Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

— Вашае гора запраўцы вялікае! — сказаў я ды загадаў майму сакратару сьпісаць усю справу й перадаць беларускай паліцыі й СД усе падрабязнасьці выпадку з заданьнем выведаць аб лёсе жонкі гэтага беларускага патрыёты.

Краўцу-ж гэтаму сказаў:

— Цяжкая вашая справа! Ды мы зробім усё, каб дапамагчы вам у вашым горы, каб вашую жонку расшукаць!..

АБАРОННЫЯ ВЁСКІ

Абаронныя вёскі былі арганізаваныя ў 1943 годзе. Гэта была першая нямецкая спроба здабыць дапамогу ад беларускага сялянства ў змаганьні з савецкай партызаншчынай. Для вёскі ў лясным прасторы Немцы давалі пару дзясяткаў старых савецкіх стрэльбаў, зь невялікім запасам амуніцыі, з загадам адбіваць партызанскія напады ды вылоўліваць паадзіночных дывэрсантаў.

Напачатку гэта давала некаторы вынік, але з ростам партызаншчыны, што была кіраваная адмысловым бальшавіцкім штабам пры галоўнай кватэры Сталіна ды пад начальствам Панамарэнка, пры вялікіх ськідах парашутыстых ды вайсковага матар'ялу, абаронныя вёскі ня былі ў сілах бараніцца ад лепш узброенага ды вялікага лікам ворага. Цяпер яны сталі адно правакацыяй для нішчэньня бальшавіцкімі бандамі беларускага жыхарства.

У сувязі з гэтым, Р. Астроўскі, як прэзыдэнт БЦР, 25.5.1944 году зьвярнуўся да генэральнага камісара Беларусі з гэткім мэмар'ялам:

«Высокапаважаны Генэральны Камісар Беларусі!

Будучы ў Слуцку, я даведаўся, што тамашнія “Узброеныя вёскі” ня могуць выканаць свайго заданьня, бо іх узбраеньне, колькі вінтовак, ня можа даць адпору добра ўзброеным партызанскім савецкім аддзелам, кіраваным камандзірамі-спэцыялістамі, ськінутымі на парашутах. У выніку, гінуць ня толькі добраахвотнікі, якія спрабуюць супроцьстаўляцца, але й іх сем'і. Таму ветліва прашу Вас, сп. Генэрал, спыніць акцыю абаронных вёсак, а я дам загад па лініі БЦР і БКА, каб у заложаныя партызанамі вёскі Акруговы Камандзір БКА Слуцкае Акругі, у паразуменьні з Гэбітскамісарам, выслаў адпаведна ўзброеныя аддзелы БКА.

Р. Астроўскі».

І гэтак абаронныя вёскі ня толькі ў Случчыне, але й у іншых раёнах былі зьліквідаваныя, каб, пры немагчымасьці самаабароны, не правакаваць іх на напады партызанскіх бандаў.

Ды былі й абаронныя вёскі-цьвярдыні, якія мужна бараніліся ад нападаў бальшавіцкіх бандаў. Вось, недзе ў палове траўня 1944 году, камэндант нямецкай паліцыі ў Вялейцы Бэнцаль зьвярнуўся да мяне, ці я не хацеў-бы заўтра зраньня наведаць абаронную вёску Касьцяневічы, якая ў Вялейскай акрузе была наўзорнаю.

Назаўтра раніцай нашая маторная калёна ў сіле 30 беларускіх паліцыянтаў рушыла ў намечаную вёску. Спыніліся мы ў хаце бязьдзетных сялянаў. Наш гаспадар з сьлязьмі ў вачох апавядаў, як бальшавікі, заняўшы Заходнюю Беларусь, прызналі яго «кулаком», хоць ён цэлае сваё жыцьцё сам працаваў на сваёй зямлі бязь ніякае наёмнае сілы й нікога не «эксплуатаваў». Пазабіралі яму каровы й коні, а сам ён стаяў на сьпіску ў Сібір.

Зьведалі мы пасьля акружаную баёвымі бункерамі абаронную вёску. Пасярэдзіне быў зроблены аграмадны крыты схоў для жывёлы, куды нанач заганялі кароў — каля 150 галоў, — каб банды не маглі іх схапіць. У бункерах была сталая абаронная служба, нанач узмоцненая. Апрача гэтага ўдзень патрулі самааховы кантралявалі прастору вёскі радыюсам у тры кілямэтры.

Баявая сіла вёскі выстраілася, на нашае прывітаньне, у рады. Было каля 85 чалавек. Я з гэбітскамісарам і начальнікам паліцыі Вэнцэлем прывіталіся з камандуючымі гэтае цьвярдыні, перайшлі перад выстраенымі абаронцамі, зь некаторымі гаварылі. Дух у людзей быў бадзёры, але яны прасілі прыслаць больш паліцыі й жаўнераў, а таксама зброі, амуніцыі й іншага выснашчэньня, ды асабліва цяжкой зброі, бо партызаны такую маюць, — кулямёты, лятучыя міны, мартыры. Прасілі таксама, каб прыслалі ім у вёску беларускага ксяндза. Школа ў вёсцы працавала, але нехапала настаўнікаў. Моладзь была сарганізаваная ў СБМ ды прэзэнтавалася вельмі добра.

Калі мы вярнуліся з агляду да нашай гасподы, дзе мы затрымаліся, дык гаспадар меў ужо засланы, з багатай пачосткай, стол. Немцы былі захопленыя арганізацыяй абароны ў вёсцы. Гэбітскамісар выступіў з прамовай, хваліў гаспадара ды ўсю вёску за парадак, за антыкамуністычны настрой, за стойкасьць у абароне народу. Сваю прамову ён закончыў гэткімі словамі:

— Вы ўсе атрымаеце зямлю на собскасьць. Ваш край будзе свабодны. Трымайцеся далей дружна й стойка, а Фюрэр вас не забудзе!..

