Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Назаўтра, у вызначаных гадзіне й месцы, пры самаходзе я сустрэў прапагандыстага з акруговага камісарыяту Бядрыцкага й трох партыйных Немцаў з аўтаматамі. Хутка самаход паімчаў у кірунку на Ляхавічы.

Бядрыцкі сядзеў побач мяне ды разьвёў гутарку аб важнасьці БЦР. Ведаючы яго як служку Немцаў, я адно патаківаў. Каля поўдня мы былі ўжо ў Слуцку. Тут, ля рынку, нашае аўта спынілася. Немцы адлучыліся, каб знайсьці ўзброеную калёну дзеля далейшай небясьпечнай дарогі на Менск ды да яе далучыцца.

Глянуўшы на рынак, перапоўнены людзьмі й сялянскімі коньмі, у мяне прамільгнула думка: «Вось гэтак, мабыць, на гэтым слуцкім рынку ў 1920 годзе кіпела пры выбуху слаўнага паўстаньня за Беларускую Народную Рэспубліку! Яны, гэтыя дзяцюкі й мужчыны, рослыя, сьветлага выгляду, стройныя. Толькі давай ім стрэльбы й аўтаматы — не дапусьцяць паганай нечысьці!»

Мы далучыліся да канвою зь 15 самаходаў і грузавікоў зь сілаю ўзброеных 60 чалавек, ды падаліся на поўнач, на Менск. Хутка сустрэў нас лес, што цягнуўся нейкіх 80 км, з прасекаю ўздоўж шашы шырынёй да 1 км. На палавіне дарогі празь лес стаяў агромністы нямецкі бункер, дзе знаходзілася ахова. Тут нам далі інструкцыю, як захоўвацца ў бойцы з партызанамі, прыдзелены быў адзін танк з колькімі нямецкімі жаўнерамі, і мы паволі пасунуліся ізноў наперад.

У дарозе мы даведаліся, што якраз учора тут была вялікая перастрэлка, былі забітыя й раненыя, дзьве аўтамашыны былі спаленыя. Толькі пад захад сонца мы выбраліся зь лесу. Цяпер ужо хутка прыехалі да Менску. Мяне й Бядрыцкага высадзілі перад будынкам БЦР. Ахова БЦР, ведама, абмацала нас дакладна, ці хто ня з зброяй ці іншымі небясьпечнымі матэрыяламі.

Позным вечарам я правёў гутарку з прэзыдэнтам БЦР Р. Астроўскім. Я даводзіў, што Немцы вайну на Ўсходзе ўжо прайгралі й таму пытаньне ці патрэбнае й карыснае нам зь імі супрацоўніцтва, Астроўскі не пагаджаўся, ды высоўваў гэткія аргумэнты: вайна яшчэ ня скончаная й Беларусы ў гэтым, Немцам ня выгадным, палажэньні маюць магчымасьць мацней стаць на ногі й нацыянальна й дзяржаўна, ды, сама важнае, могуць стварыць сваю збройную сілу. Можа-ж быць нейкі сэпаратны мір Немцаў з Захадам, або можа дайсьці ў Расеі да перавароту, або Немцы мо здабудуцца на ядравую зброю ды палепшаць сваё палажэньне. Я ўсё-ж упорыста трымаўся сваіх аргумэнтаў. Тады Астроўскі мне проста сказаў:

— Дык што, доктар Малецкі, усе хадакі (сябры Беларускае Хрысьціянскае Дэмакратыі) гэтак думаюць!? Др. С. Грынкевіч ад супрацоўніцтва адмовіўся, кс. Адам Станкевіч апусьціў рукі, вы таксама ўпіраецеся. Што-ж нам рабіць? Калі гутаркі не памагаюць, шукаць будзем іншых сродкаў!..

Я тады спыніў гутарку, ведаючы, што могуць значыць «іншыя сродкі». Сказаў яму, што гэтая нашая дыскусія пра цяперашнія вельмі складаныя міжнародныя абставіны зусім не абазначае майго асабістага супраціву. Калі прэзыдэнт БЦР наважана кліча мяне да нацыянальнага абавязку, дык я гатовы яго выканаць.

Назаўтра ізноў адбываліся бяседы з прыехаўшымі людзьмі. Бядрыцкі, між іншым, катэгарычна адмовіўся ад становішча камандзіра Падафіцэрскай Школы ў Менску. Іншыя таксама выкручваліся як маглі ад прапанаваных ім становішчаў, аднак не перагібаючы палкі. Астроўскі біў патрыятычным аргумэнтам: нам трэба браць у свае рукі зброю, арганізаваць за ўсякую цану сваё войска, заняць ключавыя становішчы, важныя для свае дзяржаўнасьці. І на гэта ня было контраргумэнтаў.

На трэці дзень вечарам, па тымсамым шляху, вярнуўся я да Баранавіч. Ізноў у сваёй школе, у шпіталі, сярод грамадзкіх абавязкаў свайго места. Ды нутро ў мяне ня было спакойнае. З аднаго боку мне не хацелася зьвязвацца з Астроўскім, а з другога — ягоныя аргумэнты ўсё-ж мелі сваю сілу: сэпаратны мір ці іншыя перамены, могуць нас заскочыць непадрыхтаванымі. «Ня можам-жа заставацца вечна рабамі! Ведама, — былі й гэткія думкі, — шукаючы вызваленьня можна лучыць у яшчэ страшнейшае рабства! Ды няма нічога бяз рызыкі, без змаганьня! То-ж мы, нашчадкі нашых слаўных літоўскіх прашчураў, ня можам цярпець вечна ў маскоўскай няволі! А можа Бог нам дапаможа!» — думалася.

