Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

- У тры тысячы ўліпла карцінка... Абмывалі віном... А ў Маскве ў шаснаццатым, як купаліся ў акварыуме... Чы-ы-жолы быў целам я, як плюхнуўся ў ваду, рыба ўся на падлогу, акварыум напал...

- Што ні гавары, баценька, шырокая была дарога нам... не раўнуючы - Волга-матушка... Ды сплыло ўсё, вадой залілося... І ты, і я па рыштанскай цяпер гільдыі ходзім.

- А скажы па совесці, Апацей Еўдаксеевіч, колькі сунуў ты астраханскаму фінаддзелу, ці багата, кажу, разарыўся на ўзяткі?

- Узяткі? Не з таго канца ты бярэшся за справу... Узятка - ноль, узяткай свет з капылоў не саб'еш, асабліва ж калі капылы бальшавіцкія... Глыбей я, голуб, глядзеў, у корань глядзеў. З'елі мяне калгасы лавецкія, гэтак жа падсадзілі, супроць іх лінію гнуў. А не выйшла... Перамаглі... На водмель сеў, прыдуха прыйшла, не раўнуючы, як на рыбу ў мароз на мелкаводдзі... Перамаглі... І хто б, сказаць, перамог... Бальшавічкі... Памятаеш, параходзішка быў у мяне буксірны. Качагарыў там адзін такі чалавечышка непуцёвы і п'яніца, голь перакатная. За чаркай на неба палез бы... А сын яго, сукін сын, начальнікам цяпер ходзіць. У нас жа тут. Ды яшчэ галава якая, адчувае, чым дыхаеш ты, за якую думку трымаешся. Пазаўчора прыходзіць, пытае:

- Ну як, Еўдаксеевіч?

- А так, - гавару.

- Копціш?

- Стараюся...

- Гэта добра, калі стараешся... Аднак сігі ў цябе ненадзейныя, зусім сігі падупалі, хужэй, чым твой былы селядзец астраханскі, копчаны. Разлязаюцца сігі, ніякай дысцыпліны ў іх.

- «Мае чалавек рацыю», - думаю. А голас у мяне дрыжыць, заікаецца голас. І перад кім, падумаць... Гэта перад Пірыным, перад сынком непуцёвага майго качагарышкі. Зусім з тропкі збіваецца голас.

- Правільна, - кажу, - ніякай у сіга совесці: ты яго і так, ты яго і гэтак капці, а ён усё разлязаецца, ад косці адстае, на шматкі распаўзаецца...

- А ты на сіга паклёпу не ўзводзь, сіг - рыба акуратная, не чапай яго совесці... На сваю паглядзі лепш, ды падумай...

- Падумаю, - кажу. - І рукі ў мяне трасуцца, і голас аслаб. І што ж ты думаеш: падналёг я на сіга, паднаціснуў - у акурат цяпер рыба прыходзіць з капцільні, хоць граф'ям на стол... Вот табе і сіг...

Еўдаксеевіч частуе дружбака сігам ад трудоў сваіх праведных. Сам косткі любіць, бараннія з жырам, з мозгам, у сталоўцы ў кашавара выпрошвае:

- З храшчыкам мне, міл-чалавек, пагрызці, пакрамзоліць...

Не крыўдуюць другія, спачуваюць старому:

- Дай костку яму, не шкадуй... Няхай пабалуецца, ліха копчанае...

Апацей Еўдаксеевіч мусоліць костку, з дружбаком сваім думкамі дзеліцца:

- Усё зразумела мне, усяго я ў жыцці дасяг... Ну я, ну ты...

- Рыштанты з табой...

- Кінь... Не тое... Не аб тым гаворка мая. Я і ты - паважаныя людзі, вялікія людзі. Канечне, да мінулых год памянуўшы. Ну што ж, аб нас бальшавікі і клопат маюць: кожнаму па прафесіі, у людзі, бачыш, вывесці хочуць... Ну інжынеры, скажам, контрыкі, былыя шкоднікі... Таксама паважаныя людзі, як і мы з табой. І аб іх правільны клопат: як-ніяк, з вялікай адукацыяй людзі, з мазгой вялікай. Сяды-тады і бальшавікам дапамагчы могуць. І дапамагаюць... Вунь канал правялі - было ж і іхняе старанне інжынерскае... Але скажы ты, міл-чалавек, навошта бальшавікам пра басоту дбаць, пра зладзюг клопаты мець, з жыганамі-бандытамі цацкацца... Розуму не дабяру... Вунь уркі на работу не ідуць, выскаляюцца, гады... Андрэй Жыган, памятаеш, на Ўрале бузу вадзіў, - верхаводзіць над імі: ні ўзад ні ўперад, сядзяць у руры і хоць бы хны, хоць бы палец каторы да работы прыклаў, дзе ты бачыў... Яшчэ над табой часам кпяць, над купецтвам тваім, над мінулым насміхаюцца горка: «Дзе пуза тваё, купец, дзе ходы твае, параходы...» І што ж ты думаеш: з упросамі да іх, з угаворамі... А каторыя на рабоце, дык ля тых, як, не раўнуючы, да святых: ударнічкі вы, брыгаднічкі... І пайкі ўдарныя ім, рэкардысцкія - ім, падарункі - ім, піражкі на канале - брыгаднічкам... Ды што казаць... Вунь сягоння начальнік наш Пірын гармонь прыслаў, на складзе ляжыць цяпер - баян, пярвейшай маркі, паўтары тысячы цалковых за баян той у Маскве плочана, спецыяльна, можна сказаць, ездзіў Пірын за гэтым струменцікам. Каму баян? Навошта баян? Лепшаму гарманісту-ўдарніку... Так і сказаў начальнік... Ты падумай, паўтары тысячы цалковых, гэта, брат, не кот наплакаў... І якому-небудзь, даруй, Божа, гаду печанаму, злодзею-прайдзісвету гэты паўтарытысячны баян дастанецца... Ці сніў, ці бачыў ты. Я яго, гада печанага, каб уладу меў, разлажыў бы каторага ды ўклеіў, ды ўсыпаў... Ведаў бы жыганскую долю. Па-а-ўтары тысячы... Сярэ-э-браныя галасы... Ляжыць на складзе ў мяне, падыходзіць баюся. Жартачкі - жывыя цалковікі на бяздзеліцу жахнулі, паўтары тысячы за гармонік...

