Увосень справа была. Вялі мы ноччу цягнік з Петрусём. Даўгі цягнік быў і гружаны. Памятаю, жартаваў з Петрусём я, кпіў над ім - ці хутка на вяселле пакліча і чаму так марудзіць. А прызнацца, добрая дзяўчына была ў яго - слесара Рыгора дачка. Не дзяўчына - любасць адна. Асабліва ж каса па калені, а вочы, як агні на далёкай лініі, клічуць цябе, вабяць - пад'едзь бліжэй, падыдзі, падзівіся. А калі думаў я пра іх, пра Петруся, значыцца, і пра яго каханку, дык ведаеце - ног не чуў пад сабой, і так лёгка было весці паравоз тады, падганяць яго, пускаць уперагонку з ветрам спадарожным.
Дык вось, ехалі мы. Ішлі з адхілу. Паравоз пусцілі ваўсю, таму пад'ём уперадзе ды закругленне - трэба разагнаць машыну як след. Пятрусь падкідаў вуголле ў топку, каб паравоз не астыў часам. Я стаяў ля акенца, углядаючыся ў цемрадзь ночы, якая ляцела насустрач нам, глытаючы паравозныя іскры, кідаючы на святло ліхтароў матылёў начных і казюлек.
Пятрусь падкідаў вуголле і ціха ўголас напяваў нейкую песню. Якая - не памятаю, дый справа не ў словах, а ў песні. А ад песні заўсёды сум на сэрцы і жаль, мо аб тым, што жонка далёка, мо аб тым, што маладосць праляцела калісьці без пуцёвак і станцый. А Пятрусь малады, маладая і каханка. Чаму ж не пазайздросціць чужому шчасцю, асабліва калі гэтае шчасце на парог ляціць.
Але шчасце шчасцем, а закруглення ў пуці не мінеш. І ўспомніў я, што пясочніцы ў мяне не спраўны, а закругленне вялікае, а пад'ём круты. Трэба праверыць. Выйшаў я з будкі ўперад на пляцоўку. Цёмна там, хоць вока выкалі. А вецер напірае на грудзі, надзімае кашулю, бы ветразь той, нібы хоча ўзняць цябе, перакінуць цераз дрыжачыя парэнчыны. І толькі ступіў я крок, а мо і два, як раптам нібы падхапіў мяне хто пад рукі і кінуў ўперад. Колькі ляцеў я - не памятаю. А калі ачухаўся і расплюшчыў вочы, убачыў я, што ляжу на броўцы. Паспрабаваў узняцца, але так кальнула ў назе, што ледзь не страціў прытомнасць. Нага была пераломлена. Ледзь-ледзь злаўчыўшыся, зірнуў я назад - аж уваччу пацямнела: ляжыць паравоз мой, прыкленчыўшы на пярэднія калёсы, тэндэр убок схіліўся і сплюшчыўся ў блін, а за тэндэрам груда вагонаў, адзін над адным, адзін ледзь ліпіць, стаўшы старчма над самым тэндэрам. А іншыя - у трэскі, адны рабрыны тырчаць пагнутыя.
«З чаго б гэта сталася?» - падумаў я.
Няйначай рэйка лопнула, але дзе разбярэшся тут, калі ўсё змешана ў кашу: і рэйкі, і шпалы.
Узялі мяне пасля ў бальніцу, быў ужо непрытомны. І толькі на другі дзень успомніў я аб Петрусю: дзе ён і што з ім. Наведвалі таварышы, у якіх распытваў, але кажуць: не бачылі і не чулі. І толькі на трэці дзень знайшлі майго качагара ў топцы. Адны косці засталіся, дый тыя парассыпаліся, калі выцягнулі яго з прадчаснай магілы. Як падкідваў ён вуголле, так і шугануў у топку, калі паравоз зарыў зямлю носам.
Андрэй маўчыць, схіліўшы галаву, зацягваецца акуркам, які ледзь не прысмылеў да губы, сплёўвае яго і затоптвае нагой.
