Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Добра закусіўшы, Крайноў выказаў жаданьне пайсьці ў места, каб купіць запасныя чаравікі, паколькі іхны мяшок з абуткам недзе ў дарозе прапаў. Мы пайшлі на Кракаўскае прадмесьце, дзе я ведаў шаўца з даваеннага часу. Па дарозе пабачыў шмат маладых Палякаў з загарэлымі тварамі, якія нейк скоса пазіралі на маёра Крайнова. Зайшлі да шаўца ды купілі абутак. На адыход шавец адвёў мяне на бок ды кажа:

— Пане, небэсьпечне ходзіць з тым маёрэм! Могот застшэліць! Ту дужо нашэго войска, бэндзе повстане…[29]

Вечарам мы выехалі з Варшавы ды за колькі ўжо гадзін былі ў Лодзі. Сала, пры дапамозе нашых юнакоў, мы перакінулі праз паркан, ды з рэштай багажу пайшлі на кантрольны пункт. Тут забралі ў мяне пісталет ды дакумэнт на яго, усе кніжкі, уключна з мэдыцынскімі, прапускны-ж дакумэнт аштамплявалі, як больш няважны.

Цяпер нашая кампанія паменшала на 5 чалавек. За др. Крайновым мы пайшлі да ягонага прыяцеля, фольксдойча зь Менску, Шлямовіча. Прыняў ён нас вельмі гасьцінна. У гутарцы выявілася, што і ў Лодзі Палякі бубняць аб паўстаньні. Але Шлямовіч успакойваў, што тут Немцы добра арганізаваныя ды ўзброеныя, дык дадуць сабе раду, хоць на аднаго Немца прыпадае трох Палякаў.

Адпачыўшы, я наведаў Беларускі Камітэт у Лодзі. Тут я даведаўся аб палажэньні, пачуў, што палк. Кушаль зь некаторымі адзінкамі БКА і паліцыі, цяпер у Ўсходніх Прусах, і што Палякі ўзьнялі паўстаньне ў Варшаве. Дастаў таксама прыватны адрас Р. Астроўскага ў Лодзі.

У Р. Астроўскага я сустрэў ягонага зяця др. Мінькевіча, які бядаваў, што сала ў цэбрах у дарозе ад гарачыні папсавалася… Прэзыдэнт-жа казаў, што выбіраецца да Бэрліну, дзе ёсьць магчымасьць актывізаваць БЦР у выглядзе экзыльнага ўраду для арганізацыі беларускае дывізіі, моладзі, выдаваньня прэсы, арганізаваныя беларускіх уцекачоў, работнікаў.

Пасьля я адведаў др. Науміка, які тут працаваў у шпіталі. І я дастаў становішча асыстэнта ў гарадзкім шпіталі. Здавалася, што ўсё ідзе складна, аж тут — на табе! — новая загваздка! Мы абодва дастаём нямецкі загад ехаць у хуткім часе ў Гольдап у Ўсходніх Прусах, дзе стаіць нейкая часьць РОА. Мы абмеркавалі сытуацыю: Екаць у расейскае войска й то на самы фронт! — Праваліся ты! Але як уцячы з гэтага места? І тут аказаліся важнымі старыя знаёмствы. Наумік кажа:

— Справу спарадкуем! Цяпер вайна, балаган! Хто будзе нас нукаць? Я тут маю аднаго знаёмага СДоўца з Баранавіч, які з групай беларускіх супрацоўнікаў даглядае карны лягер. Ёй мае пячаткі СС і, думаю, дасьць нам пропускі. Адно, трэба літар гарэлкі…

Дык вось мы купілі ў спэкулянтаў два літры водкі й пайшлі да яго. Прыняў ён нас вельмі ветліва, мы-ж з свайго боку бутэлькі адразу на стол. Знайшлася добрая закусь. П'ём, жартуем, пытаемся аб палажэньні. Немец, падпіўшы, кажа:

— Беларусаў я люблю лепш за сваіх, нашая прыязьнь добра замацавалася ў Баранавічах. Таму вам ня раджу сядзець доўга ў гэтым горадзе. Бальшавікі ўжо стаяць на Вісьле. Рыга ўжо ў безнадзейным змаганьні, цяжкія баі ўва Ўсходніх Прусах…

— Дык куды-ж нам уцякаць? — пытаемся.

