Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

— Сябра, калі маеш ахвоту, прыяжджай і займай маё месца, я маю па горла грызьні зь Немцамі, страху перад савецкім падпольлем, ды я, прызнацца, не Беларус.

Ён далей выясьніў, што беларускі галоўны лекар у справе аховы здароўя жыхарства ня шмат мае да гутаркі, бо ўсякія распараджэньні выходзяць ад нямецкіх акруговых лекараў, а лекары беларускія маюць іх толькі сьлепа выконваць. У гэткіх умовах я ня мог згадзіцца на падмену др. Крайнова, ня мог прыняць «высокага» становішча ў Менску, тымбольш, што й у Баранавічах беларускіх дзеячоў ня было зашмат.

На разьвітаньне зь Менскам я адведаў кс. В. Гадлеўскага, які меў сваю рэзыдэнцыю Галоўнага Школьнага Інспэктара ў маленькім пакоіку Самапомачы. Быў цёмны вечар, кс. Гадлеўскі чытаў часопіс пры сьвечцы.

— Як маецеся, войча Вінцэнты? — пытаюся, вітаючыся.

— Ну што-ж, даражэнькі, сяджу адсунуты ад усяго, нат электрыкі мне не даюць, адрэзаў Ермачэнка.

— Няўжо на гэта ўсё пайшоў Сівіца?

— Пайшоў, а свае яму дапамаглі.

— Няўжо свае?

— Так, Сам Фішар паказаў мне даносы, пісаныя Ермачэнкам і Касяком, ды й Янка Станкевіч праз сваю заўзятасьць лётаў да Сівіцы й балтаў пра начныя справы непатрэбна.

Я жахнуўся ад гэткіх ведамак, а ксёндз гаварыў далей:

— Так, гэта праўда. Пару дзён таму я меў гутарку зь Немцамі, хіба апошнюю, і сказаў ім адкрыта, што Немцы абяцалі даць Беларусам перад вайной, а што далі ў ходзе вайны? Вы, казаў я, разьвязваючы Самаахову, абяззброілі беларускі народ, мардуючы-ж ваеннапалонных ды палячы вёскі, стварылі партызаншчыну. Мы вас віталі з кветкамі, як вызвольнікаў, а вы як нас патрактавалі? Цяпер я палітычны труп і не магу выступаць больш ад майго й вашага імя да беларускага народу! Яны ўськінулі мне, што мая дзейнасьць ідзе ў разрэз зь нямецкімі інтарэсамі на ўсходзе. Рассталіся мы дужа халодна, цяпер чакаю майго арышту.

— Мо трэба дзе схавацца, войча? — сказаў я, узрушаны.

— Нікуды не зварухнуся. Божая воля, што будзе, тое будзе, — закончыў кс. Гадлеўскі.

Тут я прыпомніў, што час хадзьбы ў Менску абмежаваны й зь сьлязьмі разьвітаўся з нашым народным змагаром, абяцаючы, што будзем падымаць усю грамадзкасьць у яго абароне.

Назаўтра я запытаўся др. Ермачэнка:

— Як вы гэта маглі дапусьціць да такіх сварак і да даносаў на кс. Гадлеўскага?

— Я асабіста не настаўлены варожа да Галоўнага Інспэктара, але кс. Гадлеўскі мае непаразумленьні зь Сініцай і іншымі Немцамі, а я на гэта ня маю ніякага ўплыву, — адказаў Ермачэнка.

Два дні пасьля маіх наведзінаў, ці бо на Каляды 1942 году, кс. В. Гадлеўскі быў арыштаваны менскім СД і, паводле навочных сьведкаў, таго самага дня вывезены да Рыгі, у галоўнае СД на тэрыторыі Остлянду, дзе знаходзіўся райхскамісар Лёзэ. Там, відавочна, ён і быў замучаны.

Кс. В. Гадлеўскі быў вялікай ахвярай на нашым нацыянальным аўтары, ня толькі як мучанік, але й як змагар вялікага стылю за вызваленьне беларускага народу. Таму тыя, на чыім сумленьні ёсьць хоць кропля віны ў ягонай сьмерці, хай каюцца перад Богам і перад сваім народам. Благое часам можа пайсьці ў забыцьцё, але гераічная пастава волата-пакутніка В. Гадлеўскага будзе нам сьвяціць вечна.

АБ НЕКАТОРЫХ БЕЛАРУСАХ У БАРАНАВІЧАХ

Пры маёй бытнасьці ў Баранавічах наглядалася вялікая зыгранасьць там беларускае інтэлігенцыі. Паважнейшых разыходжаньняў, сварак ня было. Усе дружна стаялі за працу для ўздыму й разьвіцьця беларускае нацыянальна-культурнае справы, за вырываньне ад Немцаў як найбольш для гэтага ўступак. Таму ніхто не стараўся выбіць таго ці іншага зь сядла, але, наадварот, намагаўся яго падтрымаць і ўмацаваць. У гэтым і быў галоўны сакрэт вялікага беларускага нацыянальнага ўздыму ў Баранавічах і Баранавіцкай акрузе. Успомню тут колькі важнейшых баранавіцкіх дзеячаў.

Найперш трэба сказаць колькі словаў пра бурмістра Баранавічаў, Юрага Сабалеўскага, які, пасьля «дэтранізацыі» ў Менску др. Ермачэнка пераняў там Самапомач ды быў віцэпрэзыдэнтам Беларускае Цэнтральнае Рады.

