Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Цяпер гэтая ідэя была Немцам прыемлівая. І генэральны камісар, з згодай Бэрліну й Гітлера, даў дазвол склікаць гэткі кангрэс 27 чэрвеня 1944 году.

Часу ня было шмат, бо бальшавікі прабіваліся ўсё глыбей і глыбей у кірунку на Менск. Праз кур'ера я атрымаў загад прэзыдэнта Астроўскага: на 27 чэрвеня прыслаць зь Вялейскай акругі на кангрэс 40 дэлегатаў, выбіраючы з паветаў і валасьцей знатнейшых Беларусаў розных заняткаў і рознага становішча. Адпаведны загад па акрузе я выдаў. Усе дэлегаты 26 чэрвеня мелі быць у Вялейцы, на вызначаным месцы, для супольнага ад'езду. Транспарт давалі Немцы. Да Вялейкі прыбылі аднак-жа ня ўсе дэлегаты. Некаторым зручней было ехаць адразу да Менску й там мы зь імі сустрэліся. Зьехалася ў Менску каля 1250 чалавек з усіх куткоў Беларусі, уключна зь Вільняй і Беластокам.

Зьезд-Кангрэс адбываўся ўрачыста ды пры належнай бясьпецы. Будынак менскага тэатру ўжо ад раньня быў абстаўлены беларускімі збройнымі сіламі, каб супроцьдзеіць усякай магчымай дывэрсіі. Сам будынак быў дакладна перагледжаны адмыслоўцамі ад узрыўных матар'ялаў. Пры ўваходзе беларуская служба бясьпекі спраўджала мандаты дэлегатаў ды пільнавала, каб ніхто ня меў з сабой зброі ці нейкіх пакункаў. Заля тэатру была ўдэкараваная беларускімі сьцягамі й вялізнай Пагоняй.

Сябры Беларускай Цэнтральнай Рады, з прэзыдэнтам Р. Астроўскім на чале, занялі правы задні балькон, упрыгожаны беларускімі сьцяжкамі ды зеленьню. На левым бальконе сядзелі прадстаўнікі генэральнага камісарыяту Беларусі — Фішэр, Сэп, Сівіца, зь ген. фон Готбэргам на чале. Рэшту залі ды бочныя бальконы запоўўнілі дэлегаты зьезду. На сцэне засела прэзыдыя кангрэсу пад старшынствам Я. Кіпеля.

Праграма й парадак былі дакладна падрыхтаваныя адмысловай камісіяй зьезду, былі вызначаныя нават і галоўныя прамоўцы. Сярод іх голас быў прызначаны й для «апазыцыі» да пануючага рэжыму, галоўна для крытыкі нямецкае палітыкі ў Беларусі. Адзін з паплечнікаў Р. Астроўскага сказаў мне, што я маю прамаўляць у справе беларускай замежнай палітыкі. Было гэта мне сказана коратка перад адкрыцьцём кангрэсу. Да такога выступу я ня быў падрыхтаваны, тымбольш у ўмовах нямецкай кантролі. Таму я запытаўся, што маю гаварыць. Мне радзілі сказаць аб тым, што ўсім кангрэсам мы павінны ануляваць усе варожыя для беларускага народу трактаты, пачынаючы ад Рыскага 1921 году, на які спасылаецца ўвесь час польскі эміграцыйны ўрад у сваіх прэтэнзіях на землі Заходняе Беларусі, ды канчаючы Тэгэранскім 1943 году тройкі Сталін, Рузвэльт і Чэрчыль, які перадае чырвонай Маскве ўсю Беларусь.

Далей я меў адзначыць тое, што мы, як прадстаўнікі беларускага народу, выражаем яго волю, выказаную на Першым Усебеларускім Кангрэсе 1917 году аб самастойнасьці Беларусі, што тады было ўкаранавана Актам 25 Сакавіка 1918 году. Я згадзіўся з прапановай арганізатараў зьезду, бо думкі былі талковыя, карысныя. Ведаў я таксама, што палажэньне на фронце не дазваляе на шырокую дыскусію, што зьезд павінен вырашыць толькі найбольш істотныя пытаньні нашага жыцьця й будучыні, і як найхутчэй, магчыма за адзін дзень. Дзеля гэтага й прэзыдэнтам кангрэсу выбраны быў Я. Кіпель, ведамы мянчук, былы дзеяч савецкіх прафсаюзаў, праз аклямацыю.

