Мачалаў, не слухаючы далей дзяжурнага, кінуўся да выхаду. Павярнуў налева, зрабіў некалькі крокаў і ўбачыў яе. Вольга Ільінічна, гледзячы сабе пад ногі і думаючы пра штосьці сваё, ішла насустрач. У Пятра перахапіла дыханне, у горле затрымаліся словы. Ён рвануў гузікі на паўкажушку і ціха паклікаў:
— Оля!
Яна падняла на яго вочы, і яны застылі ў радасным здзіўленні.
— Вы? — яна працягнула да яго рукі і здушаным голасам ускрыкнула: — Пеця!
Мачалаў кінуўся да яе, і яны, не бачачы нікога вакол, моўчкі абняліся.
Паліто, якое было накінута на плечы Васілеўскай, звалілася на снег. Параненыя, медсёстры і санітаркі, праходзячы міма, асцярожна абыходзілі іх і ціха перагаворваліся: «Пашанцавала Вользе Ільінічне, муж знайшоўся!»
Уладзімір Міхайлавіч Славін
Шыкульская паводзіла сябе нахабна. Калі Славін загаварыў, яна груба перапыніла яго, са злосцю сказала:
— Можа, пан скажа, колькі будуць трымаць мяне пад арыштам?
— А вы не прымушайце нас звяртацца да такой меры, як арышт. У адваротным выпадку вас давядзецца трымаць тут сапраўды доўга. — Славін спакойна сеў насупраць затрыманай, працягваў: — Грамадзянка Шыкульская, скажыце, калі і дзе, пры якіх акалічнасцях вы пазнаёміліся з затрыманымі ў вашым доме людзьмі?
— Адкуль я ведаю? Прыйшлі ўвечары. Сказалі, што едуць з фронту. Папрасіліся пераначаваць. Вось я і дазволіла.
— Значыць, толькі на адну ноч?
— Так.
— Няпраўда! Яны правялі ў вас не адну ноч, і вы ведаеце іх даўно.
— Хто вам сказаў? Упершыню іх бачу.
— Паслухайце, грамадзянка Шыкульская, раю вам не злоўжываць нашым цярпеннем. Мы ведаем значна больш, чым вы мяркуеце. Раю па-добраму, кіньце лухту малоць. У архіве падняты дакументы, якія падрабязна сведчаць пра тое, што дзеялася ў вашым доме яшчэ да вайны. Ды гэта ж быў самы сапраўдны прытон, рассаднік распусты! У вас знаходзілі прытулак шулеры, злодзеі, прастытуткі. Мы бачым, што і цяпер вы не спыняеце займацца гэтай справай. Таму не трэба напускаць туман. У вашым доме затрымана ўзброеная банда. І гэтым сказана ўсё. Дарэчы, як сцвярджаюць некаторыя з арыштаваных, вы атрымлівалі ў выглядзе ўзнагароды значныя каштоўнасці. Усе яны, зразумела, будуць рэквізаваны. Няўжо вы не разумееце, што далей паводзіць сябе так зусім бессэнсоўна? Цяпер я пытаю: будзеце казаць праўду ці ж працягваць гуляць у хованкі?
Шыкульская доўга маўчала. Славін адчуваў, што яна ліхаманкава шукае выйсце з сітуацыі, што ўзнікла, і вырашыў дапамагчы ёй:
— Сёння раніцай да вас прыходзілі двое: адзін у форме старшыны, другі — маёра. Скажыце, хто яны?
— Старшына? Маёр? — збянтэжана перапытала Шыкульская. — Ах, гэта тыя!
— Так-так, тыя самыя. Даўно знаёмыя з вамі?
Славін задаў гэта пытанне зусім абыякавым тонам. Усё яго аблічча ў гэты момант сведчыла, што яго, па сутнасці, не цікавіць адказ Шыкульскай, што ён сам усё добра ведае і пытае проста так, каб падтрымаць гаворку. У сапраўднасці ўнутры ў яго ўсё сціснулася, напружылася. Дзіва што! Вось-вось гэта жанчына можа назваць імёны небяспечных бандытаў.
Шыкульская разгублена глядзела на Уладзіміра, не ведаючы, казаць ці не казаць праўду. А ён усё тым жа як быццам абыякавым голасам спытаў:
— Што ж вы маўчыце? Ці мне нагадаць, што вы добра яго ведаеце?
— Не, не! — перабіла яна. — Я сама скажу! Больш не магу так. Лепш усё папраўдзе, але і вы пашкадуйце мяне! Зразумейце, як цяжка жыць самотнай безабароннай жанчыне. Абяцаеце, што пашкадуеце мяне? Абяцаеце?
— Абяцаю, але толькі ў тым выпадку, калі вы не будзеце хаваць праўды.
— Так-так, вядома. Буду казаць толькі праўду. Клянуся, як перад Богам, толькі праўду!
Шыкульская памаўчала трохі, сабралася з думкамі, пачала расказваць:
— Я тут яшчэ пры паляках жыла, трымала. як вам сказаць. Ну, разумееце, дом таемных спатканняў. Жыць жа неяк трэба было. Былі кліенты. Адны — выпадковыя, другія — пастаянныя. Утрымлівала, вядома, дзяўчынак. Дык вось, да мяне часта завітваў адзін пан. Прадставіўся камерсантам. Толькі многія мае кліенты намякалі, што гэткі ж камерсант, як я жонка Чэрчыля.
