Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

— Учора ліст ад Надзі атрымаў. Жывая-здаровая, сама мяне адшукала.

— Што ты кажаш! Ну, віншую, дружа, віншую! Дык гэта ты ёй адпісваеш?

— Ага, — і Купрэйчык тут жа спытаў: — Ды што нам загадана?

— Учора ўначы немцы «абнюхвалі» міннае поле, што ўздоўж вышыні знаходзіцца, гэта якраз насупраць стыку другога і трэцяга батальёнаў. Камандзір палка турбуецца, што гітлераўцы пусцяць танкі, і яны там змогуць прайсці. А ў нас сіл пакуль замала. Папаўненне маленькімі партыямі прыбывае.

— Ясна, — перабіў сябра Купрэйчык, — значыць, у тыл трэба ісці.

— Здагадлівы, — усміхнуўся Мухін. — Трэба паглядзець, што там у іх у блізкім тыле за перадавой маецца, а заадно мы табе сапёраў дамо, хай правераць, ці не знялі немцы міны.

— Ды што, праз міннае поле ісці?

— Не ўпершыню ж, Аляксей, — Мухін усміхнуўся і дадаў: — Больш бяспечнага праходу і не знайсці.

Неўзабаве яны апынуліся ў акопах пярэдняй лініі. Наперадзе была нейтральная паласа. Усё тут было знаёма Купрэйчыку да купіны і ямкі. Але кожны раз, калі ён збіраўся ў разведку, як бы зноў знаёміўся з мясцовасцю, прадумваючы кожны крок, кожны рух. Нездарма ж кажуць, што разведчыку, як і сапёру, права на памылку не дадзена, проста не будзе каму яе выпраўляць.

Да вечара знаходзіліся Купрэйчык і Мухін у акопах і калі ўжо вярталіся да сябе, то план паходу быў гатовы.

Доўга ішлі моўчкі. Кожны думаў пра сваё. Аляксей, супакоіўшыся за жонку, працягваў з вялікай трывогай думаць пра бацькоў. Яны знаходзіліся цяпер у глыбокім варожым тыле. «Ці жывыя? Калі жывыя, то няцяжка здагадацца, як яны чакаюць часу вызвалення!»

Купрэйчык задумаўся, не заўважыў, што закрочыў хутчэй.

Мухін спытаў:

— Чаго гэты ты раптам заспяшаўся? Думаеш, Надзя другі ліст даслала?

— Ды не, — збянтэжыўся Аляксей, — проста хачу людзей падрыхтаваць да паходу.

Пазней, успамінаючы Кузьму Андрэевіча Мухіна, Купрэйчык будзе часта дакараць сябе за тое, што не спыніў яго, не затрымаў хоць бы на хвіліну.

Мухін таксама не ведаў, што на пустынным восеньскім полі, праз якое яму трэба ісці з бліндажа, яго чакае смерць…

Баец партызанскага атрада Уладзімір Славін

Восень 1943 года падыходзіла да канца. Нягледзячы на працяглую блакаду, цяжкія знясільваючыя баі партызаны дзейнічалі актыўна, увесь час нарошчваючы сілу ўдараў па акупантах.

Атрад, у якім знаходзіўся Славін, папаўняўся за кошт жыхароў бліжэйшых вёсак і зноў ператварыўся ў грозную сілу. Зараз у атрадзе ўжо з’явіліся роты, якімі камандавалі афіцэры Чырвонай Арміі і вопытныя байцы, што прайшлі суровую школу партызанскай вайны.

Неўзабаве атрад атрымаў загад перадыслакавацца ў новы раён. Партызаны павінны былі праводзіць дыверсіі на аўтамагістралі, якая мае вялікае стратэгічнае значэнне, практычна не даваць ворагу карыстацца шашэйнымі дарогамі.

Камандзір атрада Глазкоў турбаваўся за лёс байцоў некалькіх груп, якія пасля выйсця з варожага кальца пакуль не вярнуліся ў атрад і напэўна ваююць самастойна. «Калі атрад сыдзе з гэтага раёна, — думаў Глазкоў, — то яны наўрад ці змогуць нас адшукаць». І тады ён вырашыў пакінуць на ранейшым месцы некалькіх чалавек, каб яны дачакаліся прыходу сваіх, а затым рушылі на злучэнне з галоўнымі сіламі атрада. Выбар выпаў на чацвярых — Тамкова, Славіна, Рогава і Крайнюка.

Старшым быў прызначаны камандзір роты Андрэй Лявонцьевіч Тамкоў.

Уладзімір у душы цешыўся, што патрапіў у гэту групу. Хлопец лічыў, што чым бліжэй будзе знаходзіцца да Мінска, тым больш шанцаў атрымаць хоць бы якую-небудзь вестачку пра бацькоў.

Пасля таго як Славін убачыў паўабгарэлыя трупы людзей, спаленыя хаты вёскі, жудасны малюнак так і стаяў перад вачамі. Лёс бацькоў стаў трывожыць яго мацней. А зараз яшчэ ён даведаўся страшную навіну пра тое, што настаўніца, якая жыла ў вёсцы побач з маці Крайнюка, аказалася яго сваячкай. Пра гэта стала вядома некалькі дзён назад. Справа была так: Валодзя і Антон вярнуліся з задання і зайшлі да Глазкова. У гэты момант у зямлянку ўвайшоў радыст і моўчкі працягнуў камандзіру радыдёграму.