- А вы вось кажаце... Такі лёс, каму як... Ці думаў, ці гадаў Пятрусь пра гэта. І што б са мной было, калі б не пясочніцы гэтыя самыя. І трэба ж было час выбраць.
- А многа вы, мусіць, дзядзька Андрэй, і людзей парэзалі на сваім вяку? - пытае малады рамонтны, як відаць, з навічкоў.
- Дурных машына парэзала, а не я...
Андрэй, як і кожны машыніст, не любіць гаварыць аб сваіх ахвярах, не прынята, дый нашто: сябе ганьбаваць, сказаць аб сваім недаглядзе. Не, пра гэта Андрэй расказваць не будзе.
- Папытайцеся ў паравозаў, яны лепей ведаюць. А мне што... зачым жа гэта людзей рэзаць. Я вось вылечыў некаторых... дык гэта іншая справа.
- Як гэта, вылечыў?
- А вось і вылечыў... І не чым іншым, як паравозам. Рамонтніка Саўку ведаеце? Кульгавага. Ну, дык вось... Быў ён калісьці кульгавы крыху, садануў, мусіць, молатам па калену, а мо кастылём. Ну і кульгаў. Не тое каб занадта, а ўсё ж кульгавы, так і празвалі ўжо: Саўка Кульгавы. Добра. Еду я раз з пасажырскім, пад'язджаю да стрэлак. Усё як след, і стрэлачнік, бачу, на месцы, лінія вольная, нават дзяжурнага ўбачыў здалёк, выйшаў і ён жазло прымаць. Потым зірк гэта я бліжэй - і што ж вы сабе думаеце: перад самымі буферамі чалавек мільгануўся, цераз крыжавіну скочыў. У мяне ж у думках маланкай: «Царства яму нябеснае... дай Божа хоць без пакут...» А сам за рэгулятар, качагар за тормаз. Сталі, з паравоза злезлі. Глядзім, ляжыць наш чалавек цалюсенькі, белы толькі, як дыска тая, і не варушыцца. Стукнула яго крыху білам, ды ў самую тую нагу кульгавую. Стукнула і адкінула. Ён сабе і ляжыць. Ну, мы хуценька яго пад кран, ды вадой, а там на паравоз, ды на станцыю, ды ў пакой прыймовы... Здалі і паехалі сабе. А праз месяц сустракаю яго, гэтага Саўку, значыцца, на змене шпал. Ехаў я прыцішаным ходам, і гляджу, кланяецца мне чалавек ды ўсміхаецца яшчэ.
- Здароў, - кажа, - дзядзька Андрэй, вялікае табе дзякуй за нагу маю пакалечаную, цяпер, бач, як з кузні, не крывіцца, не кульгае.
Мяне аж жах узяў. Але гляджу і сапраўды: ходзіць чалавек, і нішто, нібы яму і паравоз не брат. А вы кажаце - рэжам... На ўсё свой лёс.
- А кінь ты ўжо са сваім лёсам, даўся ён табе ў знакі. Раскажы вось лепей, як бандытаў вазіў ты.
- Ну што ж, вазіў. Чаму і не правезці часам...
Андрэй гаворыць, а рукой мімаволі мацае за левую кішэню замазучанай кашулі. Там у яго ў святочныя дні вісіць заўсёды ордэн Чырвонага Сцяга. У буднія дні ордэн у скрынцы, бо нязручна з ім, яшчэ ў мазут упляміш, ды ці мала што каля работы. Але ўспомні толькі яму пра бандытаў, як рука па прывычцы падымаецца да левай кішэні. І сам ён увесь падцягваецца, выпроствае плечы і цярэбіць рукой выцвіўшыя рудыя вусы.