— Як яго прозвішча?
— Не ведаю. Усе клікалі Марэкам.
— І далей?
— Падабалася яму адна мая дзяўчына — Рэгіна Птушак, якая перад самай вайной нечакана выйшла замуж і пераехала жыць на хутар, але куды — не ведаю. Дык вось у Марэка і Рэгіны былі нейкія свае незразумелыя для мяне сувязі. Я асабіста шмат разоў сустракала іх у самых розных месцах у горадзе. Часта да яе прыходзілі незнаёмыя людзі, штосьці прыносілі ці, наадварот, штосьці выносілі. Карацей кажучы, я здагадвалася, што пан Марэк праз Рэгіну падтрымлівае сувязь са сваімі сябрамі. Але неўзабаве ён знік. І вось тыдні два таму да мяне нечакана прыходзяць Рэгіна і пан Марэк у форме маёра Чырвонай Арміі. З ім быў старшы лейтэнант. Іванам назваўся. Гэта той, якога вы затрымалі ў такім непрыстойным выглядзе.
Пан Марэк сказаў, што служыць у войску, што выпадкова сустрэўся з Рэгінай і яны вырашылі наведаць мяне. Прынеслі шмат чаго смачнага, каньяк, гарэлку. Павячэралі разам, а потым пан Марэк папрасіў, каб я дазволіла яго падначаленым трохі пажыць у мяне. Паабяцаў добра заплаціць, дапамагчы прадуктамі. Я і згадзілася.
— Дзе гэты пан Марэк цяпер?
— Не ведаю. Але мне здаецца, што ён павінен быць у Рэгіны.
— Чаму вы так думаеце?
— Учора раніцай пан Марэк прыйшоў да мяне з нейкім старшыной. У таго быў аўтамат. Яны пасядзелі з гадзінку, пагаварылі са сваімі людзьмі і сышлі. Я выпраўляла іх разам з Іванам. У двары пачула, як пан Марэк ціха сказаў Івану, што калі ён спатрэбіцца, то яго можна знайсці на хутары ў Рэгіны.
— Вы добра гэта чулі?
— Вядома. Я ж не глухая.
— Значыць, Іван павінен ведаць, дзе жыве гэты маёр?
— Я таксама так думаю.
Славін паклікаў Бартошыка, даручыў яму запісаць сведчанні Шыкульскай. Той запрасіў Шыкульскую ісці за ім, і Славін задумаўся: «Цяпер слова за „старшым лейтэнантам“. Але той нават прозвішча сваё не назваў. Значыць, спадзяецца выйсці з вады сухім. Чакаць ад яго праўдзівых сведчанняў — справа безнадзейная. Што ж прыдумаць?» І Славін вырашыў: пакуль ідзе допыт Шыкульской, пагаварыць са «старшым лейтэнантам». Ён падняў трубку тэлефона, патэлефанаваў дзяжурнаму.
Канваір прывёў «старшага лейтэнанта». Без рамяня, у расшпіленым кіцелі, з-пад якога выглядала зусім не армейскага ўзору брудная сподняя кашуля, ён паўстаў чалавекам, які зусім выпадкова нацягнуў на сябе афіцэрскае абмундзіраванне. Сярэдняга росту, хударлявы, са змардаваным тварам, «старшы лейтэнант» спыніўся перад сталом. Маленькія калючыя вочкі яго слізганулі па постаці Славіна. Злачынец відавочна настройваўся паводзіць сябе з выклікам.
Уладзімір запрасіў яго сесці, узяў ручку, падсунуў да сябе ліст паперы:
— Ваша прозвішча?
«Старшы лейтэнант» злосна ўхмыльнуўся:
— Пішы якое хочаш.
— Чаму я павінен пісаць якое хачу? Вы што — не чалавек?
— Гэта чаму ж? — паціснуў ён плячамі.
— А таму, што вы чалавек, а чалавеку належыць мець імя, прозвішча. Таму я і хацеў бы з вамі пазнаёміцца.
Твар затрыманага сказіла сутаргавая грымаса.
— Сысунок! Каго на мушку бярэш? Ведаеш, колькі я такіх бачыў?
У душы Славіна ўсё закіпела. Ён ледзь прымусіў сябе стрымацца, спакойна заўважыў:
— Паслухай, Іван! Калі ты будзеш сябе так паводзіць, не выключана, што я буду апошнім, з кім ты маеш магчымасць пагутарыць. Вось чаму раю не строіць дурня. Дарэчы, для інфармацыі: такіх, як ты, я ўжо сустракаў, і нямала!
Тое, што маладзейшы па ўзросце Славін перайшоў на «ты», не стушаваўся перад затрыманым, падзейнічала. Іван суцішыў свой запал і пасля нядоўгага пярэчання стомлена прагаварыў:
— Я ж выдатна ведаю, што мяне чакае. Што б я ні казаў, выратавання ўсё адно не будзе.
— Час, вядома, ваенны. З такімі, як ты, доўга цырымоніцца ніхто не стане. Тым не менш, суд пры вынясенні прысуду ўлічвае ўсе акалічнасці. Дык чаму табе не скарыстацца любым, хай нават маленькім шанцам?