Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

У маёнтку мы аглядалі раскошны палац магнатаў Казёл-Паклеўскіх, прыгожы сад з алеямі, ды на акраіне заглянулі і ў арыгінальную беларускую вяндлінарню. Была гэта круглая будыніна ў выглядзе вежы з маленькімі ў гары ваконцамі. У сярэдзіне тырчэлі зялезныя пруты й крукі. Відаць, тут калісьці была абаронная вежа, пазьней замененая на топку-вяндлінарню. На самым нізе было вялікае агнявішча, сьцены зіхцелі ад сажы. Паробленыя былі праходы для дыму ў вышэйшыя паверхі. Дык вось гэта тут штомесяц тысячы кіляграмаў мяса ператвараліся, пад цяплом і дымам спальванага ялаўцу ды елкі, у на ўвесь сьвет слаўныя «Літоўскія вяндліны»!

Да Даўгінава мы даехалі спакойна. На краі мястэчка, дзе былі казармы, нас сустрэлі патрулі БКА. Пасьля вымены паролю нас упусьцілі ў панадворак казармаў. Тут ужо былі выстраеныя аддзелы БКА, а паручнік Касецкі сустрэў нас рапартуючы:

— Спадар намесьнік! Ад імя батальёну Беларускай Краёвай Абароны вітаю вас і спадара гэбітскамісара. Батальён у сіле 320 чалавек гатовы да агляду!

— Дзякую! — сказаў я ды падаў Касецкаму руку.

Прывіталіся зь ім і Немцы. Мы абышлі ўсе, устаўленыя ў квадраце, зьвязы. Я коратка прамовіў да жаўнераў. Пар. Касецкі адказаў на маю прамову таксама коратка, падкрэсьліваючы баёвы дух жаўнераў ды вялікую патрэбу да зброі, амуніцыі, выснашчэньня ды аўтатранспарту.

Пасьля мы аглядалі няблага наладжаную вайсковую кухню, казармы й арышт батальёну. Там сядзела трох жаўнераў за дробныя дысцыплінарныя правіны.

У бяседзе з камандаю батальёну мы даведаліся, што цяпер у Даўгінаве даволі спакойна. Здараюцца толькі дробныя дывэрсіі. Перад прыходам-жа войска БКА Даўгінава было аб'ектам частых нападаў бальшавіцкіх бандаў і мясцовая паліцыя ня была ў сілах справіцца зь імі. Цяпер бандыты хапаюць адно з пасьбішчаў жывёлу, а на 1-га траўня 6 км ад Даўгінава вывесілі на жэрдзі чырвоную плахту. Пар. Касецкі даў загад штурмовым аддзелам батальёну, з удзелам сапэраў, асьцярожна зьняць чырвоную анучу. Калі баёвы аддзел пайшоў да жэрдзі ды спыніўся, абмяркоўваючы, як зьняць шмату, адзін з жаўнераў, малады хлапец, у патрыятычным парыве ня вытрываў:

— І што тут доўга думаць! — крыкнуў ён. — Бандыты ўтыкнулі жэрдзь ды павесілі анучу! Рванеш за жэрдзь — і ўся музыка!

— Пачакай, пачакай, гарачы хлопча! — крычаў дружыновы.

Але ён ужо быў ля жэрдкі ды на вачох усіх ірвануў яе… І сталася трагэдыя. Да жэрдкі была прывязаная міна, якая разарвалася. Адважны, але непаслухмяны дзяцюк загінуў. Пахавалі яго ў Даўгінаве з усімі вайсковымі гонарамі.

Падаліся мы пасьля ў кірунку гарадзкой управы. Сярод руінаў спаленых дамоў сустрэў нас з хлебам і сольлю Даўгінаўскі бурмістр. Нашыя кароткія прамовы былі шчырыя, патрыятычныя. Нават Немцы дзівіліся зь вялікай цяплыні дачыненьняў, якой звычайна няшмат у афіцыйных сустрэчах. Пасьля было прыняцьце ў гарадзкой управе, прамовы гаспадароў і гасьцей. Гаспадары падкрэсьлілі, што Даўгінава хоць разбуранае, але ніколі не скарылася бальшавіцкім бандам, а цяпер, пад аховай БКА, будзе адной зь цьвярдыняў беларускага народу.

Нам было вельмі прыемна слухаць гарачыя словы прамоўцаў ды бачыць і іншых, стойкіх за сваю нацыянальную справу, Даўгінаўскіх грамадзян. Трэба было ўсё-ж вяртацца дамоў, каб да ночы прыехаць да Вялейкі. Нашая ахова, пакідаючы Даўгінава, грымнула песьню: «Ідуць жаўнеры Беларусы празь вёскі, сёлы, гарады…» Начальнік паліцыі круціў галавой, калі бачыў, што шмат якія ахоўнікі пад хмелем. Для асьцярожнасьці ізноў праверылі гэны масток. Ды на ўсёй дарозе мы ня мелі ніякіх перашкодаў. Бандыты мабыць зразумелі, што гарнізон Даўгінава павялічыўся, і нападаць не адважыліся.

КАНЕЦ ГРАВЭ

«Хто мячом ваюе, ад мяча й гіне!» — гаворыцца ў эвангельлі.

Гэтак сталася й з начальнікам СД Вялейкі обэрштурмфюрэрам Гравэ. Ці мала зь ягонай разбойніцкай рукі, ці зь яго загаду, згінула Беларусаў?

