Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

— Ясна. — Славін рашуча падняўся з зямлі. — Тады пайшлі!

Партызаны спяшаліся далей.

Камандзір батальёна капітан Мачалаў

Чырвоная Армія рыхтавалася да летняй кампаніі 1944 года, падчас якой планавалася цалкам вызваліць захопленую ворагам тэрыторыю краіны і пачаць вялікі вызваленчы паход па Еўропе.

Капітан Мачалаў нават у думках не дапускаў, што яго могуць адклікаць з фронту.

Пётр Пятровіч толькі што прыйшоў ад камандзіра палка, у якога да хрыпаты выпрошваў папаўненне для батальёна. І цяпер, седзячы разам з начальнікам штаба на палянцы, ламаў галаву, як лепей размеркаваць паміж ротамі беднае папаўненне.

— Таварыш капітан! — Мачалаў адразу ж пазнаў голас ардынарца і незадаволена абярнуўся. — Вас пытаюць.

— Хто?

— Маёр. — ардынарац далікатна і тактоўна вычакаў і, панізіўшы голас, дадаў: — Маёр медыцынскай службы.

«Няўжо Вольга Ільінічна?» — падумаў Мачалаў. У глыбіні душы ён быў упэўнены, што гэта яна. Так атрымалася, што ў апошні час палявы шпіталь, у якім служыла Васілеўская, нібы суправаджаў полк Мачалава, і яны даволі часта сустракаліся. Акрамя таго, Мачалаў добра ведаў свайго ардынарца. Калі б яго пытаў проста маёр медыцынскай службы, то ардынарац далажыў бы пра гэта іншым тонам. Мачалаў падняўся і накіраваўся да сваёй палаткі.

Пётр Пятровіч толькі прайшоў негусты хмызняк і адразу ўбачыў Васілеўскую. Апранутая ў добра падагнаную форму, хромавыя боты, халявы якіх шчыльна аблягалі лыткі ног, яна, заўважыўшы Пятра, усміхнулася і пайшла насустрач. Працягнуўшы руку, сказала:

— Вырашыла наведаць вас і развітацца.

— Як развітацца? — здзівіўся Мачалаў і збянтэжана замоўк. Яго і Васілеўскую аб’ядноўвала адна і тая ж бяда, горыч страты зблізіла іх, зрабіла сустрэчы неабходнасцю для кожнага. І вось Вольга Ільінічна кажа, што прыйшла развітацца! Яна сумна ўсміхнулася:

— Так, Пётр Пятровіч, я прыйшла развітацца. Наш шпіталь пераводзяць на іншы ўчастак фронту. Вайна ёсць вайна, — яна зноў сумна і быццам вінавата ўсміхнулася і працягнула Мачалаву лісток паперы. — Тут мой хатні, даваенны адрас, пасля вайны я вярнуся туды. Калі захочаце напісаць, то нумар маёй палявой пошты вы ведаеце. Ну, а цяпер бывайце, а можа, да сустрэчы, Пеця! Беражы вас Бог! — Яна павярнулася і пайшла, каб ён не ўбачыў яе вільготныя вочы.

А Мачалаў, прыгнечаны і разгублены, глядзеў ёй услед, нібы жадаючы пакінуць назаўжды ў сваёй памяці яе воблік, голас, сумныя вочы.

Неўзабаве Вольга Ільінічна знікла з поля зроку, і капітан, апусціўшы галаву, накіраваўся зноў да начальніка штаба. Ён разумеў, што чым далей час будзе аддаляць яго ад гэтага развітання, тым больш у душы будзе расці неабходнасць сустрэчы з Вольгай, якая стала яму не проста франтавым таварышам, але і сябрам…

Прайшло некалькі дзён, і батальён зноў атрымаў загад атакаваць праціўніка. Мачалаў быў ва ўладзе хуткага бою. Пабываў ва ўсіх узводах і ротах, гутарыў з байцамі і камандзірамі, ставіў задачу. Даўжэй, чым звычайна, затрымаўся ва ўзводзе, дзе служыў заўсёды вясёлы і бестурботны сяржант Кісліцкі, які атрымаў нечаканае «падмацаванне». Некалькі дзён таму да іх ва ўзвод прыбыў радавы Кікнадзе, гадоў сарака двух, грузін. Да гэтага ён ваяваў у іншым палку, быў паранены, і вось зноў на фронце. Кікнадзе, як і Кісліцкі, быў вясёлым і дасціпным апавядальнікам. Ён з задавальненнем слухаў забаўныя гісторыі і не ўпускаў магчымасці самому павесяліць сяброў. Сёння ў яго быў добры настрой. Дзіва што! Ён атрымаў ліст ад сына-разведчыка, якому прысвоілі званне Героя Савецкага Саюза. Гэта навіна імгненна абляцела ўсю роту. Байцы радаваліся разам з Кікнадзе. А ён усё расказваў і расказваў пра сына.

Са слоў камандзіра роты Мачалаў ужо ведаў навіну і вырашыў павіншаваць байца. Калі яны падышлі да спехам зробленага бліндажа, то па галасах, якія даносіліся з яго, зразумелі, што там шмат людзей. Увайшлі. Капітан ад душы павіншаваў чырвонаармейца і спытаў:

— А самому не хочацца Героя атрымаць?

— Як гэта не хочацца, таварыш капітан? Я цяпер толькі і думаць буду, які мне подзвіг здзейсніць. Мой Гіві і так часта рабіў не так, як я хацеў, а цяпер без зоркі Героя мне хоць дахаты не вяртайся.

— Няўжо ён у вас такі недысцыплінаваны быў?

