Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Наступнымі госьцьмі ў віленскім Камітэце былі У. Родзька й Чалоўка, якія ў гэтым часе працавалі ў Віцебску ды часта езьдзілі да Варшавы ў нейкіх падпольных беларускіх справах.

Родзька рабіў уражаньне стойкага беларускага патрыёты, але да ягонага сябры я ня меў даверу.

Чарговым госьцем быў Радаслаў Астроўскі, які таксама ехаў да Менску. Перад ягоным прыездам да Вільні нямецкі выведны аддзел зьвяртаўся ў БЫК з запытаньнем, як Беларусы на яго глядзяць. У гэтай справе была скліканая нарада беларускае інтэлігенцыі Вільні. На ёй адны выказваліся супроць яго, прыводзячы ягоны каньюнктурызм, услужлівасьць польскім уладам, выдачу беларускай гімназіяльнай моладзі польскай паліцыі, спробу палянізацыі беларускай студэнцкай моладзі. Іншыя падкрэсьлівалі, што ён усё-ж чалавек вёрткі, адукаваны, дык здолее справіцца зь цяжкімі заданьнямі пары нямецкай акупацыі. У гэтым сэнсе найбольшую перавагу меў голас д-ра С. Грынкевіча, які казаў, што лепшага кандыдата на вышэйшае становішча пры Немцах за Астроўскага няма.

Не прайшло й трох дзён, як у Камітэт зьявіўся й сам Р. Астроўскі — энэргічны, гаваркі, з добрай верай да працы. Ён хутка выехаў да Менску, дзе спачатку быў намесьнікам Менскае акругі, пасьля-ж акруговым намесьнікам у Бранску, а ад 31 сьнежня 1943 году прэзыдэнтам Беларускай Цэнтральнай Рады.

Далей наведаў нас палкоўнік Канстантын Езавітаў з Рыгі. Пасьля вымены думак, абмяркоўвалася справа выдаваньня ў Рызе, сталіцы Райхскамісарыяту Остаянд, беларускага ілюстраванага часопісу «Новы шлях», ды беларускіх кніжак. Мы абавязаліся супрацоўнічаць і дасылаючы да друку матэрыялы і ў распаўсюджваньні часопісу. «Новы шлях» выходзіў рэгулярна штомесяц аж да бальшавіцкае навалы 1944 году.

Зьявіўся ў Камітэт і М. Дзямідаў, які дастаў назначэньне школьнага інспэктара ў Лідзе, пасьля адыходу стуль Макарэвіча. Быў і інж. К. Дуж-Душэўскі, які хваліўся сваёй беларускай дзейнасьцяй у прошласьці, але адмаўляўся прыняць тое ці іншае становішча у беларускай акрузе. Таксама й А. Ружанец-Ружанцоў, стары вайсковы дзеяч з часоў Беларускае Народнае Рэспублікі, не хацеў выяжджаць зь Вільні, дзе быў начальнікам пажарнай аховы ў жамойцкай адміністрацыі.

Цікавым госьцем у Камітэце быў Старшыня Беларускай Самапомачы пры Генэральным Камісарыяце Беларусі ў Менску, др. мэд. І. Ермачэнка. Быў ён з сваёй асабістай сакратаркай Галінай Войтэнка. Рабіў добрае ўражаньне. Саліднага выгляду, апанаваны, культурны ў дачыненьнях да іншых, умеў трымацца як сярод Немцаў, так і сваіх. Хадзілі гаворкі, што ён часта езьдзіў празь Вільню да Чэскай Прагі, дзе меў сваю сям'ю, перавозячы розныя тавары на чорны рынак. У 1943 годзе, калі Немцы змушаныя былі даць Беларусам больш правоў на самакіраўніцтва, Ермачэнка не знайшоў падтрыманьня з боку беларускага грамадзтва, быў адхілены ад Самапомачы ды падменены Ю. Сабалеўскім.

У ліпені 1942 году віленскі Камітэт ізноў наведаў а. В. Гадлеўскі, гэтым разам у асысьце нямецкага камісара для школьных справаў у Беларусі — Сівіцы. На гэтую сустрэчу сабралася каля 70 чалавек. Я, як старшыня, прывітаў кіраўнікоў асьветы ды адзначыў неабходнасьць, нат у ўмовах вайны, наладзіць і ўсеагульнае пачатковае школьніцтва, і сярэдняе, і прафэсійнае ды вышэйшае, каб беларускі народ мог заняць належнае месца між іншымі народамі і ў галіне асьветы. Сівіца паходзіў зь Сілезіі, ведаў добра польскую мову, дык, наслухаўшыся Беларусаў, разумеў і беларускую. Ён то чырванеў, то сінеў, то круціўся неспакойна. Пасьля мяне прамаўляў а. Гадлеўскі ў духу маёй прамовы, адзначаючы толькі, што ў цяперашнім ваенным часе цяжка будзе наладзіць вышэйшыя школы. Назваў ён таксама канкрэтныя лікі беларускага школьніцтва ў Галоўнай Акрузе Беларусі: пачатковых школаў да 8000, каля 20 сярэдніх агульных і прафэсійных, створаныя пачаткі Мэдычнае Акадэміі.

Трэці па чарзе прамаўляў Сівіца. У вытрыманым тоне ён даў нам да зразуменьня, што Беларусы фантасты, не разумеюць патрэбаў часу й жаданьняў Фюрэра: у сялянскай Беларусі прадбачваюцца цяпер пачатковыя школы, двугадовыя школы рамесьніцкія й прафэсійныя і толькі ў некаторых гарадох дазволеныя поўныя сярэднія школы. Пра ўнівэрсытэты й вышэйшыя інстытуты нельга й думаць.