Ведама, гэта была звычайная нямецкая прапаганда. Ды ў ёй ужо ня было ранейшага нахабства ды застрашваньня народу «нямецкай сілай», ня было старой тупалобасьці, якая вяла да вынішчэньня жыхарства. Цяпер яны ўжо ня мелі веры, што выйдуць «татальнымі» пераможцамі з вайны. Бачылі цяпер і яны, што трэба шукаць сабе саюзьнікаў і сярод Славянаў.

У паваротнай дарозе я думаў і аб тым, што Немцы ўсёж такі зусім ня ведаюць нашага народу ні псыхікі селяніна. У сваёй прапагандзе яны, на падабенства бальшавікоў, трызьняць аб тым, быццам Беларус ніколі ня меў свае зямлі, і што быццам гэта яны, панявольнікі гэтага народу, гэтую зямлю дадуць. Як раней бальшавікі ашуквалі народ гэткай прапагандай, так цяпер тое самае балбаталі новыя акупанты.

Яны нейк ніяк не маглі бачыць таго, што Беларус ад веку жыў на сваёй а не на чужой зямлі, і толькі розныя панявольнікі ягоную зямлю ад яго адбіралі. І ўсіх перавысілі бальшавікі, бо адабралі ўсю бяз рэшты зямлю ды сялян загналі ў прыгон, у свае калгасы ці саўгасы пад клічам: «Уся зямля сялянам!» Які жудасны цынізм! Немцы цяпер таксама цешаць селяніна: «Вы дастанеце зямлю!» Чыю зямлю? Зь якое ласкі? Якім правам? У якім выглядзе? Ці ня будзе гэта новы прыгон? Селянін, слухаючы нямецкую прапаганду «Вас чакае зямля!» прыгаварваў: «Два мэтры на адзін!»

Аднак у Немцаў усё-ж былі большыя намёкі на права селяніна на ягоную зямлю. Тыдні два пасьля, з загаду галоўнага камісара Беларусі, гэбітскамісары паслалі раздаваць сялянам граматы, што з волі Фюрэра беларускія сяляне, якія былі загнаныя бальшавікамі ў калгасы, а таксама ацалелыя адзіночкі й хутаране, і тыя, што ўжо ў часе вайны падзялілі міжсобку калгасную зямлю, становяцца ўласьнікамі гэтае зямлі на якой сядзяць ды якую зь дзеда-прадзеда апрацоўваюць. Яны адно ня маюць права зямлю гэтую прадаць, або дзяліць, без дазволу дзяржаўных уладаў Беларусі. Зямельная рэформа, з адпаведнымі прырэзамі зямлі, прадбачвалася толькі пасьля вайны…

Ганарова першыя гэткія граматы атрымалі сяляне абароннай вёскі Касьцяневічы з рук кіраўніка вялейскай акругі Чалоўская, які выступаў ад імя вялейскага гэбітскамісара.

ЕДЗЕМ ДА ДАЎГІНАВА

Напачатку чэрвеня 1944 году гэбітскамісар ізноў выклікаў мяне на паездку да Даўгінава для інспэкцыі тамашняга палажэньня. Дзеля нарастаючай актыўнасьці савецкай дывэрсіі, мы выехалі пад большай аховай. Перад намі ехала грузавое аўта з 12 добра ўзброенымі беларускімі паліцыянтамі, ззаду-ж другое, пад камандай начальніка Вэнцэля.

Першых дзесяць кілямэтраў праехалі, па забаранаванай дарозе ды па тропе першага грузавіка, даволі хутка. Але калі сталі ўяжджаць у залесеныя раёны, баранаваньня там ня было ўжо відаць і мы ехалі паволі. Перад Рэчкамі падбег да нас нейкі хлапец і паведаміў, што ўчора партызаны закладалі вось тут перад рэчкай міны. Нашая паліцыя зараз-жа выслала трох сапёраў з апаратамі для выкрываньня мінаў, мы-ж памалу сунуліся ззаду. Вось сапёры махаюць рукамі, даюць знак спыніцца. Міна знойдзеная, хутка абязшкоджаная, паляцела ў роў.

Пад'ехалі да сьвежаадбудаванага пасьля нядаўняй партызанскай дывэрсіі маста. Паліцыя сьпешылася й, трымаючы зброю напагатове, ішла абапал гуськом, мы-ж памалу ехалі самаходам. Раптам — стрэл! Паляцела каманда: «Партызаны!» Мы таксама выскачылі з самаходу на левы бок дарогі. Ізноў каманда: «Лажыцца!» Я лёг у прыдарожны роў. Засакаталі нашыя аўтаматчыкі, але стрэлаў праціўніка нейк ня было чуваць. Нашыя перадавыя ахоўнікі хутка падышлі да самага маста.

Я сьмялей высунуў галаву з рову й бачу — на мост пабеглі нашыя сапёры-мінашукальнікі. Хутка яны далі знак, што дарога «чыстая», і мы спакойна пераехалі рэчку ды скора ўехалі ў маёнтак Сэрвач. Хто страляў, і нас напалохаў, так мы й не даведаліся. Магчыма стрэліў, пабачыўшы збройную сілу, з пуду партызанскі патруль ды даў цягу, а за ім і савецкія малойцы.

41
{"b":"640702","o":1}