Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Праз некалькі хвілін Пётр і Аляксей былі на вуліцы. Расказвалі адзін аднаму пра свае пакуты пасля таго, як рассталіся, дзівячыся, наколькі аднолькава склаўся ў іх у першыя месяцы вайны лёс. Пётр сказаў:

— Калі Мухін у палаце расказваў пра тое, як ты сустрэўся з Надзяй, то ён не назваў прозвішчы, а то б я ўжо даўно ведаў, што ты жывы і ваюеш са мной дзесьці побач. Ты Надзю больш не бачыў?

— Не, — Аляксей сумна апусціў вочы, — ніяк не магу дараваць сабе, што ў мітусні не запісаў яе адрас. Ты ведаеш, зараз не магу мінуць ніводнага медсанбата ці шпіталя. Усё здаецца, што менавіта там яна і служыць.

— Пісаў куды-небудзь?

— Пісаў, але сам разумееш, што вакол дзеецца, цяжка яе знайсці… Ну, а ты як? Вестак з дому, вядома, ніякіх?

— Ніякіх… Змарнаваўся ўвесь ад няпэўнасці… Сам ведаеш з газет, як фашысты здзекуюцца з нашых людзей. Мне часам так страшна становіцца за іх, што ты нават сабе ўявіць не можаш! Таня ў мяне такая бездапаможная, і дзеці яшчэ маленькія. Здаецца, паўжыцця аддаў бы толькі за адну-адзіную вестачку ад іх…

Да іх падбегла медсястра. Стрэльнула вясёлымі карымі вачамі на падцягнутага лейтэнанта і строга сказала:

— Хворы Мачалаў, ідзіце неадкладна ў палату, пачаўся абход, вас сёння будзе глядзець прафесар.

Пётр павярнуўся да брата:

— У цябе ёсць лісток паперы і аловак?

— Ведаеш, пасля сустрэчы з Надзяй заўсёды нашу з сабой, — усміхнуўся Аляксей і палез у кішэнь.

Мачалаў папрасіў:

— Запішы мне свой адрас, а для сябе — мой. І давай дамовімся: калі хтосьці што-небудзь даведаецца пра нашы сем’і — неадкладна паведамляе.

Медсястра прыспешвала, і яны пайшлі да невялікага двухпавярховага будынка, у якім размяшчаўся шпіталь.

Міхаіл Іванавіч Славін

У душы Міхаіл Іванавіч быў гатовы да любых нечаканасцяў, нават да самага горшага. Ён разумеў, што ў немцаў ёсць спецыялісты, здольныя вызначыць, якім шрыфтам друкуюцца падпольныя газеты і лістоўкі, дый гестапа метадычна, аднаго за адным правярала ўсіх працуючых у друкарні.

Славін так задумаўся, што нават не заўважыў, як да яго падышоў адзін з рабочых і сказаў:

— Славін, цябе начальнік цэха да сябе кліча!

Міхаіл Іванавіч моўчкі кіўнуў галавой, выцер анучай рукі і пайшоў на выхад. Трывожна ёкнула ў грудзях: «Чаго яму трэба?» Пхнуў абабітыя скурай дзверы і апынуўся ў невялікім, добра знаёмым кабінеце. Акрамя начальніка цэха, у кабінеце сядзелі трое незнаёмых мужчын. Адзін з іх спытаў:

— Міхаіл Іванавіч Славін?

«Немец», — здагадаўся Міхаіл Іванавіч і адчуў, як імгненна пакрыўся лоб халодным потам.

— Так, я.

— Вам трэба праехаць з намі для гутаркі.

— А вы хто?

— Прадстаўнікі нямецкіх улад. — Ён моўчкі падняўся са свайго месца. Услед за ім ускочылі двое іншых.

Славін зірнуў запытальным поглядам на начальніка цэха. Але той моўчкі глядзеў міма. Міхаіл Іванавіч разгублена спытаў:

— А як жа работа, у мяне ж тэрміновае заданне?

— Не хвалюйцеся, усе мы працуем на вялікі рэйх, — ухмыляючыся, адказаў мужчына і хутчэй загадаў, чым прапанаваў: — Пайшлі!

Ён першым, не развітваючыся з начальнікам цэха, выйшаў з кабінета, за ім — Славін. Два іншых пайшлі крыху ззаду па баках.

«Гестапа, няма сумненняў, гестапа, — усхвалявана думаў Міхаіл Іванавіч, — хоць бы сваім паведаміць. Але як?»

На вуліцы ля ўвахода стаяла легкавушка. Старэйшы сеў побач з вадзіцелем, а Міхаіл Іванавіч апынуўся на заднім сядзенні паміж двума іншымі. Машына адразу ж кранулася і паехала па былой Савецкай вуліцы, праехала міма Камароўскай развілкі і накіравалася далей, да цэнтра горада.

Міхаіл Іванавіч сумна глядзеў на рэдкіх прахожых на пабітай, залітай сонцам вуліцы, але, улавіўшы на сабе пагляд ахоўніка, які сядзеў справа, перавёў вочы.

У думках ён ужо рыхтаваў сябе да допыту. Вырашыў, што, канечне, будзе ўсё адмаўляць, але падчас допыту трэба паспрабаваць высветліць, што вядома немцам.

