ды былі й выпадкі, калі польскія адміністрацыйныя ўлады спатыкалі бальшавікоў з кветкамі, хлебам і соляй, бо думалі, што гэта й натуральныя, і паводле дамоваў, іхныя саюзьнікі ў змаганьні зь Нямеччынай.

З усходу аднак-жа ішлі ня колішнія драбы Вялікага Княства Літоўскага. Ня ішла вольная казацкая ватага з Украіны, што Немца ўважала за звычайную нечысьць. Не загрыміць па сьвеце нанава слава супольнае перамогі пад Грунвальдам, бо былыя 400-годнія пабратымцы Польшчы цяпер 20 гадоў цярпелі самі закутыя ў польскай няволі. У Польшчу ішлі цяпер з усходу азіяты, з шэрымі як зямля тварамі, з злоснай усьмешкай, з штыкамі ў руках, каб убіць іх у плечы польскім ваякам, каб рыхтаваць ім пасьля масавыя магільныя ямы ў Катыні.

Паводле першае ўмовы Рыбэнтропа з Молатавым, Саветы мелі заняць Польшчу аж да Віслы. Ды ў апошнюю мінуту яны здаволіліся беларуска-ўкраінскімі землямі Польшчы, а ад Гітлера затое дасталі права на пашырэньне сваіх уплываў у Прыбалтыцы, гэта значыць, што пры першай нагодзе Масква магла забраць сабе Летуву, Латвію й Эстонію, якіх уважала за верад на сваім вялікадзяржаўным расейскім целе, што ў 1919 годзе ім насадзіла Англія.

У дзень савецкага нападу да Украінцаў і Беларусаў прачула прамова, як да «братоў», якіх мучылі польскія паны, Молатаў абяцаў шырокае разьвіцьцё беларускай і ўкраінскай нацыянальнай культуры. У Варшаве нам здавалася, што мо й запраўды Саветы перамянілі народагубны курс ды імкнуцца да нармальнага сужыцьця з братнімі народамі.

З савецкага таксама радыя мы даведаліся, што польскі прэзыдэнт з урадам і бальшынёй важнейшых вайскоўцаў, прысьпешаным тэмпам пераходзяць праз мосьцік на Пруце ў Румынію, дзе румынскія ўлады іх усіх інтэрнуюць.

Тымчасам Немцы ў Польшчы пачалі заводзіць «новыя парадкі» — парадкі арганізаванага рабунку, гвалту, тэрору й зьдзеку. Перш за ўсё з сьценаў будынкаў і платоў пазьнікалі польскія адозвы «До бою!», а на іх месца зьявіліся нямецкія загады «Ахтунг! Ахтунг!»[2] За непаслухмянасьць нямецкім уладам — расстрэл. За перахоўваньне зброі — расстрэл. Усе вайскоўцы павінны здавацца ў палон, а хто ня пойдзе — расстрэл. Калі жанчына заразіць Немца вэнэрычнай хваробай — расстрэл. Хто робіць сабатаж, займаецца шпіянажам, арганізуе тайныя арганізацыі — расстрэл! — і г. д., і г. д., і г. д.

Другая адозва была крыху спакайнейшая. У ёй загадвалася, што кожны тубылец павінен даваць праход для Немца на ходніку й вуліцы ды, здымаючы шапку, кланяцца. Невыкананьне гэтага загаду давала Немцам права біць Палякам па тварах, што яны й рабілі й паадзіночна, і гуртам. Стане вось грамада маладых Немцаў на рагу Новага Сьвету й Алеяў Ерузалімскіх ды лупяць праходзячых па тварах за парушэньне закону аб добрых манерах. Хто меў довад, што ён не Паляк, таго ня білі, але памылкі здараліся.

Жыдам было загадана хадзіць толькі па праезджай, а не па тратуары, і то гуськом адзін за адным. Усе яны мусілі насіць жоўтыя сіенскія зоркі сьпераду й ззаду. Палякі-ж вывезеныя ў Нямеччыну й на польскіх, далучаных да Нямеччыны, землях, насілі літару «П». Хутка безадказныя адзінкі пачалі нападаць на Жыдоў ды грабіць іх маёмасьць. За колькі тыдняў Немцы пазганялі Жыдоў у замкнутую частку места, у гетта, і тады яны ўжо не хадзілі свабодна, а толькі пад нямецкай кантроляй.

Немцы пакінулі пры іхных абавязках польскую паліцыю, адміністрацыю, чыгуначнікаў, лясьнікоў ды іншых, наколькі яны былі ім патрэбныя. Шмат якія Палякі ўважалі гэта за супрацоўніцтва з ворагам ды здраду. Далей пайшлі арышты. Людзі гінулі з хатаў, урадаў, з вуліцы. Ніхто ня быў пэўны свае свабоды. Некаторых з арыштаваных расстрэльвалі тут-жа, іншых адвозілі ў лягеры зьняволеных.

Непадалёк дому дзе я жыў Немцы зрабілі бойню й забівалі сотні кароў на мяса для войска. Кожнай раніцы цягнулі кароў у бойню, а за імі галасілі Мазуркі, малілі аддаць апошнюю ў сям'і кароўку. Жанчынаў Немцы адганялі пугамі, а па забітай жывёле толькі ногі й галовы выкідалі для «тубыльцаў» — «айнгаймініэ».

2 кастрычніка я зь інжынерам Вэрчынскім самакатамі адведалі Варшаву. На 22-х кілямэтрах трасы адны руіны, пагарэлыя хаты й крыжы над пахаванымі. Мы ўважна пахадзілі па цэнтральнай Варшаве, дзе колькі кварталаў было зусім выпалена, іншыя-ж разбураны бомбамі ды гарматнымі снарадамі. Месцамі за кучамі развалінаў ня можна было й прайсьці. Па ходніках і пляцах усюды магілкі й крыжы з дошчачак.

Грамады людзей, пад наглядам Немцаў, ачышчалі вуліцы ад развалінаў і грузу. Транспарту ня было ніякога. Па ачышчаных вуліцах перасоўвалася, зь дзёрзкімі мінамі, толькі нямецкае войска. На вуліцы Кашыковай не засталося й сьледу ад дому, дзе мясьціўся Беларускі Студэнцкі Саюз. Дачуўся толькі ад знаёмых, што мой сябра, Язэп Гапановіч, застаўся жывы. Голад ня толькі дакучаў людзям, але, здаецца, вісеў у паветры. На вачох усіх людзі абразалі мяса з забітай жывёлы, у крамах-жа прадавалі конскае мяса з пабітых коняў слаўнае польскае кавалерыі.

Змучаныя фізычна й яшчэ больш псыхічна, змрокам мы вярнуліся дамоў.

вернуться

2

Увага! Увага!

3
{"b":"640702","o":1}