Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Немцы былі здзіўлёныя масавай яўкай змабілізаваных. Былі й бальшавіцкія правакацыі. Так, з адной вёскі ў партызанскім валоданьні зьявіўся толькі гарбаценькі чалавек, пасланы відавочна з насьмешкай на нашую вайсковую акцыю й для шпіянажу. З суседніх вёсак камісіі данясьлі, што «гарбаценькі» — агент партызанскіх бандаў. Яго затрымалі ды выслалі ў Нямеччыну на працу.

Мабілізацыя трывала тры дні й набрала ў Вялейскай акрузе каля 15 000 чалавек, а па ўсёй Галоўнай Акрузе Беларусі каля 100 000. У самой Вялейцы было згрупавана каля 6000. Усе падрыхтаваныя будынкі былі перапоўненыя. Бурмістр Чалоўскі біўся як рыба аб лёд, каб даць жаўнерам харч, пасьцель, абутак. На ўзбраеньне Немцы далі толькі 7 кулямётаў, 1200 старых італьянскіх, аўстрыйскіх і савецкіх стрэльбаў, ды колькі аўтаматаў. Амуніцыя выдзялялася дзясяткамі на чалавека; далі й колькі гранатаў. Ня было, зразумела, ніякіх танкаў, панцырнікаў, артылерыі, самалётаў.

Што ў гэткіх умовах маглі рабіць змабілізаваныя жаўнеры? Немцы назіралі змабілізаваных ды маўчалі. Ды з аружжам і ім самым было ўжо крута. Аж да свайго адыходу Немцы не адважыліся даць беларускаму войску поўнага ўзбраення, вайсковага аснашчэньня, ды нават і не скарыстоўвалі яго ў шырэйшым маштабе. Тармазіла іх відавочна ўсё яшчэ нацыская ідэя, што Немцы не павінны дзяліцца з падбітымі народамі ні аружжам, ні перамогай. Трэба думаць, што яны таксама не давяралі, падазравалі, што мы хінёмся ў бок Аліянтаў.

Войска змабілізаванае, няма зброі, ваеннага рыштунку, абмкндзіроўкі, абутку, толькі харчы. А тут яшчэ цімала розных асаблівых выпадкаў. Вось, прыкладам, змабілізаваны брат, а ў сям'і сястра псыхічна хворая, ня мае апекі. У гэткіх выпадках Немцы псыхічна хворых стралялі. Што рабіць? Загадаў прывесьці гэту сястру на мэдыцынскі агляд. Тры дні пазьней зьявіўся да мяне той дзяцюк зь недаразьвітай сястрой і солтысам. Паглядзеў я на дзяўчыну, пагутарыў зь ёю. Аказалася, што яна толькі прыдуркаватая, ня здольная кіраваць гаспадаркай. Прыйшлося брата адпусьціць з БКА.

Мелі мы клопаты й з чужаземцамі. Змабілізаваны быў адзін афіцэр Украінец, які паводля закону ня меў абавязку вайсковае службы. Ды ён сам хацеў быць у нашых збройных сілах, дык ці магчыма было яму адмовіць? Іншы, афіцэр Маеўскі, аказаўся Палякам, яго, згодна зь інструкцыяй, я звольніў. БКА ня мела права прыймаць у свае рады грамадзян іншых нацыянальнасьцяў. Змабілізаваныя радавыя Палякі адсылаліся ў існуючыя ўжо пад нямецкім кіраўніцтвам польскія аддзелы. Гэтак польскі аддзел, што быў пад камандай фон Розэна, з 35 чалавек узрос да 60-ці. Каля Крывічоў стаяла таксама летувіская рота. Дачыненьні з гэтымі й нашымі аддзеламі, за выняткам Жодзішак, былі прыязныя.