А восьмай гадзіне на трыбуну ўзышоў прэзыдэнт БЦР Р. Астроўскі, які адкрыў зьезд кароткай прамовай, у якой ён казаў:

— Вітаю вас, як прадстаўнікоў беларускага народу ў сталіцы Беларусі, што сабраліся для вырашэньня важных праблемаў будучыні нашага народу й бацькаўшчыны. Жадаю вам адначасна ад імя БЦР посьпехаў у вашай працы…

Цікава адцеміць тэкст прывітаньня генэральнага камісара Беларусі фон Готбэрга на гэтым кангрэсе:

«Вітаю гэтым Усебеларускі Кангрэс і веру, што беларускі народ будзе рашуча, супольна зь нямецкім народам, змагацца супроць бальшавіцкае небясьпекі й за вызваленьне Эўропы, і што ён узмацуе ды аддасьць на гэта ўсе свае сілы. Тады гэтае цяжкое змаганьне дасьць перамогу, якая й беларускаму народу прынясе шчасьлівую будучыню.

Фон Готбэрг,

Генэральны Камісар Беларусі».

З гэтага прывітаньня вынікае, што Немцы, падтрымоўваючы цяпер імкненьні Беларусаў да свабоды, хоць ішлі цяжкія баі на тэрыторыі Беларусі, яшчэ верылі, што ўсёж такі ім удасца спыніць бальшавіцкую навалу, калі не на тэрыторыі Беларусі, дык у сярэдняй Эўропе. А тады, на юрыдычнай аснове пастановаў кангрэсу, ужо ў перамовах аб супакоі, яны змогуць Беларусь ды Прыбалтыку мець як прыязныя сабе краіны. Цікава таксама, што камісар фон Готбэрг не гаварыў цяпер аб «Новай Эўропе», але аб «вызваленьні Эўропы ад бальшавіцкай небясьпекі»!

Цікава й дарэчы гаварыў прэзыдэнт кангрэсу Я. Кіпель, Ён казаў:

«Мы сабраліся на гэтым кангрэсе ў надзвычайна адказны гістарычны момант: на ўсім сьвеце ідзе вайна, вырашаецца лёс народаў на доўгія гады. Беларусь цяпер ніяк ня можа заставацца бязьдзейнай. Мы мусім самі ўзяцца за будаўніцтва свае будучыні.

Ад нашага імя дазваляюць сабе гаварыць крамлёўскія верхаводы ў суполцы з англа-амэрыканскімі магнатамі, што патакуюць маскоўскаму імпэрыялізму. Яны ўжо рыхтуюць шыбеніцы нашаму народу. На нашыя землі прэтэндуюць таксама польскія нацыяналісты, што падтрымоўваюцца ўсходня-заходняй хэўрай. І вось таму ў так важны час мы павінны голасна сказаць усяму сьвету: хто мы й чаго мы хочам!

Першы раз беларускі народ меў магчымасьць сабрацца тут у Менску, у гэтым будынку, дваццаць шэсьць гадоў таму назад. Гэта быў першы Ўсебеларускі Кангрэс. Ён выбраў Раду Кангрэсу, якая ў 1918 годзе, 25 сакавіка, вынесла свае агністыя пастановы аб лёсе Беларусі й беларускага народу. Гэтыя пастановы не спадабаліся бальшавіком, дык яны разагналі Першы наш Кангрэс, а пасьля на працягу дваццаці шасьцёх гадоў аблівалі яго пастановы ня толькі памыямі й гразёй, але й крывёй лепшых сыноў нашага народу… Аднак, сваімі подлымі ўчынкамі, бальшавікі ня здолелі зацьміць пастановаў Першага Ўсебеларускага Кангрэсу, бо яны зіхацяць аж па сёньня ды вабяць да сябе ўсё лепшае, што ёсьць у беларускім народзе…»

