Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

НЕ СПАДАБАЎСЯ НЕМЦАМ

Праца ў Камітэце ішла сваім ходам: выкуплівалі ад Жмудзякоў для нашых школаў паперу й пісьмовыя прылады, трымалі кантакт з правінцыйнымі асяродкамі, высылалі людзей на адказныя становішчы, вялі перамовы зь іншымі нацыянальнымі групамі, выручалі, як маглі, нашых людзей з арыштаў, палонных зь лягераў. Часта былі гэта дробныя справы, ды ці раз хадзіла й аб людзкое жыцьцё.

Калі Жмудзіны занялі Сьвір, яны ня далі магчымасьці нармальна там працаваць беларускім школам, а ведамага нашага дырыгента хораў П. Родзевіча, што быў там школьным інспэктарам, змусілі пакінуць сваю працу. За нашай радай ён пераехаў на такое самае становішча да Вялейкі. Ведаючы ягоную адкрытую й шчырую душу музыкі, я прасіў не займаць ніякага адміністрацыйнага становішча, а толькі літаваць школьніцтва й хору.

Першыя яго выступы зь мяшаным хорам у Вялейцы былі ўздымам патрыятычнага духу. Вялейскі гэбітскамісар Шмідт, які быў вельмі прыхільны да Беларусаў, запрасіў Родзевіча на бурмістра. Прапанова была прынятая, бо Родзевіч спадзяваўся, што гэтак хутка пабудуе ў Вялейцы народны дом ды створыць Музычную Школу.

Яго папулярнасьць, здаровы нацыянальны падыход да грамадзкага жыцьця й уздым беларускага духу ў Вялейцы зьвярнулі ўвагу кіраўніка СС, рыскага фольксдойча Гравэ. Шмідт у хуткім часе быў адкліканы, на ягонае-ж месца прыбыў дабрадушны палкоўнік СС Манн. Родзевіч у гэтым часе правёў дзьве бурныя размовы з Гравэ ў справе арыштаваных і нявінна пабітых на вечарыне Беларусаў.

За Родзевіча заступіліся ўсе беларускія патрыёты на чале з У. Калодкам і М. Скабяём, супроць-жа быў заступнік крымінальнай паліцыі, былы царскі палкоўнік Перамыкін, браты Саўчыцы й Касякі, ды іншыя русацяпы. Яны бессаромна даносілі на Калодку й Родзевіча ўсякую хлусьню, прыкладам, што Родзевіч быў у каталіцкай духоўнай сэмінарыі, што да жонкі пісаў лісты папольску й падобнае. Станоўчасьць у абароне правоў сваіх суродзічаў ды самадзейнасьць давялі да арышту абодвух. Родзевіча СД забіла, трупа спалілі ў лазьні 7 км за Вялейкай. Калодку-ж, які быццам менш спрачаўся, саслалі ў канцэнтрацыйны лягер у Нямеччыну. Віленскі Беларускі Камітэт востра на гэта запратэставаў.

У іншым выпадку Камітэту давялося ратаваць жыцьцё ведамых беларускіх дзеячоў др. Грабінската й др. Грынкевіча. Было гэтак: адзін заўзяты жмудзкі камэндант паліцыі хапаў віленчукоў з вуліцы, дапытваў, зьбіваў да паўсьмерці. Рабіў ён гэта на сваю руку, каб падмацаваць жмудзкія ўплывы ў Вільні й за гэта яго ў белы дзень застрэлілі на вуліцы Міцкевіча. Азьвярэлыя Летувісы, на сваю руку таксама, схапілі 12 выдатнейшых віленскіх грамадзян, а між імі старшыню міжнароднага Чырвонага Крыжа прафэсара К. Пэльчара, адваката Энгельса, інжынера Станкевіча, прафэсара Вільчынската, зь Беларусаў-жа дактароў Грабінскага ды Грынкевіча.

З арыштаваных палавіну Летувісы расстралялі ў ямах на Пажарах, дзе яны забівалі й Жыдоў. Другую-ж палову вывезьлі ў лес на цяжкую працу. Там др. Грабінскі з праф. Вільчынскім спушчалі з пня таўстыя сосны. Калі праф. Вільчынскі пры гэтым прыгаварываў «Цёнгніймы, колего, пілэн нашэго жывота!»[13], прыганяты Жмудзін на яго закрычаў: «А ты там цягай, цягай, польская морда!»

Мы злажылі зразу ў гэбітскамісара гораду востры пратэст супроць самаволі Летувісаў. У хуткім часе др. Грабінскі й др. Грынкевіч былі звольненыя.

Калі праца Камітэту гэтак ішла сваім «нармальным» ходам, ад доктара Шольца нам пад сакрэтам даносяць, што мая асоба мела нарабіць шмат клопатаў мясцовым нямецкім уладам ды што я непажаданы на займаным становішчы. Хутка я дастаў і ліст з гэбітскамісарыяту з запытаньнем і перасьцярогай:

1. Колькі людзей выслаў я самавольна на працу ў Беларусь?

2. Як пасьмеў я гэта рабіць самавольна?

Перагледзеў я канцылярныя паперы й аказалася, што на працу было выслана 680 чалавек, з гэтага толькі адна трэцяя мела нямецкі дазвол. Довады аб высылцы людзей на працу я спаліў, ім-жа адпісаў, што на працу ў Беларусь было выслана каля 65 асобаў, у большасьці зь нямецкімі прапускамі. У хуткім часе ад гэбітскамісара Вольфа мы дасталі два лісты: у першым ён забараняў, пад пагрозай, высылку людзей у Беларусь, а ў другім назначыў мяне на працу ў Баранавічах, з тым, што 20 жніўня 1942 году я мушу пакінуць Вільню.

