Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Лапко імгненна ацаніў абстаноўку. Павярнуўся да сваіх і падаў каманду. Байцы ўскочылі на ногі і, паліваючы агнём немцаў, якім удалося прарвацца ў акопы, кінуліся да моста. Лапко, Славін, Панчанкаў з тылу атакавалі кулямётнае гняздо. Праўда, і па іх групе немцы стралялі. Кулі ўспорвалі снег ля самых ног нашых байцоў. Лапко паспеў скокнуць у кювет, а Славін і Панчанкаў зваліліся проста на дарогу. Уладзімір прыпадняўся, з усіх сіл шпурнуў гранату ў кулямётнае гняздо. Раздаўся выбух. Байцы кінуліся наперад. Да немцаў, якія заселі ў акопах, заставалася метраў пятнаццаць. Але ў Славіна аказалася толькі адна граната. Ён крыкнуў Панчанкаву, каб той кінуў сваю гранату, у яго іх было тры, але Сяргей ляжаў на снезе і не варушыўся, выкінуўшы наперад левую руку. Славін падпоўз да яго.

— Што з табой?

Панчанкаў маўчаў. Славін дакрануўся да яго галавы, адчуў, што яна мокрая. Пры святле чарговай ракеты ўбачыў, што рука ў крыві. Славін падсунуўся яшчэ бліжэй да сябра, паклаў на спіну, прыпаў вухам да грудзей. Сэрца не праслухоўвалася. Падпоўз Лапко. Камандзір агледзеў Панчанкава і сказаў:

— Забілі хлопца, сволачы!

Ён ускочыў на ногі, ірвануўся да акопа, але Славін апярэдзіў яго. Уладзімір трапна шпурнуў сваю апошнюю гранату і ўскочыў у кулямётнае гняздо. У гэта імгненне ён заўважыў, што салдат у касцы схапіў вінтоўку і пачаў цэліцца ў яго. Уладзімір адказаў чаргой з аўтамата. Немец, не выпускаючы з рук зброі, асеў на дно акопа. А па драўляным насціле моста ўжо чуўся тупат партызан. Напад завяршыўся паспяхова. Яшчэ дзе-нідзе раздаваліся стрэлы, але падрыўнікі ўжо мінавалі апоры.

Праз некалькі хвілін мост узляцеў у паветра. Партызаны хутка адыходзілі да лесу. Па дакладах камандзіраў груп Тамкоў і Лапко ўжо ведалі, што ў атрадзе сем чалавек забіта, шаснаццаць паранена, трое з іх — цяжка.

Партызаны пахавалі сваіх таварышаў ужо днём, далёка ад месца бою.

А пасля быў працяглы паход па глухіх месцах, былі кароткія сутычкі з акупантамі. Атрад ішоў на злучэнне з асноўнымі сіламі брыгады.

Таццяна Андрэеўна

Пасля тых страшных і жорсткіх падзей Мачалава ніяк не магла прыйсці ў сябе. Часам ёй здавалася, што яна проста з глузду з’ехала. І тады як бы з боку сачыла за сабой: за гаворкай, дзеяннямі, думкамі, спрабуючы знайсці штосьці ненатуральнае, нелагічнае. Першыя дні пасля таго, як яна і яе дзеці ўцяклі з падпаленанага хлява, Таццяна была як у трызненні. Яна ледзь стрымлівала сябе, каб не забіцца ў істэрыцы, не закрычаць на ўвесь лес.

Добра, што ў лесе яны сустрэліся з Мішам Лукашэвічам — пляменнікам дзеда Петруся. Аказалася, што хлопец таксама ўцёк ад смерці, і гэта трохі яе падбадзёрыла.

Ноч і наступны дзень яны правялі разам. Зрабілі будан і начавалі ў ім. Раніцай Міша разам з Юляй і Ванем збіралі ягады. Сама Мачалава да ежы не дакраналася.

Нават пасля таго, як убачыла, на што здольныя фашысты, не магла пагадзіцца, што такое могуць зрабіць людзі. Заплюшчыўшы вочы, яна сядзела ў будане і слухала расказ Мішы.

Калі калгаснікі выбілі дзверы і вырваліся з падпаленага хлява, немцы пачалі касіць іх аўтаматнымі чэргамі.

Міша бег наперадзе Мачалавых, дасягнуўшы лесу, схаваўся за дрэвам і назіраў за немцамі. Ён бачыў, як схавалася ў лесе з дзеткамі Таццяна Андрэеўна, як гітлераўцы, падкасаўшы рукавы, блукалі ў высокай траве па полі і дабівалі параненых людзей. Міша расказаў і пра тое, як немцы кідалі трупы і параненых у агонь.

Міша вырашыў ісці ў далёкую вёску да сваякоў. Ён клікаў з сабой Таццяну Андрэеўну, але яна адмовілася, баялася выйсці з лесу. Цяпер яны начавалі ў будане ўтраіх. Спаць Мачалава не магла. Ёй здавалася, што вось-вось у будан уварвуцца немцы, то чуўся брэх сабак, то трэск галін пад нагамі. Не вытрымаўшы, Таццяна Андрэеўна на наступны дзень павяла дзяцей яшчэ глыбей у лес.

Амаль тыдзень блукалі, сыходзячы ўсё далей і далей ад сваёй згарэлай вёскі. Таццяну палохала сустрэча з людзьмі, і яна б яшчэ доўга не выходзіла з лесу, калі б не дзеці.

