Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

— Вып’ем з намі, гаспадар.

Яны чокнуліся, выпілі да дна. Стары ўзяў салёны агурок, адышоў ад стала.

Славін працягваў выконваць ролю наіўнага хлопца:

— А далёка да вашага хутара?

— Роўна пятнаццаць кіламетраў.

«Да Чорнага Луга гэтулькі ж», — падумаў аператыўнік і спытаў:

— Жыць там, напэўна, сумна? Ні святла, ні вечарынак.

— Гэтага, вядома, няма. Калі пойдзеш, пазнаёмлю з адной. Дзеўка што трэба! Прывёў яе да нас адзін, а сам капыты адкінуў.

— Як капыты адкінуў?

— Вельмі проста! — драпежна ўхмыльнуўся Фядзько. — Не ў тым кірунку пачаў глядзець.

— І што?

— І. памёр. канцы аддаў.

— Як аддаў?

— Хе-хе! Будзем лічыць, што сэрца падвяло. Але ты не бойся. Калі я табе паверыў, значыць, усё будзе добра. Даставай хутчэй патроны, а потым грунтоўна пагаворым. Наконт барыша не турбуйся — не пакрыўджу.

— А як я цябе знайду, калі патроны будуць?

— Скажаш старому. Ён знойдзе.

Фядзько зноў пацягнуўся да бутэлькі. Славін устаў:

— Пайду ў двор. Ты пі, хутка вярнуся.

Уладзімір стаяў на ганку, падставіўшы разгарачаны твар дожджыку. Рукі дрыжалі. Ён змушаны быў сядзець побач з бандытам, на сумленні якога дзясяткі чалавечых жыццяў, піць з ім, есці пры ім ды яшчэ і ўсміхацца. З якім бы задавальненнем Уладзімір разрадзіў пісталет у п’яную пысу! Але нельга. Трэба працягваць гульню, выйграць яе чыста, каб не даць ніводнаму бандыту выслізнуць ад адплаты. «Ну што! Пара вяртацца. Напэўна, нудзіцца, небарака, няма перад кім душу выказаць». Славін, пахістваючыся, увайшоў у хату. У пакоі знаходзіўся толькі Лешык-старэйшы. Сцяпана і Ядзі не было. Мяркуючы па ўсім, яны адасобіліся ў іншым пакоі. Уладзімір падсеў да старога:

— Добры мужык, адважны! Мне такія падабаюцца.

Лешык памаўчаў трохі, а потым, думаючы пра штосьці сваё, адказаў:

— Цяжка яму. І калі гэта скончыцца?

— Што скончыцца?

Дзед, нібы ачуўся, адказаў хуценька:

— Не, не, усё добра! Гэта я проста падумаў пра аднаго чалавека. Далёка ён цяпер, вось і ўспомніўся.

Начальнік аддзела барацьбы з бандытызмам Пётр Пятровіч Мачалаў

Вечарэла. Мачалаў зірнуў на гадзіннік. Восеньскі імжысты дожджык і цяжкія свінцовыя хмары, навіслыя над горадам, рабілі дзень карацейшым, вечар наступіў раней звычайнага.

Раздаўся лёгкі стук, і ў кабінет увайшоў дзяжурны:

— Таварыш капітан, толькі што тэлефанаваў Крайнюк. Ён вельмі прасіў вас дачакацца яго, абяцаў праз гадзіну быць тут.

— А чаму ён вам патэлефанаваў, а не мне?

— Не ведаю. Сказаў, што вы не адказалі.

— Чорт бы пабраў гэты апарат! Зноў сапсаваўся. Скажыце, каб адрамантавалі.

Дзяжурны кіўнуў і выйшаў.

Пётр Пятровіч прайшоўся па кабінеце, думаючы пра Крайнюка: «Што ж прымусіла яго так спяшацца? Можа, Мараўскі не так, як трэба, павёў сябе? Не, не павінен, дый Антон не пакідаў бы яго аднаго, а выклікаў бы мяне да сябе. Тут штосьці іншае, хутчэй за ўсё Фядзько даў знак пра сябе».

