Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Масленікаў амаль нічога не ведаў пра Марэка і «старшыну».

— Разумееце, — казаў ён, — спрабаваў я некалькі разоў высветліць, хто яны, але выгіналіся, як вужы, ухіляліся ад адказу.

— Чым яны ўзброены?

Масленікаў нявесела ўсміхнуўся:

— Танкаў і самалётаў няма, астатняе — маецца! — ён памаўчаў трохі і дадаў: — Аўтаматы, пісталеты, гранаты ў хаце захоўваюць. У хляве — два кулямёты, процітанкавае ружжо сенам прыкрыты. Злева, у куце, процітанкавыя міны ляжаць.

— Якую мэту яны ставяць перад сабой?

— Сабраць пабольш людзей і пагуляць, пакуль не спыняць. Марэк аднойчы п’яны ляпнуў, што хоча золата назапасіць, у Бразілію махнуць.

Нарэшце Славін скончыў пісаць. Даў арыштаванаму падпісаць пратакол допыту. Затым яны пайшлі да машыны. Славін сеў побач з вадзіцелем, Масленікаў — на заднім сядзенні паміж двума аўтаматчыкамі. Ехалі доўга. Масленікаў зрэдку падказваў вадзіцелю, дзе паварочваць. Дарога была моцна заснежана, і машына прасоўвалася наперад на невялікай хуткасці.

Неўзабаве заехалі ў лес. Паабапал у белых строях сцяной стаялі высокія елкі. Пасля дваццаціхвіліннай язды па лесе Масленікаў папрасіў спыніць машыну. Уважліва гледзячы наперад праз ветравое шкло, ён няўпэўнена прагаварыў:

— Здаецца, тут. Дазвольце выйсці з машыны?

— Давайце выйдзем, — пагадзіўся Славін і адкрыў дзверцы.

Іван зрабіў некалькі крокаў па хадзе машыны, спыніўся, аглядаючыся па баках. Аўтаматчыкі насцярожана сачылі за кожным рухам. Але Масленікаў разумеў, што бегчы бессэнсоўна, уважліва ўзіраўся ў мясцовасць. Нарэшце паказаў рукой на вузкую прасеку:

— Вось тут была сцяжынка, снегам занесла. Па ёй можна прама да хутара прайсці.

— Далёка ісці?

— Не больш за кіламетр.

Славін занепакоіўся: «Нашы ж з Кладновой паехалі, а слядоў — ніякіх. Няўжо іншы хутар паказала?» Падышоў да прасекі. Вецер занёс снегам сцяжынку, і цяпер ледзь-ледзь праглядаліся нечыя сляды. Цяпер ужо было цяжка вызначыць, калі яны пакінуты. Ва Уладзіміра мільганула думка: «А што, калі пешшу прайсці да хутара? Паглядзець, пакуль яшчэ светла, дзе ён размешчаны? А, хай будзе, што будзе!» Ён вярнуўся да машыны, загадаў канваірам пасадзіць арыштаванага ў машыну, а сам, правальваючыся па калена ў снезе, накіраваўся ўздоўж прасекі.

Ісці было цяжка. Нарэшце наперадзе, на шырокай паляне, ён убачыў вялікую хату, два хлявы, гумно — акружаныя паўколам невысокім рэдкім дашчаным плотам. Далей, уздоўж агароду, цягнулася загарадзь з доўгіх жэрдак. Ля аднаго хлява фыркаў конь, недалёка ад яго скакаў вялікі кудлаты сабака. Людзей не было відаць. Але дым, які валіў з трубы, сведчыў, што хутар не пустуе. Славін схаваўся за ствалом елкі, уважліва назіраў за хатай і хлявамі, стараючыся запомніць, як яны размешчаны, вызначаў падыходы да іх.

Нарэшце Уладзімір накіраваўся назад. Калі прыйшоў да стаянкі, было ўжо цёмна.

Машына крута развярнулася і паехала да горада. Масленікаў спытаў:

— Ну як? Знайшлі?

— Знайшоў. Хата, два хлявы, гумно. Правільна?

— Так.

Славін, жадаючы праверыць, наколькі Масленікаў праўдзівы, спытаў:

— Не ведаеце, сабака ў іх ёсць?

— Быў, — адказаў Масленікаў і тут жа ўдакладніў: — Велізарны, кудлаты.

— Колькі ў іх коней?

— Тры.

— Даводзілася чуць, дзе цяпер муж Рэгіны?

— Пра гэта гаворкі не было. Ведаю толькі, што Марэк спаў з ёй.

— Дарэчы, вам не даводзілася бачыць яго дакументы?

— Не паказваў, хоць ставіўся да мяне з павагай. Аднойчы ў горадзе мы ўтрох ішлі па вуліцы. Раптам насустрач — каменданцкі патруль. Спыніў нас. Марэк дастаў нейкія дакументы, прад’явіў, і нас адпусцілі. Што за дакументы, на чыё прозвішча — не ведаю.

— Прозвішча старшыны таксама не ведаеце?

— Не, не ведаю. Але ён казаў, што пасля нападу на машыну забраў дакументы забітых — вадзіцеля і тых двух чалавек, якія суправаджалі.

Машына нарэшце заехала ў горад. Прайшло яшчэ некалькі хвілін, і Славін ужо ўваходзіў у кабінет начальніка. Той, убачыўшы Уладзіміра, нецярпліва спытаў:

— Ну што? Паказаў?

