— Дзякуй, дзядуля! Шчасліва заставацца, добры чалавек!
Далей яны ішлі моўчкі. Усё бліжэй падвойнае ачапленне. Стаяць афіцэры, правяраюць дакументы, адводзяць у бок, пад асобую ахову, тых, у каго дакументаў няма. Амаль праз аднаго чалавека — ператрус. Валодзя ўпотай зірнуў на маці. Твар ледзь пабляднеў, але спакойная. Ужо зусім блізка кантроль.
У гэты момант Валодзя падумаў: «Цікава, колькі тут людзей, якія не хочуць, каб іх абшуквалі?» І раптам ён заўважыў знаёмы твар: «Каб іх чорт узяў, дзе я бачыў гэтага паліцэйскага?.. Нарэшце вось успомніў! Гэта ж ён… прыносіў тры пішучыя машынкі». Валодзя крануў маці за руку:
— Мама! Ідзі за мной! Толькі не хвалюйся.
І ён, трымаючы маці за руку, падышоў да паліцэйскага:
— Пан паліцэйскі, дабрыдзень! Я Валодзя. Памятаеце, пішучыя машынкі рамантаваў? Вы яшчэ дзякавалі.
Паліцэйскі пазнаў хлопца, і на яго твары прамільгнула нейкае падабенства ўсмешкі.
— Памятаю, памятаю. Што ты хочаш?
— Разумееце, спазняюся, а шэф не любіць, калі спазняюцца. Сёння ён загадаў выйсці на работу. Неабходна адрамантаваць машынку для гестапа, а тут аблава. Пакуль я з мамай дачакаюся чаргі, пакуль нас прапусцяць, спазнюся. Дакументы ў нас у парадку. Вось, гляньце — мой аўсвайс. У мамы таксама ёсць. — Ён павярнуўся да маці: — Мам, пакажы. — Маці дастала пропуск, а Валодзя працягваў: — Вы ж усё можаце! Прапусціце нас без чаргі. А я за гэта заўсёды буду без чаргі рамантаваць вашы машынкі.
Паліцэйскі расправіў худыя плечы, зазірнуў у торбу і сказаў:
— Добра. Ідзіце за мной.
І ён правёў іх спачатку праз адзін ланцуг, затым праз другі, дзе стаялі толькі немцы. Тут ён, аддана ўсміхаючыся, некалькі разоў прагаварыў: «Аўсвайс, аўсвайс!»
Валодзя і маці былі свабодныя. Але Настасся Георгіеўна не адыходзіла. Яна насцярожана глядзела назад.
— Што ты так глядзіш, мама?
— Валодзя, бачыш, воддаль стаяць тры немцы — афіцэры, а з імі Святлана Латаніна.
Валодзя зірнуў і тут жа пазнаў суседку.
— Цікава, што яна тут робіць? — ціха спытала маці.
А Латаніна не прымусіла доўга чакаць адказу. Яна нахілілася да аднаго з афіцэраў і штосьці сказала яму, паказваючы пальцам на аднаго мужчыну, таго, што ўжо мінуў кантроль. Афіцэр зрабіў знак салдатам. Двое з іх падскочылі да мужчыны і, падштурхоўваючы яго ў спіну рулямі аўтаматаў, адвялі ў групу людзей, якая ахоўвалася асобна. Нічога не сказала маці, але вочы яе гаварылі пра многае.
Думаць пра сустрэчу з партызанскай сувязной зараз ужо не даводзілася. Моцна турбуючыся за яе лёс, маці і сын адправіліся дахаты. Але не прайшлі яны і квартала, як іх дагнала дзяўчына. Задыхаўшыся ад хуткай хады, яна спытала:
— Ці няма ў вас на продаж ботаў і жаночага футра, пажадана чорнага колеру?
Маці ўсміхнулася і адказала:
— Боты ёсць, але толькі мужчынскія, сорак пяты памер. Футрамі пакуль не гандлюем.
Далей яны пайшлі ўтраіх. Павярнулі ў маленькі бязлюдны завулак, і маці хутка перадала дзяўчыне каштоўны груз. Падзякаваўшы Славіным, тая хутка знікла.
Маці з палёгкай уздыхнула, ласкава паглядзела на сына:
— Ну што, Вова? Пойдзем яечню дармовую гатаваць. Ох і вячэру закачу — пальчыкі абліжаце!
Дахаты прыйшлі задаволеныя. Бацька і Жэня гатавалі абед. Дзелячыся ўражаннямі пра паход на кірмаш, пра добрага старога, які выручыў яе і Валодзю ў цяжкую хвіліну, Настасся Георгіеўна расказала мужу і пра паводзіны Латанінай.
Густыя бровы Міхаіла Іванавіча сышліся на пераноссі. Ён доўга маўчаў, гледзячы ў акно, потым падышоў да жонкі і абняў яе:
— Настасся, давай дамовімся: калі здарыцца самае страшнае і мяне схопяць, то пра што б цябе ні пыталі, чаго б ні казалі, нават пра тое, што я нібы прызнаўся, нават калі назавуць імёны тых, каго ты сапраўды ведаеш, адмаўляй усё. Ты павінна казаць, што нічога не ведаеш, што ніхто да нас дахаты не прыходзіў.
— Ты што, Міша, думаеш, што цябе могуць схапіць?
