Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

— Ну, каму гэта рабіць няма чаго?

Купрэйчык усміхнуўся: «Ведала б ты, што цябе абкраў оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку!» Дзяўчына яшчэ раз паўтарыла сваё пытанне і, не дачакаўшыся адказу, прыгнечана кінула:

— Ідыёт!

А Купрэйчык толькі хмыкнуў.

Незнаёмка павярнулася і пайшла ўздоўж берага ў процілеглы ад лодкі бок. Купрэйчык пачаў асцярожна рухацца следам. Але дзяўчына ўсё ж пачула яго крокі і спакойна, не паварочваючы галавы, сказала:

— I доўга вы будзеце гуляць у хованкі? Я ж усё адно чую, як па кустах хаваецеся.

Аляксей выйшаў. Убачыўшы незнаёмага хлопца, дзяўчына разгубілася і нават спалохалася. Аляксей паспешна працягнуў рэчы і сказаў:

— Дабрыдзень, не крыўдуйце, я пажартаваў.

Яна моўчкі і хутка ўзяла з яго рук халат і, адвярнуўшыся, апранулася. Затым, прымаючы басаножкі, ціха сказала:

— Знайшлі, чым жартаваць. Ведаеце, як я спалохалася, думала, як жа ў купальніку ў вёску ісці.

Аляксей спытаў:

— Вы жывяце ў гэтай вёсцы?

— Не, з сяброўкай прыехала ў госці да яе бацькоў.

— А чаму яна не пайшла разам з вамі купацца?

— Не захацела, а можа, вырашыла даць вам магчымасць мяне абкрасці.

— Не, што вы, я не злодзей, наадварот, я сам іх лаўлю.

— Як не злодзей? А хто ж тады мае рэчы выкраў?— I раптам засмяялася: — Уяўляю, як бы я ў купальніку цяпер ішла па вёсцы. Нічога не скажаш, становішча…

— Я, вядома, разумею, што гэта неразумна. вось так адразу, але мне не хочацца вас адпускаць. Давайце пазнаёмімся. Мяне завуць Аляксей. Аляксей Купрэйчык. Прыехаў з сябрам на рыбалку, хацеў выкупацца і ўбачыў вас.

Дзяўчына завагалася, казаць ёй сваё імя ці не, але, зазірнуўшы ў вочы гэтага сімпатычнага хлопца, убачыла ў іх мальбу і разгубленасць, злітасцілася і прадставілася:

— Надзя Кір’янава…

Лейтэнант так задумаўся, што не заўважыў, як замігцеў світанак. Неба пасвятлела, на яго фоне выразна вылучаліся цёмна-зялёныя кроны дрэў. Купрэйчык разбудзіў чатырох байцоў: Цімахоўца, Маліну, Шчуку і Чыжыка. Сабраўшы іх у кружок, лейтэнант шэптам загадаў абследаваць мясцовасць вакол іх стаянкі. Разведчыкі парамі адразу ж разышліся ў розныя бакі. Зараз заставалася чакаць. Лейтэнант пабудзіў яшчэ чацвёрку байцоў і накіраваў іх змяніць тых, хто знаходзіўся ў сакрэце. Пасля гэтага Аляксей лёг на зямлю і адразу ж задрамаў. Нервовая напруга, начны пераход і стомленасць апошніх дзён змарылі яго канчаткова. Кудысьці на задні план адсунуліся трывога і турбота, невядомасць таго, што чакае іх наперадзе. Але спаў ён нядоўга.

Яго чуйны слых улавіў недалёка ад сябе нейкі лёгкі рух, шоргат. Аляксей адкрыў вочы і сеў.

Аказалася, што разведчыкі ўжо прачнуліся, але стараліся не шумець, каб не разбудзіць камандзіра. Ён кінуў сцісла «снедаць», і байцы заварушыліся, дастаючы прадукты. Можа, хтосьці з іх і не хацеў есці, але кожны разумеў, што падмацавацца трэба. Яшчэ невядома, ці будзе такая магчымасць пазней. Нарэшце з’явілася першая пара разведчыкаў. Чыжык звярнуўся да Купрэйчыка:

— Ну, камандзір, даставай карту.

Ён разаслаў карту на траве, а Чыжык, зазіраючы ў накрэсленую спехам схему, пачаў тлумачыць:

— Вось тут заходней ад нас, у кіламетрах паўтара, у лесе знаходзіцца танкавая часць: дваццаць чатыры танкі, шэсць бронетранспарцёраў і восем самаходак. Там жа тры бензавозы, тры легкавушкі. Адчуваецца, што знаходзяцца там немцы нядаўна і размясціліся ненадоўга. Амаль ніякіх работ не вядуць. Значыць, чакаюць каманды аб перадыслакацыі. Мы іх абышлі з поўдня і прайшлі па лесе далей. Больш нікога не сустрэлі. Вось тут, — Чыжык ткнуў кончыкам алоўка ў карту, — праходзіць з паўднёвага захаду на паўночны ўсход дарога. Слядоў на ёй шмат. Не выключана, што і танкавая часць прайшла там. Дарога выходзіць з лесу і ўпіраецца ў вёску.

Купрэйчык адразу ж вызначыў: «Так гэта ж вёска Дзедава. Кампалка прасіў асабліва старанна праверыць, што за штаб там знаходзіцца. Напэўна, дывізіённая разведка штосьці намацала там, а высветліць, што менавіта, не змагла».

