— Паехалі, камдзіў збірае камандзіраў палкоў і начальнікаў разведак.
Яны селі ў патрапаны «віліс» і неўзабаве былі ў вёсцы, дзе размяшчаўся штаб дывізіі. Аказалася, што напярэдадні за лініяй абароны немцаў нечакана сутыкнуліся дзве групы разведчыкаў, якія былі пераапрануты ў нямецкую форму і належалі розным палкам. Завязалася перастрэлка. Двое былі забіты і трое паранены. Гэта было ЧП. Начальнік разведкі дывізіі быў пакараны, і цяпер кожны полк атрымаў указанне накіроўваць сваю разведку толькі ў паласу сваіх дзеянняў.
Пасля нарады Васільеў і Купрэйчык вярталіся ў полк тым жа шляхам. Па прыбыцці на месца Васільеў не адпусціў Купрэйчыка, і неўзабаве яны апынуліся ў прасторным, моцна складзеным бліндажы.
Ардынарац, маленькі вёрткі чырвонаармеец, разумеў Васільева з аднаго кіўка. Праз некалькі мінут на стале былі нарэзаная вялікімі кавалкамі каўбаса, адкрытыя нажом слоікі з кансервамі, хлеб.
Васільеў наліў у гранёныя шклянкі гарэлку:
— Ну, давай, Аляксей, за нашу перамогу!
Яны выпілі і пачалі закусваць. Раптам Купрэйчык успомніў пра ліст: «Трэба ж хутчэй даць адказ. Надзя, напэўна, гадзіны лічыць, калі яго атрымае, а я засеў, як у рэстаране». Апетыт адразу ж знік, і Купрэйчык пачаў шукаць падставу, як яму сысці. Праўда, і ў Васільева былі справы. Яны выпілі яшчэ па сто грамаў, і той, папярэдзіўшы Купрэйчыка, каб ён быў гатовы да вечара наступнага дня ісці на заданне, адпусціў яго.
Купрэйчык ледзь не подбегам накіраваўся да сябе, дзе адразу ж узяўся за ліст. Пісаў доўга, але калі скончыў, то зразумеў, што не напісаў нават паловы таго, што хацеў. Пастаяў у роздуме і вырашыў, што ўвечар напіша другі ліст. Склаў ліст у трыкутнік, працягнуў старшыне і загадаў неадкладна адправіць.
Усе разведчыкі ва ўзводзе ведалі, што ў камандзіра знайшлася жонка. Байцы радаваліся за Аляксея, асабліва «старыя», якім былі вядомыя яго перажыванні і нечаканыя сустрэчы з жонкай.
Ганчар адказаў «ёсць!», але перш чым сысці, сказаў:
— Камандзір, вас капітан Мухін пытаў. У полк прыбыло папаўненне, ён хоча з вамі і нам людзей падабраць.
Аляксей, паправіўшы на рэмені кабуру з трафейным «вальтарам», накіраваўся да Мухіна.
Такая паспешнасць была выклікана тым, што падчас апошніх баёў узвод страціў амаль палову людзей, і Купрэйчык ужо даўно патрабаваў папаўнення. І вось яно прыбыло, цяпер трэба спяшацца, каб першаму адабраць больш вопытных салдат.
Неўзабаве Купрэйчык і Мухін былі ў некалькіх кроках ад байцоў, якія стаялі на паляне ў дзве шарэнгі. Ішоў невялікі дождж. Было волка і прахалодна. Байцы, якія нядаўна здзейснілі па раскіслай дарозе шматкіламетровы марш, былі брудныя і панура маўчалі.
Купрэйчык моўчкі разглядаў іх. Г алоўным чынам маладыя, нядаўна прызваныя, у неразношаных чаравіках і новенькім абмундзіраванні.
Але былі тут і франтавікі, якія прыбылі са шпіталяў. Іх адразу вылучала паношаная, выгаралая на сонцы, але добра падагнаная форма.
Непадалёк стаяла група афіцэраў. Гэта былі прадстаўнікі батальёнаў і службаў палка. Але ўжо так заведзена: першай адбірае сабе папаўненне разведка, а ўсе іншыя — пасля.
Купрэйчык не спяшаючыся прайшоў уздоўж строя, павярнуўся і вярнуўся на сярэдзіну:
— Хто раней служыў у разведцы, тры крокі наперад!
З другой шарэнгі выйшаў гадоў дваццаці пяці баец.
Ён выразна і гучна далажыў:
— Сяржант Ражноў, прыбыў пасля ранення са шпіталя.
Сярэдняга росту, дужа збіты, з прамым адважным поглядам чорных вачэй. Шмат разоў мытая і цыраваная гімнасцёрка сядзела добра, на нагах немаведама як здабытыя ялавыя боты. На грудзях — медаль «За адвагу».
«Адчуваецца свой браток», — падумаў ухвальна Купрэйчык і звярнуўся да строя:
— Хто яшчэ служыў у разведцы?
Людзі маўчалі. Тады старшы лейтэнант задаў новае пытанне:
— Хто хоча служыць у разведцы — тры крокі наперад!
Шэрагі не зварухнуліся.
— Што, няма ахвотнікаў? Страшна? — усміхнуўся Купрэйчык.
— А што нас там чакае? — спытаў хтосьці з байцоў.
— На вайне ўсіх нас чакае адно і тое ж — бой, — адказаў старшы лейтэнант і, разумеючы, што людзей трэба чымсьці завабіць, дадаў: — Але ў разведцы служба асаблівая, таму і ўмовы асаблівыя: харчы лепшыя, паёк — асаблівы, у любое надвор’е, нават у такі дождж, — сто грамаў.
