Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

- А там жа спіс ёсць.

- А-а... спіс... то добра... Я хуценька скончу.

- Ну-ну, канчайце, ды можна і дахаты скора, субота сёння... скончым раней.

Машынка акуратна выстуквае літары, разам з машынкай стукае сэрца. Стукае ўпарта, настойліва, нібы выскачыць хоча з цеснае клеткі. А чаму, з якое прычыны?

«Глядзіць, не глядзіць? - думае Валя. - Глядзіць, мусіць, бо неяк сядзець нязручна, пад табой нібы ходзяць спружыны, а за плячмі халадок павявае, той халадок, калі глядзіць табе хто-небудзь у спіну, сочыць за табой ззаду».

І, пераблытваючы спіс, Валя асцярожна і хуценька азіраецца, і адразу ўся - макаў цвет, цвет чырвоны.

«Ізноў... Ну чаго яму трэба... - думае Валя пад стук машынкі. - Каторы раз... Вось уныпіць вочы, і хоць бы што. Нібы яму і працы няма, ці што, як толькі ўглядацца ў мае косы».

Валя асцярожна папраўляе рукаў свае чырвонае блузкі. Не паспела раніцой зашыць маленькае дзірачкі, заўважыць яшчэ. «А якая яму, паміж іншым, справа да майго рукава... Вось дурная... Але, мусіць, валасы раскідаліся - ото гора з гэтымі шпількамі!.. А ён усё, пэўна, углядаецца... Ой, скончыць бы ўсё хутчэй ды дамоў...»

Гудзіць гудок над палямі і лясамі, рвецца несупынны ў акно, заліваецца медзяным голасам, нібы гудам сваім зацямніць хоча сонечны бляск. Але навошта? Гудок і сонца - добрая справа, асабліва пад вечар. За гудком - дамоў, за гудком - полудзень, за гудком - яшчэ паўдня сонечнага. На тое субота.

«...Усё тое добра, што мае добры канец. А чым ён кепскі? Замялося старое ў завірухах, у жыццёвых завеях замялося - канцы схаваны... Не знойдзеш іх, не патрапіш на сляды старыя. Мо сам і патрапіш - другім у недагадзь... Канец пекны - дырэктарам завода стаў, чаго болей трэба... Ну чаго ж трэба болей? Ды пры нашым жыцці, ды пры нашым быцці!

Канец добры...

А мо і не канец? Мо гэта пачатак слаўны?

«На бязрыб'і і рак рыба», - казаў калісьці паважаны папаша.

Так, на бязрыб'і... На бязрыб'і нашым, на нашай бязладзіцы, на нашым веку сумным, часе кручаным... Так, на бязрыб'і... Не адзін жа завод у акрузе. Вунь трэст ёсць. Было б жаданне ды здольнасць... А здольнасць, ого, яе хопіць, як хапала дагэтуль. Толькі б смеласці болей, паболей адвагі - усё будзе тваё, чаго ні захочаш.

«Смеласць гарады бярэ» - так казаў калісьці паважаны папаша.

Так, гарады... Гарады і смеласць... Не, папаша, не ў смеласці справа, здаецца. У гарады, дружа, не суйся пакуль - прышчэмяць нос.

Прышчэмяць...

З галавой адарвуць...

Адарвуць...

Не памілуюць...

Па галоўцы цябе не пагладзяць...

Ат, што гэта я? Раскіс, абмяк, нібы нелюдзь якая...

Жыві, пакуль жывецца... Вышэй жа галаву, жыццё на прыцэл, дарагі мой, а там... там... далей хоць трава не расці...»

Устаўшы з канапкі, дырэктар завода, Анатоль Іванавіч, нервова захадзіў па сваім пакойчыку. Вячэрні вясенні змрок уліваўся праз вокны, абдымаў вільготнымі пахучымі хвалямі сцены, падлогу, запаўняў увесь пакойчык нечым нез'яснімым, дзівосна-трывожным, як глыбокая сінь неба, як гэта суцішная бярозка, ля якой гудуць струною кволай хрушчы - чмялі вясенняга вечара.

Змрок вясенні, зялёны крыштальны змрок так бадзёрыць душу чалавека, бадзёрыць, уздымае сэрца, будзіць мары, узнімае іх з-пад рыззя і бруду штодзённых клапот і сумятніны.

На душы адлягае тады, яна мякчэе, робіцца чулай...

А за акном, за ракой мітусіліся зоры і заглядаліся ў рэчку, купаліся ў ёй і расплываліся срэбнымі дрыжачымі плямамі. І адна ад усіх яскравей - гарыць, не згасае, пераліваецца адценнямі рознымі ў далёкай цемрадзі неба.

«Твая зорка, - успомніў Анатоль словы маткі. - Твой лёс... Твая!» - усміхнуўся.

Вунь крумкаюць жабы ў балоце і ў рэчцы, іх крумканне мякка пружыніць паветра. Прыемна прыслухоўвацца да жаб'іх песень сакавітых, напорыстых песень.

Пяюць, бо на іх свецяць вясеннія зоры і іх пільнуюць вясеннія чары-зачары...

«Дзе ж зоры мае, мае мінулыя, дарагія, дарагія зоры? Чаму ж ім не быць жаб'імі... Так, жаб'імі... Аплялі жабы свет, распасцёрлі заскарузлыя лапы на зялёнай зямлі... І зямля - на балота, і жыццё... Заматаўся клубок - шукай канца-краю... У-у... гбды!»