Зьявіліся да мяне й два савецкія афіцэры, Расейцы, маёр Юшын ды паручнік Махеймов. Справа выглядала гэтак: Перамыты, кіраўнік крымінальнай паліцыі, прадставіў нам двух савецкіх вайскавікоў. Адзін, малодшы, выглядаў на эўрапэйца, другі-ж — на азіята-Кіргіза. Зь ягонай паходкі й выгляду адчувалася энкавэдыская выпраўка. Перамыты, які прывёў да мяне гэтых тыпаў, казаў:

— Наместнік, это вам рыба! Я прівел вам большіх асобых военных спеціалістов с саветской арміі…

Саветчыкі павайсковаму засалютавалі ды прадставіліся. Падаўшы ім руку, я папрасіў іх сесьці. Гутарка ішла вёртка, мы жартавалі на ўсе лады. Выявілася, што гэта былі людзі адукаваныя, культурныя. Разьвітваючыся зь імі я абяцаў даць адказ за два-тры дні.

У міжчасе была нарада зь беларускімі прадстаўнікамі, як паступаць з савецкімі вайскавікамі, якія могуць быць і добрымі, і агентамі. На нарадзе былі галасы, што гэта радыёнаўскія шпіёны, хоць яны й адракаюцца ад бальшавізму.

Калі пра гэта пазьней даведаўся Перамыты, ён гарлапаніў:

— Віш, как Белорусы преследуют всякііх православных русскіх, даже спеціалістов не берут к себе!

Мабілізацыю мы правялі адно ў 6 раёнах. У трох іншых, дзеля розных прычынаў, не праводзілі. Раён Жодзішкі намінальна належыў да Галоўнага Камісарыяту Беларусі. Аднак пасьля нападу на Жодзішкі польскіх збройных аддзелаў ды расправы над мясцовай адміністрацыяй і паліцыяй, Немцы паставілі там летувіскую роту ды далучылі гэты раён, разам з раёнамі Ашмяны ды Сьвір, да Камісарыяту Летувы.

У раёне Мядзела мы не праводзілі мабілізацыі, бо гэты раён, багаты ў лясы й балоты, меў засільле савецкіх бандаў, і гэта тварыла небясьпеку для сем'яў змабілізаваных. Само Мядзела было абведзенае, як цьвярдыня, баявымі бункярамі. Ахоўвала яго 200 Немцаў і 250 чалавек беларускай самааховы.

У Валожыне таксама не праводзілася мабілізацыя на просьбу Ю. Мурашкі, які быў там раённым начальнікам. Справа прадстаўлялася гэтак, што пад канец мабілізацыі да мяне ў намесьніцтва зьявіўся Мурашка ды казаў:

— Я не праводзіў у сябе мабілізацыі, і думаю, што няма патрэбы. У мяне ад паўтара году пад аружжам 250 чалавек Самааховы. Няма афіцэраў, зброі й адзежы. — З гэтым я згадзіўся ды выслаў рапарт у вайсковы аддзел БЦР у Менск.

Агулам у Вялейскай акрузе было змабілізавала каля 15 000 жаўнераў. Аднак Немцы далі зброю толькі на тры тысячы чалавек. Таму рэшту давялося звольніць да часу новых загадаў.

Не зважаючы на недахоп зброі, вайсковага выснашчэньня, памяшканьняў, настрой у беларускім войску быў бадзёры, патрыятычны. Была вера, што калі народ будзе мець сваё войска, дык здабудзе й сваю дзяржаву. Вось таму падрыхтоўка да складаньня прысягі 25 Сакавіка ішла асабліва напружана.

ПРЫСЯГА БКА

Надыходзіў дзень 25 сакавіка 1944 году, 26-я ўгодкі абвешчаньня незалежнасьці Беларусі. На гэты тэрмін БКА мела скласьці жаўнерскую прысягу на вернасьць свайму народу. У аддзеле БКА кіпела падрыхтоўчая праца, рыхтавалася й адміністрацыя, школа, моладзь. Гэта-ж першы раз у гісторыі 25 Сакавіка, угодкі Беларускае Народнае Рэспублікі, мае быць адсьвяткаваны ў дзяржаўным размаху па ўсёй Беларусі, з нацыянальнымі сьцягамі, аркестрамі, дэманстрацыямі, масавымі мітынгамі, дэфілядамі. А тут яшчэ ўдзел беларускага войска, БКА, ды яго ўрачыстая прысяга.