Мачалаў падышоў да стала і паспрабаваў працаваць, але не змог. З грукатам адсунуў крэсла і падышоў да акна. У душы нарастала трывога. Пасля таго як ён даведаўся, што гестапаўцы схапілі Міхаіла Іванавіча, Пётр быў упэўнены, што фашысты яго забілі. І цяпер ён адчуваў адказнасць за лёс Валодзі. Часам ён нават дакараў сябе за тое, што яшчэ маладога хлопца накіраваў да бандытаў. Але ён і давяраў яму больш за іншых, ды і Караткоў нямала расказаў пра свае партызанскія будні. Хлопец кемлівы, удумлівы, разважлівы, павінна атрымацца. Мачалаў учора падаў рапарт па камандзе з прапановай накіраваць Славіна і Крайнюка на вучобу ў афіцэрскую школу. «Хлопцы з добрымі задаткам^ і калі іх падвучыць, то атрымаюцца сапраўдныя аператыўнікі».

Мачалаў вярнуўся да стала і ўзяў свежую газету. Напярэдадні ён паспеў толькі франтавыя зводкі прагледзець. Цяпер амаль кожны дзень яны паведамлялі радасныя весткі, і Мачалаў, прачытаўшы, складаў іх у сейф. Гэта для Славіна. Вернецца з задання, будзе чытаць.

Прачытаў артыкул, у якім гаварылася пра задачы па аднаўленні народнай гаспадаркі ў рэспубліцы, і зноў паглядзеў на гадзінік: «Павінен ужо быць тут. Дабірацца яму пешшу сюды трэба хвілін сорак-пяцьдзясят. Хутчэй бы ўжо, не стамляў душу!» Пётр Пятровіч зноў падняўся з-за стала, а тым часам адчыніліся дзверы. З’явіўся Крайнюк. Твар узбуджаны, дыхае цяжка і часта:

— Здравія жадаю, Пётр Пятровіч!

— Дабрыдзень, ну, што здарылася?

Мачалаў не змог схаваць свайго хвалявання, і гэта адразу адчуў Антон. Ён зразумеў, што Пётр Пятровіч хвалюецца за Валодзю, і, жадаючы супакоіць яго, адразу ж сказаў:

— Нічога страшнага. Проста сёння да нас на склад з’явіўся Фядзько ўласнай персонай.

— Так, значыць, Валодзя дзейнічае правільна. Ну-ну, расказвай далей.

— Мараўскі яго ўбачыў, калі ён да склада падыходзіў, і паспеў мяне папярэдзіць. Я схаваўся ў далёкім куце за скрыні і амаль усю гутарку слухаў. Хачу вам сказаць, што стары паводзіў сябе добра. Праўда, баяўся, тварам пабляднеў, але трымаў лінію правільна. Уваходзіць Фядзько і кажа: «Выдатна, Казімір! Пазнаеш мяне?» Мараўскі для пераканаўчасці вычакаў трошкі, быццам бы прыглядаўся, а затым адказвае: «Госпадзі, дык гэта ж Сцяпан! Дзень добры, Сцяпан, адкуль ты? Няўжо мяне спецыяльна шукаў?» — «Адгадаў, дзед, спецыяльна цябе шукаў. Ты на складзе адзін?» — «Адзін. Грузчыка накіраваў у кантору» — «А дзверы замкнуць можаш?» — «Магу, толькі навошта?» — «Ты мяне не бойся, Казімір, проста я хачу з табой сам-насам пагаварыць».

