— Ды тут іх цэлая часць ужо месяц кватаруе, — растлумачыла Марфа Сцяпанаўна і пачала завіхацца каля печы, — цяпер я цябе, сынок, накармлю.
— Мама, мне б памыцца ды гэтыя лахманы скінуць. Іх трэба адразу ж спаліць, каб заразы не набрацца.
Пакуль Антон прагна еў усё, што яму падносілі, нагрэлася ў трох вялікіх чыгунах вада. Жанчыны вылілі яе ў бляшанае карыта, і Антон застаўся ў пакоі адзін. Пакуль ён мыўся, Марфа Сцяпанаўна дастала з шафы бялізну і пачала рыхтаваць у незанятым невялікім пакойчыку пасцель. Нарэшце вымыты і пераапрануты Антон падышоў да маці. Пры цьмяным святле лучыны было відаць, як боўтаецца на ім адзежа.
— Мама, я ледзь на нагах трымаюся. Цяпер лягу, а заўтра пагаворым, спалі толькі лахманы.
— Кладзіся, сынок, кладзіся. Я зраблю ўсё, як ты кажаш. Скажы толькі адно: пра Лёшу нічога не чуў?
— Не, мама, мы ж з ім у розных часцях служылі.
Антон лёг на ложак і імгненна заснуў. А жанчыны, усхваляваныя яго нечаканым з’яўленнем, доўга яшчэ варочаліся ў сваіх пасцелях.
Антон прачнуўся толькі пад вечар наступнага дня. Ён моцна прастыў: часта кашляў, тэмпература была высокая.
Жанчыны, параіўшыся, вырашылі, што на вуліцу будуць выходзіць рэдка. Дзяцей наогул не выпусцяць.
Першыя дні Антон моцна хварэў, але паступова пачаў папраўляцца. Усё радзей яго біў сутаргавы кашаль. Клопат і догляд рабілі сваю справу.
Прайшоў тыдзень. Антону стала значна лепш. За час хваробы ён паспеў расказаць пра свае пакуты і пра здзекі гітлераўцаў з ваеннапалонных.
Марфа Сцяпанаўна і Таццяна Андрэеўна, слухаючы хлопца, не хавалі слёз. Пакутлівая невядомасць пра старэйшага сына і турбота пра Пятра як бы параднілі гэтых розных па ўзросце жанчын. Аднойчы, калі Антон ужо зусім паправіўся, ён сказаў маці:
— Ты, мама, паволі пачынай збіраць мяне ў дарогу. Мне трэба ісці.
— У якую дарогу? Куды ісці? — забожкала маці. — Нікуды я цябе не пушчу. Хопіць, я намучылася без вас тут, і цяпер хоць ты пабудзь са мной! Нікуды я цябе не пушчу, нікуды! Чуеш!
Антон падышоў да маці і абняў яе:
— Супакойся, мама. Зразумей, я — салдат і маё месца на фронце, дзе б’юцца з ворагам тысячы такіх, як я. І я абавязаны быць там і ваяваць з гадамі датуль, пакуль не вызвалім сваю зямлю.
Ён адышоў ад маці, стаў ля акна і ціха, дрыготкім ад лютасці голасам сказаў:
— Калі б ты ведала, мама, як яны здзекуюцца з нашых людзей. Ты нават не ўяўляеш, што яны вытвараюць. Яны горшыя за звяроў! І не трэба мяне ўгаворваць, я жыву цяпер толькі адным жаданнем — помсціць фашыстам, біць іх днём і ўначы, датуль, пакуль не пераб’ём усіх!
У гутарку ўмяшалася Таццяна Андрэеўна:
— Антон, а калі табе паспрабаваць адшукаць партызан?
— Партызан? — ажывіўся хлопец. — А дзе іх знойдзеш? Я б з радасцю пайшоў, ад іх, магчыма, лягчэй трапіць на фронт.
Марфа Сцяпанаўна супакоілася і вырашыла, што калі ўжо сыходзіць сыну з хаты, то лепш у партызаны. Усё ж будзе бліжэй да яе. Пачалі думаць, як знайсці партызан. Стала наведваць людзей, сваякі якіх, па яе меркаванні, сышлі ў лес. Асцярожна заводзіла з імі гаворку пра партызан. Гэтыя хаджэнні скончыліся тым, што неяк глыбокай ноччу пачуўся асцярожны стук у акенца.
У хаце перапалохаліся: а раптам немцы?
Антон схапіў адзежу, валёнкі і паціху па лесвіцы залез на гарышча. Марфа Сцяпанаўна трывожна спытала праз дзверы:
— Хто там?
— Марфа, адкрый, свае!
Удакладняць, хто стукаецца ў такі позні час, было бессэнсоўна. Адкрываць дзверы, няхай гэта будуць немцы ці сапраўды партызаны, усё адно трэба, і гаспадыня, вычакаўшы, пакуль Антон зацягне на гарышча за сабой лесвіцу, адчыніла дзверы. У сенцы ўвайшлі трое. Разануў па вачах устрывожаных жанчын яркі прамень кішэннага ліхтара. Той жа голас крыху насмешліва спытаў:
— Што, сваіх не пазнаяце?
«Дык гэта ж Міхаіл Іосіфавіч, наш старшыня калгаса!» — пазнала Мачалава. Яна памятала іх гаворку перад самым адыходам старшыні ў партызанскі атрад, калі ён раіў і ёй рабіць гэта. Радасна сказала:
— Міхаіл Іосіфавіч, вы? Праходзьце ў хату.