Тымчасам і Астроўскі не драмаў. Хутка, ізноў праз СД, мне было пераказанае назначэньне на намесьніка БЦР Вялейскае акругі ды дадзены загад выехаць на становішча. Пад канец лютага я ўжо быў гатовы да выезду. Вучні Мэдычнае Школы на зборцы 1 сакавіка чула са мной разьвітваліся. Я іх заклікаў да працы над сабой, да вернасьці свайму народу й сваёй бацькаўшчыне й да гатоўнасьці стаць усюды, куды яна будзе клікаць. Шмат якія плакалі, плакаў і я зь імі. Нейкі вучань коратка ад імя іншых прамаўляў шчыра й чула, нехта нешта гаварыў ад настаўнікаў. Я быў расчулены й ня памятаю ані прозьвішчаў прамоўцаў, ані ходу іх прамоваў. У маёй памяці замацаваліся толькі словы: «бацькаўшчына кліча», «нацыянальны абавязак».

Разьвітальная зборка ў школе закончылася нашымі патрыятычнымі песьнямі: «Пагоняй», «Слуцкімі ткачыхамі» і гімнам «Мы выйдзем шчыльнымі радамі».

У ДАРОЗЕ

Екаў я да Менску спачатку вагонам другой клясы, сярод Немцаў. Поўна ў ім было адміністрацыйных, гаспадарчых і партыйных прадстаўнікоў. Від іх сумны, прыроблены. Яны амаль маўчалі, толькі рэдка перакідваліся словамі. Чуваць былі сярод іх і гэткія: Капыль, Клімкавічы, Асіповічы, Бранск, ды іншыя. Але й пры вымаўленьні гэтых назоваў беларускіх местаў, дзе ішлі якраз баі з бальшавікамі, відавочная ў іх была прыбітасьць. Гэта ня былі ўжо тыя самыя Немцы, што рваліся на ўсход, і калі хто азваўся да сваіх у роднай мове, станавіліся дыбка: «Дойч шпрэхэн!»[25] — крычалі з пагрозамі выкінуць вас з вагону. Цяпер яны, як кураняты адарваныя ад свайго гнязда, бядуюць за сваю Нямеччыну.

Я ня ўмешваўся ў іхныя гутаркі, а толькі назіраў праз акно за краявідам. Налічыў пад адкосам пяць паравозаў, бачыў соткі зрэзаных тэлеграфных стаўпоў. Што 3–4 км стаяў, абведзены калючым дротам, абаронны бункер са старожай. Уздоўж чыгункі хадзілі патрулі, а лес усюды быў працярэблены да аднаго кілямэтра.

За Стаўпцамі я на некаторы час перасеў у таварны вагон, каб паглядзець, што дзееца там. Вагон тут быў набіты безадказу Беларусамі. Людзі сядзелі на сваіх клумках, мяшках, скрутках. Беларуская мова мяшалася з расейскімі, для жарту, устаўкамі, настрой-жа быў даволі вясёлы. У канцы некаторыя пасажыры выцягнулі з сваіх сховаў самагонку, сталі папіваць, пачалі пяяць, нехта іграў на балалайцы. Сяляне не зазналі радасьці ў бальшавікоў, не спадзяваліся дачакацца яе й у Немцаў. Вагон набіты ў спэкуляцыйных мэтах, свайго-ж вырабу напітак, самагонка, вяселіць іх гора.

Перад выхадам з вагону я бачыў гэткую сцэну: на нейкай малой станцыі зьявіўся ў «беларускі» вагон нямецкі кандуктар для праверкі білетаў. Адны мелі білеты, ці там нейкія цэтлікі ад Немцаў, іншыя тыкалі яму яйкі ў кішэнь, давалі грошы, а ізноў іншыя — добрую чарку самагонкі. Нікога ён не турбаваў, а на наступнай станцыі выходзіў добра надпіты.

Была ўжо гадзіна першая ўночы, калі я апынуўся ў Менску. Уся станцыя была занятая нямецкім войскам. Настрой быў ваенны, але безь ніякое трывогі. У вадным куце таўкліся пасажыры не нямецкага паходжаньня. Чуваць гэта было па іхняй мове. Я падаўся туды. Сустрэў тут двух інжынераў Украінцаў і аднаго Славака. Яны ехалі зь Немцамі на ўсход. Прадставіўся я ім як Беларус і нашыя гутаркі былі сяброўскія. Кожны гаварыў пасвойму, а іншыя дзівіліся, што адзін аднаго добра разумеюць. Ведама, мы не краналі вострых актуальных пытаньняў.

Каля 6-й гадзіны раніцы знайшоў мяне тут ад'ютант прэзыдэнта Астроўскага, перадаў мне апошнія інструкцыі на маё намесьніцтва ў Вялейку. Я хутка сеў у цягнік на Маладэчна. Ізноў прымасьціўся пры акне ды сачыў відовішча. А яно ані ня цешыла. Мільгалі поўразваленыя будынкі, людзі на станцыях поўабдзёртыя, у лапцёх. Дзеці выглядалі без маладосьці. Жывёла, калі там-сям бачылася, дык была адно скура ды косьці. Скуль тут мог быць ваяўнічы настрой?

У Маладэчне я спыніўся ў бурмістра Бурачэўскага, які мне выдаўся алькаголікам. Зь ім мне было цяжка знайсьці супольную мову. Дык я адгукнуўся да свайго сябры з унівэрсытэту Б. Кіта. Гэты прыняў мяне вельмі цёпла ды даў каштоўныя інфармацыі аб мясцовых дачыненьнях. Тут выявіліся й мае іншыя знаёмыя з унівэрсытэту ў Вільні — Часлаў Халяўка, Мікола Кунцэвіч, Я. Даніловіч, ды іншыя.

вернуться

25

Гаварыць панамецку!

31
{"b":"640702","o":1}