А Чыжык працягваў:

— За вёскай немцы вядуць будаўнічыя работы. Прымусілі мясцовае насельніцтва, галоўным чынам жанчын, старых і дзяцей, капаць траншэі, будаваць бліндажы. Там жа працуюць і сапёры. Яны возяць лес, будуюць умацаванні і сховішчы. У нас склалася меркаванне, што рыхтуюць новую лінію абароны. Жывой сілы, праўда, мала, але мы іх маглі з першага заходу і не заўважыць. Танкавы батальён і то выпадкова выявілі, — самакрытычна скончыў Чыжык.

Купрэйчык нанёс усе здабытыя дадзеныя аб праціўніку на карту, узяў і схему, якую вычарціў Чыжык, і прапанаваў ім адпачываць. «Пакуль не вернецца другая пара хлопцаў, — вырашыў ён, — адсюль не пойдзем». Не паспеў ён паснедаць, як прыбылі Цімахавец і Маліна. Яны абследавалі паўднёва-заходнюю частку лесу і прылягаючую да яго мясцовасць, выявілі некалькі даволі буйных груповак праціўніка, у тым ліку танкі і самаходныя гарматы.

Выслухаўшы іх даклад, лейтэнант вырашыў абследаваць мясцовасць.

«Месца, дзе мы цяпер знаходзімся, — думаў ён, — больш-менш спакойнае. Мабыць, застанемся тут на дзянёк і добра ўдакладнім становішча, а затым рушым далей».

Ён падсеў бліжэй да салдат:

— Значыць так, браткі. Стаўлю задачу: тут застаюцца толькі тыя, хто вярнуўся з паходу, і яшчэ чацвёра для аховы. Астатніх разаб’ём на групы па тры чалавекі і прачэшам як след мясцовасць. Нам трэба, у што б там ні было, высветліць намер праціўніка і якія ў яго сілы.

Затым Купрэйчык акрэсліў кожнай групе задачу і квадрат, дзе яна павінна дзейнічаць, прызначыў час збору. Разведчыкі адразу ж разышліся.

Купрэйчык узяў з сабой Лугаўца і Губчыка. Іх шлях ляжаў да вёскі, у якой немцы капалі акопы. Памятаючы пра тое, што наперадзе павінна быць стаянка бранетанкавай часці, лейтэнант увесь час забіраў лявей, і ім прыйшлося рабіць вялікі крук. I калі ўлічыць, што рухаліся яны вельмі асцярожна, часта залягалі і старанна аглядалі мясцовасць, то не дзіўна, што да вёскі падышлі толькі да поўдня. Уладкавалі сабе НП у густым ельніку, дзе нават трава не расла, але было бяспечна.

Метрах у трохстах віднелася вёска з хат дваццаці, не больш.

Купрэйчык пераканаўся, што іх не будзе выдаваць бляск шкла бінокля, і пачаў назіраць. Крыху лявей вёскі вяліся работы. Старыя і жанчыны пад наглядам немцаў капалі акопы. Цывільных людзей у вёсцы не было відаць, і Купрэйчык падумаў: «Усіх выгналі на працу, спяшаюцца». Ён паклаў перад сабой ліст паперы і пачаў наносіць схему абарончых збудаванняў, якія ўзводзіліся. Нечакана Лугавец крануў яго за плячо і ціха сказаў:

— Лейтэнант, паглядзі, здаецца, нашага вядуць, — і ён рукой паказаў на групу нямецкіх салдат, якія вялі перад сабой чалавека.

Купрэйчык перавёў бінокль на іх і ўбачыў, што немцы канваіруюць чырвонаармейца. Выразна была бачная разадраная гімнасцёрка, на галаве — брудная, у крывавых плямах павязка. Двое немцаў трымалі напагатоў аўтаматы, астатнія ішлі ззаду, ажыўлена жэстыкулявалі, размаўлялі паміж сабой.

— Сапраўды, чырвонаармейца вядуць, сволачы! — усхвалявана прагаварыў лейтэнант, неадрыўна гледзячы ў бінокль.

Немцы завялі палоннага салдата ў двор другой ад краю вёскі хаты. Адзін з іх увайшоў у хату і праз хвіліну выйшаў у суправаджэнні афіцэра, на галаве якога была фуражка з высокім верхам. Афіцэр наблізіўся да палоннага, стаў штосьці казаць яму. Немцы, якія прыйшлі разам з канваірамі, стоўпіліся поруч, і разведчыкі ўжо не маглі бачыць ні чырвонаармейца, ні нямецкага афіцэра. Нечакана натоўп расступіўся, і Купрэйчык са сваімі салдатамі ўбачылі, што палонны ляжыць на зямлі, а афіцэр і салдаты б’юць яго нагамі.

— Што яны робяць? Яны ж заб’юць яго! — ускрыкнуў Губчык. — Таварыш лейтэнант, дазвольце, я іх з аўтамата?

— Не крычы, Пеця. Нам нельга сябе выяўляць. Для нас галоўнае — разведка і вытрымка. — Купрэйчык злосна вылаяўся і дадаў: — А гэта мы ім абавязкова ўзгадаем.

А немцы працягвалі біць чырвонаармейца. Ён ужо не рухаўся і ляжаў не абараняючыся. У бінокль было відаць, як нямогла тузалася яго галава пасля кожнага ўдару нагой. Купрэйчык, сціскаючы збялелымі пальцамі бінокль, сказаў:

19
{"b":"585908","o":1}