Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

— Тады пачакай трохі. Я пайду ўсе матэрыялы вазьму.

Славін вярнуўся з пульхнай папкай папер. Мачалаў пакруціў галавой:

— Так, неважнецкі тут у вас з паперай, калі на газетах пішаце.

— Няма паперы, вось і даводзіцца газеты выкарыстоўваць, — адказаў Славін, — і яшчэ шмат чаго не хапае. Што паробіш, вайна.

Караткоў заспеў іх за чытаннем папер:

— Ого, я гляджу, вы ўжо за справу ўзяліся.

— А куды дзенешся, — заклапочана прагаварыў Мачалаў. — Гэты Фядзько сапраўды тып з тыпаў, сур’ёзны праціўнік. Далучайцеся да нас, Сяргей Міронавіч, раптам утрох прыдумаем што-небудзь.

Яны ўключылі настольную лямпу — на вуліцы пачало цямнець — і прыняліся ўважліва вывучаць матэрыялы справы. Часам адрываліся ад папер і падоўгу абмяркоўвалі ўзніклы варыянт.

Ужо было далёка за поўнач, калі разышліся. У іх з’явіўся план, галоўная роля ў ажыццяўленні якога адводзілася Славіну.

«Упаўнаважаны па нарыхтоўках» Уладзімір Славін

Нягледзячы на глыбокую восень, дзень выдаўся цёплым і сонечным. Жыхары невялікай вёсачкі былі заняты ў дварах і агародах. У вёсцы было каля дзясятка хат. Вакол раскінуліся палі, а далей — кола лесу.

З зараснікаў выйшаў малады хлопец. Спыніўся, узіраючыся ў вёску. Сонца свяціла прама ў вочы, і ён, прыклаўшы далонь да лба, доўга глядзеў наперад, не спяшаючыся, пераводзіў погляд ад адной хаты да другой. Потым паправіў на плячы рэчмяшок і нямецкі карабін, пайшоў па пыльнай прасёлкавай дарозе. Вышэй сярэдняга росту, чарнавокі, у салдацкай ватоўцы без пагонаў, у кірзавых ботах, ён быў падобны на дэмабілізаванага. Але вайна яшчэ не скончылася, і з войска прыходзілі толькі інваліды ці тыя, хто быў вельмі патрэбен народнай гаспадарцы як спецыяліст.

Хлопец падышоў да крайняй хаты, прыпыніўся ля брамкі, пхнуў яе, увайшоў у двор. Забразгаў ланцугом і зласліва забрахаў вялікі кудлаты сабака. На шум з хаты выйшаў стары. Ён, падслепавата жмурачыся, моўчкі глядзеў на госця. Той, перш чым прывітацца, таксама паспеў хутка і ўважліва разгледзець сухарлявага, з кудлатай галавой гаспадара і толькі пасля гэтага спытаў:

— Скажыце, тут пражывае Браніслаў Лешык?

— Я і буду Лешык.

— Тады дзень добры! Я прыехаў з горада. Буду займацца нарыхтоўкамі.

— Чаго-чаго? — не зразумеў стары.

— Я ўпаўнаважаны па нарыхтоўках прадуктаў. Накіраваны да вас аддзелам працоўнага забеспячэння Брэст-Літоўскай чыгункі. Мне сказалі, што я змагу ў вас спыніцца. Вы не хвалюйцеся, я заплачу.

— А хто вам сказаў?

— Былы стараста Мараўскі, мы з ім цяпер разам працуем. «Спыніся, — казаў ён, — у Лешыка. Чалавек ён прыстойны і надзейны, і месца ў яго шмат». Ён перадае вам прывітанне. Прасіў пасяліць часова. Я не буду надакучаць. Пакуль цёпла, і на вышках спаць можна. А днём буду раз’язджаць па бліжэйшых хутарах і вёсках.

— Гэта на чым жа? — яхідна ўсміхнуўся стары.

— Абяцалі праз пару дзён каня выдзеліць. А пакуль на сваіх дваіх, — і ён пляснуў рукой па халяве бота. — Ногі ў мяне здаровыя.

— Гэта я паспеў заўважыць, калі ты да хаты падыходзіў. Падумаў, што з гэтымі нагамі на Берлін крочыць трэба, а не па нашых глухіх месцах такія добрыя боты зношваць.

Хлопец перастаў усміхацца і ўжо сур’ёзна адказаў:

— А вы пра мае боты не турбуйцеся. На фронт мяне не ўзялі. Не ведаю, можа, з-за бацькі, а можа, проста вырашылі, што я тут патрэбней. Ну то дасце мне прытулак ці ісці да іншых людзей прасіцца?

— Чаго ўжо там, уваходзь. Раз сам Мараўскі прасіў, то адмовы ад мяне не будзе.

Стары накіраваўся да хаты. Следам за ім пайшоў хлопец. У хаце было чыста, утульна. З-за фіранкі, якая вісела каля печы, выйшла жанчына. З выгляду ёй можна было даць гадоў трыццаць пяць. Бледная, са спалоханымі вачамі, яна насцярожана глядзела на няпрошанага госця. Той прывітаўся і прадставіўся:

— Славін Уладзімір. Прыбыў да вас па справе. Калі не пацясню, пажыву ў вас трохі, а затым у іншую вёску перабяруся.

Стары зірнуў на жанчыну:

— Ну, што стаіш? Пакармі чалавека, нябось, з дарогі стаміўся.

Неўзабаве на стале з’явіліся чыгунок з гарачай бульбай, салёныя агуркі, сала. Славін пакорпаўся ў рэчмяшку, дастаў паўлітроўку, два слоікі мясных кансерваў і палатняны мяшэчак з цукрам. Паклаў усё гэта на стол:

— Калі пагодзіцеся, каб я ў вас застаўся, буду плаціць грашыма.