— Куды хочаце! Я вам дам пропускі.

Я зь месца выкрыкнуў:

— Мюнхэн!

Аднак Наумік кажа:

— Што там Мюнхэн! У Вене жыве наш граф Асінскі, мае пяць пакояў! Нядаўна гасьціў у нас ды запрашаў да сябе!.. Вып'ем, гэр Шульц, за Вену!

— У Вену хочаце? Чаму не!

Ён хутка сеў за пісьмовы стол ды выпісаў нам падарожныя пропускі з Лодзі да Вены, з тэрмінам на тры месяцы.

На другі дзень мы ўжо сядзелі ў 2-й клясе цягніка, што ішоў да Вены. Раніцай выселі на Франц Езэф станцыі. Тут адпачылі й каля 9-й гадзіны павалакліся шукаць возьніка, каб дабрацца да графа Асінскага. Натрапілі на аднаго, кажа — сядайце. Пытаецца:

— Куды ехаць?

— Драхэн гассэ З, — кажу.

А ён:

— Выбачайце, — кажа, — я такой вуліцы ня ведаю.

Мы да другога, да трайнога, — тое самае. Нарэшце адзін дадумаўся, што мы вымаўляем «хох дойч»[30] ды нас паправіў: «Дрохэн госсэ!» Ён нас завёз на гэты малюсенькі завулак, дзе пад нумарам 3 стаяла невялікая хаціна, у якой «граф» Асінскі займаў адзін пакой, і то на супалку зь нейкім іншым.

Асінскі зьбянтэжыўся гэткай нечаканасьцяй ды адправіў нас у Беларускі Камітэт, што быў непадалёк. Мы завалакліся туды, а там, у маленькім пакойчыку, ягонае «бюро». Ён перапрашаў нас за сьціпласьць ды даў адрас у Кайзэргоф гатэль. Там мы добра адпачылі ды на другі дзень наведалі былога консула БНР у Вене, старэйшага ўжо ды хворага на сэрца чалавека, прозьвішча яго ніяк не памятаю. Консул прыняў нас вельмі ветліва й гасьцінна. У бяседзе ён выказаўся:

— Цяперашняя вайна, гэта другі трагічны акт у гісторыі нашага народу, пры нямецкім у ім удзеле. Цяжка спадзявацца хутка нейкае паправы. З ваеннага змаганьня прыйдзецца пераходзіць ізноў на культурны фронт…

І пэрспэктывы запраўды ня было відаць. «Нямеччына сама ў моцных клешчах двух саюзных франтоў. Што нам рабіць?» — думаю, вярнуўшыся ў гатэль. Чуваць, што Немцы хочуць тварыць беларускую дывізію. Ды што значыць адна, дзьве, тры чужанецкія дывізіі, калі вялізарная нямецкая ваенная машына крышыцца кожны дзень, як пясчаная скала! Нам застаецца адно — перакідацца на бок заходніх Аліянтаў ды шукаць там грунту для нейкай успамогі беларускаму народу, які ня можа, не павінен загінуць у жорнах расейска-бальшавіцкае навалы. Таму я й падаўся далей на захад, каб у вольным сьвеце далей працаваць, пад Знакам Пагоні, для дабра й будучыні свайго народу.

