Спачатку Валодзя прыглядаўся да людзей, працаваў добрасумленна, як таго і патрабаваў бацька. Прайшоў тыдзень-другі, і ён прыступіў да выканання задання: перш-наперш даведаўся, якім арганізацыям належаць машынкі, што паступілі ў рамонт, паведаміў бацьку, а падпольшчыкі высвятлялі, як можна выкрасці гэтыя машынкі, калі яны будуць вернуты ўладальнікам з майстэрні.
Неўзабаве Славін і сам асвоіў рамонт. Аднойчы з паліцэйскай управы прывезлі адразу тры сапсаваныя машынкі. Паліцэйскі, які даставіў іх, растлумачыў, што ўсе тры былі знойдзены ў нейкім закінутым доме. Валодзя з дзелавым выглядам уважліва агледзеў кожную з іх, зірнуў на паліцэйскага:
— У машынках вельмі шмат паломак. Каб выправіць іх, у майстэрні не знойдзецца гэтулькі дэталяў.
— Ды вы з трох хоць адну зрабіце.
— Паспрабуем, — адказаў юны майстар. Ён «паспрабаваў» і аднавіў не адну, а дзве машынкі, а трэцюю раскамплектаваў і схаваў у пакоі, дзе валяўся розны хлам. Паліцай забраў абедзве машынкі і праз начальніка майстэрні падзякаваў хлопцу за стараннасць і спраўнасць. Праз тыдзень Валодзя вынес з майстэрні корпус машынкі, а затым, на працягу пяці дзён, перанёс дахаты і ўсе астатнія дэталі. У нядзелю ён сабраў машынку і ўручыў бацьку. Праз сувязнога яна была перададзена ў партызанскі атрад. Неўзабаве малодшаму Славіну ўдалося сабраць яшчэ адну пішучую машынку.
Гэта быў яго святочны падарунак падпольшчыкам да 23 лютага — Дня Чырвонай Арміі.
Праўда, к вечару на змену прыўзнятаму і святочнаму настрою ў кватэру Славіных прыйшла трывога.
Калі ўся сям’я, за выключэннем Міхаіла Іванавіча, была ў зборы, у дзверы хтосьці пастукаў і ў прыхожую ўвайшла суседка Святлана Латаніна, высокая, стройная, светлавалосая, вельмі прыгожая дзяўчына. На выгляд ёй было гады дваццаць чатыры.
Латаніна і раней заходзіла да Славіных, зрэшты, як і да іншых суседзяў, па якой-небудзь справе, а то і проста пагаварыць. Але ў апошні час суседзі пачалі ставіцца да яе з некаторай насцярожанасцю. Валодзя з хлопцамі некалькі разоў бачыў яе каля старых закінутых могілак. Латаніна там сустракалася з невядомым мужчынам, апранутым у цывільную апратку, які прыязджаў туды на легкавушцы. Гэтыя сустрэчы не былі падобныя на любоўныя спатканні. Часта азіраючыся, яны заходзілі на могілкі, прагульваліся па пустыннай дарожцы хвілін дзесяць — пятнаццаць, а затым разыходзіліся па адным.
Звычайна пасля такіх сустрэч на наступны дзень у многіх дамах праводзіліся вобыскі, нярэдка каго-небудзь арыштоўвалі.
Праўда, у кватэры Славіных ператрусаў яшчэ не было, але прыход Святланы наводзіў на сумныя разважанні.
Настасся Георгіеўна спакойна і нават добразычліва запрасіла суседку ў пакой і прапанавала садзіцца.
Святлана таксама паводзіла сябе нязмушана. Гледзячы ўсмешліва на Валодзю, сказала:
— Цётка Стася, а ў вас Валодзя праз некалькі гадоў жаніх на ўсю акругу будзе.
— Кінь ты, Света, — махнула рукой Настасся Георгіеўна, — яму яшчэ далёка да жаніхоў, дый вайна ідзе, хіба да гэтага зараз?
— Так, ваша праўда, — зрабіла сумны выгляд Латаніна, — вайна праклятая… Гэтыя немцы шмат нам гора прынеслі. Хоць бы вестачку якую атрымаць, як там на фронце нашы трымаюцца, хоць бы выстаялі перад іх танкамі ды самалётамі. Я вось толькі дзіўлюся, чаго мы без справы сядзім? Мы таксама маглі б нашым дапамагчы.
— Э, мілая, — спалохана сказала Настасся Георгіеўна, — паслухай маёй парады — не лезь ты ў гэту справу. Мы ж з табой мірнае насельніцтва, а немцы такіх не чапаюць. Яны ж бяруць толькі тых, хто ім шкодзіць. Вось і табе я раю: няма чаго ў бойку лезці, у іх вунь колькі салдат ды прылад розных, што ты ім зробіш? Толькі галаву страціш. Таму, паслухай мяне, выкінь такія думкі з галавы і іншым пра гэта не кажы, а то пашкадуеш.
Латаніна ўсміхнулася:
— Што, цётка Стася, пойдзеце на мяне ў гестапа даносіць?
— Ды ну цябе! Чаго гэта я пайду, быццам я не бачу, што не сур’езна ўсё гэта мелеш. Раскажы ты лепш, як справы дома, усе здаровыя?
— Так, дзякуй богу. Я, дарэчы, чаго да вас забегла? Ці не пазычыце вы мне таркі, хачу дранікаў прыгатаваць.
