Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

НАМЕСЬНІКАМ У ВЯЛЕЙЦЫ

Да Вялейкі з Маладэчна я прыехаў прынагодным вайсковым цягніком ды спыніўся насамперш у бурмістра места Чалоўская, якога знаў зь Вільні. Гэты малады й энэргічны юрыст уключыўся ў нашую нацыянальную працу ды спраўляўся тут няблага. У ягоным доме пражыў я два тыдні ды дазнаў ад яго шмат помачы ў асваеньні спраў акругі. Перш за ўсё зь ім я пайшоў да Вялейскага гэбітскамісара, палкоўніка СС Манна, з афіцыйнай візытай. Быў гэта чалавек з вышэйшай незакончанай асьветай, да Беларусаў ставіўся прыхільна. Ужо зь першай візыты мы быццам сталіся прыяцелямі.

Гэбітскамісар абяцаў мне ўсякую дапамогу, згаджаўся перадаць Беларусам адміністрацыю школьніцтва, сацыяльнай апекі, арганізацыю моладзі, судаўніцтва, справу арганізацыі войска — ці бо ўсё згодна з статутам БЦР. Я зразумеў, што перашкодаў тут ня будзе, бо ёсьць гэткі загад нямецкіх цэнтральных уладаў. І таму ня дзіва, што калі ў хуткім часе Чалоўскі запрасіў да сябе акруговага камісара й мяне, дык у часе бяседы гэны камісар, добра выпіўшы, стаў з намі цалавацца, ды казаць:

— З майго толькі загаду ты бурмістр места, а ты намесьнік БЦР, і вы будзеце адзначаныя найвышэйшымі для мясцовых жыхароў Усходу ўзнагародамі!

У мяне ўськіпеў бунт супроць гэткае панскае пратэкцыйнасьці Немца, і каб яе зь месца нэўтралізаваць, я кінуўся на беларускую хітрасьць.

— Я, як намесьнік БЦР на Вялейскую акругу, хачу вас, спадар гэбітскамісар др. Манн, запэўніць, што беларускі народ ня мае ніякіх варожых намераў да прыязнага нам нямецкага народу, ды з свайго боку, на знак нашае ўдзячнасьці, хачу ўдэкараваць вас нашым нацыянальным знакам ПАГОНЯЙ!

— Зусім справядліва! — падхапіў бурмістр Чалоўскі, і я прышпіліў на грудзі камісару Манну значок Пагоні.

Ён стаў на выцяжку, пасьля-ж сказаў:

— Гэтай урачыстай хвіліны я ніколі не забуду! Пагоня — гэта вялікі й дарагі для мяне знак, які для мяне паблісквае й на вашых грудзёх. Я яе калісьці бачыў на сьценах Марбургу.

Мы бачылі, што зь Немцам завязваюцца людзкія дачыненні. Ды гэны Немец хутка выехаў, з сьлязьмі, на ўсходні фронт.

Сустрэча з камісарам нямецкай акруговай паліцыі, капітанам Вэнцэлем, была сухая, датычыла адно стравы барацьбы з партызанамі. У маім першым выступе ў ролі намесьніка БЦР на Вялейскую акругу я заклікаў, каб нямецкія сілы й беларуская акруговая паліцыя, разам з БКА, разьбіваючы бальшавіцкія банды, стараліся ахоўваць ды бараніць нашыя вёскі й мястэчкі, якія, з прычыны паслабленьня нямецкае аховы апынуліся ў партызанскіх зонах. Я казаў, што нямецкія спробы запалохаць жыхарства нішчаньнем нявінных ахвяраў савецкай правакацыі не дадуць ніякіх пазытыўных вынікаў для нашай і нямецкай бясьпекі.

