Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

— Усё пакуль, бачыш, ідзе па плане. Ты цяпер вяртайся да Мараўскага і працягвайце дзейнічаць у тым жа духу, як і дамовіліся. Будзем рыхтавацца да фіналу.

Славін

Славін прыехаў у вёску позна вечарам. Паставіў у пакоі ля сцяны два цяжкія чамаданы, з палёгкай уздыхнуў:

— Ух. ледзь дабраўся. Дабрыдзень!

Лешык адказаў і адразу ж спытаў:

— Прывёз?

— Вядома. Заяц трапацца не любіць: сказана — зроблена. Зараз трэба хутчэй Сцяпана знайсці. Такі груз трымаць у хаце небяспечна.

Стары падтрымаў:

— Правільна кажаш, Валодзя. Нельга рызыкаваць. Заўтра ж паспрабуем паведаміць яму. Вячэраць будзеш? Я табе самагоначкі налью.

— Стаміўся я. Шмат разоў па дарозе адпачываў, пакуль дабраўся. Лепш лягу, пасплю.

— То кладзіся ў хаце, холадна. Я зараз засцялю.

І стары замітусіўся, рыхтуючы пасцель на падлозе.

Славін, лежачы ў цемры, усміхаўся, успамінаючы, як гадзіну назад Мачалаў старанна пэцкаў чамаданы граззю, каб іх выгляд не выклікаў у Лешыка ніякіх сумненняў.

Атрымалася так, што Мачалаў у апошні момант перадумаў і забараніў Славіну ехаць па патроны ў горад на возе. Капітана турбавала, як бы бандыты не перахапілі Уладзіміра па дарозе. Суправаджаць непрыкметна для старонняга вока фурманку для супрацоўнікаў аддзела было б вельмі складана. Таму паездка Славіна была прадумана зусім інакш і ажыццяўлялася на «спадарожных» машынах. Нават калі ён сышоў з машыны ля скрыжавання, адкуль дарога праз лес вяла да вёскі, Славіну «пашанцавала», па шляху рухаўся грузавік з работнікамі МТС. Яго падвезлі да ўзлеску, ля якога ля вёскі пачыналася поле.

«А ўсё-ткі башкавіты мужык Пётр», — цёпла падумаў пра брата Уладзімір і тут жа ўспомніў пра сваіх таварышаў, якія засталіся пад дажджом і назіраюць за хатай. З гэтага часу аперацыя па ліквідацыі банды падыходзіла да канца.

Толькі-толькі замігцеў світанак, як супрацоўнікі НКУС убачылі, што з брамкі выйшаў Лешык і накіраваўся да лесу. Нягледзячы на старэчы ўзрост, ішоў хутка, лёгка. Самыя дасведчаныя аператыўнікі назіралі за ім. Стары не прытрымваўся дарогі, крочыў лесам напрасткі аднаму яму вядомым шляхам. Праз тры гадзіны з лішнім з кустоў насустрач Лешыку выйшлі два чалавекі з вінтоўкамі. Стары спыніўся, перакінуўся з невядомымі некалькімі фразамі і ў суправаджэнні аднаго з іх рушыў далей. Было зразумела, што Лешык сустрэўся з вартавымі банды. А гэта значыць, што гняздо злачынцаў дзесьці побач. Па камандзе Мачалава двое супрацоўнікаў зрабілі невялікі крук і працягвалі весці назіранне. Але тут здарылася неспадзяванае: Лешык і яго праваднік здолелі адарвацца ад аператыўных работнікаў на даволі вялікую адлегласць. На шляху аказалася велізарная адкрытая паляна, а за ёй пачыналася балота. Каб не выявіць сябе, супрацоўнікам давялося на некаторы час затрымацца на месцы, у той час як іх падапечныя спакойна прасоўваліся далей і схаваліся ў хмызняку. Толькі пасля гэтага аператыўнікі кінуліся ў пагоню. Аднак ужо было позна: ні Лешыка, ні бандыта, які суправаджаў яго, выявіць не ўдалося. Відавочна, была магчымасць прайсці праз балота нейкім таемным шляхам, якім, мяркуючы па ўсім, і скарысталіся тыя. Работнікі НКУС спыніліся перад непраходнай багнай. Давялося вярнуцца назад, паспрабаваць абысці балота бокам. Аднак і гэта задума не ўвянчалася поспехам: занадта вялікую прастору займала яно. Заставаўся адзін-адзіны тактычны ход: дачакацца вяртання старога.

Ён выйшаў з хмызняку амаль праз гадзіну, накіроўваючыся ў зваротную дарогу.

Цяпер можна было не сумнявацца, што логава хеўры Фядзько-Лешыка знаходзіцца дзесьці пасярод балота, хутчэй за ўсё на астраўку.

Мачалаў распарадзіўся старога Лешыка больш не суправаджаць. Той спяшаўся дахаты.

Славін сядзеў у пакоі, чакаў гаспадара, хваляваўся, перажываючы за сваіх супрацоўнікаў: «Ці змогуць непрыкметна прасачыць, куды пайшоў Лешык?» Задумаўшыся, ён не заўважыў, як стары, не затрымліваючыся, праслізнуў міма ўласнай хаты і, прыціскаючыся да платоў, абыходзячы лужыны, пайшоў далей па вуліцы. Потым пастукаўся ў хату на ўскраіне вёскі, прабыў там не больш за пяць хвілін, пайшоў назад. Неўзабаве быў дома. Прывітаўся з Уладзімірам.

