Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

— Чаму? — пытаюся, — ці нам не хапае БЦР?

— Хапае, не хапае, але гэтага ўсяго замала. Вось я сёньня меў гутарку з польскімі правакатарамі.

Аказалася, што гэта быў Уладзіслаў Рыжы-Рыскі, які меў лучнасьць з гэтак званай Беларускай Незалежніцкай Партыяй, якую ў той час успамагалі Немцы з Абвару, ды сяброў яе ўзбройвалі нават у аўтаматычную зброю. Ён і мне расказаў, як едучы зь Менску да Маладэчна ён меў гарачую спрэчку з Палякамі, што служылі ў нямецкім ОТ і ў якім было гняздо польскай падпольшчыны пад кіраўніцтвам польскага эміграцыйнага ўраду. Вось гэтыя агенты польскай дывэрсіі не хацелі й слухаць ягоных аргумэнтаў аб беларускім праве на сваю самастойнасьць. Тады Рыжы-Рыскі выцягнуў рэвольвэр, каб застрашыць польскіх пеўняў. Але яны рэвольвэр зь яго рук выхапілі, а яго самога выкінулі ў калідор вагону.

Рыжы-Рыскі шукаў дапамогі ў ОТ-Немцаў, але яны ня ўмешваліся. Тады ён на станцыі паведаміў нямецкую жандармэрыю аб усім выпадку. Яна затрымала чатырох Палякаў. Немцы выслухалі цярпліва ўсіх, зьвярнулі Рыжаму-Рыскаму пісталет ды перасадзілі яго ў нямецкі вагон, а Палякаў пасадзілі таксама ў ОТ вагон, без пакараньня.

Я параіў майму ваяўнічаму юнаку не чапаць усякіх чужынцаў, а калі хто нападае з набоем — проста страляць у яго.

Наведаў мяне таксама малады Беларус, адзеты ў скомканы смокінг, выглядаў вельмі перамучана.

— Я Янка Брылёўскі, бурмістр з Жодзішак.

— Вельмі прыемна пазнаёміцца. Я чуў, што на Жодзішкі быў напад, Раскажыце, як там было.

— Было так: Пасьля нямецкага сьвята Немцы, падпіўшы, смачна спалі. Беларуская паліцыя таксама была ў бараках. Толькі ў двух месцах пры ўяздной браме стаялі вартаўнікі. На досьвітку пад'яжджае як быццам нямецкі абоз зь нямецкім афіцэрам наперадзе, а далей, на колькіх вазох, былі ў нямецкай уніформе жаўнеры. У вартаўнікоў ня было падазрэньня, што гэта ня Немцы, дык яны паднялі «шлягбаум» — загародную жэрдзь. Хутка вартаўнікоў раззброілі, а там далей напалі на кватэру зондэрфюрэра ды на баракі беларускай паліцыі. У мястэчку грымела ад перастрэлаў. Я прачнуўся, адзеўся, ды хутка зар'ентаваўся, што адбываецца напад. У гэтым моманце загрукаталі ў мае дзьверы, дык я выскачыў праз вакно…

— Як вялікі вы мелі абаронны гарнізон?

— Было сем Немцаў і трыццаць пяць нашых паліцыянтаў. Калі я ўцякаў, дык па мне стралялі, чуў сьвіст куляў, аднак шчасьліва ўцёк. Аказалася, што нашая паліцыя ўсёж такі напад адбіла.

— Былі забітыя?

— О, так, былі. Першага забілі нашага кіраўніка Самапомачы Цяўлоўскага. Добры быў чалавек, беларускі дзеяч з часоў кс. Гадлеўскага. Трох з нашай паліцыі паранілі.

— А за што вас Палякі атакавалі?

— Гэта былі польскія банды, якіх Немцы ўзброілі, абмундзіравалі ды ўспамагалі, думаючы, што яны будуць ім служыць. Яны падпалілі Самапомач, Школьны Інспэктарат і іншыя беларускія ўстановы. Дык вылілі сваю польскую злосьць на нас, Беларусах… Мы думаем, што была гэта польская падпольная група, якая дзеіць пад загадамі польскага эміграцыйнага Ўраду.