— Вай, вай, не так недысцыплінаваны, як. як гэта. — Кікнадзе падбіраў патрэбнае слова, — ініцыятыўны. Вось вазьміце, напрыклад, як ён жаніўся. Гэта было ў чэрвені сорак першага. Памятаю, сяджу я дома адзін. На душы спакойна, нічога дрэннага нікому не зрабіў. І раптам дзверы адчыняюцца, і ў кватэру ўвальваецца цэлая кампанія людзей. Я падумаў — госці ідуць. Радасць у хату! Дарма думаў. Людзі-та ўсе паважаныя — дырэктар школы, настаўнікі, сакратар школьны. І ўсе на мяне наступаюць, крычаць, шумяць, і ўсё лозунгамі: «Гэта ж не трынаццатае стагоддзе, а дваццатае! Як гэта можна! Як ён мог?»

Я, вядома, таксама расхваляваўся ад гэтага крыку, таксама крычу: «Што — дваццатае стагоддзе? Сам ведаю, што дваццатае! Чаго крычыце? Растлумачце, што здарылася!» А яны мне, нібы я глухі, хорам тлумачаць: «Ваш сын дзесяцікласніцу выкраў!» А я хачу ўдакладніць у іх, які сын, іх у мяне чацвёра, і трое з іх тады ў школе вучыліся: адзін у пятым, а двое — двайняты — у чацвёртым. Навошта, думаю, ім дзесяцікласніцу красці. А дырэктар і настаўнікі, замінаючы адзін аднаму, на мяшанай руска-грузінскай мове тлумачаць: «Не, да гэтых вашых дзяцей, дзякуй богу, чарга не дайшла яшчэ. Дзесяцікласніцу выкраў ваш старэйшы сын — Гіві!» Я тут, вядома, супакоіўся і кажу ім: «Замоўкніце і не крычыце на гаспадара дому, у якога вы ў гасцях знаходзіцеся. Скажыце лепш мне, ці прыгожая гэтая дзесяцікласніца і як яе імя?»

З іх слоў зразумеў, што прыгожая. Тады я зноў сеў на сваю канапу і спакойна кажу: «Не разумею, чаго вы турбуецеся. Калі такі прыгажун, як мой Гіві, і выкраў прыгажуню, дык ведаеце, якая прыгожая сям’я будзе?»

Адразу замоўклі ўсе, вылупілі на мяне вочы, адкрытымі ратамі паветра хапаюць, нібы яго ў маёй вялікай і светлай хаце менш стала. Прамармыталі яны мне штосьці пра пракурора, павярнуліся і сышлі. А я сяджу і галаву ламаю, што рабіць і як гэтага падшыванца злавіць, каб не даць яму занадта далёка з гэтай прыгажуняй зайсці. Раптам паштальён прыходзіць, тэлеграму ўручае. Гляджу, а мяне на пошту для міжгародняй тэлефоннай размовы запрашаюць. Сабраўся і пайшоў. Адзначыўся на пошце ў тэлефаністкі, сяджу, чакаю, калі мяне паклічуць. Чую, маё прозвішча называюць, але, што за цуд, яшчэ чыёсьці называюць і запрашаюць нас у адну і тую ж кабіну. Сутыкаюся ля ўваходу ў кабіну з мужчынам і жанчынай. Адно аднаму дарогу саступаем, раскланьваемся, а самі нават не падазраём, што мы сваякі ўжо. Высветлілася, што яны — бацькі гэтай дзесяцікласніцы. Гіві з нявестай у Кутаісі ўцяклі, а адтуль выклікалі бацькоў на перагаворы. Вось так і нас паміж сабой перазнаёмілі.

— Ну і чым справа скончылася? — спытаў Мачалаў.

— Вяселлем.

— Ды вы яго таму ініцыятыўным называеце?

— Вядома. Я яму ўпотай нявесту прыглядаў, а ён сам ініцыятыву праявіў і ў дзевятнаццаць гадоў ажаніўся, зусім яшчэ дзіцём быў.

— Пачакайце, пачакайце, — усміхнуўся Мачалаў, — мяркуючы па вашым узросце, вы таксама не вельмі з жаніцьбай цягнулі. Колькі вам было гадоў, калі жаніліся?

Кікнадзе хітра ўсміхнуўся:

— Дзевятнаццаць, але я такім дзіцём не быў. А ён зусім маленькі ў мяне быў. Але ўсё імкнуўся бацьку апярэдзіць. Вось і Героя раней за мяне атрымаў. Скажыце, таварыш капітан, хіба гэта справядліва?

— Вядома, не. Але вы не хвалюйцеся, будзем спадзявацца, што і вы ад свайго сына не адстанеце.

— Не гаруй, салдат, — умяшаўся ў гутарку Кісліцкі, — мы табе ўсім узводам дапамагаць будзем. Я цяпер кожны танк, падбіты мной, буду на твой рахунак запісваць.

— Э, не, дарагі, дзякуй, я чужых перамог прысвойваць не хачу. Ды ты мяне пакуль дрэнна ведаеш, я і сам яшчэ сёе-тое магу.

З добрым настроем пакінуў пазіцыі батальёна Мачалаў, накіроўваючыся ў свой штаб.

Пад вечар яго нечакана выклікаў да сябе камандзір палка. Пётр Пятровіч быў упэўнены, што гутарка пойдзе пра хуткі бой. У бліндажы, акрамя Грыдзіна, знаходзіўся незнаёмы Мачалаву капітан. Падпалкоўнік сухавата сказаў:

51
{"b":"585908","o":1}