Нямецкі начальнік паліцыі прырок, што гэта больш не паўторыцца. Абмяркоўваліся далей справы мабілізацыі беларускага войска, вышкаленьня адпаведных кадраў, вайсковага забясьпечаньня. Капітан Вэнцаль выявіўся перад намі як чалавек абазнаны з вайсковымі справамі ды спрыяльны нашым беларускім патрэбам.

Іншым прыхільным нам Немцам, якога я пазнаў у гэтым часе, быў акруговы кіраўнік нямецкай нацыскай партыі на Вялейскую акругу. Быў гэта чалавек гадоў 30-ці, па прозьвішчы Мантольд. Ён зырка сачыў усю беларускую дзейнасьць. Мяне ён толькі раз наведаў у маім акруговым намесьніцкім урадзе. Мне не выпадала хадзіць да яго па нарады, я высылаў заўсёды свайго заступніка Бабіна.

Пасьля нейкага часу склаў я візыту акруговаму шэфу СД, обэрштурмфюрэру Гравэ, якога я знаў з ранейшых падзеяў. Пасьля афіцыйных «гучных» словаў, я задаў простае пытаньне пра лёс П. Родзевіча ды А Калодкі. Гравэ замоўк, пачырванеў, сьсінеў, неапанавана стукнуў кулаком у стол ды закрычаў:

— Паследній раз прашчаю таму, кто поднімает этот вопрос!

На стук кулака ў канцылярыю ўскочыў ягоны заступнік Дуклявэ.

— Это дело давно закончено! — прадаўжаў ён.

— Простіте, сударь, — сказаў я, — я хацеў спытацца, што сталася зь імі? — Гаварыў я ўжо пабеларуску.

— Палучылі что нада! — крыху паніжаным голасам казаў Гравэ. — А что, вам, Белорусам, не было ізвестно, что Родзевіч был польскім агентом?

— Нет, нам не было ізвестно.

— Вредный польскій тіп. Он не хотел подчініться немецкім властям. Он нашел свое место…

— А Калодка? — пытаюся.

— Калодка самопроізвольно організовал паліцію і руководілся незавісімой белоруской політікой. Я ему простіл это, но он здесь не нужен…

Я ўстаў і сказаў спакойна, хоць у душы кіпела:

— Ізвініте… До свіданія…

— До свіданія. Мы ешчо встретімся, — коса гледзячы на мяне, адказаў Гравэ.

Пасьля гутаркі з Гравэ ў мяне засталося перакананьне, што ў арышце Родзевіча й Калодкі мачалі свае брудныя рукі «пакравітелі православія»: перамыкіны, касякі ды іншыя нямецкія агенты, якія ў Беларусах-каталіках усюды бачылі скрытых «Палякаў», ды ў часе, калі польскае падпольле разьвівалася ў Віленшчыне. А грубая гутарка са мной начальніка СД паказвала, што гэты Немец не давярае й мне, паколькі ведае, што й я каталік.

У хуткім часе мы дасталі дом пад намесьніцтва БЦР. Вывесілі шыльду з Пагоняй ды надпісам лацініцай: «НАМЕСЬНІК БЕЛАРУСКАЙ ЦЭНТРАЛЬНАЙ РАДЫ НА ВЯЛЕЙСКУЮ АКРУГУ». Ведама, беларуская лацінка таксама калола вочы чорнай сотні, але мусілі маўчаць, бо лацінку ўвялі ў беларускія школы Немцы. Перад фронтам намесьніцтва на высокай машце лунаў беларускі сьцяг. Тут было бюро намесьніцтва ды ахова ў сіле 8 чалавек.