ПАСЛОЎЕ

Вялікая бітва за Беларусь у Другой Сусьветнай вайне, ад 23 чэрвеня да 10 ліпеня 1944 году, была адной зь вельмі важных у гісторыі. У баёх тут ня пала столькі жаўнераў, як, прыкладам, пад Вэрдэнам або Сталінградам, ды вынікі яе былі катастрафічныя ня толькі для Нямеччыны, але й для ўсяе ўсходняе ды паўдзённае Эўропы.

На паўночны ўсход ад Менску, па лініі Віцебск, Ворша, Магілёў, абаранялі Беларусь 41 добра ўзброеная нямецкая дывізія. Бальшавікі сканцэнтравалі тут аднак-жа сілы ў чатыры разы большыя, і яны хутка праламалі фронт на поўначы ў кірунку Сянно, Бешанковічы на Полацак, ды на поўдні, ніжэй Магілёва, у кірунку Слуцак — Баранавічы. Сталася гэта ў вялікай меры й таму, што нямецкі жаўнер, які праседзеў тры цяжкія зімы ў сьнягох Беларусі, меў ужо даволі вайны ды чакаў як найхутчэйшага яе канца.

Недахоп паліва тармазіў рухі нямецкага войска, паралізаваў агрэсыўнасьць нямецкага лятунства. Гітлер, да гэтага, згубіўшы каля 40 % сваёй арміі, адчуваў востры недахоп рэзэрваў і ня меў ужо сілаў, каб блякаваць прарывы фронту. На ходзе ваенных падзеяў на ўсходзе пачаў моцна адчувацца й адкрыты Аліянтамі другі фронт на захадзе. Нямецкія саюзьнікі — Фінляндыя, Італія, Румынія, — пачалі адрывацца ад Нямеччыны. Найбольш-жа натуральныя саюзьнікі для змаганьня на ўсходзе — Беларусы, Украінцы, Расейцы, — адкінутыя Немцамі ў 1941 годзе, цяпер ня мелі ўжо ніякае магчымасьці ставіць бальшавіцкім гордам нейкі паважнейшы адпор.

На ўсход ад Менску пайшло ў палон 180 000 нямецкіх жаўнераў і ўся прастора ад Дзьвінска да Роўна сталася адкрытай. Немцы амаль бязь ніякіх баёў адступілі на лінію Нёману, Нарвы й Віслы. Тры прыбалтыйскія дзяржавы падзялілі лёс Беларусі. Немцы, праз барона Бэрнадотта, спрабавалі прасіць міру з Захадам. Гэтая ініцыятыва, як супярэчная мэтам захопніцкае палітыкі Саветаў у Эўропе, была станоўча адкінутая.

Недамагаючы ўжо прэзыдэнт Рузвэльт, абсаджаны камуністычнымі дараднікамі, усімі сіламі дапамагаў Маскве падбіваць іншыя народы ды нават не дазволіў арміям Аліянтаў заняць Нямеччыну, Чэхаславаччыну й увайсьці на тэрыторыю Польшчы, хоць народы гэтыя іх чакалі. Амэрыканцы ня прымалі паддачы местаў і цэлых нямецкіх арміяў, але чакалі цярпліва, пакуль падлюга Сталін заграбе ўрэшце Балканы, ды зойме, на іхнюю-ж бяду, Бэрлін. Монтгомэры на сваю руку заняў Гамбург і гэтак прыкрыў ад Саветаў Данію.

Рузвэльт, дастаўшы ад Сталіна «слова», што бальшавікі ўсюды завядуць «дэмакратычныя» парадкі, і нават надрукуюць сьвятую Біблію, у сваёй наіўнасьці быў пэўны, што бальшавікі «зьмяніліся» й таму маюць поўнае права завесьці «ўсходняга тыпу» дэмакратыю ў Польшчы й на Балканах.

вернуться

29

Пане, небясьпечна хадзіць з гэтым маёрам! Могуць застрэліць! Тут шмат нашага войска. Будзе паўстаньне…

вернуться

30

Высоканямецкім дыялектам.

47
{"b":"640702","o":1}