На другі дзень Сёмухі, мабыць пасьля пагулянкі, ён выехаў у раскошным повазе з каханкай на праездку. Не праехалі нават кілямэтра, як пад сядлом узарвалася падложаная міна. Гравэ быў цяжка ранены ў жывот і крыжавіну, ягонай каханцы адарвала нагу, хурмана-ж паветрам адкінула далёка ад казла. Конь так спудзіўся, што раненых параскідаў па дарожцы. Першы ачухаўся хурман ды заалярмаваў аб здарэньні. Хутка амбулянс даставіў у шпіталь непрытомнага шэфа СД і ягоную каханку. Гравэ на другі дзень памёр, каханка-ж, пасьля ампутацыі нагі, выжыла.

Хто падклаў міну — Немцы так і не даведаліся. Былі гаворкі, быццам поваз наехаў на міну. Ды ў зямлі ня было варонкі. Мы былі пэўныя, што міну падклалі былыя саветчыкі, якія былі на службе СД і з аднаго боку лашчыліся да Немцаў ды прасьледвалі Беларусаў, а з другога — супрацоўнічалі з партызанамі. Нельга таксама адкінуць магчымасьць, што міну падклаў і нехта зь беларускіх патрыётаў у помсьце за Радзевіча ды Калодку.

Цела Гравэ было выстаўленае ў будынку СД для публічных наведзінаў. Мы зразумелі, што гэтым Немцы хочуць праверыць, якое настаўленьне да гэтае падзеі беларускіх дзеячаў. Пасьля кароткай нарады мы пастанавілі пакрыжаваць іхныя пляны ды наведаць нябожчыка, каб ня пала нейкае падазрэньне. Я нават выслаў гэбітскамісару кандаленцыйную тэлеграму. На другі дзень цела Гравэ было адвезенае самалётам да Бэрліну ды пахованае сярод «заслужаных» нацыстаў.

Ніякіх рэпрэсіяў за сьмерць Гравэ ня было. Магчыма Немцы пачалі ўрэшце ўсьведамляць свае памылкі.

За колькі дзён да Вялейкі прыехаў іншы начальнік СД. У гутарцы зь ім я яго перасьцерагаў перад савецкай замаскаванай дывэрсіяй, якая можа пранікаць нават да блізкіх супрацоўнікаў у нямецкіх урадах. Я адначасна прасіў нанава перагледзіць справы арыштаваных, бальшыня якіх — гэта сяляне, што выпадкова былі схопленыя ў розных супроцьпартызанскіх акцыях. СД-овец згадзіўся, ды таго самага дня ўзяў мяне з сабой на візытацыю мясцовай турмы. І што-ж мы пабачылі: малыя каморкі, поўна набітыя людзьмі, смурод і задуха. Людзі ў страшным выглядзе сядзяць, ляжаць ці стаяць адзін пры адным — па 40–50 чалавек у каморы.

— Дык гэта вы былі ў партызанах, людцы добрыя? — пытаюся.

— Якія мы партызаны? Мы іх толькі бачылі! — адказвае старэйшы дзядзька.

— Паночку, паслухайце! — просіць другі. — Удзень грабяць і муляюць Немцы, а ўночы савецкія банды. Немцы прыходзяць, бандыты хаваюцца ў лясох, а нас гнояць у турме!

— Ці гэта, паночку, няма справядлівасьці на сьвеце? — пытаецца трэці.

Я ўсё пераклаў начальніку СД.

У іншых каморах я пытаўся вязьняў, ці яны чулі пра беларускую мабілізацыю й ці хацелі-б заміж быць рабаванымі савецкімі партызанамі, а пасьля прасьледванымі Немцамі, узяць зброю ў свае рукі ў радох беларускага войска БКА ды вынішчаць бальшавіцкія банды на нашай зямлі. І сыпаліся галасы:

— Чаму не? Гэтак і павінна быць, бо нас усіх перадушаць адны й другія!

СД хутка выпусьціла на волю больш палавіны зьняволеных. Чалавек 60 зь іх уступіла ў рады БКА. Шмат іншых было вывезена на работу ў Нямеччыну. Засталося ў турме толькі каля 40 чалавек, тыя, на якіх былі паважнейшыя довады іх кантактаў і супрацоўніцтва з бальшавіцкімі бандамі.

УСЕБЕЛАРУСКІ КАНГРЭС У МЕНСКУ

Чэрвень 1944 году быў бурлівы падзеямі, 6-га гэтага месяца англа-амэрыканскія войскі высадзіліся на паўночным узбярэжжы Францыі ды адкрылі Нямеччыне «другі фронт». Два тыдні пазьней Сталін, сканцэнтраваўшы вялізарныя сілы на аграмаднай нямецкай абароннай дузе, што ахоплівала амаль усю Беларусь па лініі Віцебск — Чэрыкава — Рагачоў — Луцк, пачаў штурм Беларусі. Немцы баранілі яе зацята, пераходзілі ў частыя контратакі. Ды бальшавіком удалося праламацца празь нямецкую абарону ў адрэзку Віцебска й Магілёва, перайсьці Дняпро ды ціснуць далей Немцаў у кірунку сталіцы Беларусі Менску.

У гэтым крытычным для Немцаў часе Беларуская Цэнтральная Рада, каб здабыць больш свабодаў і правоў ды падмацаваць свой аўтарытэт воляй беларускага народу, зьвярнулася да генэральнага камісара Беларусі фон Готбэрга з праектам скліканьня Усебеларускага Кангрэсу ў Менску. Меў ён быць выражэньнем волі народу ў будаўніцтве свае самастойнае дзяржавы ды адхіленьнем і ануляцыяй усякіх «легальных» падстаў маскоўскага імпэрыялізму на зьняволеньне Беларусі.

42
{"b":"640702","o":1}