— Што ён зможа зрабіць? — з горыччу прагаварыў Уладзімір. — У гестапаўскія падвалы не пракрадзешся.
— Не ведаю што. Але абяцаў, што пра іх лёс даведаецца.
— Калі ты сыходзіш? — спытаў Уладзімір.
— Заўтра.
— Надоўга?
— Дзён на дзесяць.
— А калі мне спатрэбіцца адшукаць цябе?
— Шукай праз майго былога камандзіра, — Жэня паднялася. — Ну, мне пара.
Уладзімір, крыху правёўшы сястру, вярнуўся ў лагер. У душы з’явілася трывога. Раней Жэня знаходзілася на тылавой базе. А зараз яна будзе амаль штодня адчуваць небяспеку, увесь час рызыкаваць жыццём…
Наступіў снежань. Усе чакалі марозу, снегападаў, а зямля набракала ад бесперапынных дажджоў. Па такой дарозе ісці было цяжка. Той шлях, які партызаны ў летні час праходзілі за нейкую пару гадзін, цяпер не маглі адужаць і за чвэрць, а то і за палову сутак, затое бездараж, цёмныя ночы дазвалялі ім непрыкметна набліжацца да аб’ектаў, якія ахоўвалі немцы, і наносіць нечаканыя ўдары.
Група Тамкова за паўтара-два месяцы ператварылася ў невялікі атрад. Калі яна злучылася з асноўнымі сіламі, Славіна прызначылі начальнікам разведвальна-дыверсійнай камсамольска-маладзёжнай групы. Хлопцы з задавальненнем ішлі на любое заданне. Часцей за ўсё іх накіроўвалі на шашэйныя дарогі, дзе, устанавіўшы міну, можна было не чакаць падыходу аўтамашыны, а вяртацца на базу ці прыступаць да выканання наступнага задання. Але Уладзіміра цягнула да чыгункі, і ён увесь час прасіў Тамкова, які так і застаўся яго непасрэдным начальнікам, паслаць на «жалезку». Нарэшце такі выпадак надарыўся. Славін узначаліў дыверсійную групу, якой даручалася пусціць пад адхон эшалон.
Як толькі сцямнела, адправіліся ў шлях. Разам з Уладзімірам на заданне ішлі Мікалай Церахаў, Яўген Антошын, Аляксей Бартошык і Сяргей Панчанкаў — брат Надзі.
Апоўначы група дабралася да невялікай вёсачкі. Тут жыў стары, партызанскі сувязны, які быў лесніком. Накарміўшы партызан, ён параіў:
— Мне здаецца, што вам трэба падыходзіць да дарогі не лесам, а полем. Адразу за вёскай пачынаецца невялікая лагчына. Па ёй вы зможаце наблізіцца да самай дарогі. Дый патрулі ў тым месцы ходзяць радзей.
— Не засеклі, праз які інтэрвал яны рухаюцца? — спытаў Славін.
Стары ўсміхнуўся:
— Гадзінніка, сынок, у мяне няма. Ходзікі былі, дык стараста, каб яго разарвала, забраў. Але думаю, мінут праз дзесяць з’яўляюцца.
— Ну, гэтага нам дастаткова, — махнуў рукой Панчанкаў.
Уладзімір усміхнуўся, успомніўшы, як той падчас трэніровак на базе паспеў паставіць «міну» за дзве-тры хвіліны. Аднак гэтым разам трэба было выкарыстоўваць не міну, а шаснаццацікілаграмовы зарад толу.
Падрыўнікі асцярожна прабраліся да дарогі па той самай лагчыне, пра якую казаў стары-сувязны. Яны чулі, як адзін за адным прамчаліся тры цягнікі ў бок Мінска.
Мінёры залеглі і сталі чакаць. З-за павароту вырваўся цяжкі састаў. На вялікай хуткасці ён набліжаўся да месца, дзе чакала яго «неспадзеўка». Славін разлічыў дакладна. Калі ён тузануў за канец шнура, начную цішыню ўскалыхнуў аглушальны выбух. На імгненне стала светла быццам днём, партызаны ўбачылі, як паравоз устаў на дыбы, і адразу ж наступіла цемра, толькі чуліся выбухі, лязгат металу, трэск.
У атрадзе камандзір павіншаваў усіх удзельнікаў аперацыі з поспехам, паклікаў Славіна:
— Уладзімір, цябе ў штабной зямлянцы сястра чакае. Хоча радасную вестку паведаміць.
— Якую?
— Пакуль сакрэт, — усміхнуўся камандзір, злёгку падпіхнуў хлопца ў спіну. — Ну, ідзі!
Уладзімір хуткім крокам накіраваўся да штабной зямлянкі. «Напэўна цяпер будзе выхваляцца, што фрыцам моцна нашкодзіла», — меркаваў ён.
Жэня сядзела на тоўстым цурбане і падкідала ў «буржуйку» дровы. Убачыўшы брата, ускочыла:
— Нарэшце! Я ўжо думала, што так і не дачакаюся цябе, — яна абняла і пацалавала Уладзіміра.
— Што за радасную вестку хочаш паведаміць?
Жэні хацелася трохі памучыць брата, але не вытрымала:
— Мама прыехала.
Уладзімір павольна апусціўся на лаву, збітую з жэрдак.
— Як прыехала? Дзе яна?
— У вёсцы. Гэта недалёка адсюль, кіламетраў трыццаць — сорак.
— Адкуль ты ведаеш? — недаверліва спытаў Уладзімір.
— Наш камандзір сказаў. Ох і малайчына ён! Памятаеш, я казала, што абяцаў дапамагчы нам.
— Вядома, памятаю.
