Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Гучыць каманда:

— Да прысягі!

Жаўнеры падымаюць правую руку. Урачыста чытаю тэкст прысягі, усе за мной паўтараюць. Людзі паздымалі шапкі. Немцы й нашыя ўмундараваныя адзінкі, паліцыя, СБМ салютуюць:

«Я, жаўнер Беларускай Краёвай Абароны, прысягаю на Ўсёмагутнага Бога й на жаўнерскі гонар, што буду верна служыць свайму Беларускаму Народу, сумленна й прыкладна выконваць усе загады сваіх камандзіраў і начальнікаў.

Я прысягаю, што ня выпушчу з рук сваіх зброі да тых пор, пакуль ня будзе ўстаноўлены поўны супакой і бясьпека ў нашых сёлах і гарадох, пакуль ня будзе зьнішчаны на нашай зямлі апошні вораг Беларускага Народу. Так мне памажы, Божа!»

Падае каманда:

— Па прысязе!

Усё заварушылася, хоць яшчэ была цішыня. Аркестра грымнула нацыянальны гімн «Мы выйдзем шчыльнымі радамі». За аркестрай загудзеў увесь народ — жаўнеры, юнакі, школьнікі, усе прысутныя… Здавалася й расстаўленыя навокала беларускія сьцягі таксама шумяць пад сьпеў тысячных грудзей…

Калі я вярнуўся на сваё месца, маленькая вучаніца перадала мне букет кветак, кажучы:

— Спадару Намесьніку, гэта ад нас усіх!

Я падзякаваў і пацалаваў дзяўчынку.

Пасьля прамаўляў гэбітскамісар. Ён коратка гаварыў аб ідэі «Фюрэра» вызваліць усе народы «з жыдакамунісіычнай няволі», аб нямецкіх змаганьнях, аб дабразычлівасьці Немцаў да беларускага народу, ды заклікаў Беларусаў да супольнага змаганьня. Пасьля, пад гукі аркестры, перад прадстаўнікамі ўлады прайшла дэфіляда аддзелаў БКА, паліцыі, СБМ і школьнікаў.

Вечарам у Народным Доме адбылася апошняя частка сакавіковай урачыстасьці — канцэрт з удзелам менскіх артыстаў. Выступалі сьпевакі-салісты, дэкляматары, танцоры, хор і танцавальныя групы. Вялейка гудзела ў дзень нацыянальнага сьвята да познае ночы.

БАІ З БАНДАМІ

На другі дзень пасьля прысягі да Даўгінава былі сьпешна высланыя тры роты БКА ў сіле 500 чалавек пад камандай кап. Касецкага. Там былі вылазкі савецкіх бандаў ды паўстала пагроза нападу на само мястэчка. Жаўнеры занялі добра ўладжаныя былыя вайсковыя казармы.

Хутка 200 чалавек пад камандай Лашука было выслана да Ільлі, 120 чалавек да Маладэчна, 250 да Жаўткоў, 300 да Гарадзішча ля Маладэчна. Рэшта БКА ў сіле 1600 чалавек засталася ў Вялейцы. З гэтага ліку 85 вучылася ў Падафіцэрскай Школе, 50 было выслана да Менску ў Школу Афіцэрскую, каля 75 у Беларускі Штурмовы Батальён пры войсках СС.

Як ужо ўспаміналася, з самага пачатку былі розныя цяжкасьці, асабліва з абмундзіроўкай і абуткам, бо прадукцыйная гаспадарка ў акрузе ніколі ня была разьвітая, а яе астаткі былі цяпер пад кантроляй нямецкіх зондэрфюрэраў.

Ды, не зважаючы на ўсё, праца кіпела, вайсковыя заняткі ішлі па праграме. Вывучалася тактыка змаганьня партызанскага тыпу. Вылазкі партызанаў на некаторы час прыпыніліся. Яны сталі групавацца ў большыя банды пад камандай скінутых на парашутах інструктараў і камандзіраў.

Нядоўга аднак-жа давялося чакаць на ворага. Вялікая вёска Жаўткі, куды мы паслалі 250 чалавек БКА, знаходзілася ля вялікага лесу 4 км на ўсход ад Вялейкі. Яна была першым аб'ектам нападу. На пяты дзень пасьля прыбыцьця туды жаўнераў БКА, ноччу, ціха, з трох бакоў да вёскі пачалі падыходзіць партызаны. Нашыя вартаўнікі паднялі алярм. За пяць хвілінаў наш батальён заняў абаронныя пазыцыі. Перастрэлка з бандамі трывала паўтары гадзіны. Быў заалярмаваны й гарнізон Вялейкі. Але пакуль надышла стуль дапамога, жаўнеры Жаўткоў пайшлі самі ў атаку на ворага. Савецкія бандыты ўцякалі як зайцы, пакідаючы забітых і параненых. Нашыя страты — адзін жаўнер цяжка ранены, адзін лёгка. Спаленае адно гумно.

У часе самаабароны ў Жаўткох ды прагнаньня бандаў, прыбыў туды з успамагальным аддзелам мой намесьнік Бабіч, які пахваліў жаўнераў і камандзіраў за ўдачны першы баявы хрост, ды перадаў запасы амуніцыі.