Сабраў я сваё апошняе паседжаньне Камітэту. Усе з сумам згадзіліся, што я мушу адыйсьці. Спрачацца зь Немцамі было рызыкоўна. Зь вялікім трудам удалося нам упрасіць др. Б. Грабленага, каб ён ачоліў Камітэт. Калі разьвітваўся з маімі сябрамі, бачыў, што былі вельмі ўзрушаныя. Рэдактар «Беларускага голасу» Ф. Аляхновіч прасіў не забывацца, пісаць у газэту. Др. філ. Ф. Грышкевіч шчыра дзякаваў мне за працу. Адыходзіў я з надзеяй, што цяпер вось адпачну, калі буду працаваць ужо толькі ў сваёй прафэсіі.

Выкарыстаў я аднак-жа свой дакумэнт ад'езду, каб колькі яшчэ разоў уздоўж і ўпоперак праехаць па Беларусі. Усюды даваў рады, інструкцыі, арганізаваў мясцовую інтэлігенцыю. У часе гэтых падарожжаў аж тры разы цягнікі наяжджалі на міны, паравоз выскакваў з рэек, грукацелі й трашчалі вагоны, паскладаныя на вышках рэчы падалі на галовы пасажыраў. Але абыходзілася нейк бяз стратаў у людзях. Пасьля 6–8 гадзінаў цягнік заўсёды паволі сунуў наперад, з двума вагонамі перад паравозам. Чыгунку гэным часам яшчэ рэдка дзе пільнавалі.

У БАРАНАВІЧАХ

Увосені 1942 году прыехаў я да Баранавіч. Быў позны вечар, калі з Палескай станцыі валокся з чамаданам да майго сябры Папуцэвіча, дзе я часова затрымаўся. Баранавічы паказаліся мне, пасьля Вільні, як вялікая беларуская вёска, раскінутая на бязьмежнай палескай раўніне.

Назаўтра пайшоў я ў шпіталь, каб абгаварыць умовы працы й тут убачыў усё гора людзей у ваенным часе, калі востры недахоп лекараў і кваліфікаванага мэдычнага пэрсаналу, ды весьці нармальна працу перашкаджае яшчэ гарэлка. Шпіталь мясьціўся ў былой жыдоўскай гімназіі. На радзільнай ляжалі, прывезеныя з далёкіх вёсак, зь цяжкімі камплікацыямі, тры жанчыны. Ня было ніякіх наркатычных лекаў. Пры складаных апэрацыях мне ўдалося ўратаваць жыцьцё ўсіх трох, ды згубіць толькі адно дзіця. Асыстэнтам мне быў студэнт 3-га курсу мэдыцыны, які яшчэ нічога ня вучыўся з акушэрства, ды адна сястра.

Дырэктар шпіталя, др. Наумік, ня меў часу заняцца цяжка хворымі на радзільнай і ў маё распараджэньне аддаў увесь жаночы аддзел на 45 ложкаў, з 4 сёстрамі, 8 вучаніцамі на сясьцёр, ды абсальвэнтам мэдыцыны Ў. Каралём у дапамогу. Праца пайшла нармальна, толькі балюча ўвесь час адчуваўся недахоп лекаў, наркозы, бандажоў, сыраватак, лябараторных рэагентаў і інструментаў.

У дзень майго прыбыцьця ў шпіталь я пазнаёміўся й з баранавіцкай Сярэдняй Мэдычнай Школай, якую больш году вёў др. В. Войтэнка. Пабачыў перапоўненыя вучнямі клясы, шмат выкладчыкаў, але ніяк ня мог сьцяміць нейкага выразнага пляну. Быў якраз зроблены 1-шы выпуск аптэкарскіх памочнікаў, бо адчуваўся востры недахоп аптэкараў. Аптэкі стаялі зачыненыя пасьля таго, як аптэкараў нашых павывозілі, а жыдоўскіх пазабіралі Немцы.

У хуткім часе др. Войтэнку назначылі акруговым лекарам у Слоніме й гарадзкая ўправа, на чале з бурмістрам Ю. Сабалеўскім, запрасіла мяне на кіраўніка Мэдычнай Школы. У міжчасе я перанёсься на стала да доктара Науміка.

Разгледзіўшыся ў грамадзкім жыцьці я пераканаўся, што Беларусы ў адміністрацыі былі тут у абсалютнай бальшыні, займалі ўсе ключавыя пазыцыі. Нават СД на Баранавіцкую, Слонімскую, Наваградзкую й Лідзкую акругі было абсаджанае Беларусамі й беларускімі збройнымі аддзеламі. Тут зь беларускага боку палітычныя справы ў гэтым часе кантралявалі патрыёты В. Папуцэвіч, А. Русак, Я. Якуцэвіч, К. Кіслы ды іншыя. Не зважаючы на ўсе наступы з боку польскага ды савецкіх агентаў, яны здолелі адміністрацыйна апанаваць аграмадную прастору Заходняй Беларусі й да канца нямецкае акупацыі надаць ёй выключна беларускі характар.

вернуться

13

Цягайма, калега, пілу нашага жыцьця!

21
{"b":"640702","o":1}