Юры Сабалеўскі, аграном па прафэсіі, стары беларускі дзеяч Заходняй Беларусі, у 1922 годзе выбраны беларускім паслом у польскі сойм, пазьней сябра Беларускае Сялянска-Работніцкае Грамады. Ёй любіў часта паўтараць фразу: «Малы чалавек — малы клопат, большы чалавек — большы клопат». Ён вывучаў кожнага значнага Беларуса, стараўся справядліва яго схарактарызаваць, ацаніць, прыслухоўваўся да ягоных выказваньняў і поглядаў. Пісаў нават на кожнага аграмадную біяграфію. Урыўкі з гэтых нарысаў любіў чытаць іншым. Ягоныя характарыстыкі не заўсёды супадалі з запраўднасьцю. Хутчэй выражалі яны ягоную суб'ектыўную ацэнку й погляды.

У часе «ўлады» Сабалеўскага ў Баранавічах можна было назіраць схільнасьць у яго да нямецка-аўстрыйскай школы адміністраваньня. Ён завёў строгі «кайзэрскі» парадак: увайшоў у гарадзкую ўправу ня ськінуўшы шапку — 5 марак штрафу; спазьніўся на працу — 10 марак; прыйшоў падпіты — гэта небясьпечна! — назаўтра, ці ты работнік, ці інжынер, ці доктар, сядзеш на бочку, у якой вывозіліся з гораду нячыстоты, да будзеш на ёй цэлы дзень езьдзіць. Супраціў не памагаў — ён звальняў з працы. Не памагалі таксама пробы ўмешваньня ў гэткія строгія парадкі іншых нашых дзеячаў, што дакаралі бурмістра за ягоныя сярэднявечныя практыкі. Ён цьвёрда казаў: «Людзей трэба выхоўваць!» А калі яму казалі, што ў часе вайны гэткія мэтады служаць нашым ворагам, ён спакойна адказваў: «Кожны рэжым патрабуе парадку й дысцыпліны». І запраўды, нічога супроць яго ня можна было зрабіць, каб адначасна не панізіць ягонага аўтарытэту, як бурмістра, зь якім лічыліся Немцы.

Гэта Сабалеўскі дамогся ў гэбітскамісара Баранавіцкай акругі, каб усе каталіцкія ксяндзы й праваслаўныя сьвятары гаварылі ў сьвятынях казаньні й павучэньні ў беларускай мове. Акцыя гэтая была праведзеная па ўсёй акрузе. Гэта ён асабліва ўспамагаў Мастацкую й Ткацкую Школы ды зьвярнуў увагу Немцаў і таксама прадстаўнікоў іншых нацыянальнасьцяў на высокія мастацкія якасьці беларускага народнага мастацтва. Праз наладжаную Беларускай Самапомачай аграмадную выставу народнага мастацтва ў Баранавічах, што займала колькі будынкаў, прайшло больш 20 тысяч чалавек. А ў наладжваньні выставы немалая была заслуга Юрага Сабалеўскага.

Апрача Сабалеўскага было, ведама, і шмат іншых выдатных Беларусаў у Баранавічах. Аб Папуцэвічу, Русаку, ды некаторых іншых я ўжо, хай сабе коратка, але гаварыў. Тут хацелася-б расказаць пра менш знаных, як а. Льва Гарошку, Уладзімера Шыманца, У. Кліма, ды пару іншых.

Леў Гарошка, каталіцкі сьвятар усходняга абраду, адзін з выдатных беларускіх дзеячаў, у часе нямецкага паходу на Усход быў на беларускім Палесьсі, якое, паводле гітлераўскага пляну падзелу ўсходніх прастораў, адміністрацыйна прыразалася да Рэйхскамісарыяту Ўкраіны. Там, у сваёй парафіі, з прыходам Немцаў ён ня толькі дзеіў у кірунку хрысьціянскае рэлігійнае супольнасьці, але й ставіў востра дамаганьне, каб Палесьсе, як беларуская прастора, мела беларускую адміністрацыю й школьніцтва. За гэта а. Л. Гарошка апынуўся пад украінскім і мясцовым праваслаўным абстрэлам, і нямецкі камісар загадаў высяліць яго зь Пінскай акругі без права павароту. Айцец Леў Гарошка тады пераехаў да Баранавіч, тут знайшоў падтрыманьне др. В. Войтэнкі, тагачаснага бурмістра места, ды ўладзіўся ў рэдакцыі «Баранавіцкай газэты».

Быў гэта вялікі патрыёт, у беларускіх справах нязвычайна прынцыповы, стойкі, і стаўся адной з важных апораў беларускае нацыянальнае працы ў Баранавіцкай і Слонімскай акругах. Пасьля арышту экзарха вунійнай Царквы а. Неманцэвіча, ён яе ачольваў.

Уладзімер Шыманец, кіраўнік аднаго з аддзелаў Гарадзкой Управы Баранавіч, шчыры патрыёт, браў дзейны ўдзел у беларусызацыі адміністрацыі Баранавіч і акругі, дэмаскаваў скрытых ворагаў. На эміграцыі, у Даніі, выратаваў сотні Беларусаў ад пагрозы выдачы іх бальшавіком ды вывазу ў СССР. У Францыі, у Парыжы, быў і ёсьць ён адным з правадыроў тамашняй беларускай эміграцыі. Як таленавіты мастак ён быў адзначаны на розных францускіх выставах. Малюе пераважна на беларускія тэмы.

23
{"b":"640702","o":1}