Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

— Толькі за нейкіх дваццаць пяць гадоў можна будзе адбудаваць нашу прыгажуню Варшаву! — сказаў інжынер Вэрчынскі.

У 1943 годзе яго зьнішчылі ў канцэнтрацыйным лягеры Дахаў.

ПАВАРОТ ДА ВІЛЬНІ

Прайшло колькі тыдняў у безнадзейным чаканьні. Нямецка-савецкая граніца была ўстаноўленая на Бугу. Беларускія жаўнеры польскага войска, адпушчаныя зь нямецкага палону, бесьперарыўным амаль шнуром ішлі ўздоўж чыгункі на поўнач, за Буг, дамоў.

Пасьля доўгіх разважаньняў, наважыў і я ехаць да Вільні, дзе спадзяваўся лепшых умоваў грамадзкае працы. Хутка знайшліся спадарожнікі, нанялі падводу. Іх скромны набытак, мой габінэт і бібліятэку, усклалі на воз, самакаты ў рукі, ды пайшлі на Радзімін і далей на поўнач. Гэтак 23 кастрычніка й я стаўся ваенным уцекачом.

Разам з намі сунуліся на поўнач тысячы Жыдоў ды групкі польскіх камуністаў. Паабапал дарогі валяліся аўтамашыны, грузавікі, павозкі, ды розная ваенная снасьць. Дзе-ня-дзе ляжаў забіты конь, віднеліся крыжы над магілкамі жаўнераў. Па небе ўвіваліся крукі й вароны, стралою падалі на астаткі падліны. Вёскі здалёк сьвяціліся белымі комінамі на чорных жудасных папялішчах. Мне ўспомніліся словы С. Жэромскага: «Разьдзяўбуць нас крукі, вароны!» Баі зь Немцамі ў гэтай мясцовасьці трывалі аж дзесяць дзён. Вось што мне расказаў уласьнік баёў С. Багушэўскі:

— Днём Немцы бесьперарыўна б'юць з гарматаў, сякуць зь летакоў кулямётамі, і мы ўцякаем ды хаваемся ў кусты, лясы й ручаі. Затое-ж уночы мы ім давалі!.. Немцы лезуць, як жабы, праз Буг, мы-ж падпусьцім іх да палавіны ракі, а тады як секанем з кулямётаў і стрэльбаў, дык толькі балбатня пойдзе па вадзе, а пасьля люстра Бугу ізноў стае гладкім. Абышлі нас Немцы з поўначы.

Нямецкія зматарызаваныя адзінкі дзень і ноч цягнулі на захад. Відаць было, што Гітлер вельмі сьпяшаўся. У Вышкове Мазавецкім мы выбралі ад нямецкае паліцыі пропускі й пайшлі да граніцы.

Вось і пераходны пункт. Грамада Жыдоў, каля 150 чалавек, стаяла акружаная Немцамі, а збоку, каля 15 чалавек наськіх. Жыдоў дзялілі групамі і ў невялікім будынку неміласэрна рэвідавалі. Перабіралі кожны рубец, кожную коўдру, кожны лахман. Маладых Жыдоў і Жыдовак разьдзявалі да кашулі. Апошніх ставілі ракам і «рыцар новага парадку на Усходзе» шукаў залатых рэчаў і дыямэнтаў у натуральных праходах. Тэмпэратура была каля 5 °С, падуваў халодны вецярок. Адабраўшы ад Жыдоў усё, што мела нейкую вартасьць, Немец крычаў«Гэраўс!»[3], і за пару хвілін пляц быў вольны.

Прыйшла чарга на нас. Трубка майго палатна, пару інструмэнтаў, пайшлі на кучу ваенных трафеяў. СД паручнік прычапіўся да мяне, што я «юдэ»[4], але мы ўсе гэтаму запярэчылі. Тады Немец кінуўся да мяне, чаму я еду да камуністаў. Я адказаў:

— Еду-ж да вашых прыяцеляў!

