Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Маці не спрачалася доўга. Яна ўжо звыклася з такім неспакойным жыццём, гатовая кожную хвіліну да яшчэ горшага. Перад тым як пайсці ў лес, дзед схадзіў да Міколкавага брата Паўла, які хаваўся дзесьці ў горадзе, і вярнуўся адтуль са зброяй. Ужо ў лесе паказваў дзед Міколку сваю зброю. Гэта быў стары пісталет, які мог бы справядліва канкурыраваць з дзедавай славутай «арудзіяй», якая калісьці ўзарвалася ад Міколкавага стрэлу. Пісталет быў вялікі і цяжкі, але дзед любоўна пачысціў яго, прывязаў рэмень, пералічыў і перацёр патроны і схаваў зброю за пояс.

Так і пайшлі.

Ужо цямнела, як прыселі яны адпачыць у лесе, недалёчка ад чыгункі. Адзін за адным ішлі таварныя цягнікі. Часта з вагонаў чуваць быў роў жывёлы, рохканне свіней, гагатанне гусей.

- Куды гэта такую процьму жывёлы вязуць? - запытаў Міколка ў дзеда.

- Куды? У Нямеччыну, куды ж іначай...

- А дзе яны бяруць гэтую жывёлу?

- Як дзе? У сялян, па вёсках... Рабуюць немцы ўсё, што трапляе пад рукі, сялян жабракамі пускаюць, адбіраючы ўсё да ніткі.

- Ну, я б ім паказаў, як рабаваць!

- А што б ты зрабіў? - запытаў дзед.

- А пастраляў бы ўсіх! - І Міколка мнагазначна паглядзеў на дзедаву зброю.

- Вось у тым-то і бяда, што мала ў нас зброі, цяжка з ёй супроць нямецкай вінтоўкі ды кулямёта выступаць... Вось калі арганізуемся як след, тады ніякі вораг нам не страшны...

Ціха гутарылі Міколка з дзедам, адпачываючы на ўскрайку лесу. Але, заўважыўшы нямецкі патруль на чыгунцы, рашылі падацца глыбей у лес, каб выбраць дзе зручную мясціну для начлегу.

Несці пісталет, відаць, было ў вялікі труд дзеду, і ён часта спыняўся, папраўляючы сваё не досыць зручнае «аружжа». Тады Міколка прасіў дзеда даць яму паднесці пісталет, каб крыху ён, дзед, адпачыў. І Міколка ўрачыста нёс зброю, любоўна пагладжваючы вялікую чорную рулю, праўда, вельмі заржавелую і аблупленую. Міколка цэліўся з пісталета ў дрэвы, у прыдарожнае каменне і быў вельмі задаволены такім важнецкім «аружжам».

«Усё роўна як вінтоўка і страляе, мусіць, як з гарматы... Цяпер ніякія немцы нам не страшны... Вось бы паспрабаваць ды пекануць з яго!»

І Міколка прыстаў, як смала, да дзеда:

- Давай паспрабуем, ці спраўна страляе!

Не было асабліва ахвоты дзеду займацца стральбой, але дзе ты адчэпішся ад унука.

- Ну, добра, вось раскладзем агонь, тады і паспрабуем...

Месца для начлегу выбралі надзвычай добрае. Старыя яліны высока ўзнеслі свае лапы ў чорнае неба, на якім мігцелі рэдкія зоры. Пад ялінамі быў сухі ўзгорак, на якім густа разрасліся верасы, папараці і бліскучы бруснічнік. Яловыя лапы так моцна перапляталіся, што праз іх цяжка было прабрацца. Пад імі было ціха, утульна. Сюды не дасягалі вятры, што глуха гулі ў верхавінах дрэў, і ніякі дождж не прабіўся б тут праз густыя яловыя нетры.

На ўзгорак нацягалі сухога лісця, моху і, падаслаўшы на зямлю яловых лапак, змайстравалі такія мяккія пасцелі, што дзед аж крактануў ад вялікага задавальнення.

- Гэта, браце, лепш, чымся твой тапчан у вагоне! Прастор, чыстата, мякка і пах які духавіты, ну, не раўнуючы, як буржуйская пасцель!

- А ты калі-небудзь спаў, дзеду, на буржуйскай пасцелі? - запытаў Міколка.

- Спаць не спаў, але думаю, што пасцелі ў буржуяў важныя, мяккія... Нязручна ж з іх тоўстым пузам ды на падлозе спаць, як нам з табой.

Назбіраўшы яшчэ сушняку, Міколка з дзедам расклалі невялікі агонь, і ён весела патрэскваў, асвятляючы бліжэйшыя дрэвы і згушчаючы цені за імі. З агнём стала куды весялей. Ён нібы разганяў і тыя гукі лесавыя, да якіх уважліва прыслухоўваўся Міколка і, не разумеючы іх, распытваў дзеда:

- А хто гэта там крычыць?

- А гэта заяц дзе-небудзь каля лесу...

- А хто гэта нібы рагоча так страшна?

- Гэта сава.

- Дык давай, дзеду, пеканём цяпер з пісталета. Весялей будзе, і воўк уцячэ, калі пачуе...

- Ваўкі, браце, не страшны! Цяпер страшней двухногія звяры... А страляць дарэмна не варта, шкада патронаў.

- А ўсё ж паспрабуем, паглядзім, як страляе.

