Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Хутка я выехаў на працу да Рэшы. Наняў 2 пакоі ў новым доме ды пры 30–40 градусах марозу жыў без апалу. У мяне замярзала малако, чарніла, я ня мог разьдзець у габінэце хворых і мусіў спаць надзеўшыся. Сухія дровы ляжалі ў суседнім лесе, але каб іх за грошы дастаць, трэба было мець пасьведчаньне нейкага «віршынінка»[6] ў Вільні, наняць падводу, заплаціць грошы лясьніку на мейсцы, усім па чарзе даць узяткі, і тады толькі дастанеш кубамэтр дроў. Быў гэта адзін з мэтадаў зьдзеку Летувісаў над адвечным мясцовым беларускім жыхарствам.

Спаткаў я тут і цікавых людзей. Суседні вось маёнтак Рушчыца перапоўнены польскімі вайсковымі ўцекачамі. Панатварылі яны тут сабе розныя пасады, як кіраўніка канюшні, кароўніка, сьвінарніка, плодазьменаў, прадукцыі корму й г. д., а фактычна займаліся, апроч распусты, вайсковымі справамі: зьбіралі ды перахоўвалі аружжа, праводзілі лекцыі на вайсковыя тэмы, слухалі лёнданскае радыё й шырока займаліся шаптанай прапагандай. Іх правадыром быў рэктар Духоўнай сэмінарыі ў Ломжы, кс. П. Правёў я зь ім шмат гутарак на вячорных пагулянках.

Чатыры ўрадоўцы пошты ды валасной управы былі прывезеныя з Жмудзі. Яны цэлымі днямі гулялі ў карты, пілі гарэлку, ды часта біліся міжсобку за падзел «банкавых» грошаў.

Калі Гітлер напаў на Польшчу, ён плянаваў, што як і ў Аўстрыі ды Чэхаславаччыне, шантажом, тэрорам ды маланкавым ударам за два тыдні зломе польскі супраціў, а тады, яшчэ перад зімой, пакуль Аліянты не падрыхтаваныя, піхне свае арміі на Францыю. Тымчасам Адольфу падвіхнулася нага: ягоныя арміі затрымаліся ў Польшчы больш двух месяцаў. Атакаваць Францыю зімой ня было як, давялося чакаць вясны 1940 году. Аліянты гэтым-жа часам правялі мабілізацыю, пераставілі індустрыю на патрэбы вайны, пасьпешна змабілізавалі ды перашколілі авіяцыйныя кадры, ды пастараліся ўсьведаміць сусьветную апінію пра нацыстоўскую небясьпеку й зьверствы.

Гэтак раскачалася Гітлерава «маланкавая» на шэсьць гадоў вайна, што двойчы крывавым валам перакацілася праз нашу бацькаўшчыну.

ЗАХОДНЯЯ БЕЛАРУСЬ ПЕРАД ДРУГОЙ СУСЬВЕТНАЙ ВАЙНОЙ

Перад самым выбухам Другой Сусьветнай вайны жыцьцё ў Заходняй Беларусі было пад цяжкім прэсам польскага нацыяналізму. Беларускі нацыянальны рух ледзь зіпаў пад няспыннымі прасьледамі польскіх паліцыйна-адміністрацыйных уладаў, што маніліся ў блізкай ужо будучыні на беларускіх землях вынішчыць усякую беларушчыну. Газэты й часопісы, беларускі друк, былі ў клешчах жорсткае цэнзуры. Калі наагул маглі выходзіць, дык з частымі вялікімі белымі плямамі. За гэтыя плямы трэба было пасьля ісьці пад суд адказным рэдактарам.

З часопісаў і газэт выходзілі: «Беларуская крыніца» (закрытая загадам уладаў колькі гадоў да вайны), «Беларускі фронт», «Шлях моладзі», «Хрысьціянская думка», «Калосьсе», «Беларускі летапіс», ды колькі іншых дробных публікацыяў. Беларускі рух тады выражаўся трыма кірункамі.

Незалежніцкі лагер складаўся з колькіх розных напрамкаў. Сюды ўваходзілі: Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя (БХД), коратка перад вайной пераназваная «Беларускім Народным Аб'еднаньнем», з установамі — Беларускі Інстытут Гаспадаркі й Культуры, кнігарня й выдавецтва «Пагоня», друкарня імя Ф. Скарыны, «Беларускі Каталіцкі Камітэт у Вільні», ды часопісамі «Беларуская крыніца», «Шлях моладзі», літаратурна-навуковы часопіс «Калосьсе», «Хрысьціянская думка», «Бюлетэнь бялорускі» (выдаваўся папольску). На чале гэтага табару стаяў айцец Адам Станкевіч.

Другім, больш радыкальным, незалежніцкім напрамкам быў «Беларускі фронт» зь месячнікам таго самага назову, які ваяўніча ставіўся й да бальшавіцкай дывэрсіі «народнага фронту» й да польскай санарыйна-эндацкай палітыкі, і да гітлерызму, ды арыентаваўся на палітычна-нацыяняльнае адраджэньне беларускага народу ў духу яго гістарычных традыцыяў. Да гэтае групы прымыкалі: частка інтэлігенцыі з БХД, зь Беларускага Студэнцкага Саюзу, Беларускага Навуковага Таварыства, частка беларускага духавенства. Правадыром гэтага кірунку быў айцец Вінцэсь Гадлеўскі.

