Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

- Ты, дзед, камара не заб'еш, не толькі што турка!

- А за што медалі мне дадзены?

- Як за што? А за лягушак...

- За якіх гэта лягушак? - здзіўляўся дзед, заўсёды забываючы гэты жарт над ім.

- А за тых лягушак, якіх ты ганяў з-пад пушак...

Сказаўшы гэта, Міколка лічыў за лепшае адступіць яшчэ на адну пазіцыю, падалей ад вагона.

«Хоць дзед звычайна і не ганяецца ўслед, але ўсё можа быць, - думае Міколка, адыходзячы далей і ўжо шкадуючы дзеда. - Відаць, перабаршчыў я крыху... Угневаецца цяпер дзед не на жарт...»

І сапраўды, дзед набіраўся вялікага гневу. Гэта ж жартачкі, усумніцца ў яго былой храбрасці. І хітры дзед мяняў тактыку. Ён і віду не паказваў, што ўкрыўджаны. Ён завіхаўся ля чыгуннай печкі, шчапаў лучыну, адным словам, займаўся мірнымі гаспадарчымі справамі. Але тым часам не зводзіў вока з падшыванца Міколкі. І калі той з'яўляўся дзе поблізу, дзед, быццам бы нічога не было між імі, клікаў Міколку:

- Унучак!

- Што?

- А ці не вып'ем мы з табой чаю?

Міколка думае з хвіліну. Як-ніяк чай вялікая спакуса. А дзед ізноў:

- Абаранкі ў мяне ёсць... Свежыя... А пахнуць жа, пахнуць.

- Ну! - здзіўляецца ў сваю чаргу Міколка. - Няўжо з макам?

- З макам, унучак, з макам! Ну і абаранкі! Дык вып'ем, кажаш?

- А што ты думаеш, дзеду! Давай сабе вып'ем...

І Міколка пераступае парог вагона, ужо ў думках ласуючыся абаранкамі, ды яшчэ з макам. Гэта ўжо, калі на тое пайшло, смачней за «зайцаў хлеб», смачней за ўсякія прысмакі.

І тут пачынаюцца гэтыя абаранкі, ды яшчэ з якім макам.

- Хадзі, хадзі, каток мой, паласуйся!

І дзедавы рукі нечакана спрытна ловяць Міколку за віхор. Тут толькі схамянецца Міколка, даведаецца, што папаўся. Але позна. Кастлявыя дзедавы рукі моцныя, з іх віхор не вызваліш. А дзед круціць віхор ды прыгаворвае:

- Гэта табе за лягушкі! А гэта за пушкі! А гэта з макам! А не вычварай над дзедам! А не рабі над старым надругі! А не здзекуйся над старым мікалаеўскім артылерыстам!

Ужо Міколка крычыць на ўвесь вагон, ужо заступаецца за яго маці:

- Кінь ты, чалавеча, над дзіцем здзекавацца!

Але гэта толькі падлівае масла ў агонь. Дзед наступае на абодвух:

- Я вам пакажу, як зневажаць старога героя! Я вам пакажу, як турак б'юць... Я вам пакажу, як пушкі зараджаюць... Распатрашу пад карцеч!

Так асвойваў Міколка артылерыйскую справу. І бачачы, што не паласа, пачынаў ісці на міравую:

- Даруй, дзеду, здаюся!

- А, здаешся, даўней бы так! Гавары, хто такі я ёсць?

- Герой турэцкай вайны...

- Ну?

- І імператарскіх ордэнаў...

- Ну?

- Смешна, дзеду!

- Што ты смешнага тут знайшоў, супастат?

- Ну, кавалер... ордэнаў кавалер. Вунь у стрэлачнікавай Зоські ёсць кавалер, дык той малады. А тут дзед - ды кавалер. Смешна!

- Усё табе смешна... - ужо мякка крыўдуе дзед і кідаецца ў сумныя развагі: - Малы ты, не разумееш нічога, які кавалер і да чаго. Як бачыш, з'яўляюся я ўласнікам двух ордэнаў, а гэта, значыцца, і ёсць па-імператарску кавалер... А медалі гэтыя дадзены мне за праяўленую ў баях выключную храбрасць.

- А хто кажа, што не? - угаворвае і Міколка. - Вядома, за храбрасць... Храбрэй цябе, дзеду, няма, мусіць, на ўсім свеце? - падлабуньваецца Міколка да дзеда.

А гэта дзеду, што лыжка мёду. Аж сядзе на зэдлік і важна сівую бараду разгладжвае. Трохі яна няроўная ў яго - адна палавіна густая, другая - рэдкая. І медалі выне са скрынкі, унуку пакажа:

- Бачыш, гэта цар Мікалай... А тут вось і напісана: «За храбрасць!»

- А чаму ў цара барада смешная, на шчацэ канчаецца?

- Гэта не барада, дурань, а бакі.

- А чаму бакі?

- «Чаму, чаму»... Таму... У мужыка барада, а ў пана бакі. Усе генералы і афіцэры такія бакі насілі. Некаторыя і салдаты, каторыя спрытнейшыя, таксама бакі насілі. Ну, а каторы не спрытны, таму з такімі бакамі нязручна: самае выгоднае месца, каб за яго афіцэру ўчапіцца, да апошняга валаска выскубалі... Вось і мая барада калісь пацярпела, аж напалавіну выскублі.

- За храбрасць хіба? - пытаў не да ладу Міколка.

- Ат, гавары з табой...