Юля і Ваня моўчкі пераносілі ўсе нягоды, але калі аднойчы Юля, страціўшы надзею, слабым голасам прызналася маме, што ў яе няма больш сіл і яна хоча есці, Таццяна Андрэеўна адважылася. Яны адшукалі першую ж лясную дарогу і пайшлі па ёй. Праз гадзіны дзве лес скончыўся, і непадалёк ад узлеску яны ўбачылі вёску. Доўга назірала за хатамі Таццяна Андрэеўна, перш чым вырашыла выйсці з лесу. Потым ціха сказала:

— Хадземце, дзеткі!

Асцярожна, нібы ідучы па распаленым вуголлі, яны набліжаліся да вёскі. Ля крайняй хаты заўважылі адзінокую бабульку. Тая таксама ўбачыла іх і, адарваўшыся ад працы, прыставіўшы руку брылём, глядзела на незнаёмых людзей. Калі Мачалавы падышлі, цікаўнасць бабулькі змянілася жалем і спачуваннем.

І сапраўды, выгляд жанчыны і дзяцей быў жудасны: абгарэлая, уся ў лахманах адзежа, яшчэ не змытая з твару сажа, змардаваныя, худыя твары. Мачалава прывіталася і ціха спытала:

— Бабуля, немцы ў вёсцы ёсць?

— Няма, няма, а вы адкуль будзеце?

— Здалёку, бабуля, — і Таццяна Андрэеўна назвала сваю вёску, растлумачыла: — Немцы сагналі ўсіх жыхароў у хлеў і падпалілі. Нам цудам удалося выратавацца. Сама не ведаю, колькі ўжо дзён і начэй блукаем па лесе. Дзеці без ежы знясілелі, таму страх я свой перадужала і сюды прыйшла. Не праганяйце нас, бабулька. Калі ёсць што-небудзь — пакарміце. хоць бы дзяцей.

Вочы бабулькі напоўніліся слязамі. Яна хутка затэпала да іх:

— Хадземце, хадземце, родныя, у хату! Я вас накармлю і адмыю.

У Таццяны Андрэеўны закружылася галава і ўсё вакол паплыло перад вачамі.

Бабулька і дзеці ўзялі яе пад рукі і завялі ў хату.

Старая жыла адна. Яе трое сыноў знаходзіліся ў Чырвонай Арміі, а муж мінулай зімой прастудзіўся і памёр.

Амаль тры тыдні прабылі ў гасціннай і сардэчнай бабулькі Таццяна Андрэеўна і яе дзеці. Але аднойчы раніцай у вёску наляцелі фашысты і паліцаі. Таццяна Андрэеўна схапіла дзяцей і кінулася ў лес. Зноў пачаліся дні блуканняў.

Зрэдку яны заходзілі ў вёскі. Людзі дзяляліся з імі, чым маглі. Наступіла восень, спаць у лесе было холадна. Таццяна Андрэеўна ўспомніла гасцінную бабульку і вырашыла ісці назад.

«Калі жывая бабуля, — думала Таня, — то яна, напэўна, зноў дасць прытулак нам».

Бадзяючыся ў лесе, Мачалава навучылася добра арыентавацца ў ім, да вёскі яны выйшлі хутка. Але тое, што яны там убачылі, нагадала трагедыю, перажытую ўлетку. На месцы вёскі чарнелі папялішчы ды віднеліся задымленыя печы. Нібы ў сне, трымаючы дзяцей за рукі, ішла Таццяна Андрэеўна да таго месца, дзе раней стаяла хата бабулі Лізы. Розум адмаўляўся ўспрымаць пабачанае, а ногі самі вялі яе да папялішча. І раптам — што за насланнё? Да іх насустрач тупае бабуля Ліза. Мачалава вырашыла, што гэта галюцынацыя, але бабулька загаварыла:

— Госпадзі, няўжо гэтыя вы? Жывыя-здаровыя!

І Таццяна Андрэеўна зразумела, што гэта сапраўды бабуля Ліза. Яны абняліся і заплакалі. Бабулька, гучна ўсхліпваючы, расказала:

— Як ты, Таня, добра тады зрабіла, што сышла з дзецьмі. Немцы пачалі выганяць людзей на вуліцу і строіць у калону. Я адразу ж успомніла пачутае ад цябе і, не чакаючы, пакуль прыйдуць гэтыя антыхрысты да маёй хаты, праз агарод кінулася наўцёкі. А ў вёсцы крыкі, стрэлы. Я схавалася ў лесе, а сама ў душы не веру, што яны могуць і нашу вёску спаліць. Але калі ўбачыла, што паўнеба дымам чорным завалакло, то зразумела, што і наша чарга прыйшла. Праседзела я ў лесе да раніцы, а калі прыйшла ў вёску, то вось гэта і заспела. Спалілі немцы людзей нашых — баб, дзяцей ды старых, а самі паселі ў аўтамабілі і паехалі далей. Што ж гэта робіцца, людзі мілыя?

Бабулька памаўчала трохі, а затым працягвала:

— Не стала я сыходзіць з вёскі. Вырашыла, што не сунуцца сюды яны зноў, і засталася жыць тут. Вунь, у склепе зараз мая хата. — Яна кіўнула галавой на прысадзістае збудаванне. — Хачу толькі да зімы трохі ўцяпліць ды і для абагрэву што-небудзь прыдумаць. Ну, а вы як?

Таццяна Андрэеўна горка ўсміхнулася:

45
{"b":"585908","o":1}