— Дык вось, ён даведаўся, дзе немцы трымаюць маму, і з дапамогай падпольшчыкаў арганізавалі ўцёкі.
— А з татам што?
— Пакуль нічога не вядома. Мама таксама нічога не ведае, — сумна адказала Жэня і, заўважыўшы, што ў Валодзі дзе-нідзе парваўся пінжак, прапанавала: — Давай зашыю.
Гледзячы, як Жэня спрытна валодае іголкай, спытаў:
— Ты бачыла маму?
— Бачыла. Усяго адзін раз. Да цябе прыбегла, каб дамовіцца, калі да яе пойдзем.
— Як калі? Пайду цяпер да камандзіра і адпрашуся дні на тры. Вось і пойдзем.
Ён надзеў зацыраваны пінжак, папрасіў сястру трохі пачакаць, пабег да зямлянкі камандзіра. Той, выслухаўшы, паклаў руку на плячо хлопца:
— Ведаю, хлопча, што занудзіўся па маці. Але адпусціць не магу. Бачыш, зіма пачынаецца. Трэба сыходзіць далей у лясы. А то тут, як толькі выпадзе снег, немцы адразу выявяць нашы сляды і, як кацянят, пераб’юць. Сыходзім заўтра. Так што адкладзі спатканне на пазнейшы тэрмін. Калі ўладкуемся на новым месцы, адпушчу дзён на дзесяць. Толькі патрывай…
Капітан Пётр Мачалаў
Ноч. Мароз. Сцюдзёны вецер паступова заносіў снегам акопы. Два ўжо немаладыя салдаты з трывогай пазіралі ў бок капітана, які стаяў непадалёку. У раскрытым шынялі, без галаўнога ўбору, ён моўчкі глядзеў туды, дзе знаходзіўся праціўнік.
Байцам было холадна, самы час згарнуць самакрутку і, хаваючы яе ў рукаве, зацягнуцца моцным тытунём. Але нельга, побач камбат. Яшчэ, чаго добрага, прабярэ за курэнне на пасту. А назіральнікам знаходзіцца на марозе яшчэ не менш як гадзіну. Адзін з іх ледзь чутна прабурчаў:
— І чаго ён тырчыць тут? Ішоў бы да сябе ў зямлянку. Там, нябось, ад спякоты хоць да сподняга распранайся.
— Не кажы, курыць так хочацца, аж у роце казыча.
— Што праўда, то праўда. Калі ў мяне ў руцэ цыгарка дыміцца, то мне здаецца, што яна нават душу адагравае.
— А яно так і ёсць. Дым жа цёплы, удыхнеш — і ўнутры цяплей становіцца.
— А камбат вось без шапкі, так і прастыць можна. Бач, як нямецкую пазіцыю вывучае, пэўна, заўтра ў атаку загад паступіць.
— Наўрад. Вось атрымаем папаўненне, тады фрыцаў далей папром.
Чырвонаармейцы, вядома, не маглі бачыць твар Мачалава, яго адсутны погляд. У правай руцэ ён сціскаў лісток паперы. Г адзіну назад да яго ў бліндаж увайшоў Грыдзін. Яго стомлены худы твар здаваўся чорным. Ён моўчкі зірнуў на ардынарца. Той накінуў на плечы шынель, нацягнуў на галаву шапку і, узяўшы для чагосьці сякеру, што ляжала на бярэмі дроў ля распаленай печы, выйшаў.
Мачалаў, нібы прадчуваючы бяду, моўчкі глядзеў на камандзіра палка. Той нейкім чужым, надтрэснутым голасам сказаў:
— Пеця, трымайся, браток, бяду прынёс табе!
Ён працягнуў Мачалаву лісток паперы і, нібы апраўдваючыся, растлумачыў:
— Толькі што з дывізіі даставілі.
Мачалаў разгарнуў лісток і напаўголасу пачаў чытаць:
«Як паведамляе штаб партызанскага руху жонка і двое дзяцей Мачалава разам з іншымі жыхарамі вёскі спалены. Гэтыя дадзеныя атрыманы ад партызанскага атрада, які дыслакуецца ў названым раёне».
Вочы Пятра завалакло смугой. Мозг не хацеў успрымаць сэнс прачытанага. Мачалаў яшчэ і яшчэ раз учытваўся ў напісанае, удумваўся ў яго сэнс. А сэрца паўтарала: «Не, не, гэта не пра іх! Гэта нейкая памылка! Урэшце, ці мала Мачалавых у арміі?» Але паступова да Пятра пачало даходзіць, што гаворка ідзе пра яго Таню і дзяцей. Ён успомніў, як яшчэ Тарасаў казаў яму, што высвятляюць лёс яго сям’і. Ох як не хацелася Пятру верыць у тое, што здарылася!
Ён як у трызненні накінуў на сябе шынель і, хістаючыся, пайшоў да пярэдняй лініі акопаў. Апынуўшыся ў размяшчэнні сваёй былой роты, Пётр спыніўся ў траншэі, дзе не было людзей, і падставіў твар марознаму ветру. Думкі былі бязладнымі і панурымі. Пётр разумеў, што ўжо больш ніколі не ўбачыць Таню, не пагладзіць пышныя валасы Юлі, не абніме далікатнае цельца сына, не прыцісне іх да сваіх грудзей. Ад усведамлення гэтага станавілася жудасна, хацелася кудысьці бегчы, крычаць. Мачалаў не бачыў ні салдат, што знаходзіліся ў дазоры, ні камандзіра палка Грыдзіна, які следам за ім прыйшоў у гэту траншэю і, сціскаючы ў руцэ шапку Мачалава, не адважваўся падысці да яго.