На груньце незалежніцкіх ідэалаў стаялі й невялікія групы: Беларускіх нацыянал-сацыялістаў з ворганам «Новы шлях» (Акінчыц, Казлоўскі), Беларускіх эсэраў з ворганам «Золак» (Чарноцкі, Бусел, Аніська), і гэтак званая «лявіца» — рэшткі разгромленай Палякамі Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады, Таварыства Беларускае Школы, працаўнікі Беларускага Банку.

Другую групу тварылі гэтак званыя «комікі», сябры нелегальнае Камуністычнае Партыі Заходняе Беларусі (КПЗБ), падпольнага камсамолу ды іх сымпатыю, бальшавіцкія агенты, варожа настаўленыя да ідэі незалежнасьці Беларусі. Яны вялі падпольную дывэрсію супраць незалежніцкіх кірункаў. Гэтая група была моцна насычаная агентамі польскае выведкі зь віленскае ваяводзкае «двойкі» Панскага. Дайшло да таго, што агент выведкі Стральчук быў «інспэктарам» КПЗБ (ранены Прыпяцкім у часе судовага працэсу ў Вільні). Калі пазьней Заходнюю Беларусь занялі бальшавікі, усе сябры КПЗБ і камсамолу былі на чорным сьпіску галоўнага пракурора СССР, падлягалі арышту й сьледзтву.

Трэцюю групу, вельмі малую, тварылі г. зв. «палянафілы», што з польскай інсьпірацыі спрабавалі тварыць фронт палітычнага супрацоўніцтва з польскімі ўладамі. Сюды прымыкаў Радаслаў Астроўскі, часткова А. Луцкевіч. На пачатку 1930-х гадоў была створаная пры Віленскім унівэрсытэце ды ўтрымліваная субсыдыямі з «двойкі» Ясінскага й карпарацыя «Скарынія», якая мела ахапіць беларускіх студэнтаў палянафільскага кірунку. Ды пасьля колькіх гадоў «Скарынія» развалілася.

Хутка й Радаслаў Астроўскі апынуўся ў няласцы Палякоў, ды ў другой палове 1930-х гадоў быў зь Вільні пераведзены да настаўніцкае працы на польскія землі ў места Лодзь. Ды й як магло разьвівацца сярод Беларусаў палянафільства, калі польскі ўрад цынічна прарочыў, што за 50 гадоў на тэрыторыі польскае Рэчыпаспалітае ня будзе й сьледу нейкае беларушчыны і для гэтага ваяводы віленскі, наваградзкі, палескі ды беластоцкі глумілі найменшыя праявы беларускай культурна-нацыянальнай дзейнасьці сярод народу?

БАЛЬШАВІКІ Ў ВІЛЬНІ

Паміж 17 ды 25 верасьнем 1939 году бальшавікі, згодна з сваёй дамоўленасьцю зь Гітлерам, занялі землі Заходняе Беларусі. У дамове бальшавікоў з нацыстамі было сказана, што Немцы забяруць Польшчу па Віслу. Саветы-ж акупуюць тэрыторыю на ўсход ад Віслы. Вось таму, калі Немцы былі ўжо даўно пад Варшавай, ды ўжо набліжаліся й да Львова. 17 верасьня Сталін даў загад убіць нож у сьпіну адступаючым польскім войскам.

Пакуль савецкая «тэхніка» разгарнулася, Немцы перайшлі дамоўленую лінію падзелу польскай дзяржавы ды накінулі бальшавіком другую лінію падзелу — па рацэ Буг. Вось гэтак дайшло да «вызваленьня» Масквою земляў Заходняй Беларусі ды Заходняй Украіны. Чырвонай Маскве гэтае «вызваленьне» абышлося бяз большых стратаў. На беларускай тэрыторыі былі толькі невялікія баі ў раёне Горадні ды Вільні з польскімі вайсковымі групамі, што намагаліся адыйсьці ў Летуву.

Беларускае жыхарства прыняло бальшавіцкае «вызваленьне» насцярожана. Шырока была ведамая жорсткая расправа Масквы з усім беларускім нацыянальна-культурным актывам, што ад гадоў дзесяці праводзілася ў БССР, расправа над былымі пасламі Грамады й клюбу Змаганьня. Даходзілі чуткі й пра масавы партыйны тэрор над сялянствам, пра масавыя арышты, ссылкі ў канцэнтрацыйныя лягеры, расстрэлы беларускіх пісьменьнікаў, навукоўцаў, настаўнікаў, беларускае інтэлігенцыі наагул.

Ды Беларусы Заходняе Беларусі хоць і ведалі, што й ад новага пана цяжка спадзявацца нечага лепшага, не тварылі нейкіх антыбальшавіцкіх асяродкаў супраціву. За 20 гадоў у прыску польскае шавіністычнае палітыкі й нацыянальнага прасьледу, яны былі моцна аслабленыя. Бальшавікоў не сустракалі з кветкамі, але зь цікавасьцю мацалі іх прымітыўную сьмярдзючую вопратку, глядзелі на іх зьбяднелыя твары, на іх вайсковыя харчы з сушанай рыбы «облы», на брэзэнтовы, жалю годны, абутак. Наглядна можна было бачыць праўду народнае пагаворкі: «Відаць пана па халявах».

вернуться

6

Начальніка (летув.)

5
{"b":"640702","o":1}