Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Першымі з гэткіх нямецкіх «саюзьнікаў» зьявіліся ў Беларусі аддзелы Латышоў і Летувісаў. Латышы пераважна панавалі Жыдоў па геттах ды памагалі Немцам праводзіць крывавыя пацыфікацыі мясцовага жыхарства. Летувісы, у сіле пару батальёнаў атаўбаваліся ў Менску, Горадні, пад Слонімам, а пасьля ў Жодзішках. Летувісы на нашых землях вялі сябе прыкладна ды супрацоўнічалі зь беларускімі вайсковымі адзінкамі, за выняткам Вільні ды ўспомненай ужо крывавай акцыі ў Новых Сьвяньцянах.

Другімі памагатымі Немцаў на нашых землях былі польскія вайсковыя адзінкі, польская паліцыя ды рознага тыпу ўрадаўцы. Хоць польскі ўрад у Лёндане ды польскае падпольле ў Генэральнай Губэрні вялі вайну зь Немцамі, ды на землях Заходняе Беларусі яны пастанавілі зь Немцамі супрацоўнічаць. Імкнуліся гэтак апанаваць адміністрацыю ды пад пратэкцыяй Немцаў тварыць свае вайсковыя адзінкі, як гэта ў Першую Сусьветную вайну рабіў Я. Пілсудскі.

Польскія ўзброеныя сілы на тэрыторыі Беларусі прыблізна лічылі: у Горадзеншчыне 200 чалавек, у Лідчыне 250–300 чалавек з «штабам» у Варанове, у Налібоках — 250, у Стоўбцах 150, у Рубяжэвічах — 100, у Гарадзішчы Баранавіцкай акругі 150, у Вялейшчыне 150 і ў Віленшчыне — 350. Усяго 1600–2000 чалавек. Да вясны 1944 году Немцы давалі ім харч, узбраеньне, рыштунак, транспарт і інструкцыі дзеяньня, ды іх не чапалі, калі яны, насупроць дамоўленасьці, нападалі не на камуністычных партызанаў, а на беларускіх культурных і грамадзкіх дзеячаў, якіх стралялі пераважна з-за вугла.

Толькі вясной 1944 году, калі Мікалайчык дамовіўся з Сталінам, а чырвоная армія з пракамуністычнымі аддзеламі польскай дывізіі «Косьцюшко», заняўшы ўсю Украіну, стаяла на паўдні ўжо на польскім паграніччы, генэрал Бор-Камароўскі, як правадыр польскае кансьпірацыі, даў загад усім сваім аддзелам у Заходняй Беларусі слухаць загадаў штабу Арміі Краёвай (АК), павялічыць свае баявыя сілы ды наносіць удары на тылох нямецкае арміі.

Тады Немцы, разам зь Беларусамі, паразьбівалі апорныя пункты польскай дывэрсіі. Пасьля гэтага толькі малая частка Палякаў засталася на службе ў Немцаў. Іншыя пайшлі ў партызаншчыну ды стараліся лучыцца з камуністычнымі бандамі.

Ды савецкае партызанскае кіраўніцтва мела загад ад штабу Панамарэнкі вынішчаць жаўнераў АК, як нямецкіх калябарантаў, што, супроць дамоўленасьці зь Мікалайчыкам, не прызнаюць за Саветамі Заходняй Беларусі.

Лёс гэтых аддзелаў быў трагічны. Летам 1944 году, пасьля заняцьця Заходняй Беларусі бальшавікамі, вялікая частка польскіх вайсковых, на чале зь іх камандзірам палкоўнікам Філіповічам, подступам была схопленая ды ліквідаваная чэкістамі. Рэшта далучылася да беларускай антысавецкай партызанкі, выкліканай жорсткімі бальшавіцкімі рэпрэсіямі супроць усіх тых, хто меў нейкую сутычнасьць зь Немцамі. Вось толькі ў гэтай новай партызанцы, якая трывала да дзесяці гадоў, ды стварыла бальшавіком немалыя клопаты, вырасла ваяцкае братэрства Палякаў і Беларусаў.

Трэцяй з чаргі чужой вайсковай фармацыяй на нашых землях быў аддзел разбойніка Камінскага ў сіле 1500–2000 чалавек. У асноўным складаўся ён з былых савецкіх ваеннапалонных, ды было там цімала й прайдзісьветаў розных нацыянальнасьцяў. Яны ня мелі ніякай палітычнай плятформы ды вялі сябе як найгоршыя дзікуны-разбойнікі: палілі вёскі, грабілі, гвалтавалі жанчынаў, і ня столькі ганяліся за партызанамі, колькі за хатняй жывёлай і птушыной, за гусямі ды курамі.

Калі ўся аколіца была ўжо агалочаная ды ўсё спустошана, тады гэтая банда была пэўная, што партызаны там ужо не завядудца, бо там няма чаго ўжо грабіць, і яна перасоўвалася ў другое месца. Акружаўся Камінскі гэткім сільным штабам, што Немцы не маглі яго арыштаваць, калі ён ня выконваў іхныя загады. Вясной 1944 году ён перакінуўся пад Берасьце, а летам перайшоў на левы бераг Віслы. Тут Немцы выклікалі Камінскага з штабам на канфэрэнцыю ў Лодзь, дзе яго арыштавалі, судзілі ды расстралялі, а ягоная банда была расфармаваная.