У Марфы Сцяпанаўны ад перажывання знік голас, і размаўляла з гасцямі адна Таццяна Андрэеўна.
Прышлыя, відаць, спяшаліся і перайшлі да справы:
— Марфа Сцяпанаўна, а што гэты ты намі цікавіцца пачала, што, справа якая ёсць?
Гаспадыня ўжо ачулася і ахвотна адказала:
— Вядома, ёсць, Іосіфавіч. Сын мой, Антон, абвясціўся. А куды ж яму як ні да вас падавацца? Таму і хадзіла па людзях. Ведала, што калі не падкажуць, дзе вас шукаць, то вам перададуць. Бачыш, не памылілася.
— Бачу, бачу, ты заўсёды ў нас кемнай была. Ну, а дзе ж Антон?
— На гарышчы. Зараз паклічу.
Не прайшло і пятнаццаці хвілін, як госці разам з Антонам крочылі агародамі да лесу. А ў хаце стаялі пажылая і маладая жанчыны і плакалі. У іх наперадзе былі доўгія дні трывог, страху і надзей.
Уладзімір Славін
Дзякуючы падпольшчыкам і партызанам многія жыхары Беларусі ведалі пра шматлікія найважнейшыя падзеі на фронце. Лістоўкі паведамлялі не толькі пра перамогі на франтах, але і пра паспяховыя аперацыі партызан, заклікалі насельніцтва да актыўнай барацьбы з гітлераўцамі.
Мацнела і Мінскае камуністычнае падполле. Падпольшчыкі арганізоўвалі ўцёкі з канцлагераў палонных чырвонаармейцаў і камандзіраў і, рызыкуючы жыццём, перапраўлялі іх у партызанскія атрады, дзе патрэбны былі баяздольныя, навучаныя байцы і камандзіры Чырвонай Арміі.
Шмат шкоды немцам нарабілі мінскія падпольшчыкі сваімі дыверсіямі. Яны вывелі са строю вадакачку і водаправодную сетку, і чыгуначны вузел каля дзесяці дзён заставаўся без вады. На запасных пуцях было замарожана амаль пяцьдзясят паравозаў.
Валодзя Славін хваляваўся, перажываў, засмучаўся, што застаецца ўбаку ад вялікіх спраў. Неяк увечары, седзячы ў сваім пакоі, каторы ўжо раз вярэдзіў сябе думкай: «Бацька вось працуе ў друкарні, дастае падпольшчыкам фарбу, паперу, шрыфты, часта прыносіць чыстыя бланкі аўсвайсаў. А я? Сяджу — быццам спраў ніякіх няма. Урэшце я павінен заняцца чымсьці сур’ёзным!»
Ён ледзь дачакаўся бацькі і прама заявіў: калі яму не дадуць якую-небудзь справу — пачне дзейнічаць сам. Бацька, добра ведаючы характар сына, ціха сказаў:
— Патрывай, сынок, да заўтра.
На наступны дзень Міхаіл Іванавіч паклікаў сына:
— Ну, Валодзя! Ёсць работа. Заўтра пойдзеш уладкоўвацца.
— Куды, тата?
— У майстэрню, дзе рамантуюць пішучыя машынкі. Гэта недалёка ад Дома ўрада. Начальнік майстэрні — цывільны немец. Цябе парэкамендавалі нашы людзі. Ён давярае ім.
— Што я буду рабіць? — роспачна спытаў Валодзя.
Бацька зразумеў настрой сына, спакойна растлумачыў:
— Запомні: ваяваць трэба не толькі мінамі і вінтоўкамі. Нам неабходна падтрымліваць маральны дух насельніцтва, клікаць народ на барацьбу. А для гэтага патрэбны і падпольныя друкарні, і пішучыя машынкі, якіх, дарэчы, нам вельмі не хапае. А ты зможаш здабываць розныя дэталі, будзеш ведаць, у якіх арганізацыях ёсць патрэбныя нам машынкі. Але ты ўвесь час павінен трымаць язык за зубамі, інакш, сын, загубіш і сям’ю нашу, і іншых таварышаў. Памятай пра гэта заўсёды. Ніякай пахвальбы перад сябрамі. Нікому, чуеш, нікому — ні слова!
Валодзя паглядзеў у стомленыя вочы бацькі і цвёрда адказаў:
— Ведаю, тата. Не турбуйся, ніхто ад мяне і слова не пачуе.
На наступны дзень малады Славін прыйшоў у майстэрню ў дакладна прызначаны час. Начальнік — пульхны, ружовашчокі немец, які пачаў лысець, доўга разглядаў хлопца. Той збянтэжана таптаўся ля парога. Нарэшце начальнік загаварыў:
— Я есць твой началнік і казяін. Ты дольшен карашо арбайтен, ферштейн? Ошень карашо арбайтен і любіць парядок. Калі будзеш плехо… магу отправляйт тебья на воспитыванье ў Вялікую Германію. Разумееш?
Валодзя кіўнуў галавой, а сам падумаў: «Я табе тут напрацую! Сам хутчэй пойдзеш у сваю Вялікую Германію!» Валодзя чысціў і мыў дэталі, пазней стаў разбіраць пішучыя машынкі. Марцін з Дрэздэна, — так начальнік зваў сябе — строга сачыў, каб рабочыя не спазняліся раніцай і не сыходзілі з працы раней, не дазваляў адлучацца, забараніў перакуры. Яго візглівы голас чуўся ўвесь дзень. За кожную правіннасць ён пагражаў маладым работнікам, што адправіць у Германію, а пажылым — канцлагерам.