Не прайшло двух тыдняў, як у намесьніцтве ізноў трывога — партызаны атакуюць Даўгінава. Мы паднялі ў нашым гарнізоне алярм. Тымчасам бальшавіцкія банды, у сіле прыблізна 500 чалавек, заапекавалі Даўгінава з паўдня й захаду. Камэндант тамашняга гарнізону, кап. Касецкі, адну роту выслаў паціху на тылы ворага. Перастрэлка тады ўзьнялася амаль пры самых казармах БКА. Хутка аднак-жа бандыты зразумелі, што яны ў мяшку, дык ірванулі ходу. На полі бою пакінулі трох, раненых панесьлі з сабой. Нашыя жаўнеры здабылі ручны аўтамат і 20 стрэльбаў. На нашым баку было двух параненых.

Трэці напад бальшавіцкіх бандаў быў накіраваны на вёску Палачаны за Маладэчнам. У гэтай, паложанай у лясох, вёсцы, знаходзілася 100 нямецкіх ахоўнікаў і 300 чалавек беларускай Самааховы. Напад быў цяжкі дзеля магутнага злучэньня партызанаў. Але хуткі налёт жаўнераў БКА з Маладэчна спрычыніўся да таго, што бальшавіцкі наступ заламаўся ды вораг быў змушаны ўцякаць у лясы, пакідаючы шмат забітых і раненых.

Чарговая атака бальшавіцкае партызаншчыны была накіраваная на Гарадок ля Маладэчна. На алярм мы выслалі роту жаўнераў БКА зь вёскі Жаўткі пад камандай пар. Максімовіча. Напад быў адбіты й Гарадок заставаўся ў супакоі аж да нашага й нямецкага адыходу.

У дыскусіі на нарадзе нашых вайскоўцаў выявілася, што партызаны ня здольныя ісьці ў атаку супроць нашых вайсковых адзінак. Яны займаліся толькі нападамі на мірнае жыхарства. Найлепшая супроць іх тактыка — абставіць узброенымі адзінкамі лясныя масівы ды палюдзку прыймаць іхных уцекачоў, бо Масква не давала ім ежы, адзежы, лекаў, загадвала ўсё грабіць у сялян ды займацца сабатажамі. Пагоня за партызанамі ў лясы не аплачвалася, бо першымі заўсёды ўцякалі добра адкормленыя камуністы ды іхныя каханкі, у палон-жа даставалася пераважна зьняволенае імі мясцовае жыхарства. Самі партызаны пазьней пацьвердзілі, што гэткая тактыка была для іх найбольш дэструкцыйнай.

КРЫВАВЫЯ ПАРАЗІТЫ НА НАШЫМ ЦЕЛЕ

Калі Немцы 22 чэрвеня 1941 году рынулі на Усход — чаго не спадзяваўся Сталін, а аб чым даўно ведала ўся Эўропа, — дык мелі яны свой вельмі просты «плян». Як Гітлер выказаўся ў сваім «Майн Кампф» — «нямецкія калёніі ляжаць на ўсходзе». Гітлер спадзяваўся, што ў хуткім часе скрышыць бальшавіцкую аружную сілу, забярэ Маскву, Ленінград і Ўкраіну, і тады падыктуе камуністам умовы міру.

Прыбалтыйскія дзяржаўкі як невялікія жыхарствам ды зь гістарычнай традыцыяй нямецкае экспансіі, мелі быць цалкам зьяднаныя з Райхам. Жыхары мелі стацца Немцамі ці павандраваць на ўсход. Украінцы, дзеля таго, што іх зямля вельмі ўраджайная, ды там калісьці, больш тысячы гадоў таму, праходзілі Готы, мелі стацца працоўным рэзэрвуарам для Немцаў. Толькі малы працэнт мог бы быць прыняты ў «фольксдойчы». Беларусам, дзеля іхняй менш ураджайнай зямлі ды цішэйшага характару, меўся быць пакінуты супакой на гадоў 50. Немцы тады яшчэ ня ведалі, што і ў зямельных нетрах Беларусі ёсьць нафта, магутныя слаі солі, ды іншыя багацьці.

Хутка пасьля пачатку вайны на ўсходзе, у Беларусі й Украіне, зьявіліся генэральныя камісары, пад імі былі гэбітскамісары. У прыбалтыйскіх дзяржавах былі ўжо толькі гарадзкія ды акружныя камісары. У рамках гэтае схэмы Ўкраіна, Летува, Латвія й Эстонія былі зусім пазбаўленыя адміністрацыйнае завязі свае дзяржаўнасьці. Толькі Беларусам былі зробленыя некаторыя ўступкі ў адміністрацыі, школьніцтве, самапомачы й нават у вайсковай галіне арганізацыяй Самааховы.

Варта тут успомніць, што, паводле расказаў уласьнікаў, у Харкаве й Кіеве генэральны камісар Кох палкай набіў тых украінскіх прадстаўнікоў, якія прасілі дазволу на арганізацыю народнага школьніцтва.

Тымчасам, хоць бальшавікі й мелі вялікія страты, ды ўсё ж не распаліся. Яны адбілі ад Масквы нямецкія атакі ды прымусілі Немцаў залегчы ў сьнягі й балоты ад Балтыйскага да Чорнага мораў. Характар і ход вайны зьмяніўся на некарысьць Немцаў. У іх паўстала аграмаднае неспакойнае заплечча, якое трэба было нейк арганізаваць для эксплянтацыі ў зацяжной вайне.

На ўсіх франтах Гітлер траціў мільён людзей у год. Таму ён раптоўна стаў шукаць сабе «саюзьнікаў» для забясьпечаньня тылоў, ды асабліва гэткіх «саюзьнікаў», якія не маглі вязаць Немцаў ніякімі палітычнымі ўмовамі.

35
{"b":"640702","o":1}