Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Аднойчы ў красавіку прывозе паліцыя ў шпіталь дужэзнага Расейца, гадоў пад 30, з параненай левай нагой. Пасьля нарадаў, др. Наумік ампутаваў нагу ніжэй калена. Быў гэта савецкі партызан Сьмірноў, які быццам знаходзіўся ў нямецкай выведцы. Вёў ён сябе вельмі акуратна, і калі нага загаілася, ды дастаў пратэзу, дык выказаў ахвоту працаваць у шпіталі прыдзьверным. Ягоную просьбу мы споўнілі.

Гэтым-жа часам мы заўважылі, што на хірургічным аддзеле пачалі гінуць розныя лекі, перш за ўсё марфіна й какаіна. Падазрэньне пала на малодшую сястру, саветку С. Узялі яе на абсэрвацыю, ці яна часам не какаіністка. Раз, калі ішоў я на дзяжурства, заўважыў, як Сьмірноў выносіў у посьцілцы вязку адзежы. Мне здавалася, што ён адсылае бялізну ў пральню. А чаму чорным ходам, гэтым я нейк не зацікавіўся. Пасьля на змроку сястра С. плакала перада мной і расказвала аб сваёй горкай долі. Я даваў ёй парады, падбадзёрваў на духу. У часе нашае гутаркі, яна, папрасіўшы мяне пачакаць, выйшла нібы да хворых.

Вярнуўшыся, ізноў плакала нясунімна, прасіла ў мяне нейкай апекі для маткі й сястры малодшай, ды ў канцы запыталася:

— А што Немцы зрабілі-б з маёй маткай і сястрой, калі-б я была ў партызанах?

Я быў зьдзіўлены гэткім пытаньнем, але адказаў спакойна:

— Немцы не бальшавікі, яны сям'і за зьбеглага не чапаюць. Але скуль у вас гэткае недарэчнае пытаньне: вы былі камсамолкай, працавалі ў акупаванай Немцамі зоне. У выпадку чаго камуністы й так вам не даруюць. Нам усім дарога толькі на захад.

Сястра С. залілася сьлязьмі.

— Ах, як трудна мне! Дайце мне вады!

Я падаў вады. Сястра С. устала, абцерла сьлёзы, і кажа:

— Дасьвіданіе, доктар!.. Я буду на хірургічэскім… — і хутка выйшла.

Я падумаў, што нешчасьлівую дзяўчыну нагаворваюць ісьці ў партызаны. Хутка пачало цямнець. Тры жанчыны, што наведвалі хворых, не маглі знайсьці сваіх хутраў. Прыдзьвернага-ж Сьмірнова ня было й повіду: уцёк, падлюга, зь сястрой С. у партызаны, захапіўшы тры хутры ды скрутак бруднае шпітальнае бялізны. Тады мы толькі зьмяркавалі, хто й чаму выкрадаў нашыя лекі.

У гэты самы вечар другая сястра, родам зь Ленінграду проста мяне спыталася:

— Вы, дорогой доктар, прыслалі меня сюда. Теперь посоветуйте, что делать: наговарывают в партізаны, а ў меня двое маленькіх детей?

Яна засталася ў шпіталі да канца, таксама як і наш канюх Валодзя, які яшчэ ў 1942 годзе ўцёк з партызанаў.

У Мэдычнай Школе быў загадчык гаспадаркай Б. Вось у красавіку ён раптам зьнік аж на два тыдні. У гэтым-жа часе прапала з канцылярыі пішучая машынка. У школе пачаліся непаладкі: дровы ня прывезеныя, клязэты не ачышчаныя, панадворак засьмечаны, а яго няма. Урэшце прыходзіць, абсіверыўшы.

— Дзе быў? — пытаюся.

— У гасьцёх, спадар доктар, ды крыху прастудзіўся, кашляў…

— Каб гэта было апошні раз, што без дазволу пакідаеце працу! — сказаў я станоўча.

— Добра, спадар доктар, але й жонка мая хворая, ляжыць у ложку. Можа будзеце ласкавы наведаць яе?

— Добра, толькі хутка бярыцеся за працу.

Вечарам наведаў жонку. Была лёгка хворая, і магла-б прыйсьці на агледзіны й у шпіталь. Я яшчэ ня скончыў пісаць рэцэпту, як на стале зьявілася выпіўка й закуска. Я прынцыпова ніколі не сядаў за стол у хворых, ды гэты тып пачаў мяне цікавіць, бо й вучні мне даносілі, што ён лішне цікавіцца ўсім, што дзеіцца ў школе на лекцыях. На вечарынках-жа й акадэміях дык ён заўсёды першы.

— Сядайце, сядайце, спадар доктар! Вось вып'ем ды закусім квашанінкай.

Мы селі, пасілкаваліся.

— Ведаеце, спадар доктар, вас усе людзі любяць. Вы інакшы, як Русак і Сабалеўскі, вы так бароніце моладзь перад Немцамі. Баўдзей і Русак адаслалі сваіх жонак у Польшчу, але вы сваёй не адаслалі. Вам няма чаго баяцца, і адступаць ня трэба. Мы вас абаронім.

Я зірнуў на яго з усьмешкай ды кажу:

— Ніхто мяне не ўгаворыць заставацца ды гібнуць у бальшавікоў. Калі прыйдзецца адступаць, дык вы, застаўшыся, не абароніце й самі сябе.

— О, не, мы ўсе будзем трымаць адзін за аднаго.

— Перастань ты, Раман, — адазвалася жонка, — хто там будзе адступаць!