З прамовы Сівіцы было зразумелым, што поўнае сярэдняе й вышэйшае школьніцтва не ляжыць у плянах гітлероўскае Нямеччыны. Яна зацікаўленая ў працоўнай сіле беларускага маладога пакаленьня.

У сваім абагульненьні думак прамоўцаў я пагаджаўся, што ў цяперашнім ваенным часе нельга марыць пра ўнівэрсытэты ды вышэйшыя школы, але сярэднія агульнаадукацыйныя й прафэсійныя школы неабходныя, бо ў нашыя часы кожны працаўнік, кім-бы ён ня быў, мусіць быць адукаваным, каб мог добра выканаць сваю працу.

Пасьля мяне выступалі яшчэ настаўнікі Тышкевіч і Кароль з падобнымі меркаваньнямі. Сівіца маўчаў, але было відаць, што ён выразна незадаволены з настрояў віленскае беларускае інтэлігенцыі. Кс. В. Галееўскі пасьля дзякаваў усім прамоўцам за абарону беларускага школьніцтва й казаў, што ён такой самай думкі.

Было шмат візытаў у Камітэце й з боку нямецкага адміністрацыйнага апарату: акруговых камісараў Віленшчыны, Лідчыны, Наваградчыны, СД, барона Аўгена фон Энгельгарта, аўтара кнігі пра Беларусь «Вайсрутэніен», што была напісаная з даручэньня нямецкага ўраду.

Калі ўжо гаворым пра знатнейшыя візыты, дык чаму ня ўспомніць пра цікавейшыя нашых суседзяў?

Гэтак, дзесьці ў травені 1943 году, у БНК зьявіўся нейкі каталіцкі ксёндз, прозьвішча ня памятаю, з студэнткай Хмялеўскай, ды прасіў інфармацыяў аб 13-ці каталіцкіх ксяндзох, што былі высланыя мітрапалітам Р. Ялбжыкоўскім на землі ўсходняе Беларусі для «аднаўленьня» там каталіцкага жыцьця. Аб лёсе гэтых місіянераў я й сам тады нічога ня ведаў. Даходзілі толькі чуткі, што гэтыя духоўнікі былі прасьледваныя беларускімі ворганамі, ды таксама й Немцамі, як нелегальныя польскія эмісары Ялбжыкоўскага, ведамага стаўпа польскага шавінізму ў царкоўнай дзялянцы.

Вось гэта я й сказаў гэнаму ксяндзу, дадаючы, што сярод гэтых вестак адна даволі пэўная — правадыр «місіянерскай» групы, кс. Глябовіч, ведамы польскі агітатар у каталіцкай акцыі, расстраляны. Іншыя знаходзяцца ў розных арыштах. На пытаньне, ці я мог-бы нешта дапамагчы ў справе вызваленьня арыштаваных, я адказаў, што віленскі Беларускі Камітэт ня мае права інгерэнцыі ў справы Генэральнай Акругі Беларусі. Гэткія справы належаць да генэральнага камісара Беларусі Кубэ. Дэлегацыя адышла з сумам. Пасьля я даведаўся, што амаль уся «місія» была зьліквідаваная, як польская агентура, ды ня раз думаў, што маральную адказнасьць за іхнюю сьмерць нясе ведамы прасьледнік Беларусаў Р. Ялбжыкоўскі, які спрабаваў заварыць новую польскую авантуру, цяпер на землях усходняе Беларусі.

Зь Беларусаў назаву некаторых, якія ў часе вайны займалі высокія становішчы ў Галоўнай Акрузе Беларусі, ды якія ў той ці іншы спосаб мелі кантакт з БНК ў Вільні, а разам і са мной.

У. Шавель — студэнт права Віленскага Ўнівэрсытэту, шчыры Беларус, маламоўны, але разважны, дзейны чынам у важных сытуацыях. Быў камендантам паліцыі ў Менскай акрузе ў 1943 годзе, трымаў паліцыю ў беларускім духу, асабліва калі зьявілася дывэрсія з боку польскага, а пасьля маскоўскага. Справакаваны пасьля з двух бакоў, бальшавіцкага й нямецкага, згубіў давер да Немцаў ды ў восені 1943 году скрыўся на Палесьсі й усякія сьляды па ім прапалі.

Юстын Мурашка, стары, яшчэ нашаніўскі, беларускі дзеяч. У лістападзе 1941 году быў бурмістрам места Ашмяны, дзе сарганізаваў беларускае школьніцтва й адміністрацыю. Пасьля далучэньня Ашмян да Летувы, быў бурмістрам у Валожыне. Дзе Мурашка быў бурмістрам, там варожыя сілы з боку польскага, летувіскага й расейскага маглі толькі скрыгатаць зубамі.

Алёйзы й Уладыслаў Пяцюкевічы. Яны першыя адгукнуліся да працы ў часе вайны ў радох нашых збройных сілаў. Дзеілі ў Браслаўшчыне, у Баранавіцкай, Слонімскай і Наваградзкай акругах, былі ў радох паліцыі, у беларускім батальёне СД, у беларускай супроцьбальшавіцкай партызанцы ў Слонімшчыне, усюды вызначаліся патрыятызмам, адвагай, актыўнасьцяй. Абодва загінулі ў барацьбе. Алёйзы больш году сядзеў у канцэнтрацыйным лягеры Калдычэва ля Баранавіч, а выратаваны сябрамі ў часе ліквідацыі гэтага лягеру, паў на фронце пад Варшавай. Другі, Уладыслаў, паў ад варожай кулі ў часе выконваньня службовых абавязкаў у Слоніме.

13
{"b":"640702","o":1}