Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

На галоўным пляцы места выстраілася тымчасам войска БКА для агляду. Туды мы й падаліся з прэзыдэнтам. Немцы-ж пайшлі дамоў, абяцалі быць на праектаванай канфэрэнцыі. Прэзыдэнт Астроўскі коратка, але горача, прамовіў да жаўнераў, пахваліў іхнюю спраўнасьць, абяцаў усё магчымае, каб аблегчыць ім жыцьцё й каб нашая справа перамагла.

Пасьля перагляду войска, усе прадстаўнікі ўлады, разам з прэзыдэнтам, узяўшы вайсковы канвой, паехалі да Жаўткоў. Прэзыдэнт хацеў паглядзець тамашні батальён БКА ды падзякаваць жаўнерам за іхнюю баёвую стойкасьць. Пагода была паганая: была слота, падаў, пры моцным ветры, сьнег з дажджом. У Жаўткох, перад будынкам кватэры БКА, ужо чакалі жаўнеры. Прэзыдэнт узышоў на трыбуну, гаварыў ад сэрца, прыгожа й палка, але даўгавата, і пры гэткім надвор'і жаўнеры сталі мерзнуць. Закончылася ўсё агульнай інспэкцыяй жаўткоўскага гарнізону, і пад вечар вярнуліся мы, з сваёй аховай пад камандай кап. Вэнцэля, да Вялейкі.

Калі мы ўвайшлі ў намесьніцтва, я ня верыў сваім вачам: на састаўленых двух вялікіх сталох ляжала мяса, сала, сыры, рыба, селядцы, сырая капуста ды іншая еміна, і стаялі бутэлькі з каньяком. Гэта Гравэ, у дамове з гэбітскамісарам, падрыхтавалі так канфэрэнцыю з прэзыдэнтам БЦР. Найшло гасьцей, што цяжка было іх і пасадзіць. Ад Немцаў былі гэбітскамісар, кіраўнік СД Гравэ, ягоны заступнік Дуклявэ, заступнік гэбітскамісара Руткоўскі, кіраўнік прапаганды Мантольд. З нашага боку — прэзыдэнт Астроўскі, я, Бабіч, Шмацін, Місюль, Чалоўскі, Скабей. З крымінальнай паліцыі — Перамыкін і Кажан.

Я, як намесьнік БЦР, ці бо прадстаўнік мясцовае беларускае ўлады ў акрузе, прывітаў прэзыдэнта й усіх прысутных. Пасьля гэтага пачаліся застольныя гутаркі. Былі й прамовы, і з боку Немцаў, і нашага. Кіраўнік СД Гравэ абяцаў узмацняць усімі сіламі справу тварэньня беларускага войска, паліцыі, ды іншых рэсурсаў для змаганьня з бандамі. Пры гэтым прызнаваўся ён і да свае віны ў некаторых «памылках» у дачыненьні да Беларусаў, называючы прозьвішчы Калодкі ды Родзевіча. Скончыўшы прамову, ён перапрасіў усіх за тое, што мусіць разьвітацца, паклікаўся на свае абавязкі.

Гэбітскамісар расхвальваў мяне перад прэзыдэнтам гэтак, што аж мне было непрыемна. На заканчэньне прамовіў прэзыдэнт Астроўскі. Ён падзякаваў Немцам за супрацоўніцтва, прасіў далей дапамагаць ды належна забясьпечыць нашае войска ў зброю, абмундзіроўку, абсталяванне. Беларусаў заклікаў да ўпорыстых наступаў пры будаўніцтве свае дзяржаўнае адміністрацыі, бясьпекі ды палепшаньня народнага дабрабыту. Перад захадам сонца канфэрэнцыя скончылася й прэзыдэнт адляцеў да Менску.

7 чэрвеня 1944 году Вялейку адведаў галоўнакамандуючы БКА пал. Ф. Кушаль. Я даў яму кароткі агляд стану нашых сілаў у акрузе, пасьля гэтага камандзір Шмацін з заступнікам Бабінам абвялі яго па ўсіх ротах БКА ў Вялейцы ды паказалі Падафіцэрскую Школу. Наведаў ён і батальён у Жаўткох. Вярнуўся вечарам у намесьніцтва вельмі стомлены. Я наварыў бульбы, знайшліся скваркі ды іншае. Мы сядзім, талкуем.

Палкоўнік Кушаль апавядаў, як праходзіла жудасная нямецкая апэрацыя «Котбус», як Немцы, з аддзеламі Жамойцаў, Латышоў, Украінцаў, палілі вёскі, вынішчалі беларускае жыхарства, ды ў сваіх «бэрыхтах» падавалі гэта як «перамогу» над партызанамі. Партызаны-ж, тымчасам, мала дзе пацярпелі. Цяпер, калі паўстала БЦР ды БКА, нямецкія дачыненьні да народу паправіліся. Ды гэта ўжо запозна, бо яны пазаганялі людзей у партызаны. А ў Нармандыі ўжо высадзіліся Аліянты ды адкрылі другі фронт.

Я з свайго боку апавядаў «анэкдоты», як «пазычыў» у зондэрфюрэра 20 тонаў бульбы для БКА, і як нашыя жаўнеры ўкралі зь нямецкага складу палявую мадэрную кухню, ды рознае іншае.

Назаўтра раніцай сьнеданьне ізноў «бульбянае». Гэтым разам высокаму госьцю я падаў да бульбы кіслае малако. Госьць паспрабаваў і кажа:

— Ведаеце, спадар намесьнік, вы далі мне сьмятану!

— Не, не, спадар палкоўнік! — кажу, — гэта ў нас такое малако!