Працы ў арганізаваньні намесьніцтва было шмат. Перш трэба было зарыентавацца ў людзях. Тут у запраўднасьці існавалі дзьве беларускія групы. Першая лучыла старэйшых дзеячаў, якія, супрацоўнічаючы зь Немцамі, стараліся адначасна ўсімі сіламі стварыць у акрузе асновы для беларускае нацыянальнае дзяржаўнае працы. Да яе, у ролі вядучай, належалі Родзевіч, Скабей, Калодка, Кунцэвіч, Найдзюк, Бабіч, Кажан. Да другой — апазыцыянеры, пераважна тыя праваслаўныя, што ненавідзілі каталікоў, адкідалі ўсю вялікую гісторыю нашага народу ў выглядзе Вялікага Княства Літоўскага, як нашай дзяржавы, рух беларускі бачылі адно ў дзейнасьці праваслаўя й праваслаўных. Галоўнымі прадстаўнікамі гэтае групы былі Касякі й Саўчыц.

Аднойчы выпадкова сустрэў я К. Касяка. Быў гэта дзяцюк гадоў 26, вёрткі ў гутарцы, але бясхрыбетны ў справах нацыянальных. Рабіў уражаньне поўінтэлігента, які пры дапамозе інтрыганства пнецца здабыць давер у Немцаў ды выплыць на шырэйшыя воды. Сваім супрацоўнікам я сказаў ігнараваць гэтага чалавека ды рабіць сваю нацыянальную справу.

Другі прадстаўнік «апазыцыі», Саўчыц, як быццам абмінаў мяне й намесьніцтва. Усё ж такі аднойчы зьявіўся да мяне. Гляджу, што гэта за «лідар» — хлапец гадоў 19, апытаны й яшчэ глыбей не сапсаваны. Думаю, адкідаць яго нельга. Хай у працы гартуецца. Дык назначыў яго кіраўніком Самапомачы.

Каб гарантавацца, што дзеіцца ў крымінальнай паліцыі, адведаў я Перамыкіна, раней ужо згаданага чорнасоценца, што кіраваў крымінальнай паліцыяй ды шпіёніў для СД усіх Беларусаў. Перамыкін, белагвардзейскі палкоўнік, Расеец па паходжаньні, гутарыў са мной «заігрываючы» на беларускім патрыятызьме. Хваліўся, што гэта ён сарганізаваў беларускую крымінальную паліцыю на Вялейскую акругу ды што мае пры сабе добрых Беларусаў, як Кажана, Бабіна, Качана. Асабліва хваліў Кажана, як слаўнага й адважнага вайскавіка. У Саўчыца ён падкрэсьліваў палітычную гібкасьць ды адданасьць нямецкаму «новаму парадку».

Колькі дзён пасьля Перамыкін рэвізытаваў мяне. У бяседзе на розныя тэмы я зыйшоў на справу арышту Родзевіча й Калодкі. Перамыкін бажыўся, што ён хацеў ратаваць Родзевіча й Калодку, але ня мог нічога зрабіць, бо яны самі былі вінаватыя. Пасьля ад Беларусаў, што працавалі ў крымінальнай паліцыі ў Перамыкіна, я даведаўся, што ніхто іншы як ён з Саўчыцам фабрыкавалі на Родзевіча й Калодку даносы ў СД.

Па нейкім часе Перамыкін запрасіў мяне да сябе, гэтым разам на дзень сваіх народзінаў. У доме Перамыкіна было шмат гасьцей. Там я пабачыў, што Саўчыц — правая рука гаспадара. Я тады яшчэ больш пераканаўся, што інфармацыі іншых супрацоўнікаў тайнай паліцыі праўдзівыя, што суполка Перамыкін-Саўчыц згуляла брудную ролю ў справе арышту Родзевіча, Калодкі ды іншых. Браты Касякі — Іван у Менску, а Канстантын у Вялейшчыне, бясспрэчна сваімі «рапартамі» ў СД памагалі, перадавалі туды цэлыя сьпіскі Беларусаў-каталікоў з анатацыямі, што гэта быццам скрытыя «Палякі». На Перамыкінавай пагулянцы сустрэў я й колькі сваіх супрацоўнікаў, зь якімі трымаўся. Зь ніякімі прамовамі ня выступаў.

32
{"b":"640702","o":1}