— Усё ў парадку. Перадаў Сцяпану, каб прыйшоў. Сёння ўвечары павінен зазірнуць.

— Добра. Тады я не паеду па хутарах. Гэта зрабіць можна і заўтра.

— Вып’еш?

— Дзякуй, не хачу. Штосьці галава трашчыць. Прайдуся трохі.

Славіну не хацелася заставацца сам-насам са старым, гаварыць з ім.

Неба закрылі нізкія, цёмныя хмары. Усё прадвяшчала, што вось-вось на мокрую зямлю зноў абрынецца дождж.

Уладзімір доўга блукаў па вёсцы, нечакана сутыкнуўся з маці Юзэфа. Яна ўзрадавалася:

— Вось добра, што сустрэла! А я ламала галаву, як зайсці да Лешыка і выклікаць цябе. Разумееш, нядаўна да мяне прыходзіла Рудакоўская, сказала, што да яе заходзіў стары Лешык, папярэдзіў, быццам сёння ўвечары да іх прыйдзе дачка і для яе трэба падрыхтаваць прадукты ды сёе-тое з адзежы.

Гэта навіна зацікавіла Славіна. Ён спытаў:

— Як вы думаеце, з Вандай можна гаварыць адкрыта?

— Вядома, можна. Яна, бедная, запалохана гэтым бандытам. Толькі як даведаешся, калі яна з’явіцца да хаты?

— Вельмі проста. Разам з ёй прыйдзе і малодшы Лешык — Сцяпан. Я яго абавязкова ўбачу. Значыць, буду ведаць, што Ванда тут.

— Сынок, — яе голас пацяплеў, — баюся гэтага бандыта, ох, баюся! Ды і ты будзь асцярожны, ён не задумваючыся можа зарэзаць чалавека.

Славін, як мог, супакоіў бабульку, павольным крокам падаўся да хаты гаспадара. Але, калі прайшоў сотню метраў, рэзка павярнуў у поле, накіраваўся да лесу. Неўзабаве ён ужо размаўляў з Мачалавым. Раіліся нядоўга. Начальнік не хацеў рызыкаваць, падвяргаць Славіна смяротнай небяспецы.

— Бандыта і тых, хто прыйдзе з ім, будзем браць адразу, як толькі з’явяцца ў вёсцы. У гэту ж ноч блакіруем мясцовасць, дзе знаходзіцца іх логава, і банда будзе ліквідавана. Што да Ванды Рудакоўскай, Уладзімір, твая праўда. Калі яна ўбачыць, што Фядзько ў нашых руках, можаш не сумнявацца — пагодзіцца паказаць логава ўсёй банды.

Дамовіліся, што аператыўная група, як толькі сцямнее, блакіруе хутар Лешыка. Фядзько ўвойдзе ў хату, пасля гэтага яго сябрукі, тыя, якія застануцца ў ахове, будуць зняты, а затым супрацоўнікі ўварвуцца ўнутр памяшкання. Мачалаў, інструктуючы Славіна, імкнуўся прадугледзець усё да драбнюткіх падрабязнасцяў.

— Калі не атрымаецца зняць сябрукоў Фядзько без шуму, — казаў ён Уладзіміру, — то ты не рызыкуй, смела карыстаўся зброяй.

Славін неўзабаве вярнуўся дахаты. Лешык спаў на печы, Ядзя даіла ў хляве карову. Ён сеў на лаву і, адкінуўшыся да сцяны, яшчэ раз абдумваў план дзеянняў. Страху не было, у яго душы расла толькі нянавісць. У памяці юнака ўсплыў вобраз забітага хлапчука. Цяпер Уладзімір адчуваў сябе, як і раней, калі рыхтаваўся да смяротных сутычак з ворагам. Так, наперадзе быў ізноў бой — жорсткі, бязлітасны.

Уладзімір Славін

Пяцёра выйшлі з лесу і накіраваліся да вёскі. Ішлі асцярожна, ледзь перастаўляючы ногі па суглінкавым разараным полі. Нарэшце яны апынуліся ля хаты Лешыка. Адзін з іх штосьці сказаў сваім спадарожнікам, і тыя, перамахнуўшы праз плот, пачалі абыходзіць з двух бакоў будынак. Усе былі ўзброены: адзін з аўтаматам, астатнія з абрэзамі. Той, у якога вісеў на плячы аўтамат, вычакаў трохі, сам абышоў хату, зазіраючы ў вокны, падняўся на ганак, падышоў да дзвярэй, асцярожна пхнуў іх — адчынена. Ён пастаяў трохі, ступіў у цёмныя сенцы. Намацаў клямку, адчыніў дзверы, паглядзеў на людзей, якія знаходзіліся ў пакоі. Не вітаючыся, спытаў:

— Як маецеся?

Стары Лешык падняўся з табурэткі:

— Усё як трэба. Заходзь у хату — не халадзі.

Фядзько выняў руку з кішэні брызентавай курткі, увайшоў у пакой. Прывітаўся са Славіным, загадаў старому:

— Дай што-небудзь душу сагрэць, змакрэў наскрозь! — затым прысеў на лаву, кінуў погляд на Ядзю: — А ты сцягні боты: сатры бруд, анучы на печцы рассцялі.

66
{"b":"585908","o":1}