Крыху пазьней да мяне зьяўляецца паручнік СД С. Бобка. Салютуе павайсковаму ды прадстаўляецца. Я саджу яго ды пачынаю гутарку:

— Я шмат чуў пра вас яшчэ ў Баранавічах. Ці вы не схацелі-б перайсьці ў рады БКА? — пытаюся.

— Я вельмі хацеў-бы ды Немцы не дазваляюць, бо належу да СД.

— А як трапілі туды?

— Спадар намесьнік, скажу вам усю праўду! Паходжу зь беднай сялянскай сям'і. Скончыў польскую сямігодку, ды ня меў за што вучыцца далей, дык падаўся ў польскую Падафіцэрскую Школу ды запісаўся на прафэсійнага падафіцэра ў польскім войску. У часе вайны я авансаваў на сяржанта ды трапіў пасьля ў нямецкі палон. Там мяне доўга ня трымалі, але адпусьцілі на жаданьне Беларускага Варшаўскага Камітэту. Я тады прыехаў да Варшавы, дзе жыла мая жонка. У Беларускім Камітэце я даведаўся, што бацькаўшчына кліча, што там лютуюць бальшавікі. Таму, калі Немцы ламанулі на ўсход, я вярнуўся дамоў. Ды дома нікога не знайшоў: ня было бацькі, маці, двух малодшых братоў і сястры. Іх бальшавікі арыштавалі ды ў марозны дзень у лютым 1941 году вывезьлі на Сібір, дзе па іх усякі сьлед прапаў. А за што? За тое толькі, што малады Бобка, ня маючы ніякага выхаду, служыў у польскім войску!..

— Ну й што далей? — пытаюся.

— Што далей, хочаце ведаць? Думаў я, што звар'яцею. Я ня мог сьцяміць, за што яны зьнішчылі маіх бацькоў, сястру й братоў. Гэта-ж яны былі бедныя пралетары. Хіба затое, што яны былі Беларусы. Я-ж супроць бальшавікоў не ваяваў, а толькі супроць Немцаў. Немцы, калі я адгукнуўся, прынялі мяне ў СД у ступені старшага падафіцэра. З нашымі беларускімі хлопцамі я хутка ачысьціў Баранавіцкі павет ад бальшавіцкай нечысьці. І вось СД Баранавічы выслала цяпер мяне на курсы ў Вялейскае СД, дзе я дастаў ступень лейтэнанта.

— Вельмі добра! — кажу. — Але, як я чуў, вы былі камэндантам Калдычаўскага лягеру.

— Быў не камэндантам, але старшым над беларускай ахоўнай групай СС у гэтым лягеры.

— Калі гэты лягер заснаваўся?

— Ён быў заснаваны летам 1942 году начальнікам СД у Баранавічах ппурмфюрэрам СС Амэлюнгам. Мяне ён там паставіў як падафіцэра й камэнданта беларускай групы СС. Начальнікам усяго лягеру назначыў гефрайтэра Ёрна, Аўстрыяка, з войскаў СС. Нам, Беларусам, было крыўдна, што гэты нямецкі прымітыў з адным лычкам мае вялікую над намі й цэлым лягерам уладу. Ён часта ўмешваўся ў справы нашага аддзелу ды публічна, перад зьняволенымі, зьбіваў нашых жаўнераў.

— За што?

— Ведаеце, спадар намесьнік, сярод нашых былі таксама хваты, якія думалі, што ім усё можна, і часам зьдзекваліся над Жыдамі. Ёрн-жа быў службісты, часам зьверскі, але не цярпеў самаволі.

— Дык у Калдычаве ня было нейкага зьдзеку?

— Ды не. Гэта быў толькі пераходны лягер. Сядзелі там вязьні да часу сканчэньня сьледзтва. Калі быў прысуд сьмерці, дык вязьня там расстрэльвалі. Калі сьледзтва выявіла нявіннасьць, тады выпускалі. Выпускалі шмат якіх, калі ня было паважнейшых довадаў для пакараньня, а нашыя Беларусы заступаліся. Галоўную ролю ў гэтай абароне пры Амэлюнгу ігралі нашыя сябры, што служылі ў палітычным аддзеле СД. Калі сьледзтва ўстанавіла толькі падазронасьць у супрацоўніцтве з антынямецкім падпольлем, дык тады высылалі зьняволеных у канцэнтрацыйныя лягеры ў Нямеччыне. Іншая рэч, што ўва ўсякай вязьніцы парадак мусіць быць…

— А якой нацыянальнасьці пераважна зьняволеныя ў Калдычаве?