Дзе ты тут адчэпішся ад Міколкі! Згадзіўся дзед. Міколка ўсё намагаўся, каб самому стрэліць. Але дзед, узгадаўшы колішняе паляванне, рашуча адмовіў і стаў сам рыхтавацца да стральбы. Зрабіўшы нажом метку на яліне, дзед важна стаў у баявую позу і падняў пісталет угору. Але калі пачаў цэліцца, дык адвярнуў так далёка галаву ад пісталета і так далёка адставіў руку са зброяй, што відаць было, як дзед яўна непакоіцца за вынікі стрэлу, баючыся, каб не паўтарылася старая гісторыя з «арудзіяй». І сапраўды, ён хутка крыкнуў унуку:

- Хавайся, Міколка, за яліны, а то чаго добрага...

Падаўся Міколка за тоўстае дрэва і, высунуўшы з-за кары сваю кірпаўку, назіраў за дзедавым практыкаваннем. А той стаяў усё з выцягнутай рукой і глядзеў зусім у другі бок ад мішэні, відаць, баючыся выбуху.

- Правей, дзеду, правей трымай, а то не ўцэліш! - дапамагаў Міколка сваімі парадамі.

Урэшце дзед адважыўся і, зажмурыўшы вочы, націснуў на курок. Міколку здалося, што ў яліну стукнуў пярун, бо ўся яна моцна здрыганулася, страсянуўшы з сябе цэлы дождж ігліцы і шышак. Аж шорах пайшоў па лесе - так церушыліся шышкі. Ды агеньчык ледзь не згас ад стрэлу.

Дзед і Міколка мнагазначна пераглянуліся:

- Вось гэта дык арудзія, вось гэта дык б'е.

- Важнецкі б'е, не раўнуючы, як батарэя... - задаволена адказаў дзед і пачаў масціцца нанач, схаваўшы пад бок сваю слаўную «батарэю».

Аднак спалі трывожна. Насіліся па лесе нейкія таемныя гукі, пагрозліва шумелі верхавіны ялін, і абамшэлыя ствалы гудзелі працягла і сумна. Зрэдку падалі каплі дажджу. З ціхім шолахам скочваліся яны з ялін і сіпелі, трапляючы ў прысак вогнішча. Дзесьці раздаваліся не то раскаты далёкага перуна, не то прыглушаныя стрэлы. А з поўначы палавіна неба зрабілася барвовай. Барвовасць то рабілася цьмянай, то набракала залацістай чырванню, нібы падміргвала неба налітым крывёю зрокам. Барвовыя спалохі неба наганялі жудасць і страх. Верхавіны дрэў нібы загараліся тады празрыстым полымем, і яшчэ гусцей быў змрок на зямлі.

А з ветрам, што кідаўся зверху, з высокіх вяршалін, даносіліся водгукі нейкіх слоў, крыку. Нібы нехта кідаў у чорныя прасцягі ночы прыглушаныя словы ці то просьбы, ці то адчаю, ці гарачага закліку да расправы, да помсты.

Міколка бачыў, як дзед уважліва прыслухоўваўся да нечага, прынікшы вухам аж да самай зямлі. Твар дзеда быў трывожны.

- Што слухаеш, дзеду?

- Нічога, унуча, гэта я так... - схамянуўся дзед, заўважыўшы, што за ім назірае Міколка. - Ты сабе спі спакойна...

Але адзін за адным даляцелі гукі стрэлаў, і тады Міколка рашуча запытаў дзеда:

- Ты не хавайся ад мяне, а скажы, што гэта робіцца ноччу?

- А што можа рабіцца цяпер? Няйначай немцы вёску паляць, рабуюць. Бачыш, зарава на паўнеба, значыць, хаты гараць.

З паўночы крыху паспакайнела, і Міколка з дзедам моцна заснулі пад яловым дахам. Але пад самую раніцу, калі пачало ўжо шарэць на ўсходзе неба, ізноў упаўзла трывога ў лес. Прыслухаўся Міколка да палахлівых гукаў, насцеражыўся. Няйначай хто плакаў у лесе, да таго ж выразна чуваць былі паасобныя словы:

- Божа ж мой, Божа...

І яшчэ чуваць былі нейкія словы, але былі яны зусім незразумелымі, і ніколі Міколка іх не чуў.

Заварушыўся Міколка.

- Уставайма, дзед. Вунь плачуць, ды блізка недзе... Дапамагчы трэба.

Прыслухаўся дзед.

- Так... плачуць... Ну што ж, пойдзем, унуча. Вазьмі толькі ў мяшок наша снеданне.

Міколка выкарпаў з цяпла дзесяць печаных бульбін, якія паклаў у прысак, калі лажыліся спаць. Укінуў бульбу ў торбу, якая вісела ў яго цераз плячо. Смачна пахла бульба, і ад торбы ішла прыемная цеплыня, прыграваючы Міколкаў бок. У самы раз была гэтая цеплыня, бо ў лесе стаяў густы халодны туман, у расе былі лесавыя травы, кусты і дрэвы. Аж пальцы на руках адубелі ў Міколкі ад золкай вільгаці раніцы. Прыкладзеш руку да торбы - і добра, як ля печы ўсё роўна.

Развіднела.

Галасы раздаваліся ўсё мацней і мацней, выразна чуўся плач. Вось і выйшлі на самы ўскраек лесу да невялічкай палянкі, акружанай непралазным хвойнікам, хмызнякамі. Трохі не дайшлі да самай палянкі, як спыніліся, схаваўшыся ў хваёвым гушчарніку. Стаялі і моўчкі глядзелі на палянку. І праз якую хвіліну да Міколкі нахіліўся дзед, праказаў гарачым шэптам:

71
{"b":"555765","o":1}