Глазкоў прабег яе вачамі, а затым прыгнечана сказаў:

— Просяць высветліць пра лёс сям’і нашага ўчастковага Мачалава. Рука не ўздымаецца пісаць, што Таццяна Андрэеўна і дзеці загінулі.

— Як Мачалава? — бляднеючы, прагаварыў Славін.? — Яна… што… Мачалава?

— Так, а ты не ведаў? — Глазкоў, зірнуўшы ў твар хлопца, устрывожыўся: — Што з табой?

— Пеця Мачалаў — мой стрыечны брат.

— Але ты ж ніколі пра гэта не казаў! — здзівіўся Крайнюк.

— Я ж не ведаў, што яна яго жонка, — прыгнечана адказаў Уладзімір і растлумачыў: — З ёй да вайны я бачыўся толькі два-тры разы, і то апошні раз у трыццаць пятым ці трыццаць шостым. Пётр, бываючы ў Мінску, заўсёды заходзіў да нас, а яна ў горад рэдка прыязджала.

— Дык ты яе проста не пазнаў, калі тут мы з ёй сустракаліся?

— Мне ўвесь час здавалася, што я яе дзесьці бачыў. Нават хацеў спытаць, але не адважыўся.

— Так, хлопча, не шанцуе табе, — сумна прагаварыў Глазкоў. Цяжка апусціўся на табурэтку, якая стаяла ля стала, і накідаў тэкст зваротнай радыёграмы, дзе паведаміў пра гібель жонкі і дваіх дзяцей Мачалава.

Славін у душы вінаваціў сябе, што своечасова не даведаўся прозвішча настаўніцы і не ўгаварыў яе сысці ў атрад.

Лютасць і злосць перапоўнілі душу маладога партызана. Ён прасіўся на любое заданне. Таму Глазкоў, адыходзячы з атрадам, папярэдзіў Тамкова: «Ты, Андрэй Лявонцьевіч, глядзі за Славіным, як бы ён з гарачкі дурасці не напароў».

Уладзімір не заўважыў, калі да яго падышоў Тамкоў і крануў за плячо:

— Што, хлопец, прызадумаўся?

Славін падняўся на ногі, збянтэжана адказаў:

— Пра бацькоў думаю. Дый сястру даўно не бачыў.

— Ну, з сястрой, дапусцім, усё ў парадку. А бацькі… Тут ужо нічым не дапаможаш. Застаецца адно: чакаць. Чакаць і спадзявацца. Вось што я хачу сказаць: мы застаёмся на базе. Трэба як след назапасіцца боепрыпасамі, узрыўчаткай. Таму знайдзі Рогава і Крайнюка, атрымаеце ўсё гэта і схавайце ў надзейным месцы, дзе-небудзь тут, бліжэй.

— А можа, у адну з зямлянак складзём? Усё адно пустуюць.

— Нельга. У нас зараз аховы не будзе, і калі наляцяць немцы, то можаш не сумнявацца, усё перавернуць.

— Зразумеў. Іду, — і Славін, закінуўшы аўтамат за спіну, пайшоў выконваць загад.

Пасля абеду атрад зняўся з базы, а чацвёра байцоў засталося на месцы.

Дзіўным чалавекам быў гэты Тамкоў. Ён ні на хвіліну не мог заставацца без работы, заўсёды чымсьці быў заклапочаны, увесь час мітусіўся. Ужо да вечара, паклікаўшы Славіна, Крайнюка і Рогава, прапанаваў:

— Браткі, справа ёсць! Давайце зробім так, каб немцы не адчулі, што атрад сышоў адгэтуль. Будзем паціху ім шкоду чыніць. Узрыўчатка ў нас ёсць, зброя нядрэнная. Сёння нас чацвёра, а праз некалькі дзён будзе больш.

Тым часам з’явілася дзяўчына. Першым яе заўважыў Тамкоў. Ён усміхнуўся:

— Славін, да цябе госця.

Уладзімір азірнуўся і ўбачыў сястру. Партызан, якія сядзелі ў хмызняку, яна не заўважыла і здзіўлена разглядала апусцелую базу. Брат падняўся і, хаваючыся за кустамі, абышоў паляну, паціху падкраўся да госці і, прыставіўшы да яе спіны ўказальны палец, скамандаваў:

— Хенде хох!

Жэня, здрыгануўшыся, рэзка абярнулася:

— Цьфу ты, чорт! Напалохаў! Я і сапраўды падумала, што немец падкраўся. Гляджу — на базе нікога. Падазрона стала.

Яны адышлі на край паляны, прыселі на зваленае дрэва. Жэня чымсьці была ўсхвалявана і, ледзь стрымліваючы сябе, распытала брата, як ён жыве, потым сказала:

— Валодзя! Мяне ў спецгрупу перавялі. Зараз часта буду сыходзіць далёка. Ты ўжо сачы за сабой.

— У якую групу? Куды будзеш сыходзіць?

— Разумееш, гэта тайна. Табе скажу толькі адно: мая справа — разведка нямецкіх тылоў. — І перавяла гаворку: — Можа, трэба што-небудзь памыць?

— Не, Жэня, не трэба.

— Ведаеш, Валодзя, мой новы начальнік надоечы гутарыў з тваім камандзірам. Размаўлялі пра тату і маму. Абяцалі высветліць, што з імі.

36
{"b":"585908","o":1}