— Зі зінд кайнэ унзэрэ фройндэ![5] — запярэчыў паручнік.

Гэтак выкінулі нас на паласу нічыёй зямлі, дзе вось зыйшліся два сьмяротныя ворагі, што як сабакі тымчасам толькі нюхаліся, каб праз хвіліну распачаць сьмяротную разьню. Побач з намі ішлі Жыды й Жыдоўкі, нясьлі, цягнулі й кацілі рэшткі незавіднай маёмасьці. Яны голасна, паўсходняму завываючы, пракліналі Немцаў ды з радасьцяй уваходзілі ў «райскую» зямлю пралетарскай дыктатуры. Гэтак выглядала другая, папраўленая, лінія разьмежаваньня Рыбэнтроп-Молатаў.

Прывалокшыся да гранічнага пункту, мы затрымаліся. Хутка падышоў да нас аддзел савецкіх байцоў у сіле 12 чалавек, зь вінтоўкамі ў руках. Камандаваў імі васпаваты падафіцэр азіяцкага паходжаньня. Пасьля 20 гадоў я ізноў пабачыў савецкіх ваякаў: худыя, абдзёртыя, з тварамі бяз усьмешкі ды шэрымі, як зямля. Праверыўшы нашыя дакумэнты, яны падагналі нам падводу, каб адвезьці ўсіх у зборны пункт.

Я засьцярог, што жаўнеры граматныя, трымаюцца спакойна ды з падцішка грызуць моркву. Іх веку ня можна было азначыць, бо ўсе былі пахмурныя, худыя і выглядалі шмат старэйшымі за свае гады. Байцу, які паклаў на воз нашыя рэчы, я хацеў падараваць гадзіньнік, але ён ня прыняў дарма, заплаціў мне дзесяць рублёў.

Калі селі на воз, мы ад возьніка даведаліся, што лепш ня ехаць на зборны пункт, але пераначаваць у ягонай хаце, ды пасьля ехаць у кірунку Беластоку. Калі мы гасьцілі ў гаспадара, да нас зьявіўся савецкі шпіцаль: дзяцюк гадоў 19, скамунізаваны да шпіку касьці. Ён вельмі хваліўся савецкімі дасягненьнямі, прыкладам, сьмертаноснымі праменьнямі, што маюць запаліваць на ляту варожыя самалёты. Ёй меўся нас назаўтра даставіць у зборны пункт, ды мы выехалі додня ў Зарэмбы Касьцельныя, бо туды даходзіў зь Беластоку цягнік.

Ноччу перад выездам мяне наведала група Жыдоў з Пултуска ды Выткана. Працавалі яны ў Немцаў на акопах, а як працы закончылі, Немцы выкінулі іх у Саветы. Цяпер яны хацелі забраць свае сем'і зь Генэральнай Губэрні. Расказаў я ім падрабязна, як Немцы зьдзекуюцца над Жыдамі, забіраюць іх маёмасьць ды заганяюць у гетта. Жыды амаль усю ноч енчылі, гаманілі ды ўсё мяне распытвалі, пад раніцу-ж усе пайшлі па свае сем'і.

У Зарэмбах Касьцельных набралася за пару тысячаў людзей. Есьці ня было чаго. Усе чакалі на цягнік. Каля паўдня прыйшоў цягнік таварны. На працягу 15 часінаў 30 вагонаў напоўнілася народам і хатомкамі. У дарозе людзі задорна дыскутавалі з Жыдамі, якія выражалі свой жаль да польскіх уладаў за тое, што іх ня прымалі ў войска, на чыгунку, пошту, банкі, у міністэрствы, а на ўнівэрсытэты толькі абмежаны лік.