— Чаму ж не пазычу. — Г аспадыня выйшла на кухню і прынесла тарку. — На, бяры, рабі сабе дранікі і еш на здароўе.
Святлана ўзяла тарку і пайшла. Настасся Георгіеўна доўга глядзела ёй у спіну, калі яна ішла па двары да брамкі. Уладзімір глуха сказаў:
— Ну, заўтра трэба чакаць гасцей. Вось убачыш, мама, пасля абеду немцы як штык з’явяцца да нас.
Калі прыйшоў Міхаіл Іванавіч, маці, сын і дачка, дапаўняючы адзін аднаго, паведамілі яму пра «госцю». Гэта ўсхвалявала Міхаіла Іванавіча, і ён доўга пра штосьці думаў. Затым паглядзеў на жонку і дзяцей:
— Добра, засмучацца не трэба. Па-першае, можа, мы дарма Святлану падазраём, па-другое, як сцямнее, мы з табой, Валодзя, сёе-тое перахаваем у агародзе. — Міхась Іванавіч устаў з крэсла, прайшоўся па пакоі і нечакана ўсміхнуўся: — І, па-трэцяе, заўтра нядзеля, і вы ўдваіх занясеце ўсё гэта на рынак і аддасцё аднаму чалавеку, ну, а як гэта зрабіць, я скажу заўтра, а цяпер я хачу есці, і калі ты, маці, мяне ў гэтую ж хвіліну не накорміш, памру з голаду.
Нядзельная раніца выдалася сонечнай і марознай. Бацька папрасіў Валодзю павартаваць, а сам накіраваўся з лапатай у агарод, дзе ўначы яны закапалі ў вядры ўсё тое, што трэба было сёння перадаць партызанскай сувязной.
Паснедаўшы, Настасся Георгіеўна і Валодзя накіраваліся на Камароўку. Каля веснічак яны суткнуліся з жанчынай з суседняга дома. Яна таксама ішла на рынак, і яны пайшлі ўтраіх. А вось і ён — Камароўскі рынак, размешчаны ля самага балота, праз якое ўлетку прайсці было немагчыма, а цяпер людзі падыходзілі да рынку з усіх бакоў.
Маці рабіла выгляд, што прыцэньваецца да прадуктаў, а сама вачамі шукала патрэбнага ёй чалавека. Суседка, якая паспела ўжо выменяць даваенную ваўняную кофту на невялікі кавалачак сала і дзясятак яек, пачала прыспешваць Настассю Георгіеўну.
Славіна не ведала, як пазбавіцца ад суседкі. Але раптам пачалася паніка, пачуліся крыкі: «Аблава! Аблава!»
Маці ўзяла сына за руку:
— Застаёмся на месцы. Дакументы ў нас у парадку.
Валодзя здзівіўся. Ён добра ведаў, што ў маці ў торбе ляжаць роўныя стосы пісчай паперы, капірка і, самае галоўнае, фотаапарат. Усё гэта яны павінны перадаць жанчыне, партызанскай сувязной, якая скажа: «Ці няма ў вас на продаж ботаў і жаночага футра, пажадана чорнага колеру?» Мама і суседку паклікала з сабой для прыкрыцця, а тут, на табе, — аблава! Ён нахіліўся да маці і ціха, каб суседка не чула, сказаў:
— Мама! Але ў цябе ж у торбе.
Маці паглядзела на сына разумнымі добрымі вачамі і нечакана ўсміхнулася:
— Ох, як ты ў мяне, сынок, вырас! Каб сказаць маме штосьці на вуха, ужо нагінацца стаў.
Валодзя стаяў збянтэжаны, глядзеў на маці і думаў: «Вось гэта мама! У гэткі момант так трымаецца ды яшчэ жартуе!»
Тым часам гестапаўцы і паліцаі пачалі гнаць натоўп праз плошчу ў бок вуліцы Цнянскай. Там яны ўтварылі прапускны пункт. Натоўп адціснуў ад Славіных суседку. Маці, праходзячы міма воза, звярнулася да старога, які сядзеў на ім:
— Дзядуля! Прадай дзясятак яек!
Дзед здзіўлена паглядзеў на жанчыну, якая вырашыла купляць яйкі ў такі момант.
— Я, дачка, не прадаю. Змяняю.
— Дзядуля, мілы, а ты прадай. Вось табе маркі, дай хоць бы дзясятак. Зразумей — вельмі трэба! — І, памаўчаўшы, гледзячы проста ў вочы старому, дадала: — Для жыцця трэба!
Стары перавёў погляд туды, дзе тоўпіліся ля прапускнога пункта людзі, і пачаў дрыготкімі рукамі, не лічачы, перакладаць у кошык Славінай яйкі.
— Бяры, родная, калі для жыцця трэба.
Калі ён паклаў у кошык дзясятка паўтара яек, маці сказала:
— Хопіць, дзякуй.
Але дзед працягваў перакладаць яйкі, штук трыццаць паклаў і прагаварыў:
— Ну, з Богам. Ідзіце, людзі добрыя.
Маці працягнула яму ўсе маркі, якія былі ў яе, але стары адмахнуўся:
— Не патрэбныя гэтыя паперкі, у нас з табой, дачка, ёсць толькі адны грошы. Прыйдзе час — будзем імі разлічвацца!