— А як наконт біяграфіі? — спытаў усё той жа голас.
Аляксей нарэшце ўбачыў таго, хто задаваў пытанні. Гэта быў баец у пацёртым абмундзіраванні. «Ага, значыць, франтавік». Старшы лейтэнант падышоў бліжэй і толькі пасля гэтага адказаў:
— Біяграфію мы сабе пішам тут, на фронце. І хто яе як напіша, так усё жыццё і чытаць будуць.
— Але я ў тым сэнсе… — збянтэжыўся баец, — пасля штрафной роты бераце людзей да сябе?
— Вы што, прама са штрафной роты сюды прыбылі?
— Так. дакладней, са штрафной у шпіталь прыбыў, а адтуль — сюды.
— Паранены былі?
— Так, у правае плячо.
— За што ў штрафную роту патрапілі?
Баец збянтэжыўся і ледзь выразна, панізіўшы голас, прамармытаў:
— На грамадзянцы пашухарыў крыху, па маладосці выкраў сёе-тое.
— Ну і што ж ты выкраў? — спытаў Купрэйчык, а сам падумаў: «Вазьмі такога, а ён да немцаў уцячэ».
— Мяшок аўса. ну і каня ў прыдачу.
У страі грукнуў рогат.
І Купрэчык нечакана для сябе рашыўся. Ён, усміхаючыся, сказаў:
— Добра, бяру ў разведку. Але, на ўсякі выпадак, папярэджваю, да вайны я быў оперупаўнаважаным крымінальнага вышуку.
І зноў грукнуў рогат. Смяяліся і тыя, хто стаяў у страі, і афіцэры, якія чакалі сваёй чаргі, і Мухін. З другой шарэнгі выйшаў малады, гадоў дваццаці двух, баец і сказаў, што ён былы работнік міліцыі і хоча пайсці ў разведку.
Пасля гэтага справа пайшла весялей, многія былі згодны пайсці служыць у разведку. Купрэйчык і Мухін адабралі дзесяць чалавек і адразу ж павялі іх у размяшчэнне ўзвода.
Не губляючы час, Купрэйчык пачаў бліжэй знаёміцца з папаўненнем. Першым да сябе ў бліндаж запрасіў «штрафніка».
Хударлявы, вышэй сярэдняга росту, з запалымі шчокамі, ён выглядаў кволым і слабым.
Купрэйчык зазірнуў у дакументы і ўслых прачытаў:
— «Сёмін Рыгор Іванавіч. Тысяча дзевяцьсот сямнаццатага года нараджэння». У штрафной роце спагнанні меў?
— Не! Ды вы не хвалюйцеся, таварыш старшы лейтэнант, я не падвяду. Сваю віну я крывёй змыў. Не хачу больш ганьбіць сваіх бацькоў. Ваяваць буду як след.
— Правільна думаеш, Рыгор Іванавіч. Дзе бацькі жывуць?
— Пад Масквой, у вёсцы. Там цяпер маці і дзве сястрычкі малодшыя засталіся, бацька — ваюе.
— Ведаеш яго адрас?
— А як жа! — усміхнуўся Сёмін. — Два дні назад ліст атрымаў, але адкажу сёння, паведамлю свой.
Купрэйчыку падабалася, што Сёмін адкрыты. Адчувалася, што франтавое жыццё многае змяніла ў яго свядомасці.
Аляксей спытаў у Сёміна:
— У разведцы ні разу не быў?
— Не, але ў тыле ў немцаў давялося тыдзень пабываць, калі наш батальён апынуўся ў акружэнні і нам трэба было выходзіць з яго невялікімі групамі.
Купрэйчыку ўсё больш падабаўся баец. Ён падумаў: «Так, на вайне як нідзе хутка пазнаюцца людзі. Здаецца, гэты цяпер ведае, што такое ў жыцці добра і што такое дрэнна».
А на наступную раніцу пачаў з новымі байцамі трэніроўкі. Аляксей разумеў, што чым больш ён надасць увагі навучанню навабранцаў, тым хутчэй яны стануць разведчыкамі і, самае галоўнае, тым больш у іх будзе шанцаў застацца ў жывых.
Пасля заняткаў ён стаміўся, але застаўся задаволены тым, што навічкі, усе як адзін, аказаліся кемлівымі і стараннымі.
Купрэйчык рыхтаваўся да начнога паходу. Каторы раз праверыў зброю. І раптам у галаву прыйшла думка: «А ці не напісаць яшчэ ліст Надзюшы? — Ён уявіў, як яна будзе рада, што ён адразу адказаў ёй некалькімі лістамі. — А потым Пятру напішу, — вырашыў ён, — узрадую, што Надзя знайшлася».
Аляксей лавіў сябе на думцы, што ўпершыню перад заданнем думаў толькі пра жонку. Гэтыя думкі былі мацнейшыя за трывогу хуткай небяспекі. Праўда, зараз, калі ён даведаўся, што Надзя жывая і здаровая, дзесьці ў глыбіні душы зноў заварушылася рэўнасць: «Вакол яе шмат мужчын, некаторыя напэўна паглядаюць на яе і спрабуюць пазнаёміцца». Ад гэтай думкі Аляксею стала нядобра, і клаліся на паперу не тыя словы, якія ён толькі што хацеў напісаць. Але калі ён пачаў расказваць, як ваюе, то захапіўся, пісаў доўга і скончыў толькі тады, калі з’явіўся Мухін. Капітан, верны сваёй звычцы дапамагаць сябру рыхтавацца да паходу, і гэтым разам прыйшоў да Купрэйчыка. Аляксей не вытрымаў і пахваліўся: