Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Група моладзі аднак павярнула ў права да маўзалею Льва Сапегі. Колькі хвілінаў стаялі ўсе моўчкі з апушчанымі галовамі. Тады, як-бы на жаданьне ўсіх прысутных, пачуўся ціхі голас-малітва Ў. Казлоўшчыка:

— Магутны правадыр народу нашага! Волат духа й зброі! У рашучую хвіліну пакажы нам правільны шлях да волі й шчасьця нашага народу! Памажы нам адвярнуць двувяковы камень нашай няволі!

— Памажы! — падхапілі прысутныя.

Толькі пасьля вайны я даведаўся, што да нашага набажэнства прыслухоўваліся й камуністыя: іх 6 хавалася зь левага боку на хорах. На чале быў камісар прапаганды Аляксеяў. Іх кс. Станкевіч у імя Хрыста, паражаючы сваё жыцьцё, хаваў і карміў. Ніхто аднак зь іх нідзе не адазваўся — можа іх Сталін выдушыў — калі пазьней, пасьля вайны, а. Станкевіча ворганы НКВД арыштавалі ды замучылі ў канцлягерах.

У гэтым часе, калі праваслаўныя пачалі разважаць пра арганізацыю свае Беларускае Аўтакефальнае Царквы, каталікі імкнуліся адсэпаравайца ад польскага каталіцкага касьцёлу й яго герархіі. Намінальным зьверхнікам каталікоў у Беларусі тады быў біскуп Магілеўскі й Менскі Слоскан, па нацыянальнасьці Латыш, прабываў ён у Дзьвінску. Нацысты забаранілі яму праводзіць якую-колечы каталіцкую адміністрацыйную працу ў Беларусі. Не зважаючы на ўсе нашыя захады ў Вільні, Менску ды Бэрліне, нямецкія ўлады не зьмянілі свайго загаду.

Тады ініцыятыву перанялі беларускія ксяндзы-патрыёты. Кс. др. філ. Ст. Глякоўскі, узяўшы з сабой на помач толькі-што высьвечаных ксяндзоў Рыбалтоўскага ды Мальца, накіраваўся з нашым пасьведчаньнем да Менску. Пасьля ўпорыстых таргоў зь Немцамі яны адваявалі чырвоны касьцёл, які бальшавікамі быў заменены на тэатр, і яшчэ адзін касьцёл пры галоўнай вуліцы, дзе быў склад. Катэдру не маглі абняць, бо ў ёй вымагаўся аграмадны рамонт. У сталіцы Беларусі пачалася нармальная каталіцкая служба.

З газэтаў ды радыя даведаўся пра гэта ведамы польскі шавініст і заядлы вораг беларускага народу арцыбіскуп Яблжыкоўскі. Ён ня толькі адклікаў зь Менску ксяндзоў Глякоўскага, Рыбалтоўскага й Мальца, але за «непаслухмянасьць» забараніў ім нават прыступаць да аўтара, накіш кажучы «суспэндаваў» іх. Але калі першыя тры беларускія ксяндзы-місіянеры былі ад аўтара адсунутыя, на іх месца ўжо прыбыў кс. В. Гадлеўскі, кс. П. Татарыновіч і жмудзкі ксёндз Ігнатавічус. Яны не падлягалі юрыздыкцыі Ялбжыкоўскага й маглі спакойна працаваць далей.

Паўгоду пазьней Глякоўскі й Малец, будучы ў тэатры, ня ўсталі пры адыграным нямецкага гімну, што паслужыла за довад іх нелаяльнасьці да нямецкае ўлады, ды ня толькі іх, але й іншых каталіцкіх духоўных. Тады былі арыштаваныя ксяндзы Глякоўскі, Малец, Рыбалтоўскі й Татарыновіч. Два першыя былі высланыя ў канцэнтрацыйны лягер Бухэнвальд і там яны загінулі ў фабрыцы амуніцыі ад ангельскіх налётаў.

Ксёндз Гадлеўскі дастаў строгі выгавар ад Немцаў і яму забаранілі казаць казаньні, на якія заўсёды схадзіліся грамады людзей. Застаўся толькі адзін кс. Ігнатавічус, які набажэнства адпраўляў палацінску й чытаў толькі сьв. Эвангэлію пабеларуску, народ-жа ў часе набажэнства сьпяваў беларускія рэлігійныя песьні. Перад заканчэньнем вайны Немцы далі дазвол на пераезд да Менску кс. В. Шутовічу, які на сваім становішчы сьвятара для Беларусаў-каталікоў сустрэў у Менску й бальшавікоў. Яны ў хуткім часе яго арыштавалі, мучылі, саслалі на 10 гадоў катаргі. Выпушчаны пасьля прабываў у Вільні, памёр у Барысаве.

Праваслаўныя Беларусы пры нямецкай акупацыі пачалі працу над аднаўленьнем Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы. Душою гэтых пачынаньняў быў сьвятар Дэрынг, пратаярэй Юзьвяк, ды шмат іншых. Першы ў часе выконваньня сваіх духоўных абавязкаў наехаў на міну й быў забіты. З часам, на вымаганьне народу, да працы над аднаўленьнем аўтакефаліі далучыліся й япіскапы Філафей ды Апанас, ды й галава Праваслаўнае Царквы ў Беларусі, архіяпіскап Панцялеймон, хоць гэты апошні асабліва неахвотна адлучаўся ад Масквы.

Толькі ў 1942 годзе нямецкія ўлады далі дазвол на шырэйшую арганізаваную працу над наладжваньнем праваслаўнага жыцьця ў Беларусі. Скліканы ў Менску Сабор Беларускае Праваслаўнае Царквы ў складзе герархіі, духавенства й прадстаўнікоў вернікаў адбываўся ў днях 30 жніўня — 2 верасьня 1942 году. Пастановаю Сабору была апавешчаная аўтакефалія Беларускае Праваслаўнае Царквы.

З рук нямецкіх наезьнікаў, праўдападобна за намовай маскоўскіх агентаў, у Альбэртыне на Палесьсі ў 1942 годзе загінуў экзарх Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі а. Антон Неманцэвіч.

МУЧАНІЦКАЯ СЬМЕРЦЬ З НАРОДАМ

Сярод беларускіх каталіцкіх сьвятароў ахвярнай для народу працай ды пакутніцкай сьмерцю на сваёй духоўнай постані выдзяляюцца постаці двух ксяндзоў-марыянаў — Юрага Кашыры й Антона Ляшчэвіча. Іхнюю трагічную сьмерць разам з сваім народам, у Росіцы Віцебскай акругі, апісала адна зь сёстраў-законьніцаў, што да апошніх гадзінаў іх жыцьця зь імі прабывала. Даю тут, у скароце, перадрук гэтага вопісу, поўны тэкст якога надрукаваны ў часопісе «Божым Шляхам», Лёндан, № 5, 1971 году:

«У часе Другое Сусьветнае вайны, калі Немцы занялі падсавецкія тэрыторыі, туды прыйшлі працаваць айцы Марыяне з Друі, зь якіх да канца засталіся ў Росіцы а. Антон Ляшчэвіч і а. Юры Кашыра, у Замошы-ж нейкі час быў а. Ул. Лашэўскі. Яны абслугоўвалі й суседнія на савецкай тэрыторыі парахвіі, як Дрыса, Асьвея, Бігосава.

У Росіцы знайшлі вялікі касьцёл не разбураны, але ня дзейны ўжо ад колькіх гадоў дзеля выдаленьня адтуль ксяндза. Працы было вельмі шмат і народ надта рупліва гарнуўся да рэлігіі… Сама Росіца — мястэчка ў пару тысячаў людзей — было тады населенае старымі, дзецьмі й падрастаючай моладзьдзю. Усіх мужчынаў у сіле веку пазабіралі партызаны.

…Праца ішла так каля паўтара году, больш-менш у гадох 1941–1943. Пад канец усё часьцей турбавалі ды ў працы перашкаджалі ваенныя падзеі, набегі партызанаў, а ў выніку й нямецкія допыты, робленыя з пагрозамі расстрэлу. Шмат разоў плябанія й нашае памяшканьне былі сьведкамі страшных сцэнаў падчас наскокаў Немцаў або партызанаў.

…Напачатку 1943 году над нашай працай зацяжыла вялікая небясьпека, калі дзеля штораз часьцейшых партызанскіх нападаў на вёскі, пасёлкі й на нямецкія пасты, Немцы пастанавілі вынішчыць усіх людзей ды іхныя сялібы на даволі доўгім і шырокім поясе гэтае тэрыторыі. Пачалі ўсё часьцей надыходзіць весткі пра вынішчэньне вакольных вёсак зь людзьмі.

У месяцы лютым гэтага году… а. А. Ляшчэвіч вярнуўся з Дрысы, дзе адпраўляў набажэнства і там даведаўся ад жандармэрыі, што Росіца таксама будзе зьнішчаная й што жандармэрыя радзіла ксяндзам стуль як найхутчэй выехаць. Пасьля павароту айцец быў вельмі сумны. Айцец Юры Кашыра паехаў да Бігосава, дзе стаяла нямецкая каманда: там атрымаў пацьверджаньне першае весткі й прапанову, каб ксяндзы пакінулі гэтыя месцы. Абодва яны радзіліся, што рабіць, гаварылі: “Як мы можам пакінуць людзей у такую хвіліну? Дзе авечкі, там павінны быць і пастыры”. І яны пастанавілі заставацца пры людзях да канца…

У аўторак таго тыдня ў поўдзень прыехала да Росіцы шмат Немцаў. У плябанію зьявіліся два ваенныя, адзін Латыш, перакладчык, і ў чорнай ваеннай форме Немец, падобна кіраўнік экзэкуцыі. Праверылі ці няма партызанаў. Айцец А. Ляшчэвіч гаварыў зь імі й заступаўся за сёстраў. Пасьля зараз пачалі зганяць людзей да касьцёлу. Мы таксама, разам з ксяндзом, пайшлі туды, а плябанію заняла каманда.

У касьцёле сьпісвалі людзей. Быў напоўнены людзьмі цэлы касьцёл. Некаторыя прадчувалі блізкую сьмерць і рыхтаваліся да яе, іншыя не ўсьведамлялі сабе рэчаіснасьці. Пазьней сёстрам загадалі пайсьці ў плябанію. Ксяндзом дазволена было заставацца ў касьцёле й у плябаніі.

Раз за разам да нас упадаў а. Юры, апавядаючы, што дзеіцца ў касьцёле, і, вядома, пацяшаючы нас. Айцец Ляшчэвіч, каб адвярнуць нашую ўвагу ад няпэўнае прышласьці, разьвесяляў нас і плянаваў нам заняткі, каб мы ня мелі часу на сумаваньне. Зразумела, што гэтае ночы ніхто ня спаў.

У сераду раніцай ізноў у мястэчку зрабіўся рух. Пасьцягвалі шмат фурманак на касьцельны пляц і ад раніцы пачалі людзей групамі вывозіць з касьцёла на пакараньне сьмерцю. Здатных да працы аддзялялі, але такіх ня было шмат. Зьнішчалі людзей на месцы ў Росіцы, зганялі ў дамы, расстрэльвалі й падпальвалі бэнзынай разам з домам. З плябаніі было чуваць блізу што паўгадзіны страляніну з таго часу, калі бралі групу з касьцёла, выбухі, а пасьля ў гэным месцы зьяўляўся пажар дому.

Айцец Юры нас далей наведвае, перарываючы працу ў касьцёле, каб нас пацяшаць, і казаў, што ўжо тую й іншую групу вывезьлі, каб спаліць. Нам Немцы загадалі варыць абед для афіцэраў. Прыйшоў, бо здаецца яго выклікалі, а. Ляшчэвіч, і падчас абеду ён ім служыў. Пасьля абеду сказалі яму запрэгчы каня й паехаць зь імі, паказаць нейкі дом, каб яго захаваць ад пажару. Айцец прачуваў, што будзе, вельмі баяўся за нас і ўсьцяж прасіў камэнданта, каб пакінуў нас пры жыцьці.

Касьцельны хлапец запрог каня й айцец зь ім паехаў. Там перад домам было шмат людзей і айцец там застаўся, а хлапец прыехаў. Зараз па ягоным павароце была страляніна і ў гэным месцы быў падпалены дом. Мы былі цалком пэўныя тады, што там памірае таксама наш айцец. У вялікім смутку мы маліліся за яго й за іншых, што там паміралі. Было гэта ўжо па паўдні.