- Так, вазіў. Усяго было, браткі, на нашым вяку. Што цяпер... Паравоз ідзе як па маслу, у вагонах праваднікі завяліся; глядзяць, каб і блыха без білета не праехала. Вы вось, скажам, рамонтнікі, ведаеце хваробу кожнай шпалы. Чуць захварэе - даёш новую, тое ж самае і кастыль, і рэйка табе, і замок, і гайка, скажам, кожная ў вас не застарыцца. Дый самі вы... Што вам... Скажаце хіба - кепска, працаваць нельга... Ого! Вы паспрабавалі б вось папрацаваць у дзевятнаццатым, у дваццатым, даведаліся б, пачым фунт гаек... Але што казаць! Ты ж, Гаўрыла, ведаеш, ты ж і тады служыў. Так. Дык ехаў я раз з пасажырскім (гэта год шэсць таму назад, а то і сем). Былі мы ўжо на перагоне перад Ясным Лесам. Дровы былі тады, і паскудныя ж - хоць ты сам заместа іх у топку лажыся. Сяк-так гаравалі, але з пары паравоз не спушчалі ніколі. Маладыя каторыя, дык тыя мучыліся з дрывамі гэтымі самымі. Я ж не маладзён.
І толькі гэта мы пераязджаем Крывулінскі мост, як бачу я - уперадзе агеньчык мітусіцца. І каб які-небудзь там, дык не, самы што ні ёсць чырвоны. Я за гудок - бачу, не сплю, - а сам сабе здагадкі раблю: чаго гэта самае, з якой прычыны? Прыцішыў ход, пад'язджаем. А ноч цёмная, людзей - хоць бы чалавека ўбачыў, толькі мітусіцца агеньчык, то ўніз, то ўгару. Бачу - справа сур'ёзная; націснулі на тармазы, пад'ехалі, сталі. І толькі гэта я галаву з акенца высунуў - тут мне дула пад нос, а на прыступках ужо чалавекі са два, і ў поўнай гэта, значыцца, амуніцыі. Ну, на амуніцыю яно мала было падобна, але ж стрэльбы там, бомбы розныя і ўсякія іншыя там прычындалы, усё як след. Праўда, не было мне там часу прыглядацца асабліва, бо іншым клопатам галава была забіта.
Заб'юць, думаю, да душы ж, не памілуюць.
А па вагонах, чую, крык, калатня. Застаўся з намі на паравозе адзін вартавы толькі, усе з цягніком распраўляюцца, па вагонах шныраюць. А паравоз у мяне, як конь стаенны, дрыжыць пад параю, чмыхае носам... Дый у мяне сэрца ўсхадзілася - не стрымаць. І жаль тут узяў. Зірнуў я гэта скоса на вартавога, ат, сапляк нейкі, ды яшчэ з ліхтаром чырвоным. І злосць мяне разабрала. І не то каб на сапляка гэтага, галоўнае за тое, што погань такая ліхтар чырвоны трымае ды яшчэ табой камандуе, ні за што ні пра што машыну ў дарозе ў прастой уганяе. А вартавы гэты самы, узяўшыся за поручні і нахіліўшыся з паравоза, глядзіць усцяж вагонаў: нецярпячка чалавеку... І не ведаю, як тут выйшла, таўхануў я нагой, ды проста паміж лапатак гэтаму самаму вартавому. Заенчыў толькі, паляцеўшы потырч з прыступак. А я нагой у хрыбет, а рукой на рэгулятар, ды без усякага гэта, значыцца, сігналу як таргану ўперад, ды поўны ход, ды як паехалі, ды як паляцелі - нічагусенькі не чуваць, што там па вагонах дзеецца... Бачу ўжо, і семафор уперадзе зялёным вокам мігае: «Калі ласка, чакаем». Семафор адкрыты, а я на поўным разгоне адкрыў гудок, закаціў трывогу на ўсе застаўкі. Пасля расказвалі на станцыі, перапалохаліся там усе - начальства, варта: чаго там шалее - семафор адкрыты, а ён у трывогу кінуўся.