— Цяжка сказаць, па-мойму, не павінны. Дома ў нас нічога падазронага няма, і надалей сюды прыносіць не будзем, але, разумееш, лістоўкі вырабляюцца друкаваным спосабам, гестапаўцы не дурні і ў першую чаргу, вядома, цікавяцца тымі, хто працуе ў друкарні. Калі Латаніна — здрадніца, а гэта, відаць, сапраўды так, то яна напэўна атрымала заданне прасачыць за намі. З ёй трэба паводзіць сябе як звычайна, хай думае, што мы ні пра што не здагадваемся. — Міхаіл Іванавіч усміхнуўся. — Ведаеш, я прыдумаў, як сёння гэту Светку праверыць. І зробіць гэта Жэня.
Настасся Георгіеўна спалохана прамовіла:
— Ой, Міша, баюся я за дзяцей. Скажы, што ты прыдумаў?
— Ты заўважыла, што на нашай вуліцы вобыск не рабілі толькі ў пяці дамах, у тым ліку ў нас і Латаніных?
— Так, пра гэта ўчора мы з Жэняй гаварылі.
— Дык вось, калі сёння яны прыйдуць да нас, то даю руку на адсячэнне, не абыдуць яны і Латаніных. Калі Светка працуе на гестапа, а я паўтараю, яны — не дурні, то яны зробяць вобыск і ў яе. Але які ім сэнс у свайго лакея ўсё дагары нагамі пераварочваць, як гэта яны звычайна робяць у іншых дамах? І я ўпэўнены, што да Светкі яны прыйдуць, пасядзяць і праз паўгадзіны выйдуць на вуліцу, каб суседзі бачылі, што і Латаніну не абышлі. А гэта значыць, што падазрэння на гэту верціхвостку не будзе.
— Гэта так, але я не разумею, што ты хочаш ад Жэні?
— Ты ж сама казала, што Светка ўзяла ў нас тарку. Дык вось, калі немцы ўвойдуць да яе ў дом, хвілін праз дзесяць — пятнаццаць зойдзе Жэня і спытае нашу тарку, скажа, што мы таксама вырашылі дранікі пячы, а заадно ўбачыць, ці робяць немцы ў іх ператрус.
Настасся Георгіеўна мякка ўсміхнулася:
— Ну і стратэг ты ў мяне. Не разумею толькі, для чаго гэта табе? Я лічу, што Жэню нельга пасылаць, каб яна лішні раз на вочы гэтым ірадам траплялася. Яна ў нас ужо дзяўчына, і ты сам ведаеш, колькі розных подласцяў робяць немцы, асабліва гестапаўцы.
Міхаіл Іванавіч падышоў да акна, памаўчаў, а затым сеў на канапу:
— Так, твая праўда. Пашлём Вову, а для чаго мне гэта трэба, то я скажу табе вось што: гэта трэба ўсім нам, маім таварышам. Разабрацца, хто ёсць хто, сабраць доказы віны здрадніка таксама важная справа. Наступіць час, і такім людзям будзе прад’яўлены рахунак за ўсё.
Настасся Георгіеўна ў знак згоды кіўнула і сказала:
— Добра, тады я бульбачкі начышчу.
— А гэта навошта?
— Ну, не будзем жа мы хлусіць суседзям і сапраўды аладак насмажым.
Міхаіл Іванавіч усміхнуўся:
— Малайчына ты ў мяне!
— Бачыў жа, нябось, каго выбіраў, калі жаніўся.
— Гэта праўда.
Жыццё ў акупацыі ўжо навучыла гэтых людзей чакаць непрыемнасцяў і рыхтавацца да іх. Вось і цяпер яны размаўлялі паміж сабой так, як быццам не немцы, а яны самі вырашылі правесці вобыск. І яны не памыліліся. Праз паўтары гадзіны ў двор увайшлі гестапаўцы. Загрукалі каваныя боты па драўляных прыступках лесвіцы, і ў кватэру ўварваліся пяцёра. Адзін з іх на ламанай рускай мове крыкнуў:
— Усе стаяць на адзін месца! Вашы дакументы!
Адзін гестапавец з аўтаматам застаўся каля дзвярэй, афіцэр — падаваў каманды, праглядаў дакументы і пытаў, ці ёсць у хаце зброя, радыёпрыёмнік; астатнія, нібы ваўкі на ахвяру, накінуліся на шафу, куфар. Немцы раскідалі рэчы па ўсёй кватэры, перавярнулі канапу, шафу кухонную, ператрэслі ложкі. Выцягнулі ўсё з каморкі, агледзелі хлеў. Але нічога не знайшлі і накіраваліся да суседзяў.
Міхаіл Іванавіч моўчкі зірнуў на сына, і Валодзя, нацягнуўшы на сябе шапку і паліто, шаснуў за дзверы. Жэня ўзяла са скрыні стала нож і падсела ў кухні да маці, якая пачала чысціць бульбу.
Валодзя перайшоў вуліцу і не спяшаючыся пачаў прагульвацца па тратуары. Ён бачыў, як з веснічак і варот суседніх двароў выглядваюць людзі.
Усіх іх, вядома, цікавіла адно і тое ж пытанне: які будзе наступны дом у гестапаўцаў.
Нарэшце немцы ўвайшлі ў дом Латаніных. Валодзя разумеў, што самы лепшы час патрапіць у іхні двор цяпер. Гаспадары будуць сустракаць гестапаўцаў і сачыць з вокнаў за дваром не стануць. Ён хутка падышоў да веснічак, вычакаўшы, пакуль апошні немец схаваецца за дзвярамі, праслізнуў у двор. Заходзіць у дом было яшчэ рана, Валодзя прайшоў у глыб двара да хлява і схаваўся за яго. Зараз ён з’явіцца ў хаце Латаніных нечакана. Вокнаў у гэты бок няма, і ніхто не ўбачыць яго, калі ён будзе набліжацца да дома.