Айцец Юры далей працаваў у касьцёле, чакаючы на сваю сьмерць. Вечарам яго адтуль звольнілі й замкнулі ў склепе пад плябаніяй. Тры гадзіны яго там мучылі, дамагаліся прызнаньняў. Вярнуўся стуль страшэнна зьменены, сіні, замучаны й перакананы ў хуткай сьмерці. Рана прынёс нам у кішэні Найсьвяцейшы Сакрамант. Была гэта нашая ўжо апошняя Сьвятая Камунія ў Росіцы, прынятая ў клябаніі з рук дарагога Айца…

Назаўтра, як і дня папярэдняга, ад раніцы ў Росіцы было так страшна, як пры канцы сьвету. Мястэчка гарэла, страляніна, лямант, роспач людзей, якіх выцягвалі на забіцьцё. Каля 10-й… загадалі а. Юру штосьці ўзяць на дарогу, было пэўна, што толькі дзеля вока, ды ехаць разам з фурманкамі. Прыйшоў айцец на плябанію даць нам яшчэ абсалюцыю, штосьці забраў з сабой і нам дазволілі адвесьці яго да фурманак на касьцельны пляц. Ніхто з афіцэраў айцом ужо не займаўся, ён застаўся зь людзьмі, чакаючы на загад. Разглядаўся яшчэ, ці ня знойдзе каго знаёмага, а нас прасіў, каб мы паведамілі іншых айцоў аб яго сьмерці.

Пасьля пачалі ладаваць людзей на фурманкі. Дзеці, не разумеючы справы, сварыліся за месцы, айцец іх супакойваў. І цэлы канвой, пад эскортай жаўнераў, вырушыў. Мы засталіся адны ў вялікім смутку. Латышу мы сказалі, што хочам ісьці да касьцёла й разам зь людзьмі памерці, калі ўжо няма ксяндзоў. Ён сказаў гаварыць аб гэтым афіцэру ў плябаніі. Калі мы, парадзіўшыся з сабой, гэта зрабілі, яны пастанавілі адвезьці нас да Друі. І гэтак зрабілі.

Адзін жаўнер, які ехаў разам са мной, быў сьведкам, як расстралялі айца Юрага. Ён акуратна яго апісаў, усё згаджалася — ягоны выгляд і рост, адзежа, гранатавы плашч і г. д. Расказваў, што спачатку ніхто не хацеў ісьці ў хату, але калі айцец першы ўвайшоў, за ім пайшлі людзі, і іх пасьля забілі й спалілі…

Я, а таксама іншыя сёстры, якія там працавалі, перакананыя, што айцы прынялі пакутніцкую сьмерць толькі дзеля вернасьці сьвятарскаму абавязку. Мелі-ж яны магчымасьць пакінуць Росіцу, націскалі іх да гэтага Немцы, калі асьцерагалі перад знішчэньнем мястэчка. Яны самі пастанавілі застацца зь людзьмі й за гэта забілі іх Немцы, каб ня было сведкаў іхных забойстваў.

Таму, што находы партызанаў былі справай часта агульна ведамай, дык ніхто з гэтым не хаваўся. Не таіліся з гэтым таксама й айцы. Хто-б гэтаму пярэчыў, што добра было ведама Немцам, таму пагражала сьмерць. У адной сям'і хтосьці спужаўся й запярэчыў, што былі партызаны. Уся сям'я была расстраляная, толькі двое дзяцей пасьпелі ўлезьці пад ложка й ацалелі.

Да падобнага трагічнага выніку ледзь не дайшло й у нас. Наваліліся раз Немцы на нашу плябанію й на нашае памяшканьне з крыкам, ці былі тут партызаны. Адна сястра спужалася й запярэчыла. Тады зараз накіравалі на яе вінтоўкі, каб расстраляць. Яна-ж хапіла крыжык, каб ім засланіцца, але ўбег а. Ляшчэвіч, тлумачачы, што сястра спужалася. Немцы ўсё-ж былі перакананыя, што айцы ня маюць нічога супольнага ані з аднымі, ані з другімі, а толькі пільнуюць сваёй працы…

Вышэй напісанае сьведчанне прачытала, прызнаю за сваё й згоднае з праўдай, і як такое пацьвярджаю сваім подпісам ды гатова для сьцьверджаньня прысягнуць.

Дня 8.12.1964 г.

Сястра Яніна Т.»

18
{"b":"640702","o":1}