— Лягер лічыць каля 300 чалавек. Зь іх 130 гэта Жыды. Гэта ня нейкія праступнікі, а толькі рамесьнікі й спэцыялістыя, якія працуюць у майстэрнях лягеру. Шмат ёсьць спэкулянтаў, што былі злоўленыя нашай крымінальнай паліцыяй. Абсалютную аднак бальшыню вязьняў твораць людзі рознай іншай нацыянальнасьці, што былі замешаныя ў бальшавіцкае падпольле, або служылі за сувязных з партызанскімі бандамі. Частка зь іх пад падазрэньнем за ўдзел у польскім падпольлі. Усе справы вядзе Баранавіцкае СД, а мы мала што ведаем.

— Як часта адбываліся ў лягеры расстрэлы засуджаных?

— Вельмі рэдка. Да сёньня там было расстраляна нябольш 50 чалавек, гэта значыць за гады 1942–1943.

— А якія ў вас заняткі цяпер?

— Я тут у Вялейцы маю колькі гадзінаў інструктажу ў тутэйшай Падафіцэрскай Школе. Вось гэта здаровы беларускі матар'ял на нашае войска.

— А ведаюць, за што ідуць змагацца?

— Думаю, што так. Нацыянальная стойкасьць у іх відавочная.

23 гады пазьней гэтага С. Бобку польскія камуністы выкрылі ў Вроцлаве, дзе ён апынуўся, ня маючы змогі ўцячы на Захад.

А вось зусім іншы абразок. У вялейскае намесьніцтва аднойчы зьявіўся рослы мужчына гадоў 34, з-пад Ільлі родам, які расказаў мне аб сваёй бядзе.

— Я, спадар намесьнік, працую ў кравецкай майстэрні БКА краўцом на сваёй машыне. Шыем для беларускага войска мундзіры з палатна. Але ў мяне вялікае гора!..

— Што такое? — пытаюся.

— Бяда! — кажа. — Мая жонка прапала!

— Як прапала?

— Раскажу вам усё, як было. Тыдні два таму назад, калі я быў у вёсцы, увалілася да нас у хату двух партызанаў ды крычаць: «Хадзі з намі, кулацкі сын!» Я стаў бараніцца, адгаворвацца, што я толькі кравец, а не які кулак. Адзін зь іх казаў мне, пад дулам стрэльбы, трымаць узьнятыя рукі, другі-ж перарыў усё ў хаце, але нічога не знайшоў. Жонкі тады дома ня было, большая дзяўчынка была ў школе, а меншая пры мне. Яна, спуджаная, галасіла. Тады камуністы павялі мяне ў кірунку лесу. Прайшлі мы колькі кілямэтраў побач хутароў. Калі-ж міналі вёску, дык адзін з партызанаў пайшоў у вёску, а другі гнаў мяне да лесу. Я наважыў бараніцца за ўсякую цану. У нагрудным кішэні ў мяне быў кравецкі нож, якім я спорваў швы. Я пастанавіў заатакаваць бандыта. Вось я звольніў ходу. Партызан таўчэ мяне дулам у плечы, а я ў гэты момант выхапіў свой нож ды дзеўбануў ім бандыту проста ў вока. Ёй завішчаў ды пакаціўся. Я тады вырваў зь ягоных рук стрэльбу, ды ходу. Вёску я мінуў бокам, каб ня сустрэцца з другім бандытам, ды прыбег дадому. І тут… Божа мой! Ад дачок я даведаўся, што мая жонка, калі прыйшла дамоў, ды пачула, што мяне пагналі бандыты, наказала дзецям сядзець спакойна дома ды чакаць, а сама пабегла шукаць мяне. Ад гэтага часу пра яе й сьлед прапаў… Мне ня было іншага выхаду, як з дачушкамі ды машынай на плячох уцякаць да Вялейкі. Ці немагчыма, спадар намесьнік, выратаваць маю жонку?

40
{"b":"640702","o":1}