Стары не адказваў, задуменна глядзеў у акно. Ён ледзь хаваў хваляванне.

Адчувалася, што прыход незнаёмага чалавека моцна ўстрывожыў яго.

Славін паеў, падзякаваў гаспадару і гаспадыні. Устаў з-за стала.

— Калі дазволіце, адпачну з гадзінку. У вас сена ў хляве ёсць?

— Канешне, дабра гэтага прызапасілі. Ядзя, дай хлопцу посцілку, хай паспіць на сене.

Уладзімір узлез на вышкі і, удыхаючы прыемны пах сена, аналізаваў, як прайшло знаёмства. Аператыўныя работнікі ведалі, што верхавод банды Сцяпан Фядзько да вайны быў жанаты. Але дзе цяпер яго жонка — невядома. І вось высветлілася, што яна нібыта жыве ў хаце Лешыка, бацькі Сцяпана. Караткоў і Мачалаў параілі Славіну спыніцца менавіта ў хаце Лешыка. Яны лічылі, што Сцяпан, які хаваецца пад прозвішчам Фядзько, не падставіць пад удар бацьку і жонку, пабаіцца знішчаць прыезджага хлопца, да таго ж прадстаўніка ўлады.

Славіна не бянтэжыла насцярожанасць старога. Яна зразумелая. Стары баяўся ўсяго, і з’яўленне новага чалавека, вядома, устрывожыла яго. «Цяпер галоўнае, — думаў Уладзімір, гледзячы на саламяную страху хлява, — прыжыцца тут. Дакументы ў мяне ў парадку, гаспадары паглядзяць і, можа, супакояцца». Ён уявіў, як у гэту хвіліну Ядзя па загадзе старога назірае за дзвярамі хлява, а Лешык корпаецца ў яго рэчмяшку. «Хай корпаецца», — усміхнуўся Уладзімір і, паправіўшы схаваны пад кашуляй пісталет, загадаў сабе спаць.

Прайшло пяць дзён. За гэты час Уладзімір абышоў усе хаты, дамовіўся з гаспадарамі пра кошт на прадукты, якія можна закупіць. Увечары, седзячы за сталом пры падслепаватым святле газавай лямпы, ён ажыўлена расказваў, што яму ўдалося выгандляваць у сялян.

— Хутчэй бы каня далі. Аб’ехаў бы бліжэйшыя хутары, а там можна і абоз заказваць.

— А шмат чаго нагандляваў? — спытаў стары, макаючы бульбіну ў тлушч на патэльні.

— Увогуле нямала. Адных свінняў каля дзясятка, сала салёнага, бульбы пудоў шэсцьдзясят.

— Чым расплачвацца будзеш? У глухмені нашай грошы не ў цане.

— Ведаю. Затое газы вам трэба пабольш, соль патрабуецца, боты гумовыя, ватоўкі. Сёй-той папросіць гарнітуры, паўкажушкі. Дарэчы, а вы нічога не хочаце прадаць?

Стары і жанчына зірнулі адно на аднаго. Лешык выцер рукі, устаў з-за стала і толькі пасля гэтага адказаў:

— Мы пакуль пачакаем. А там паглядзім. Яшчэ не меркавалі, колькі сабе трэба пакінуць.

Славін думаў пра сваё. Ад яго погляду не выслізнула, што гаспадары проці ночы паляць печ. Там стаяла некалькі вялікіх чыгуноў. Уладзімір, калі яшчэ толькі ўваходзіў у хату, звярнуў увагу на тры мяхі з бульбай, што стаялі ля сцяны. «Ці не чакаюць яны гасцей сёння?» — падумаў ён і ўслед за гаспадаром выйшаў з-за стала.

— Дзякуй за вячэру. Пайду спаць. — Уладзімір пайшоў да кута, дзе стаяў карабін, узяў яго за ствол. — Як кажуць паляўнічыя, стрэльба павінна быць побач з гаспадаром.

Стары нечакана сказаў:

— Вось ты, чалавеча добры, сказаў, што цябе з-за бацькі ў войска не ўзялі, а вінтоўку, ці бачыш, даручылі. Гэта чаму ж?

Славін усміхнуўся:

— Ты што, дзед, лічыш, быццам улада мне зусім не давярае? Я ж як-ніяк амаль цэлы год у партызанах быў, ды і час цяпер такі, што вінтоўка ў кожнага вартаўніка ёсць, а я, хоць і маленькі, але ўсё ж прадстаўнік дзяржаўнай установы.

— Ну, калі далі, то і цягай яе па сенавалах, — пагадзіўся дзед.

Славін выпіў кружку хлебнага квасу і выйшаў з хаты.

Лешык жыў заможна, у вялікай хаце. Да яе прылягаў велічэзны, на дзве паловы, хлеў. Хата і гарод былі абнесены моцным высокім плотам.

Калі Славін размаўляў з аднавяскоўцамі Лешыка, то ўлавіў адну характэрную асаблівасць — усе ставіліся да дзеда з нейкай павагай і нават з затоеным страхам. Стараліся пра яго не казаць, а калі Уладзімір асцярожна і цікавіўся ім, то адказвалі ўнікліва. Толькі ў адной хаце, размешчанай на іншым краі сяла, гаспадыня з насмешкай сказала: «А чаго ты, хлопец, па дварах матаешся? Узяў бы і закупіў усё, што табе трэба, у свайго дабрадзея — і справе канец».

59
{"b":"585908","o":1}