Язэп Малецкі
ПАД ЗНАКАМ ПАГОНІ
Успаміны
Памяці змагароў за вызваленьне народу Міхася Вітушкі, Усевалада Родзькі, Уладзіміра Шавеля працу гэтую прысьвячае аўтар
АД АЎТАРА
Мэта кніжкі — перадаць для гісторыі праўдзіва падзеі на нашай бацькаўшчыне ў Другую Сусьветную вайну, паказаць вялікі ўздым народу ў змаганьні за свае правы ды ягоную працу над адбудовай вольнага жыцьця. Яна разам і прызнаньне тысячам суродзічаў, якія ў цяжкую пару змаганьня з ворагамі не шкадавалі сваіх сілаў, здароўя, маёмасьці, свайго жыцьця.
Што апісаў у кніжцы, таго ў бальшыні быў сьведкам, тое сам перажыў. Чаго-ж ня бачыў, тое запісана ад веры годных людзей. Калі пісаў, ніколі ня мінаўся з праўдай, ці гэта будзе каму падабацца, ці не.
Складаю шчырую падзяку ўсім маім сябрам і знаёмым, якія дапамагалі пры пісаньні кніжкі радамі й інфармацыямі, і найперш спадарам В. М. і А. См. за лісты, сп. В. Пануцэвічу за перагляд машынопісу, практычныя рады й дапаўненьні з падзеяў грамадзкага жыцьця ў Баранавічах ды прабегу Усебеларускага Кангрэсу ў Менску, сп. Леаніду Дэнысэнку за афармленьне вокладкі.
Рачовая крытыка ды дапаўненьні да апісаных у кніжцы падзеяў будуць шчыра вітаныя й магчыма знойдуць адбітак у далейшых выданьнях.
АПОШНІЯ ДНІ НЕЗАЛЕЖНАЙ ПОЛЬШЧЫ
Чырвоным колам зь сівога туману ўсходзіла сонца, калі мой цягнік мінаў Варапаева. Паабапал чыгункі мігалі дрэвы, сенажаці, палосы й палеткі жоўтага й зялёнага збожжа, а далей — хаты з варыўнямі, клецямі, гумнамі й клунямі. Дзе-ня-дзе палі былі ўсеяныя бабкамі жыта й ячменю. Наш цягнік усунуўся ў мяшаны лес. Векавыя дрэвы стаялі спакойна, паважна і толькі дзіўным прарэзьлівым рэхам адбівалі гук цяжкога подыху паравозу.
Туман радзеў. Людзі з косамі й граблямі ішлі на сенажаці, або стаялі на дарожках ды пазіралі на праходзячы цягнік. Там вось, праваруч на ўзгорку, стаіць ціхая вёска Казаронцы — сядзіба гуртка Беларускага Інстытуту Гаспадаркі й Культуры, дзе ў 1936 годзе, у прысутнасьці павятовага камэнданта паліцыі з Постаўя, я чытаў лекцыю й пасьля быў рэвідаваны.
Цягнік затрымаўся ў Дубавых. Як глянеш, дык тут усюды лес і лес. Станцыя заваленая ярусамі дрэва, якое адпраўляецца ў Польшчу й заграніцу, а таму-ж селяніну цяжка дастаць бэлек на хату.
Выехалі пасьля на раўніну, густа, як вокам сягнуць, усеяную вёскамі й цэркаўкамі, і ўрэшце — Шаркаўшчына. Тут жыве й піша наш сялянскі паэта Міхась Машара, вершы якога мы ўпершыню друкавалі ў часопісе «Шлях моладзі», ды пасьля выдалі зборнікам «На сонечны бераг».
Бяз уражаньняў праехаў я Пагоста, і толькі калі ўбачыў мёрскія азёры, дык сэрца пачало біцца мацней. Колькі гэта разоў пабываў я ў Мерах, на кірмашах і хвэстах, колькі разоў гутарыў тут зь сябрамі на грамадзкія тэмы! Тут польская паліцыя перахоплівала мае беларускія кніжкі й газэты, тут тузалі й тэрарызавалі маіх сяброў Кукуця й Заводзкага. Паглядзеў я зь цягніка на Меры й на людзей, што здавалася здалёк ледзь краталіся, і мне стала нейк сумна: я больш не цягаю беларускіх кніжак, не вяду гутарак, — настае трывожны й адказны час.
Пасьля 20 хвілін пастою цягнік крануўся далей. І вось Шчавенскае возера леваруч ды Мілашоўскае з права. За возерам-жа, на ўзгорку, стаіць стройны вялікі дом зь белымі вокнамі, што пабудаваў мой дзядзька. Гэта мая першая сьвятыня веды — пачатковая школа, у якую хадзіў у 1914–17 гадох. О, як я любіў гэтую школу й усіх, хто там быў!
А там, за вёскай Мілашовам і за лесам, у якім я ведаю кожны курган, кожны куст і кожную птушку, стаіць горда над ракой Вяткай мая родная вёска Якужы. Толькі я еду цяпер да Друі, бо насамперш мушу зьявіцца ў воласьці ды на доўгай анкеце падаць: чаго й да каго прыехаў, чым і як доўга буду займацца. Гэткія ўжо парадкі завяла тут панская Польшча.
І вось я ў Друі. Іду вуліцай Льва Сапегі, вялікага канцлера літоўскага, славутага рэдактара й выдаўца трэцяга Літоўскага Статуту 1588 году.