Мараўскі зачыніў дзверы, а я на ўсякі выпадак пісталет падрыхтаваў, думаю, калі накінецца на старога, давядзецца мне ўмешвацца. Але бачу, усё пакуль спакойна ідзе. Сеў Фядзько на скрыню і пытае, ці ведае Мараўскі Славіна. А той адказвае: «Гэта той хлопец, што ўпаўнаважаным па нарыхтоўках працуе? Ведаю, але ён цяпер па вёсках матаецца, я яму нават парэкамендаваў у твайго бацькі спыніцца». — «Слухай, Казімір, а чырвоныя ведаюць, чым ты пры немцах займаўся?» — «Крый божа! — і Мараўскі нават перахрысціўся. — Я, — кажа, — нават у вёсцы хату кінуў і ў горад перабраўся, каб хто-небудзь не выдаў мяне». А Фядзько ўхмыльнуўся і кажа: «А я вось магу і здаць цябе, што ты на гэта скажаш?» — «Ты што, Сцяпан, пабойся бога! Што я табе дрэннага зрабіў?» — «Добра, — засмяяўся Фядзько, — не дрэйфі, я пажартаваў. Скажы мне, а што ў цябе на складзе ёсць добрага?» — «Ды рознае. сам жа ведаеш, што склад для таго і існуе, каб на ім многае захоўвалася». — «Зброя ёсць?» — «Карабіны, рэвальверы». — «Патроны?» — «І патроны ёсць». — «А для чаго яны тут?» — «Як для чаго? Для стралкоў чыгуначнай аховы». — «Слухай, Казімір, а ўпаўнаважаным па гэтых самых нарыхтоўках зброю выдаюць?» — «А як жа, выдаём». — «А для чаго яна ім?» — «Дык яны ж з грашыма ды таварамі справу маюць, па вёсках ездзяць. А цяпер час такі, што і забіць могуць». — «Так, гэта ты дакладна кажаш: забіць могуць. А мне ты патронаў не дасі?» — «Што ты, Сцяпан, як жа гэта я магу?» — «Ды ты, Казімір, не бойся, не за так. Я табе за гэта грошай дам, ну, і бальшавікам пра цябе нічога не скажу. Сам разумееш, калі даведаюцца, што былога старасту, нямецкага паслугача, ха-ха, у збройны склад пусцілі, дык яны цябе з усіх карабінаў, вінтовак, рэвальвераў, што тут захоўваюцца, залпам, ха-ха, што зробяць? Расстраляюць, разумееш, рэшата з цябе зробяць». Антон зрабіў паўзу і ўсміхнуўся:

— Ведаеце, Пётр Пятровіч, што ў гэты момант Мараўскі ўпароў? Я ледзь стрымаўся, каб не засмяяцца. Ён зрабіў выгляд, што сапраўды спалохаўся, і, як сапраўдны артыст, — бух у ногі гэтаму Фядзько і як загалосіць: «Пашкадуй мяне, Сцяпан! Не губі на старасці гадоў, дай дажыць жыццё, мне ўжо трохі засталося!» Ведаеце, нават слязу пусціў. Ну, ні даць ні ўзяць спалохаўся, і ўсё тут. А Фядзько ўскочыў на ногі і кажа: «Ды ціха ты, раскрычаўся! Зараз людзі на твае галашэнні збяруцца. Супакойся, я пажартаваў. Не буду цябе чырвоным здаваць. Але патроны ты мне дастанеш». Мараўскі задумаўся, а потым кажа: «Я, вядома, пару соцень мог бы наскрэбці, але як я вынесу, калі ахова праверыць, то канец мне». — «А калі гэтага мальца да справы прыцягнуць?» — «Гэтага? Чакай-чакай, ён жа мне надоечы пра патроны казаў, што можна добра падзарабіць, калі нейкім паляўнічым прадаць». — «Ну вось бачыш. То, калі яго ўзяць у кампанію, зможаш патронаў даць?» — «Вядома, ён вывезці іх з тэрыторыі зможа, — задумаўся Мараўскі, — дый на яго выпісаць з тысячу патронаў можна». «Ну тады дамовіліся. Як з’явіцца ён да цябе, дай патронаў, у крыўдзе не будзеш. Дамо і грошай, і харчу. Толькі пра нашу сустрэчу яму не кажы». Пасля гэтага Фядзько развітаўся і сышоў. А я выйшаў са сваёй хованкі і кажу: «Малайчына, Казімір Казіміравіч, дзейнічалі вы правільна, па інструкцыі!» Ну і, вядома, адразу ж да тэлефона. Патэлефанаваў вам — не адказваеце, звязаўся тады з дзяжурным і папрасіў папярэдзіць вас, што хутка буду. Што зараз рабіць будзем, Пётр Пятровіч?

65
{"b":"585908","o":1}