Анатоль Іванавіч садзіцца ля акна на скрыпучы зэдлік, схіляе на падаконнік абяссіленую думкамі галаву і глядзіць нерухома туды, за акно, на раку. Ён глядзіць - і нічога не відна. Думы гоняць адна адну, падганяюць, зліваюцца, мітусяцца шэрай стужкай без свету, без пробліску.

Дзе канец, дзе пачатак?

Не знайсці яго, не дадумацца...

А сэрца шчыміць гэтым прыкрым, даўно зведаным болем. У ім цвіце безнадзейнасць, цёмная, жудасная і глыбокая. Як гэта бяскрайняя цемрадзь начнога неба, як гэты змрок упарты, напружаны, што спавіў магільнай цішынёй нямыя абшары...

Не... Там не так... Вунь, на рэчцы, каўзнуўся срэбны месяц, трапечацца след яго на зыбучых струменях, блішчыць, прыцягвае да сябе чаруючым святлом.

Так, святло, хоць зыбучае.

Усё ж такі святло.

Чуюцца ўсплёскі, месячнае святло праразаюць чорныя цені, звонкія галасы парушаюць вячэрні змрок і гулка аддаюцца над высокім берагам, над полем, над лесам...

Словы песні ўлятаюць у акно, песні гулкай, вясёлай, задзірыстай. Нават песні ў адказ прагудзела струна старой гітары, што вісіць на сцяне над канапкай.

Прагудзела цянюсенькім, ледзь-ледзь чутным гудам пчаліным... Сама прагудзела і змоўкла.

«У-у... сволачы, ездзяць, катаюцца... Камсамолія... Лодары, толькі і ведаюць - шашні вадзіць... Усіх бы вас на адну... Зачыніць хіба акно, спакайней так».

Анатоль Іванавіч старанна зачыняе вокны, спускае фіранкі і, намацаўшы лямпу на стале, паліць святло.

Са святлом лепей. Тады душа хаваецца ў цябе, забіраецца ў глухія куткі. Гінуць чорныя думы, адлягае на сэрцы.

І Анатоль Іванавіч спакойна спраўляе вячэру, за якой некалі думаць, некалі разважаць аб канцах і пачатках, аб усіх гэтых заблытаных вузлах, што павуціннем шэрым і брудным аплялі зямлю, апаганілі яе прыгожы калісьці твар, сцёрлі яркія фарбы, зглумілі пах зямлі.

Пасля сытай вячэры прыемна паляжаць на канапцы і ўсяго сябе аддаць ва ўладу бяздзейнасці, тае мілае бяздзейнасці, якую і раней так любіў і паважаў Анатоль Іванавіч. Праўда, цяпер не тая бяздзейнасць, яна - адпачын ад працы.

Ляжыш, крыху ногі ныюць у салодкай утоме, ленавата варушацца няясныя туманныя думкі. І не думкі - гэта абрыўкі думак, абрыўкі слоў, назіранняў, уражанняў. За дзень усяго бывае, колькі рабочых адных перабудзе ў тваім кабінеце, людзей розных, наведвальнікаў. У кожнага сваё аблічча, сваё жыццё, свае жаданні. І ў кожнага свае словы, асаблівыя звычаі трымацца з людзьмі, гаварыць з начальствам.

- ...Таварыш дырэктар, мне б надбавачку - дзяцей повен кут, што рот, то прожар - рублём не заткнеш.

«Пладзі жабракоў, на гэта вы спрытны...»

- ...Прачытайце даклад на сходзе, добры даклад даспадобы рабочым.

«Майстры вы на язык, усю Расею мітынгамі ўгробілі, апаганілі словам распусным...»

- ...Чаго гэта варта, таварыш дырэктар, гэта чорт ведае што, я на ячэйцы пастаўлю, так быць немагчыма...

«У-у... погань кожная з указаннем лезе, з радаю...»

- ...Анатолю Іванавічу мая пашана! Як і што, нешта вас не відна даўно...

«Хоць адзін чалавек прыемны... з ім і пагаварыць можна».

Мітусяцца абрыўкі думак, абрыўкі чутага за дзень, бачанага. І разам засланяе ўсё капна льняных валос, і ўвесь пакойчык хаваецца ў сініх крыштальных вачах, якія глядзяць адусюль, усміхаюцца, пабліскваюць сонечнымі зайкамі, падморгваюць свежымі, не змятымі дзявочымі расніцамі.

Анатоль Іванавіч аж прыўстае на канапцы.

«Анішто дзяўчына... Яблычка на адбор - без чарвінкі, без цвілі... свежае яблычка, румянае - вясной пахне і сонцам.

Вясной...

Прыгожае слова - вясной. Многа з ім успамінаў нахлынае, нараджаюцца мары, як вясеннія туманы пад сонцам.

Вясна і сонца... І дзявочыя вочы, як неба.

І светлыя мары... Не аб будучым - аб мінулым».

Анатоль Іванавіч дастае, адамкнуўшы шуфлядку стала, цэлую вязку лістоў. Яны старанна зложаны і звязаны. Сярод іх старыя здымкі, цэлая калекцыя пасмачак валасоў, перавязаных шоўкавымі істужкамі. Розныя пасмачкі. І светлыя - ільнянога колеру, і колеру астыўшага попелу, і цёмна-русыя. Чорных няма - іх не любіць Анатоль Іванавіч, яны грубыя і падобны на сажу - няма ў іх красы. Іншыя брыдкія.

35
{"b":"555765","o":1}