Чацьвёртай вайсковай пранямецкай фармацыяй была Першая Расейская Нацыянальная Брыгада СС у сіле 2500 чалавек ды пад кіраўніцтвам палкоўніка Радыёнава й маёра Блажэвіча. Абодва гэтыя савецкія вайскоўцы трапілі ў палон у канцы 1941 году й сядзелі ў абозе сьмерці каля вёскі Крывулькі ў Сувальшчыне, скуль, як я ўжо ўспамінаў, Беларускі Нацыянальны Камітэт у Горадні выцягнуў пару сот нашых суродзічаў.

Гэтая група мела ўжо сваё нацыянальнае аблічча з туманнай праграмай, што пасьля разгрому бальшавізму Расея мае жыць шчасьліва пад пратэктаратам Гітлера. Ужо летам 1942 году Немцы кінулі іх пад Слуцак, дзе яны спачатку крыху лепш біліся з партызанамі чым аддзел Камінскага й ня так зьдзекваліся над жыхарствам. Хутка аднак Расейцы пачалі ўцякаць да сваіх, у партызаны, Радыёнаву, за недагляд, прыйшлося расстраляць маёра Краўчанку й больш ста падазроных у пракамуністычных сымпатыях адаслаць у лагер сьмерці.

У траўні-чырвені брыгада Радыёнава брала ўдзел у ліквідацыі партызанскага гнязда напоўнач ад Менску. Партызанская вярхушка вырвалася з акружэньня якраз на адрэзку, дзе кіраваў Радыёнаў. Злавілі толькі пару тысяч сялянаў зь сем'ямі, якіх бальшавікі сілаю загналі ў лес. Гэта кінула цень на Радыёнава, яго перакінулі на тылы, у ваколіцу Каралеўшчына-Даўгінава. Тут гэтыя «ваякі» хадзілі ў лес пастраляць у пустую ды варочаліся абвешаныя сырамі, курамі й самагонкай. Радыёнаў у гэтым часе дамовіўся з галоўнай кватэрай партызана Жалязьняка.

Нашыя сяляне ведалі загадзя й данасілі, што Расейцы пойдуць у партызаны, бо яны расстрэльвалі тых сялян, якія паказвалі сьцежкі да партызанскіх логаваў, або данасілі, дзе партызаны падкладалі міны. Немцы, без загаду зьверху, ня верылі нашым сялянам, але беларускія паліцыйныя адзінкі стаялі ўвесь час напагатове.

Нараніцы 16 жніўня 1943 году Першая Расейская Нацыянальная Брыгада СС ударыла знянацку на Немцаў — і то дзе? У Даўгінаве! Яны забілі 32 Немцаў, сярод якіх колькі высокай рангі афіцэраў, подступам схапілі былога кіраўніка Самааховы палкоўніка князя Мірскага ды бурмістра Даўгінава Парфяновіча, і спалілі ўвесь цэнтар Даўгінава. Пасьля спалілі станцыю Смаленіны, нападалі на станцыю Каралеўшчыну, дзе таксама спрычынілі страты, але ня ўзялі яе.

Страты ў людзях тады былі б шмат большыя, каб нашая паліцыя не дала адпор радыёнаўцам, пакуль не ачухаліся ад варожага наскоку й Немцы. Да беларускай паліцыі далучылася й пару сот Расейцаў ды колькі іхных афіцэраў.

Пару дзён пасьля, па загаду партызанаў, Радыёнаў атакаваў, але бяз рэзультату, Куранец і Вялейку, панёс вялікія страты, і тады адышоў на поўнач у лясы. Немцы выслалі за ім пару сваіх брыгадаў акружылі й у бальшыні вынішчылі ягоную баявую сілу. Сам Радыёнаў быў паранены ды памёр на месцы.

З выпадку з Радыёнавым можна зрабіць высновы аб тым, што Немцы пад восень 1942 году разьвязалі ды абезаружылі нашую Самаахову, за якой стаяў увесь народ, нашая паліцыя і адміністрацыя, з страху. За мілітарнае супрацоўніцтва беларускі народ усюды дамагаўся адміністрацыйна-дзяржаўных правоў. Калі пасьля здрады Немцам Камінскага, Радыёнава й Палякаў тылы нямецкія сталіся трэцім непрадбачаным фронтам, у кастрычніку-лістападзе Немцы ізноў зьвяртаюцца да Беларусаў з прапановай шырэйшага вайсковага супрацоўніцтва.

Было гэта аднак пасьля Сталінграду, Курску й Украінскай кампаніі, дзе Немцы панесьлі міліённыя страты. Аліянты-ж гэтым часам выбілі з строю Італію, спалілі 90 % нямецкіх большых местаў і зьнішчылі румынскую нафту ў Плоэшці. Немцы ўжо не маглі ставіць гэткага супраціву, як 1–2 гады таму назад і не маглі таксама даваць эфэктыўнай дапамогі сваім саюзьнікам. Чакалі на палітычныя зьмены ў Саветах, але іх там ня было. Сталін ужо вылез з свайго сховішча ды забыўся аб вялікім «драпе» з Масквы 10–19 лістапада 1941 году, ды ізноў трубіў аб камунізьме.

Калі Немцы аж да ўпадку не зьмянілі свайго нацыстоўскага пляну на Усходзе ды ня прызналі незалежнасьці ні Беларусі, ні Украіны, дык бальшавікі, разумеючы важнасьць гэтага для прапаганды, ішлі шмат далей. Іхны ўзурпацыйны ўрад падпісаў ад імя Беларусі й Украіны хартыю Задзіночаньне Нацыяў. Гэткім спосабам Беларусь, разам з 25 іншымі дзяржавамі, сталася сябром-засноунікам гэтае міжнароднае арганізацыі.

36
{"b":"640702","o":1}