У Беластоку мае прыгодныя таварышы падарожжа павыскаквалі зь цягніка. На разьвітаньне ў нас няшмат знайшлося да гутаркі. Яны шукалі працы ў Саветах, я-ж меў свае пляны, трымаўся ад іх воддаль. Мне пашчасьлівіла, бо мой цягнік ішоў проста да Вільні. Праяжджаючы праз Горадню я ўспомніў што два тыдні таму мне расказваў кіраўнік пагранічнай жандармэрыі, капітан Н.:

— Я быў назначаны кіраваць абаронай Горадні. Адна наша рота жаўнераў, бяз танкаў ды артылерыі, не магла ставіць супраціву бальшавіцкім панцырным адзінкам і таму мы наважылі здаць места бяз бою. У гэты момант 16-ці гадовая вучаніца гімназіі ўзарвала на вуліцы Арэшчыхі бальшавіцкі танк, кінуўшы на яго запаленую бутэльку з газай, г. зв. кактэйль Молатава. У іншых пунктах места ўспыхнулі сутычкі — студэнты, гімназісты, паліцыя, работнікі, урадаўцы й агароднікі сталі страляць па няпрошаных «асвабадзіцелях». Мая рота амаль самавольна пайшла ў бой. Пасьля гадзіны бою было спалена яшчэ 6 танкаў і зьбянтэжаная бальшавіцкая пехата кінулася на ўцёкі. Радасьць пераможцаў была нячуваная. Білі званы ў касьцёлах і цэрквах, увесь народ выйшаў на вуліцы, сьпявалі патрыятычныя песьні, цешыліся зь перамогі над агрэсарам. Гэтая радасьць трывала аднак-жа толькі 48 гадзінаў. Бальшавікі абыйшлі места наўкольлем з паўночна-ўсходняга боку ды сталі абстрэліваць з кулямётаў і гаўбіцаў. Тым самым часам каля 20 танкаў паволі, страляючы, пасоўвалася да цэнтру места. Я з маімі жаўнерамі перайшоў на левы бераг Нёману.

Прайшло толькі сем тыдняў ад часу, калі я тут праяжджаў. Сьвяцілася тады элеганцыя вайсковых ды ўрадаўцаў, шуршэлі ядвабныя сутаны духоўных, важна пахаджвалі напышаныя польскія паліцыянты, снавалі навокала гаваркія, прыгожа адзетыя жанчыны… Цяпер усё гэта зьнікла беспаваротна. Прыйшлі з захаду і ўсходу новыя людзі, загаварылі іншымі мовамі. Выгляд усіх цяпер быў шэры й прыгнечаны. Гэтак усё хутка мяняецца ў вырашальныя дні гісторыі.

Цяпер я ўжо еду да Вільні. Ізноў поўна Жыдоў, што едуць проста да Масквы, ды ізноў гарачыя дыскусіі, чаму ды як упала Польшча. Усе былі абдзёртыя, паўгалодныя, перамучаныя. Дыспутавалі аднак-жа вельмі ахвотна. Мне толькі стала вельмі няпрыемна, калі ў майго дыспутанта я заўважыў вялікую адзежную вош.

Калі прыехаў да Вільні, уздыхнуў вальней, бо быў пэўны, што тут няма ніякіх вывазаў. На станцыі я аддаў мае рэчы на перахаваньне й атрымаў квітанцыю на незразумелай мне жмудзкай мове. Нашая сталіца здалася мне шэрай, штодзённай ды абдзёртай з элеганцыі й вясёласьці. Перапалоханыя людзі тысячамі перавалівалі па галоўных вуліцах места. Былі тут студэнты, багацейшыя сяляне, шляхта, былыя паліцыянты, вайсковыя ды ўрадаўцы, што схаваліся ад савецкае ўлады. Усе жылі, выдавалі, ня маючы ніякіх прыбыткаў. На рынках і ў адмысловых крамах прадаваліся ўсякія ўжываныя рэчы, як хутры, кажухі, абутак, біжутэрыя, лялькі, старыя дываны й іншае.

вернуться

5

Яны ня нашыя прыяцелі.

4
{"b":"640702","o":1}