— Вы будзеце пашкадаваныя, бо гэта сапраўдная сьмятана. Ды я ўжо больш не магу… А дзе вашая жонка? — пытаецца ён мяне. — Гаспадыні лепш разьбіраюцца ў кулінарных справах!

— Жонка паехала да сваіх, — кажу, і паглядзеў у шафку, а там збанок зь кіслым малаком някрануты! Дык я пераблытаў збанкі ды выхваляў Вялейскае кіслае малако!

— А што! Я-ж вам казаў, што гэта была сьмятана! — сьмяяўся палкоўнік Кушаль, рагаталі мы абодва.

Ад'язджаючы да Менску, пал. Кушаль хваліў мяне за добры парадак у БКА, за дысцыпліну й патрыятычны настрой у аддзелах. Пад шум гэткіх наведзінаў патрыятычны ўздым бясспрэчна мацнеў.

Але быў і кашмар. Стаіць мне ў вачох апавяданьне настаўніка Русецкага зь вёскі Дораў, які, дзесьці ў канцы 1943 году, вырваўся там з запраўднага пекла, калі Немцы з украінскімі аддзеламі акружылі вёску, што знаходзілася ў лесе, і таму да яе часта заглядалі партызаны, ды сталі зганяць людзей у мясцовы драўляны касьцёл.

Зондэрфюрэр, які калісьці жыў у хаце настаўніка Русецкага, сказаў яму, каб ён зараз-жа ўцякаў з жонкай і дзіцём зь вёскі, бо будзе бяда. Русецкі, схапіўшы дзіцё, бяз духу дабег з жонкай да лесу, і там яны прыляглі, каб аддыхацца. Яны чулі страшныя крыкі, енкі й стрэлы, а пасьля бачылі, як касьцёл, пры моцных выбухах гранатаў, ахутаўся дымам і агнём. Шмат людзей бегла ў лес, сярод іх дзеці. Па іх стралялі, гналіся на конях, дабівалі. Русецкі й ягоная жонка зь пярэпалаху дасталі нэрвіцы сэрца.

І ці-ж мала было гэткіх дантэйскіх сцэнаў? І ці яны больш не паўторацца?

ВІЗЫТАЦЫЯ Ў МАЛАДЭЧНЕ

Напачатку красавіка 1944 году паехаў я да Маладэчна, каб у гэтым павеце правесьці школьную інспекцыю. Ехаў пад аховай беларускай паліцыі ды ў асысьце акруговага школьнага інспэктара Сыракваса й школьнага камісара Шульца. Падарожжа адбылося бяз прыгодаў. Усюды нас сустракалі беларускія настаўнікі й мясцовыя патрыёты. Мы ўсюды дадавалі ім бадзёрасьці.

І ў Беларускай Гімназіі ў Маладэчне я прамовіў у падбадзёрваючым тоне, асьцерагаючы адначасна ад палітычных ды нацыянальных адступнікаў. Рэакцыя была вельмі здаровая, моладзь крычала «Брава! Брава!» Відаць было, што яна інстынктам разумее свой нацыянальны абавязак у трывожную пару гісторыі. Б. Кіт, дырэктар гімназіі, падзякаваў мне шчыра за гарачыя словы, а за ім дзякавалі вучань і вучаніца.

Пасьля перапынку мы пайшлі ў народны дом. Там адбывалася якраз зборка мясцовых паэтаў і пісьменьнікаў. Прысутных было каля трыццаці асобаў. Чыталіся празаічныя й вершаваныя творы. Творы некаторых ужо друкаваліся, іншыя ставілі яшчэ толькі першыя крокі ў дарозе на «Парнас». Тэмы — патрыятычныя, любоўныя. Адзін паэта чытаў урыўкі з паэмы пра Вітаўта Вялікага. Ніколі не спадзяваўся, што ў Маладэчне знайду аж гэткі вялікі беларускі літаратурны гурток. Аказалася праўда што калісьці пісаў Максім Танк: «Паэтаў у нас, як каласоў на нівах!»

Перад ад'ездам гутарыў з прадстаўнікамі беларускай паліцыі. Былі гэта выхадцы зь сялян і работнікаў, гадунцы А. Калодкі. Хоць ён сам пацярпеў ад нашых ворагаў, але здолеў стварыць патрыятычныя паліцыйныя кадры. Успаміналі яго зь вялікай пашанай і жалем, што сярод іх больш яго няма. Яны заяўлялі, што ня зыйдуць з фронту нацыянальнага змаганьня з ворагамі за свабоду народу. Было радасна на душы, назіраючы, як хутка й глыбока вызвольнымі сокамі насякае наш маладняк.

Калі пачало сутунець, нашая кавалькада павярнула да Вялейкі, у сталіцу акругі, перасякаючы 20-ці кілямэтравы лес, што цягнецца між Маладэчнам ды Вялейкай. Трымалі мы зброю напагатове, але ніхто ня стрывожыў нашага павароту.

Неўзабаве ў Вялейцы я візытаваў міравы суд. Старшынём суду быў магістар права Часлаў Найдзюк, ягоным-жа заступнікам Мікола Кунцэвіч. Праца праводзілася нармальна, паседжаньні суду адбываліся двойчы ў тыдзень. Уся канцылярыя вялася на беларускай мове. Настрой — бадзёры.

— Як-жа-ж у вас справы? — пытаюся старшыню суду Ч. Найдзюка.

— Не занадта добра, — адказвае. — Слаба арганізаваная выканаўчая ўлада. У судовыя справы часта ўмешваюцца, з пазыцыяў акупацыі, розныя зондэрфюрэры, ды за подкуп — сала, золата, — паралізуюць выкананьне прысуду. У некаторых выпадках справы карэктуюцца ў гэбітскамісарыяце, у іншых — засуджаны ўцякае ў лес…

38
{"b":"640702","o":1}