Друя ляжыць на старадаўнім шляху Дзьвіною «з Варагаў у Грэкі». Гэта таксама нашыя з Вільні вароты на Пскоў, Вялікі Ноўгарад ды Маскоўшчыну. Гэтымі «варотамі» ад XIII стагодзьдзя ішлі нашыя войскі ў бой зь нямецкімі мечаносцамі за Лівонію, з Маскоўшчынай за Пскоў, Вялікія Лукі, Полацак, Віцебск, Смаленск.
Няраз Друя ў гэтых змаганьнях нашага народу пад сьцягам Пагоні, за свабоду й незалежнасьць, была руйнаваная й паленая.
Ужо ў 1515 годзе, пры Жыгімоньце Старым, спалілі яе Маскалі, калі князь маскоўскі Васіль Іванавіч намагаўся праз гэтыя вароты падыйсьці да нашае сталіцы Вільні. Тутака затрымоўваўся кароль Сьцяпан Батура ў часе паходу на Пскоў і калі вяртаўся адтуль пераможцам. У 1632 годзе Друя ізноў была спаленая Маскоўцамі, ды хутка адбудаваная Сапегамі.
Друйскімі варотамі ўварваліся ў кірунку Глыбокага ды Менску арміі Шэрэмецева й Стрэншёва, ствараючы прадумовы для маскоўскага наезду ў 1654–55 гадох. У Друі, 18 жніўня 1655 году, князь Януш Радзівіл, гетман Вялікага Княства Літоўскага, перайшоў на бок швэдзкага караля Густава. Друя была нішчаная й паленая войскамі швэдзкімі ды маскоўскімі і ў Паўночнай вайне 1701–1709 гадоў. Друя была цэнтральным пунктам маскоўскай атакі таксама й у часе Барскай Канфэдэрацыі 1769–72 гадоў ды ў часы паўстаньня Касьцюшкі. Тут таксама ляглі ў 1812 годзе, на сыпкіх пяскох за старым магільнікам, косьці французаў.
І вось я мінаю друйскі абаронны замак, былую ўласнасьць Мілаша, што быў, як людзі казалі, лёкаем князя Сапегі. Далей вось магутны барокавы касьцёл Сьвятое Тройцы, пабудаваны ў 1643 годзе князем Сапегай. Мінаю касьцёл і кляштар. Там ужо няма беларускіх ксяндзоў і законьнікаў — на іх месца насланыя Палякі. Беларуская справа на беларускай зямлі ня любая Паляком, як ня любая й Маскалём.
Знаёмыя суседзі й Жыды дапытваліся навінаў. Адказваў проста: вайны нам ня мінуць. Запоўніўшы анкету ў валасной управе я пайшоў на рынак, дзе спаткаў братоў Мусіных. Гэтыя здольныя Жыдкі ня браліся за бацькава рамясло, прадукцыю сэльцэрскай вады, бо на агалочаных «крэсах» ня было каму яе папіваць. Яны сягнулі па навуку. Старэйшы быў магістрам права, малодшы-ж вучыўся на 3-м курсе матэматыкі. І вось мы папрыяцельску гутарым у іхняй разьліўной:
— Народныя меншасьці ня могуць зусім жыць і разьвівацца ў Польшчы, усюды дыскрымінацыя. Вось я, — цягнуў Мусін, — скончыў права й не магу нідзе дастаць аплікатуру. Уськідваюць мне, што я Жыд, радыкал, а я толькі жыць хачу.
— Польскай адміністрацыі перавярнулася ў галаве, — кажу я, — бо сталі нас душыць запраўцы не на жарты: закрылі Беларускі Інстытут Гаспадаркі й Культуры й яго гурток у Шальцінях, беларуская газэта ня можа ўжо выходзіць у сьвет, паліцыя па хатах забірае й нішчыць беларускія кніжкі, нат забараняе моладзі рабіць вечарыны.
— Але будзе вайна, — казаў Мусін, — тады ўсё зьменіцца й мы знойдзем сабе работу…
— Напэўна зьменіцца, толькі ці на лепшае?
— Горшага быць ня можа, як сядзець безпрацоўнаму з дыплёмам і спадзявацца ласкі ад сваіх гныбіцеляў.
Дома я ўсё знайшоў пастарому. Толькі майму бацьку цялушка бок адбіла, калі ён заваліўся вядучы яе ў гізы з поля. Людзі працавалі нармальна, толькі дужа ўважна слухалі радыя й дзівіліся, што нямецкі Рыбэнтроп «абнімаўся й цалаваўся» з расейскім пралятарскім Молатавам. Да мяне з блізка й далёка прыходзілі суседзі ды пыталіся, што рабіць. Я толькі чатыром маім адданым хлапцом расказаў аб грозным палажэньні ў сьвеце. Іншым параіў панакупліваць солі, газы, сярнікоў і мыла. Я шмат часу ляжаў у садзе, або каля рэчкі, калі можна было купацца, ды раздумваў над палітычным крызысам у Эўропе. Цяжкія думкі прыходзілі ў галаву.
На трэці дзень майго побыту ў роднай хаце да мяне зьявіўся паліцыянт. Ён пытаўся, як доўга я буду ў Якужах і ці я буду арганізаваць «імпрэзы». Было ўжо тут не да «імпрэзаў», і я коратка адказаў: «Буду ў хаце яшчэ тры тыдні, ніякіх імпрэзаў ладзіць ня маю намеру». Паліцыянт запісаў усё, падзякаваў ды паехаў.