Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

— Кіламетраў трыццаць набярэцца.

— Трыццаць пяць. Я ведаю, што ты туды яшчэ не хадзіў. Таму возьмеш з сабой Белавуса. Гэтыя месцы ён ведае выдатна.

— Белавуса? — перапытаў Уладзімір і недаверліва ўсміхнуўся. Яму ўжо не раз даводзілася слухаць расповеды пра гэтага чалавека, пра яго дзівакаваты характар. Раней Белавус ваяваў у іншым атрадзе, які патрапіў у блакаду, вымушаны быў падзяліцца і выходзіць з акружэння невялікімі групамі. Вось тады Белавус і сустрэўся з партызанамі Тамкова. Камандзір распытаў яго, даведаўся, хто ён такі, адкуль, пацікавіўся, што можа рабіць.

Белавус флегматычна адказаў:

— Магу цягнікі падрываць.

— Што яшчэ ўмееце?

— Магу цягнікі не падрываць, — таксама хмурна і даволі млява адказаў партызан…

Тамкоў усмешку і маўчанне Славіна вытлумачыў па-свойму:

— Што, сумняваешся? Гэта дарма. Мужык талковы. З любой сітуацыі выйсце знойдзе. Дарэчы, атрад, у якім ён быў да пераходу да нас, знаходзіўся ў тым раёне.

— Не, не пра гэта я падумаў, Андрэй Лявонцьевіч. Успомніў, як ён з вамі пазнаёміўся.

Тамкоў засмяяўся:

— Так, гэта сапраўды было. Яму і далі мянушку майстар дзвюх спраў. Ну, ідзі. Рыхтуйся…

Славін выйшаў ад камандзіра і хутка адшукаў Белавуса. Той сядзеў ля ўвахода ў зямлянку, чысціў вінтоўку. Уладзімір прымасціўся побач:

— Мяне толькі што Тамкоў выклікаў, загадаў правесці адну аперацыю. Накіроўвае ў тыя месцы, дзе ты раней партызаніў. Параіў і цябе ўзяць. Як ты на гэта глядзіш?

Той падняўся на ногі, ускінуў вінтоўку, прыцэліўся ў верхавіну хвоі.

Белавус быў высокі, магутны, светлавалосы хлопец, у плячах касы сажань. Славін заўважыў, што ён нават вінтоўку ўскідвае марудліва. «Няўклюда, ці будзе з яго толк?» — падумаў Уладзімір. А Белавус, прыхінуўшы да дрэва вінтоўку, выцер рыззём рукі і толькі пасля гэтага зірнуў на Славіна:

— А нам, салдатам-мужыкам, усё адно, што кулямёт, што самагонка… Абы з ног збівала.

Славін усміхнуўся:

— Дык пойдзеш?

— Я ж адказаў: нам, падрыўнікам, усё адно, дзе ўзрываць — далёка ці блізка, абы нямецкія эшалоны пад адхон ляцелі. Калі ідзём?

— Г адзіны праз дзве. Начаваць будзем ужо там.

— Буду рыхтавацца, — спакойна сказаў Белавус і, сабраўшы раскіданыя на траве маслёнку, шомпал, некалькі ануч, узяў вінтоўку і пайшоў у зямлянку.

Пасля гэтага Славін сустрэўся з Крайнюком. Той таксама рыхтаваўся да аперацыі. Некалькі хвілін таму ён інструктаваў сваіх байцоў. Цяпер усе збіраліся на заданне.

Славін і Крайнюк селі за стол, разгарнулі карту.

— Разумееш, — казаў Славін, — мне трэба падарваць толькі рамонтнааднаўленчы цягнік. А як яго апазнаць у цемры?

— Прагаласуеш, спыніш і спытаеш, — пажартаваў Антон.

— Сапраўды, выйсце, — усміхнуўся Славін і ўжо сур’ёзна працягваў: — Застаецца адно: падлавіць яго ў дзённы час. Таму давай дамовімся так: ты падрываеш першы цягнік, які пойдзе раніцай, досвіткам, а я замінірую палатно яшчэ ўначы і буду чакаць, калі днём з’явіцца рамонтнік. Немцы ў гэты час адчуваюць сябе больш смелымі і будуць цягнік гнаць да месца здарэння на вялікай хуткасці, а мы тут як тут — ірванём яго.

Да світання было яшчэ далёка, калі маленькі атрад прыбыў у прызначаны раён. Славін дазволіў людзям гадзінку адпачыць. Потым група рушыла да чыгункі. Паказаўся насып — высокі, стромкі, цяжкадаступны. Першым палез наверх Белавус. Ён асцярожна цягнуў скрыню з узрыўчаткай, за ім узбіраліся Славін і яшчэ два байцы, адзін з якіх цягнуў за сабой дрот.

Цяжка дыхаючы, падняліся на насып. Баец перадаў дрот Уладзіміру, а сам з аўтаматам хутка папоўз налева. Яго таварыш накіраваўся направа. Перад імі стаяла задача — ахоўваць мінёраў.

Белавус з дапамогай яшчэ аднаго байца, які таксама прыцягнуў скрыню з узрыўчаткай, не спяшаючыся, але з вялікім спрытам вырыў сапёрнай лапаткай яму пад рэйкай на правай каляіне, заклаў туды ўзрыўчатку, уставіў дэтанатар з прымацаваным да яго дротам. Затым яны прарабілі на левай каляіне тое самае, злучылі электрапровадам абодва зарады.

— Усё! Можна маскіраваць, — далажыў Белавус, і падрыўнікі пачалі старанна замятаць сляды мініравання сухім жвірам, галькай, выпацканай мазутам. Пасля гэтага Белавус двойчы тузануў за кабель. Гэта быў сігнал для сваіх, якія знаходзіліся на ўзлеску.

Калі яны спусціліся з пагорка і падышлі да сваіх, набліжаўся світанак. Славін загадаў двум байцам заставацца ў дазоры, а астатнім адпачываць:

— Днём давядзецца быць напагатове, а цяпер паспрабуйце як след выспацца.

Наламаўшы галінак і паслаўшы іх на зямлю, партызаны ўлегліся. Паспрабаваў трохі задрамаць і Славін, але яго разбудзіў шум цягніка. Ён прамчаўся з грукатам і ляскам. Уладзімір падумаў пра Крайнюка:

«Пэўна, „яго“ састаў пайшоў».

Праз некалькі хвілін прагрукатаў другі цягнік, затым трэці, чацвёрты… Уладзімір паступова прывык да гэтага шуму, што закалыхвае, неўпрыкметку задрамаў.

Яго разбудзіў баец, які знаходзіўся ў дазоры:

— Камандзір! Пад’ём! Глядзі, дрызіна ідзе. Мабыць, нашы спрацавалі.

Славін вызірнуў з-за куста, убачыў на мотадрызіне немцаў, узброеных кулямётамі.

— Будзі ўсіх!

Партызаны хутка давялі да ладу свой няхітры рыштунак. Белавус як галоўны падрыўнік зняў кавалак брызенту з магнета, старанна праверыў кантакты. Байцы моўчкі разыходзіліся па сваіх месцах.

Удалечыні пабачылі дым. «Цягнік! Толькі які?» — усе з напружаннем глядзелі на паварот, адкуль павінен быў паказацца варожы састаў. А вось і ён. «Рамонтнік!» — выдыхнуў Славін і зірнуў на Белавуса.

Састаў набліжаўся. Наперадзе яго знаходзіліся дзве адкрытыя платформы з пяском. Звычайна з такімі платформамі цягнікі ідуць павольна. Але немцы спяшаліся як на пажар. Таму і гналі рамонтна-аднаўленчы цягнік на вялікай хуткасці.

Белавус неадрыўна сачыў за саставам, але твар яго заставаўся спакойным, нават нейкім сумным.

«Толькі б не празяваў!» — каторы раз падумаў Уладзімір, і ў гэты момант проста пад коламі паравоза грукнуў выбух. Увесь састаў з тэхнікай, магутным кранам паляцеў пад адхон.

— Усім адыходзіць! — гучна крыкнуў Славін і пабег у пушчу.

Беглі доўга, цяжка дыхаючы. Усе разумелі, што трэба хутчэй пераадолець шашу. Неўзабаве даведаліся непрыемную вестку: дарога занята, фашысцкія войскі ачапляюць лес. Славін запытальна зірнуў на Белавуса, той зразумеў:

— Давайце за мной!

Ён павярнуў направа і пабег паралельна шашы. Усе кінуліся за ім. Густыя калючыя хмызнякі драпалі твары і рукі.

Сонца паказвала ўжо на поўдзень, калі партызаны наблізіліся да шашы ў іншым месцы. Белавус спытаў дазволу схадзіць у разведку. Славін накіраваў з ім яшчэ аднаго байца. Астатнія паваліліся на зямлю, каб хоць крыху адпачыць. Людзі пакутавалі ад смагі, аблізвалі перасохлыя вусны, але ў пляшках вады не засталося.

Удалечыні, якраз у тым кірунку, адкуль толькі што прыйшлі падрыўнікі, пачулася стральба. Гэта немцы пачалі прачэсваць лес. Усе з трывогай прыслухоўваліся і паглядалі ў той бок, дзе схаваліся разведчыкі.

Нарэшце абодва партызаны вярнуліся. Белавус далажыў:

— Пасты іх ужо стаяць. Але праскочыць можна. У адным месцы шаша праходзіць па лагчыне. З двух процілеглых бакоў, на ўзвышшах, немцы паставілі па бронемашыне. З гэтых кропак уся праезджая частка добра праглядаецца.

— А чаму ў нізіне нічога няма? Можа, там засада? — спытаў Славін.

— Няма ніякай засады. Уся справа ў тым, што ў нізіне — і справа, і злева — да шашы падыходзіць балота. Думаю, што гэта і ёсць найлепшая магчымасць прарвацца. Шлях праз балота ведаю як свае пяць пальцаў. Упэўнены — уцячом, тым больш што на бронемашыне па балоце не пакаціш. — Белавус памаўчаў трохі, збіраючыся з думкамі. — Калі мы трапімся на вочы немцам пры кідку праз шашу, трэба будзе як мага хутчэй прайсці балота, інакш яны па прасёлкавай дарозе праскочаць да моста праз невялікую рэчку, яна недалёка адгэтуль, і там нас сустрэнуць.

— А калі да ночы пачакаць? — спытаў Славін.

— Нельга. Па-першае, у нізіне могуць перакрыць дарогу, а па-другое, уначы па балоце не пройдзеш. Імгненна ў багне апынешся.

50
{"b":"585908","o":1}