— Усяк бывае… Бывайце здаровыя!

— Бывайце й не наракайце, спадар доктар, што вас турбавалі.

Я лёгка мог пацягнуць гэтага наіўнага палітагента за язык, ды запытацца, куды ён хадзіў, як прапала наша пішучая машынка, чаму запаліўся склад дроваў у яго суседзтве, і г. д. Ды на што было мне яго чапаць: хай будзе, якім ёсьць, а яго й так «ашчадзяць» самі маскоўскія камуністы. Пару тыдняў пазьней мой субяседнік, ды й яшчэ колькі, пайшлі ў партызаны.

У Слоніме Немцы з самага пачатку вялі сябе вельмі напышліва, горда, яны азьвярэла кідаліся як супроць партызанаў, так і супроць нашых сялянаў ды інтэлігенцыі. Таму пасьля нямецкай паразы пад Сталінградам, на Ўкраіне й на Крыме, там 75 % беларускай інтэлігенцыі пайшло зь сем'ямі ў партызанскую зону.

Мелі мы таксама й ахвяры. Пасьля калядных канікулаў 17-ці гадовы малец Р. не вярнуўся ў школу. Нас паведамілі, што яго сілком забралі ў партызаны. За пару тыдняў ён аднак-жа зьявіўся. Усе ўсьцешыліся, бо быў прыкладным вучнем ды бойкім на сцэне танцорам. На Вялікдзень ён паехаў да хаты. Там бандыты яго ізноў злавілі ды на сваім панадворку, перад бацькамі, расстралялі. Усе дзеці плакалі, калі мы ў яго гонар зладзілі жалобную акадэмію. Пухам хай будзе родная зямля для гэтай нявіннай ахвяры азьвярэлых катаў.

А БЕЛАРУСКАЯ ПРАЦА ІДЗЕ

Сёньня мо гэта й выглядае на парадокс: Немцам ня служыць шчасьце на ўсіх франтах, на землях Беларусі нарастае, Немцамі выкліканая, а бальшавікамі сарганізаваная й кіраваная партызанка, а гэтым самым часам беларуская нацыянальная праца разьвіваецца. Калі хто, дык якраз беларускія патрыёты добра выкарысталі цяжкое палажэньне Нямеччыны не каб біць па нямецкіх тылох, што рабіла савецкая дывэрсія, але каб мацаваць свае рады, каб выхапіць ад Немцаў большыя нацыянальна-культурныя, адміністрацыйныя, вайсковыя, палітычныя, а нават і дзяржаўныя канцэсіі.

Мы тады добра разумелі, што ў дадзеных гістарычных абставінах адкрыты супраціў новаму акупанту не прынясе ніякіх здабыткаў, але яшчэ большыя для народу страты, давядзе да вынішчэньня й тае нацыянальнае інтэлігенцыі, што яшчэ засталася пасьля масавых бальшавіцкіх арыштаў, дэпартацыяў, расстрэлаў. Толькі праз нашае ўмацаваньне можна было спадзявацца, што будзе магчымасьць змусіць да тых ці іншых уступак нашых старых ворагаў, бальшавікоў ды Палякаў і тады, калі Нямеччына падзе. Мы лічылі, што й Аліянты могуць нас падтрымаць толькі тады, калі мы самі будзем лепш падрыхтаваныя да самастойнага жыцьця.

І вось, у цяжкім для Немцаў 1943 годзе зь нявіннай Беларускай Самааховы вырасьлі моцныя парасткі дзяржаўніцкай пабудовы. Паўсталі Паліцыйныя й вайсковыя Афіцэрскія й Падафіцэрскія Школы, заснаваліся батальёны Беларускай Самааховы — пачаткі беларускай нацыянальнай арміі. Адміністрацыя, школьніцтва й судаўніцтва, як правіла, было ў беларускіх руках. Пры нямецкіх кантрольных ворганах пастаўленыя былі беларускія «мужы даверу». Добра разьвіваўся Саюз Беларускае Моладзі (СБМ), у радох якога былі тысячы юнакоў і юначак зь інструктарскай школай у Альбэртыне. Была апавешчаная аўтакефалія Беларускай Праваслаўнай Царквы, а Каталіцкі Касьцёл быў змушаны да беларусізацыі. Немцы спынілі хапанні моладзі ды вываз яе зь Беларусі, былі змушаныя даць магчымасьці для разьвіцьця беларускай культуры й асьветы ў масавых Дамох Культуры, у арганізацыі прафэсійных тэатраў, хораў, аркестраў. Дзейным было ўжо Беларускае Навуковае Таварыства, праводзілася аграрная рэформа, мацавалася Ахова Здароўя.

У гэтай нацыянальнай працы Баранавіцкая акруга была бадай у першых радох. Таму тут і былі найменшыя й гаспадарчыя, і людзкія страты. Нават пасьля канчатковай паразы Нямеччыны бальшавікі ў сваіх дутых лікавых паказьніках матэрыяльных і людзкіх стратаў Беларусі, у Баранавіцкай акрузе не знайшлі нічога годнага ўвагі для свае прапаганды.

Тут, у месьце Баранавічах, як і ўва ўсёй акрузе, пасьпяхова праводзілася нацыянальная праца ўва ўсіх дзялянках грамадзкага жыцьця, не зважаючы на нясупынныя атакі варожага падпольля ды розныя перашкоды з боку Немцаў. І гэтае падпольле ў жаху трымалі найперш беларускія збройныя сілы: паліцыя, самаахова, аддзелы СС, служба бясьпекі.

28
{"b":"640702","o":1}