Мы зразумелі, што праўды тут ня дойдзем, што тут звычайная нагласьць дужэйшага. Бо, што каштоўнасьці Фішара ня былі нейкага крымінальнага паходжаньня, ня мелі «жыдоўскага карэньня», было ясна з старой, зробленай у Вэнэцыі, фатаграфіі. Фішару пасьля гутаркі з др. Шольцам я сказаў, што, як выявілася, націскаць моцна на справядлівасьць справа небясьпечная, бо можа скончыцца для яго нечым горшым.
У БНК прыходзілі часта з скаргамі й абрабаваныя сяляне. Адзін вось прыклад:
— Вёз я, паночку, дровы да Вільні. Але, вы-ж самі знаеце, не пражывеш цяпер, калі ня будзеш хітрыць. У мяне пад дровамі быў падсьвінак… Ці гэткая хітрасьць перашкаджае нямецкай уладзе? То-ж грошы цяпер малавартасныя. Толькі тавар рэч надзейная.
— Колькі-ж пудоў важыў ваш падсьвінак?
— Пудоў восем на чыста.
— Дык гэта не малы парсюк! — кажу яму.
— Дык вось, паночку, Жмудзякі зьнюхалі, што тут ладная здабыча, ды вяпрука забралі. Мне загадалі адвезьці яго на іхны паліцыйны ўчастак і там, на маіх вачох, яны расьсеклі яго на восем кавалкаў ды падзяліліся між сабой, мне-ж далі толькі галаву вяпрука. Ці нельга было-б зьвінаваціць іх у Немцаў, бо ім Жмудзякі нічога ня прызначылі?
Я яму сказаў, што ўсю справу можам прадставіць Немцам і можа паліцыянты й будуць пакараныя, але й яму гэта ня будзе на карысьць, бо цяпер продаж усякага тавару падлягае нямецкай кантролі.
— Хай сабе падлягае, — казаў селянін, — але чаму жамойцкія разбойнікі маюць жывіцца нашым мазалём?
АБРАЗКІ ЗЬ ВІЛЬНІ
Аднойчы ў нашым камітэце зайграла піяніна й паліліся жаночыя арыі з апэрэтак Штраўса ды Легара. Хто-ж гэта так іграе ды пяе? А прыйшлі ў камітэт жонкі савецкіх вайсковых і ўрадаўцаў, якіх Летувісы палавілі, сваім звычаем абдзерлі, ды пасадзілі ў спэцыяльныя дамы, скуль яны маглі выходзіць толькі з адмысловым дазволам. Цяпер гразілі ім вывазам у Нямеччыну й яны прыйшлі па раду ды дапамогу перад гэтым гвалтам. Прасілі таксама запраданых інфармацыяў пра тое, што дзеіцца ў Савецкім Саюзе.
Калі яны даведаліся, што Ленінград у напружаньні, Масква заложаная, камуністы ды Жыды ўцякаюць на ўсход, дык толькі ўскрыквалі:
— Да неужелі это правда?
Беларусак сярод іх ня было. Нам тады быў патрэбны мэдыцынскі пэрсанал. Адну лекарку я паслаў да Кабыльніка, а дзьве сёстры накіраваў да Баранавіч у шпіталь, дзе іх пасьля й спаткаў на працы. Іншых вывезьлі ў Нямеччыну.
На пачатку лістапада 1941 году ноччу, колькі хатаў далей ад майго дому на Кальварыйскай вуліцы, пасыпаліся стрэлы. Назаўтра мая гаспадыня Марыя, што прабіралася нават у жыдоўскае гетта, пайшла на выведку. Хутка прыносіць ведамку, што дом № 46 на нашай вуліцы абстаўлены паліцыяй і там робяць вобыск. Уночы-ж там быццам лавілі камуністаў. Вечарам я наведваю маю знаёмую Я. Бянюкевіч, куды заходзілі жмудзкія тайныя паліцыянты на спрэчкі ды выпіўку. Вось я й сустрэў аднаго па прозьвішчы Ожаліс — былы Казлоўскі — які хваліўся:
— Там была камуністычная зборка. Нам даўно даносілі, што да скрытай саветкі заходзяць падазроныя тыпы. Дык вось мы й зрабілі на іх заседку. Было там трох мужчынаў і дзьве жанчыны. Спачатку яны вячэралі ды пілі гарэлку. Пасьля-ж раптам — хіба нас зацьмілі, усё заціхла й патухла электрыка. Каля гадзіны другой мы як ня ўдарым плячом у дзьверы так, што яны з грукатам адчыніліся, ды ўварваліся ў хату. Я зь месца адскочыў у лева пад сьцяну, мой-жа таварыш выстраліў перад сабой. Настала сьмяротная цішыня, толькі дзіка крычалі зь перапуду ў суседнім пакоі дзеці. Нехта скрыпнуў дзьвярыма, нехта захрапеў на падлозе й зварухнуўся. Я адставіў руку ад сябе ў права й выстраліў у кірунку шораху. Саветчык выстраліў з падлогі ды трапіў у майго таварыша, той ускрыкнуў ды празь дзьверы пакаціўся па калідоры. Чакаць ня было чаго, я засыпаў стрэламі ўвесь пакой. Саветчык выстраліў з другога пакою ў мяне, але не папаў. Я выскачыў на калідор, каб заладаваць браўнінг, ды наткнуўся на майго таварыша. У гэты момант зазьвінелі шыбы ў суседнім пакоі, дзеці зараўлі яшчэ мацней ды нешта цяжкое падала на зямлю. Гэта камуністы скакалі зь першага паверху на вуліцу.