— Так, сапраўды! Паказаў. А Кладнова паказала?

— Не. Не змагла знайсці ў лесе паварот, які вядзе да хутара. Асабіста яна была ў Птушак, здаецца, толькі два разы. Цяпер усё занесла снегам, і Кладнова, як ні старалася адшукаць дарогу да хутара, так і не змагла.

— Па якой дарозе ехалі?

— Дарогу яна памятае. Вось паглядзі, — Пётр Пятровіч падышоў да стала і разгарнуў карту, — бачыш? Ехалі па гэтай дарозе.

— Правільна! — узрадаваўся Славін. — Масленікаў таксама па гэтай дарозе вёў. Паварот прыблізна ў гэтым месцы. Масленікаў нядаўна там быў і то ледзь пазнаў. А вось тут — сядзіба Рэгіны Птушак.

І Славін падрабязна расказаў, як ён аглядаў хутар.

— Уначы зможаш знайсці дарогу да яго? — спытаў начальнік аддзела.

— Вядома.

— Тады ідзі адпачывай. Гадзіны ў тры падымем цябе, адвязём групу назіральнікаў, расставім у лесе вакол хутара. Калі пераканаемся, што бандыты там, пачнём аперацыю.

Оперупаўнаважаны аддзела барацьбы з бандытызмам Уладзімір Славін

Ноч была на рэдкасць лютай. У кузаў крытага грузавіка селі сямёра супрацоўнікаў. Брызент хаваў пасажыраў ад ветру, але моцны мароз залазіў у валёнкі, пад паўкажушкі, неміласэрна хапаў за нос і шчокі. Ехалі моўчкі. Славін сядзеў у кабіне, але пачуваўся ніякавата. Начальнік аддзела вылучыў яму гэтае месца, каб паказваў дарогу, а сам разам з астатнімі аператыўнікамі забраўся ў кузаў.

Уладзімір пільна ўзіраўся ў дарогу, у лес, што прабягаў паўз яе. Ён вельмі баяўся падвесці таварышаў і прагледзець паварот на хутар. Адно — днём, зусім інакш — уначы. Паспрабуй пазнай тую прасеку, якая вядзе да хутара. Спідометр у грузавіку не працаваў, і вызначыць, колькі кіламетраў засталося ззаду, было немагчыма. Уладзімір узрадаваўся, калі машыну моцна страсянула: яна заехала на драўляны масток, перакінуты праз невялікі раўчук. Парэнчаў у мастка не было. Пакрыты снегам, ён амаль не выдзяляўся. Але Уладзімір памятаў, як учора днём іх «казла» гэтак жа моцна падкінула, як цяпер і грузавік. Ён падумаў: «Хвілін дзесяць засталося. Грузавік едзе, мабыць, з такой жа хуткасцю». Вадзіцель, пажылы старшына, флегматычна спытаў:

— Што? Хутка пад’едзем?

— Не хвалюйся, Ваня. Хутка спынімся. Трэба зарыентавацца, — і Уладзімір паглядзеў наперад. Не, не памыліўся.

Роўна праз дзесяць хвілін ён сказаў вадзіцелю спыніцца. Выйшаў з кабіны, агледзеўся і пайшоў да задняга борта.

— Прыехалі, можна выходзіць.

Калі ўся аператыўная група падышла да прасекі, Мачалаў пакінуў з вадзіцелем толькі аднаго аўтаматчыка. Астатнім супрацоўнікам прапанаваў ісці за ім. Праўда, цяпер прабірацца праз густы лес у цемры, па пояс у снезе, было значна складаней. Толькі к сямі гадзінам супрацоўнікі падышлі да паляны. Далей рухацца было рызыкоўна.

Пётр Пятровіч адвёў групу метраў на пяцьдзясят у глыб лесу, яшчэ раз праінструктаваў кожнага супрацоўніка.

— Калі яны на хутары, — растлумачыў начальнік напрыканцы, — то абавязкова будуць выходзіць у двор. Ваша задача — палічыць, колькі іх тут сабралася. Калі будзе ўсё ясна, адзін з вас павінен дабрацца да дарогі, павярнуць у бок горада. Прайшоўшы з паўкіламетра, ён заўважыць наш грузавік, а крыху ўбаку, ля вогнішча, — нашых людзей. Тыя будуць прыкідвацца, быццам машына сапсавалася і стала на рамонт. Калі да абеду пасланец не з’явіцца, вас падменяць іншыя супрацоўнікі, а вы адправіцеся да машыны.

— А калі бандыты пойдуць у лес, наткнуцца на нас ці выявяць нашы сляды? — пачулася пытанне.

— Ваша задача — назіраць. Але калі раптам здарыцца і такое, дзейнічайце па становішчы. Нездарма ж у вас аўтаматы. Ёсць яшчэ пытанні?

Супрацоўнікі маўчалі.

— Калі пытанняў няма, значыць, заданне зразумела. Займайце кожны сваё месца.

Славін меркаваў, што яму таксама давядзецца назіраць за хутарам, але начальнік вырашыў інакш. Як толькі аператыўнікі размясціліся на сваіх пазіцыях, ён падышоў да дарогі і загадаў Уладзіміру ісці за ім.

75
{"b":"585908","o":1}