У гэты дзень Вялейка прыбралася як красуня ў беларускія сьцягі. Натоўпы народу абляглі беларускія сьвятыні. У абедзьвюх праваслаўных цэрквах адпраўляецца сьвятая літургія за беларускі народ. Стаяць рады жаўнераў, моладзі СБМ, школьная моладзь, ціснуцца людзі. Гучаць беларускія казані, настрой узвышаны, патрыятычны, як ніколі. Поўны народам і каталіцкі касьцёл, і там адпраўляецца ўрачыстая імша за Беларусь.

А 12 гадзіне ў мясцовым парку пачынаецца другі пункт праграмы. Тут мае быць ПРЫСЯГА БКА. Па адным баку парку стаяць калёны БКА, па другім — школьная моладзь усіх мясцовых школаў, СБМ — дружыны юнакоў і юначак пад камандай акруговага кіраўніка Сеньніка. Пасярэдзіне — аркестра, навокала — масы народу.

І вось на сярэдзіну чатыракутніка выходзяць прадстаўнікі ўладаў: гэбітскамісар і я, як намесьнік БЦР, за намі Гравэ й мой заступнік Бабіч, і гэтак далей парамі — адзін Немец, адзін Беларус, разам 15 параў. Аркестра іграе марш. Калі прадстаўнікі ўладаў сталі на фроньце, камандуючы капітан Шмацін даў загад:

— Зважай!

І, падышоўшы да мяне, рапартаваў:

— Спадару намесьніку! Тры тысячы жаўнераў Беларускай Краёвай Абароны гатовыя да прысягі!

— Дзякую! — адказаў я ды прыклаў руку да шапкі. Немцы таксама засалютавалі. Аркестра грымнула «Пагоню». Я ўзышоў на трыбуну. Да сьмерці не забуду гэтага відовішча ды майго ўсхваляваньня. Перада мной тысячы народу, моладзі, нашага войска. Народ доўга на прывітаньне пляскаў у далоні. Тады я ў мікрафон мясцовай радыясеткі сказаў гэткую прамову:

«Дарагія Браты й Сёстры!

Прайшло 150 гадоў ад часу, калі нашыя дзяцюкі паступаючы ў рады сваіх збройных сілаў складалі прысягу на вернасьць свайму народу, на гатовасьць абароны свае Бацькаўшчыны. Масква тады, як і сеньня, наступала на наш край і на нашую дзяржаву, Вялікае Княства Літоўскае, мардавала, паланіла народ, рабавала ўсе багацьці. Масква тады, як і сеньня, мела сваіх саюзьнікаў. Наш народ, тады разам з польскім, пад правадырствам слаўнага Тадэвуша Касьцюшкі, які апрача шляхты вёў за сабой і просты народ, ня здолеў тады абараніцца ад ордаў ворага. Мы тады згубілі сваю дзяржаву й сваю незалежнасьць. Масква запанавала над намі й як ненасытны дзікі зьвер, губіла наш народ, нашую культуру, нашую веру, нашую мову, нашыя багацьці. Нашыя людзі сваімі косьцьмі пакрылі Сібір ды іншыя далёкія прасторы Маскоўскай імпэрыі.

Але народ ніколі не заламаўся, не скарыўся драпежнаму ворагу. Ён шукаў падтрыманьня й надзеі ў народаў Захаду, падпольна каваў зброю, у паўстаньнях і рэвалюцыях спрабаваў скінуць маскоўскае ярмо. Усё мінулае стагодзьдзе было нясупынным цягам паўстаньняў, бунтаў, змоваў супроць ненавіснае Масквы.