Было й шмат іншых прывітальных прамоваў: кап. Чабатарэвіча ад Беларускай Краёвай Абароны, М. Галька ад Саюзу Беларускай Моладзі, Л. Савёнка ад імя сялянаў і работнікаў, архіяпіскапа Філафея ад Беларускай Праваслаўнай Аўтакефальнай Царквы, а. П. Татарыновіча ад Беларусаў-каталікоў, ды іншыя. Ува ўсіх прамоўцаў гучэў моцна галоўны кліч:

«Няхай жыве Незалежная Беларусь!»

Галоўны даклад і на галоўную тэму — пра адхіленьне права чужынцам вырашаць аб лёсе беларускага народу й Беларусі, ануляваньне ўсіх няпрыгодных законаў, трактатаў, угодаў, накінутых беларускаму народу, — меў М. Шкялёнак. Ён шырока прадставіў самапраўства Палякаў у пасяганьні на Заходнюю Беларусь, якую яны захапілі ды замацавалі Рыскім трактатам з бальшавіцкай Расеяй 1921 году, ды ад якой не адказваюцца й сёньня, трубячы аб «легальнай» польскай граніцы на Ўсходзе згодна з названым разбойніцкім падзелам беларускай адроджанай дзяржавы БНР, якую абодва агрэсары зьнішчылі.

Пасьля гэтага дакладчык яскрава прадставіў маскоўскага чырвонага агрэсара, што ніколі не прызнаваў і не прызнае права на самавызначэньне паняволеных Масквой народаў, а права гэтае замяняе маной, подступам, хітрыкамі, сілай, тэрорам ды пакіданьнем сваёй бальшавіцкай крывавай дыктатуры. Цяпер гэтая-ж крывавая Масква выступае, у змове з сваімі заходнімі саюзьнікамі, як «гаспадар» Беларусі, як «апякун» беларускага народу. «Хто даў маскоўскім разбойнікам права быць панам жыцьця й сьмерці нашага народу?» — пытаўся дакладчык у дэлегатаў кангрэсу.

«Ці ня той гэта “праўны гаспадар”, які “дзеля дабра беларускага народу” загадаў сваім бальшавіцкім бандам разагнаць Першы Ўсебеларускі Кангрэс 1917 году, а ў 1920 годзе зьнішчыць беларускую незалежную дзяржаву БНР, створаную воляй усяго беларускага народу?

Ці гэта той самы “праўны гаспадар”, які ў 1921 годзе ў Рызе, супольна з польскімі агрэсарамі, для “дабра” таго-ж беларускага народу парэзаў цела сялянска-работніцкае Беларусі ды гандляваў яе тэрыторыяй як хацеў і зь кім хацеў?

Ці гэта ня той самы “праўны гаспадар”, які ізноў-жа “для дабра беларускага народу” закатаваў 1 800 000 найлепшых беларускіх сялян і работнікаў, зьнішчыў дзясяткі тысяч беларускае інтэлігенцыі, разбурыў беларускую гаспадарку, давёў край і народ да поўнай руіны й галечы?

Ці гэта ня той самы “гаспадар”, які разбурыў найкаштоўнёйшыя помнікі нашай слаўнай культуры, нашыя сьвятыні, атручваў душы нашых дзяцей сваёй бязбожнай бандыцкай маральлю, ізноў-жа для “дабра” беларускага народу?

Ці гэта ня той самы “гаспадар”, які пакрыў беларускі край засьценкамі НКВД, у падзямельлях якіх крывавіліся ў муках тысячы Беларусаў за імкненьне да свабоды й абарону чалавечых правоў і годнасьці?..

Хто й калі даў вам права выступаць ад імя беларускага народу перад сьветам — вам, ягоным забойцам?..»

43
{"b":"640702","o":1}