- Та-а-к... Га-а-рмонь... А і я грэшным дзелам любіў у свой час душу пад гармонь пусціць, расцягнуць яе ўшыркі, на ўсе галасы залатыя... Дзя-я-лы... Памятаеш, пад Саратавам...

Старыя дружбакі ператрасаюць старое жыццё, і цярушыцца яно залатымі лахманамі, прагорклым пылам мінуўшчыны. Як у горле ад пылу таго, пяршыць у памяці ад успамінаў, потырч думкі ляцяць настырбучаныя. Ніяк жа да ладу гэтыя думкі старыя не месцяцца. Старое жыццё распаўзаецца, разлязаецца, ашмоткамі разлятаецца па баках. Замаўкаюць абодва. І ў кожнага думка жорсткая, шурпатая, хіба скажаш аб ёй адзін другому. Думка аб тым, што прайшло жыццё старое, у пух і прах разляцелася на каменні. На бальшавіцкім. Перамаглі. Уставілі свой закон. І ты - залачонае пуза былое - аб мазалі стаў клопат мець. І грэшная думка: калі копчаны сіг акуратным выходзіць ад рук тваіх, ад мазалёў - тады сверліць мозг неадчэпная думка: «А добра... калі са стараннасцю...»

І тады - прыходзіць - нязведанымі раней шляхамі - новая госця. Імя той госці - радасць. Ад мазаля тая радасць ідзе, ад работы.

Хіба ж у радасці той ты сазнаешся старому дружбаку...

І маўчаць абодва, думаюць... Лічаць зоры сінія за акном. Лічаць гады адсідкі, аб будучыні мяркуюць...

Паплылі па бараку чуткі:

- Ад Пірына гармонь прывезлі...

- Баян.

- Ся-я-рэбраныя галасы...

- Каму ж да гармоні ручкі прыкласці...

І скоса пазіраюць на Андрэя Андрэевіча. Хадзіў той грозны, панурысты. З твару чалавек сышоў. І ніякіх, здаецца, чалавеку клапот: ляжы, паплёўвай ды на нарах пуза пагладжвай, каб пуп не аслаб ад жыганскай вольніцы. Дык дзе там. Ходзіць чалавек сам не ў сабе, а вокам зірне на цябе - уцякай падалей - заб'е позіркам. На чуткі, на шэпты напароўся, вуха на іх настроміў. Падазваў карманшчыка маладога, малец з гузік, а фокусы вырабляе з вывертам, па карманнай, значыцца, справе. Дасціпны быў хлопец па гэтай часці.

Падзывае сурова:

- Ану, падходзь!

У таго і душа ў пяткі: кепскія з атаманам справы.

- Ты пра што, сапля карманная, трэплешся? - і рукі валахатыя на плячо. Цяжкія рукі, аж косткі ныюць пад імі.

- Дзядзенька... Усю праўду, як на далоні... Дальбог жа, прывезлі... Чыстакроўны баян... Вот жа крыж табе і макаўкі залатыя - праўду кажу, без падману... Гармонь - во-во... мяхі во... а галасы - незлічоныя...

- Вот я табе рэбры як памну, тады палічыш... Бачыў?

- Бачыць не бачыў, людзі казалі... Зіхаціць гармонь, багацю-ю-шчая...

Яшчэ больш пачарнеў Андрэй Андрэевіч - ні да чаго не горнуцца рукі, ні да сцірак, ні да хлеба, ні да лыжкі. Дзень хадзіў, два хадзіў, на трэці нясцерп узяў. Каравульнага начальніка выклікаў.

- Вот што, таварыш начальнік, адным вобмегам я на склад: справа ў мяне там важная, дужа сур'ёзная справа...

- Якія ж там справы ў цябе асаблівыя?

- Пасля...

Пусцілі. Стралой памчаў да склада, што ў сасоннічку, над возерам. Да самага кладаўшчыка, майстра сігавага Апацея Еўдаксеевіча. Перапуду на чалавека нагнаў, аж костка ўпала ў таго на падлогу, хрупасткая костка баранняя, пад падкоўку Андрэя Андрэевіча трапіла.

- Дык праўда хіба?

- Ты пра што, чалавеча? - І задам, задам пасунуў Апацей Еўдаксеевіч да дзвярэй у куток, каб падалей ад рук валахатых.

10
{"b":"555765","o":1}