Вялікі правадыр паўстаньня 1863–64 году, Кастусь Каліноўскі, гэтак заклікаў да збройнага чыну свой народ:

“Ваюй, народзе, за сваё прыроднае й боскае народнае права, за сваю веру, за сваю зямлю сьвятую… Бо толькі тады ты зажывеш шчасьліва, калі над табой больш Маскаля ня будзе!”

І хоць паўстаньне 1863 году не прынесла нам перамогі, хоць разам зь іншымі героямі зьгінуў тады й Кастусь Каліноўскі, ды народ усё-ж разбудзіўся да сьвядомасьці й сілы.

Ужо ў 1905 годзе, калі маскоўская імпэрыя захісталася ў вайне зь Японіяй, жыхары нашых местаў, мястэчак і сёлаў, пад правадырствам пасьлядоўнікаў Каліноўскага пачалі вялізную ахвярную працу для падрыхтоўкі адваёвы свае самастойнасьці й свае сувэрэннасьці. Калі-ж пазьней, у Першую Сусьветную вайну, маскоўская турма народаў лопнула, і беларускі народ узьняўся да адбудовы свае дзяржаўнасьці.

У сьнежні 1917 году да Менску зьехалася больш 1800 народных прадстаўнікоў, што былі выбраныя па сёлах, паветах, мястэчках, месцах, губэрнях, па беларускіх вайсковых злучэньнях ды нацыянальных арганізацыях, як правамоцныя дэлегаты на ЎСЕБЕЛАРУСКІ КАНГРЭС, які воляю ўсяго народу ўстанавіў вехі нашае дзяржаўнае самастойнасьці ды заклаў асновы канстытуцыі дэмакратычнага ладу ў Беларусі.

Усебеларускі Кангрэс ня прызнаў улады над беларускім народам чырвоных маскоўскіх узурпатараў, Леніна й Сталіна, ды іхняй бандыцкай шайкі. Чырвоныя агрэсары тады загадалі сваёй акупацыйнай арміі разагнаць Кангрэс зброяю, правадыроў яго арыштаваць.

І толькі паход нямецкае арміі ў лютым 1918 году на ўсход дапамог нашаму народу весьці далей працу над мацаваньнем свае самастойнасьці ды разбудоваю свае дзяржаўнае сувэрэннасьці. У выніку, 25 Сакавіка 1918 году ў Менску, аднагалоснаю пастановай Рады Беларускай Народнай Рэспублікі была апавешчаная сувэрэннасьць Беларусі як незалежнае, вольнае дзяржавы беларускага народу.

Дарагія Браты й Сёстры!

Сеньня вось мінула 26 гадоў ад гэтае вялікае падзеі. Сеньня нямецкія армія, адкінуўшы чырвоную Маскву зь беларускае зямлі, даюць нам ізноў магчымасьць адбудовы свае бацькаўшчыны, свае дзяржаўнасьці. Ды вайна не закончаная, Нямеччына цяпер у цяжкіх баёх з Масквой на Ўсходзе ды зь ейнай саюзьніцай Антантай на Захадзе. Што значыць паварот старой няволі для нас — нам ня трэба гаварыць. І таму мы ў гэты момант ня можам сядзець бязьдзейна, бо згубім тады ўсё, разьдзяўбуць нас тады гэтыя ворагі.

Наш абавязак — узяцца за зброю ды перш за ўсё ачысьціць нашую зямлю з усякае погані, што бадзяецца па кустох ды перашкаджае нам выпрастацца зь нядаўняй няволі на ўвесь рост. Дадайма сяброўскую руку нямецкай арміі ў яе змаганьні з нашым найбольшым ворагам — Масквою, каб яна больш нас не паланіла!

Вы-ж, дарагія жаўнеры й афіцэры Беларускай Краёвай Абароны, памятайце — прысягаеце ў вялікі Дзень 25 Сакавіка на нашыя сьвятыя нацыянальныя ідэалы, на вернасьць свайму народу, як першыя штурмовыя кадры ў нашай барацьбе за волю, самастойнасьць і незалежнасьць!

Хай Бог вас успамагае й благаславіць!»

34
{"b":"640702","o":1}