І дзед кідаўся ў доўгую гутарку аб тым, што такое ёсць храбрасць. І не звычайная, а храбрасць мікалаеўскага артылерыста, які войны прайшоў і турэцкія крэпасці браў. Міколка ўважліва слухаў, каб займець з гэтай храбрасці сякія-такія здабыткі і для сябе. Дзед любіць, калі яго хто доўга слухае. І за гэта заўсёды пачастуе чым-небудзь. Вось і цяпер, калі дзед скончыў свае расказы аб турэцкіх крэпасцях, ён зрабіўся зусім лагодным і запрапанаваў Міколку:

- Хадзем хаця на станцыю, абаранак куплю!

На гэта Міколка згодны. Яны ідуць на станцыю. Дзед доўга таргуецца з буфетчыцай, усё выбірае, каб абаранак быў большым і мякчэйшым, ды паболей маку на ім. Так мірыліся дзед з унукам, і Міколка не пярэчыў тады дзеду і прызнаваў яго храбрым, хоць сам употайкі крыху сумняваўся ў гэтым. А тут яшчэ здарыўся выпадак адзін, праз які страцілася ў Міколкі ўсякая вера ў дзедаву храбрасць. Аднае ночы ўсе прахапіліся са сну ад вялікага крыку.

Крычаў дзед:

- Ратуйце хутчэй!

Маці кінулася да лямпы, усё не магла ніяк патрапіць на яе, каб запаліць хутчэй. А дзед усё крычаў:

- Хутчэй, хутчэй! Ой, дапамажыце!

- Што з табой, дзеду? - кінуўся да яго Міколка.

- Ой, гіну! Звяруга нейкая ў бараду ўбілася, стрыжэ яе, як нажніцамі...

Міколка сцяміў тут, у чым справа, ды хуценька да дзеда, цап яго за бараду. Дзед яшчэ большы крык узняў:

- Уцякай, уцякай, звер і табе пальцы адгрызе!

Але Міколка ўжо трымаў звера ў руках, толькі ніяк не мог вызваліць яго з барады. Тут маці лямпу паднесла, і ўсе ўбачылі ў дзедавай барадзе звычайнага рака, які запоўз туды і заблытаўся ў валасах. Ледзь-ледзь супакоіўся дзед, пакуль Міколка выблытаў рака.

- Гэта ж трэба! Сплю я і чую: нешта ў барадзе шамаціць. Я цап рукой, а ён, гэты звер, як шчыкане за палец, а потым за горла, думаў - галаву адгрызе.

Тут маці ўжо на Міколку ўскінулася:

- Вечна ты з бацькам з гэтымі ракамі носішся. А каб прыбраць іх як след, дык гэтага нямашака... Вось мог праз гэтага рака дзеда ў магілу загнаць.

І смех тут быў, як кажуць, і грэх.

А дзед з таго часу не мог спакойна глядзець на ракаў, і калі толькі даведваўся, што днём лавілі ракаў, дык перад ноччу абвяшчаў забастоўку, не хацеў класціся спаць на падлозе. І мусіў тады Міколка мяняцца з дзедам месцамі, даваў яму прытулак на сваім тапчане, а сам ішоў на дзедава месца. Ішоў і папракаў дзеда:

- А яшчэ стары ваяка! Яшчэ з гармат страляў!

- Гарматы і ракі - розныя, браце, штукі... - уздыхаў, апраўдваючыся, дзед.

- А яшчэ храбры! Вось я і то за цябе храбрэй, не баюся ракаў!

- Ну што ж, на ракаў ты храбрэц... - згаджаўся дзед з Міколкам і доўга крактаў, прыладжваючыся на тапчане.

Выйшла з дзедам і другая штука, калі аднаго разу рыбу лавілі. Праўда, і Міколка з бацькам набраліся тады здаровага перапуду, але больш за ўсё дасталося дзеду. Неяк у вольны дзень пайшлі рыбу лавіць на раку. Хоць дзед і не меў асаблівай прыхільнасці да гэтага занятку, але паколькі ён быў вольны і хацелася яму крыху прайсціся, дык і далучыўся да рыбаловаў. Тыя ў вадзе плёскаюцца, а дзед на беразе сядзіць ды парады дае.

- Адтуль, адтуль заходзь - там самая рыба ходзіць! - радзіць дзед ды піпку смыголіць.

Спачатку Міколка з бацькам з таптухай цялёпкаліся, а потым узяліся рукамі плотак лавіць паміж карчоў. І намацаў тут бацька няйначай як ментуза. Вядома, мянтуз слізкі, цяжка яго рукамі ўзяць. Бацька Міколку на дапамогу клікнуў. Ловяць рукамі, між карчоў шаруюць.

- Ну і вялікі ж, няйначай хунтаў на шэсць! - кажа Міколка, стараючыся спрытней падчапіць неўваротную рыбіну.

Але як ты яе ні бяры, выслізгваецца, ды годзе. Выслізгваецца ад Міколкі, падаецца пад карчом да бацькі. Ад таго зноў назад.

- За зябры яго, за зябры, гада! - падае дзед параду.

- Ну, вядома, не за хвост... - адказвае бацька і яшчэ спрытней бярэцца за ментуза. Але нічога не выходзіць. А дзеда тут ужо і нясцерп бярэ, дужа ж тым ментузом зацікавіўся. Трэба-такі сказаць, што дзед падабаў рыбу, ды яшчэ такую, як смажаны мянтуз.

60
{"b":"555765","o":1}