Яго прывялі ў даволі вялікі кабінет. У ім было толькі адно акно, якое выходзіла ў двор, і пасля яркага сонца здавалася цёмна. За вялікім двухтумбавым сталом, разваліўшыся ў крэсле, сядзеў хударлявы лысаваты мужчына. Ён кіўком галавы адпусціў людзей, якія даставілі Міхаіла Іванавіча, і кіўнуў на венскае крэсла ля стала:

— Праходзьце, Міхаіл Іванавіч, прысаджвайцеся, адпачніце пасля вулічнай спякоты.

Ён старанна вымаўляў кожнае слова, але казаў па-руску даволі чыста.

— Мяне ж прама з цэха забралі, так што спякоты я, можна сказаць, і не адчуў, — адказаў Міхаіл Іванавіч і нават сам здзівіўся, што так спакойна гаворыць. Чакаць новага запрашэння не стаў і сеў. Крэсла зарыпела, здавалася, яно ледзь вытрымлівала вагу чалавека. Немец прадставіўся:

— Мяне завуць Курт Штарц. Я буду весці следства па вашай справе.

— Маёй справе? — здзіўлена спытаў Славін. — Якой справе?

— Пытаеце, якая справа? Справа пра друкаванне лістовак і газет, якія набіралі вы.

— Якіх газет? Якіх лістовак? — здзівіўся Славін.

— Не трэба, Міхаіл Іванавіч, не трэба так паводзіць сябе ў гестапа. Вы спачатку выслухайце мяне, а потым можаце казаць усё, што заўгодна. Мы, немцы, народ дакладны. Перш чым даставіць вас сюды, мы добра пазнаёміліся. Ведаем, што да вайны вы былі перадавіком, лепшым працаўніком.

— Усе імкнуліся добра зарабіць… — няпэўна прагаварыў Славін, але немец перабіў яго:

— Не трэба, Міхаіл Іванавіч, не трэба. Усе, ды і не ўсе імкнуліся быць у перадавіках. Але мы, немцы цэнім працавітасць і паважаем тых, хто ўмела і добра працуе. Таму вы не сціпла паводзьце і не саромейцеся сваёй добрай працы. Мы жадаем, каб вы і цяпер добра працавалі і супрацоўнічалі з намі гэтак жа старанна і добрасумленна, як і з Саветамі. Мы ведаем, што бальшавікі ўцягнулі вас у свае сеткі, прымусілі прыняць удзел у выпуску газет і лістовак, якія заклікаюць насельніцтва да бунтаў, нападаў на нямецкіх салдат, падпалаў і іншых бандыцкіх дзеянняў. Мы разумеем, што вы пагадзіліся не па сваёй волі, у вас жа дзеці, жонка. Улічваючы ўсё гэта, мы вырашылі не ўжываць у адносінах да вас рэпрэсій, а пагаварыць з вамі адкрыта. Цяпер я хачу спытаць вас толькі пра адно: ці згодны вы, працягваючы працаваць, як і раней, супрацоўнічаць з намі?

— Пан следчы, я ж і так супрацоўнічаю з вамі. Ніхто мяне не можа папракнуць у адваротным.

— Вы што, не разумееце, пра што я кажу? Ці робіце выгляд, што не разумееце? Я вам яшчэ раз растлумачу. Нам патрэбна ваша дапамога, а менавіта: адрасы явак, прозвішчы падпольшчыкаў, іх падпольныя мянушкі, дзе друкуюцца лістоўкі і газеты. Я гарантую захаваць ваша прызнанне ў тайне. Як бачыце, цяпер я пытанні задаў дакладна і паўтараю: калі вы не пагодзіцеся сказаць мне праўду, то мы прымусім гаварыць яе і вас, і вашу жонку, і Жэню, і Валодзю. У нас для гэтага ёсць усе магчымасці і сродкі.

— Але я ж нічога не ведаю. Мне нічога невядома ні пра падпольшчыкаў, ні пра тых, хто друкуе гэтыя лістоўкі і газеты.

Штарц свідраваў Славіна вачыма, якія звузіліся, здавалася, налітымі халоднай сталлю. На скулах неспакойна захадзілі жаўлакі. Славін думаў: «Што ж ім вядома? Арыштуюць мяне ці адпусцяць?» А потым яму стала ўсё абыякава. Міхаіл Іванавіч зразумеў, што жывым яго адгэтуль не выпусцяць. Штарц перастаў глядзець на яго неміргаючым позіркам. Ён прайшоў да дзвярэй і расчыніў іх. У кабінет увайшлі двое гестапаўцаў у форме з пісталетамі, якія віселі ў кабурах на поясе спераду. Штарц падышоў да Славіна і стаў насупраць:

— Я вам даю апошнюю магчымасць адумацца і прыслухацца да таго, што кажу вам.

Міхаілу Іванавічу падалося, што гестапавец цяпер ударыць яго, і ён унутрана сціснуўся, гатовы да гэтага. Але Штарц абышоў вакол стала і сеў у крэсла.

— Вас адвядуць у камеру, і вы падумайце. Даю вам тэрмін да заўтра. Не пагодзіцеся, наракайце на сябе.

Славін устаў і моўчкі пайшоў да дзвярэй. Ён разумеў, што пераконваць Штарца ў сваёй невінаватасці бессэнсоўна. Пад канвоем двух гестапаўцаў ён ішоў па вузкім доўгім і змрочным калідоры, затым па лесвіцы спусціўся ў падвал.

14
{"b":"585908","o":1}