— А вуліца была не абстаўленая? — пытаюся.
— То-ж бо то, што ня была, бо мы не спадзяваліся, што іх тут столькі зьбярэцца. Хутка на стрэлы нам прыйшла падмога, скамандавалі рукі ўверх. Засталася аднак толькі гаспадыня зь дзяцьмі ды адзін савецкі вайсковы ляжаў забіты. Мой таварыш быў ранены ў правую руку! Была гэта страшная ноч, трэба выпіць! — закончыў Ожаліс.
На рагу Міцкевіча й Віленскай вуліцы Немцы выставілі аграмадную карту ўсходняй Эўропы ды кожны дзень адзначалі сьцяжкамі лінію фронту. Здабытыя вялізарныя прасторы, Ленінград акружаны, Масква пад абстрэлам, Калінін забраны, Варонеж, Горкі бамбардаваныя. Людзі сотнямі прыходзілі ды аглядалі гэтую карту. Яна толькі нейк зусім ня прыцягвала ўвагі Немцаў, што ў лёгенькіх мундзірчыках перабягалі марозныя вуліцы з гатэляў у сталоўкі. Чуваць было толькі:
— Кальт, кальт, фэрфлюхт![9]
Аднаго дня марознай раніцай перад Калядамі сьпяшаюся пайсьці, паглядзець на карту ды прыраўнаць яе да ведамак, што падало ангельскае радыё, паводле якіх Немцаў адагналі ад Масквы на 120 км зь вялікімі для іх стратамі, ды прымусілі, непадрыхтаваным, залегчы ў сьнягох Расеі. Была гэта першая паважная параза Немцаў на ўсходзе.
На карце сьцяжкі адсунуліся на лінію Ржэў, Вязьма, Курск.
З натоўпу гледачоў вырваліся гэткія заўвагі:
— Немцы дасталі аплявуху!
— Дасталі в тылэк!
— Жукаў пад Масквой зьнішчыў цэлую армію!
Удзельнікі паходу на ўсход пазьней расказвалі, што перад Масквой яны напаткалі супраціў і ў гэтым якраз часе пачаліся цяжкія маразы й завеі, вада ў нямецкіх маторах пазамярзала. Нямецкія жаўнеры, не адзетыя адпаведна, мерзьлі. Дзеля гэтага Немцам давялося ўцякаць з-пад Масквы.
Але вось нешта новае на Віленскай вуліцы: зь вялікім скрыпам ды грукатам колаў, як у Першую Сусьветную вайну, пасоўваецца на ўсход нямецкі абоз. Ішло 180 падводаў. Ад людзей і ад коняў білі клубы пары, мароз быў 30 градусаў. Коні, запрэжаныя папарна, ішлі й храпелі, хурманы на вазох сядзелі скорчыўшыся з стрэльбамі, шмат хто зь іх мелі на сабе гунькі, дываны, галовы-ж былі акручаныя рудымі ды серабрыстымі лісіцамі.
Пасьля той матарызацыі, якая тут праходзіла колькі месяцаў таму, гэты абоз выглядаў надта-ж мізэрна.
— Ві Байт цу Смаргоні?[10] — пытаецца хурман.
— Ахціг кілёмэтэр,[11] — кажу.
— Фэрфлюхт!..[12]
На Катэдральным пляцы нямецкі жаўнер-мастак выразьбіў зь лёду трох жарабцоў ды ваяку ў рымскай калясьніцы. Коні гэтыя мелі прыпамінаць цяпер абозьнікам, ды ўсім нямецкім ваякам Брандэнбурскую трыюмфальную браму ў Бэрліне, сымбаль нямецкага панаваньня на ўсходзе! Ды дэфіляда цяпер выпала вельмі-ж мізэрна, тым больш, што перад абозам ляжалі яшчэ вялікія сьнегавыя далі Беларусі й Масковіі.
У красавіку ледзяныя коні й яздок сталі аблягаць, таяць, корчыцца, — паадпадалі вушы, насы й галовы. Дарма аж трох Немцаў палівалі скульптуру вадой ды аблеплівалі сьнегам. Сонца нелітасьціва развалівала іхнюю працу. Урэшце настала адліга й там, дзе стаялі жарабцы, ляжала куча сьнегу ды няўклюдна зьбітыя дошкі. Віленчукі, праходзячы, казалі: «Вось якая нямецкая магутнасьць на ўсходзе!» Даводзілася прызнаць ім справядлівасьць.
Вясною 1942 году нямецкія агенты ТОД пачалі ўсімі сіламі зьбіраць людзей на працу ў Нямеччыне, асабліва на працу ў транспарце места Бэрліну. Найбольш ахвотных знайшлося Расейцаў, бо аж 60 чалавек. Пасьля ішлі Палякі, Летувісы й 16 Беларусаў. Немцы былі зьдзіўленыя, што «прыязная» беларуская нацыя так слаба адгукнулася на патрэбы нямецкай сталіцы. У дзень адпраўкі гэтых дабравольцаў Немцы зрабілі на станцыі мітынг і дэфіляду з аркестрай. Расейцы й Летувісы маршыравалі зь песьнямі ды сьцягамі. Беларусы-ж і Палякі безь сьцягоў ды моўчкі. Да працы ў бамбардаваным Бэрліне яны не сьпяшаліся.